BE RU EN
rss facebook twitter

Карл Більт: Лукашэнка папросіць дапамогі. І Еўропа выставіць свае ўмовы

06.05.2011
Карл Більт: Лукашэнка папросіць дапамогі. І Еўропа выставіць свае ўмовы

Шведскі міністр замежных справаў растлумачыў, чаму лішнія эканамічныя санкцыі, а таксама адказаў на галоўнае пытанне: "Калі ўсё гэта ў Беларусі скончыцца?".

 

5 мая ў Польскім інстытуце міжнародных адносін у Варшаве эксперты, палітыкі і дыпламаты сустрэліся, каб пагаварыць пра еўрапейскую палітыку добрасуседства.

Галоўным госцем мерапрыемства быў шведскі міністр замежных справаў Карл Більт. Натуральным чынам пытанне Беларусі было ў цэнтры ўвагі.

Більт: “Ва Усходнім партнёрстве істотна, каб мы трымаліся прынцыпу “больш за больш” і “менш за менш” -  калі хтосьці ідзе на рэформы, то ён мае больш падтрымкі і магчымасцяў, і наадварот. Гаворачы пра  “менш за менш”, маем відавочны прыклад - Беларусь. Асоба, якая прымае рашэнні ў Мінску, выбрала ісці ў іншым накірунку, нават не ісці, а падаць уніз. І гэта адпаведна адбілася на нашых магчымасцях дапамагаць з рэформамі і інтэграцыяй Беларусі ў еўрапейскую супольнасць. Гэта еўрапейская краіна, у якой, аднак, аўтарытарны рэжым, а гэта несумяшчальна. Я думаю, гэта зменіцца - і нашая прапанова ляжыць на стале ў Мінску. Адначасна мы выразна кажам, што для нас недапушчальна: палітычныя вязні, палітычны пераслед, які мы бачым сёння”.

Міністр падкрэсліў: хоць пасля рэвалюцыяў у Егіпце і Тунісе, а таксама канфлікту ў Лівіі, вялікая доля ўвагі еўрапейцаў скіраваная менавіта на поўдзень, гэта не азначае, што справа ўсходніх суседзяў адыйдзе на другі план.

Більт: “Тое, што адбываецца на Поўдні, у пэўным сэнсе, дамінуе ў сферы еўрапейскай знешняй палітыкі - і так будзе яшчэ некаторы час. Але ці азначае гэта, што нашы партнёры з Усходу знікнуць з прыярытэтных пазіцый? Я так не лічу. Наадварот. Мне падаецца, што еўрапейскія палітыкі ўсвядомяць: тое, як мы праводзім палітыку суседства, грае адну з ключавых роляў у пытанні нашай бяспекі”.

Што ж да таго, якое выражэнне гэтая ўвага будзе мець у выпадку Беларусі, то міністр не лічыць мэтазгодным увядзенне агульных эканамічных санкцый.

Більт: “Кропкавыя эканамічныя санкцыі - так. Але цяпер адна з галоўных праблем, з якой сутыкнулася краіна, - гэта вельмі, вельмі вялікі эканамічны хаос. Гэта было б не так страшна, калі б Беларусь мела інвестараў, замежных партнёраў, была надзейнай для крэдытавання краінай і магла б атрымаць грошы пад разумны адсотак.

Я не мушу  тлумачыць, што пра апошняе можна забыцца, бо хто хоча ўкладаць грошы ў Лукашэнку? Ніхто! Кіраўніцтва Беларусі спадзяецца, што Масква іх цяпер выцягне. Але, мне падаецца, Масква не зробіць гэтага. Напэўна і ў далейшай перспектыве. Бо ніхто, яшчэ раз падкрэслю, не хоча ўкладаць грошы ў чорную дзірку, якой з’яўляецца Беларусь. Ніхто - ці то з Захаду, ці то з Усходу.

Неўзабаве ў Лукашэнкі не застанецца варыянтаў - ён будзе вымушаны звярнуцца па дапамогу да міжнародных інстытутаў. ЗША не могуць дапамагаць Беларусі з-за прынятых там дакументаў. Застанецца толькі Еўропа. І мы паставім вельмі жорсткія ўмовы і пільна прасочым за паводзінамі ўладаў. Беларусь у вельмі, вельмі адчайным эканамічным становішчы. Апроч таго, я перакананы, што ўвядзенне агульных эканамічных санкцый перадусім адбілася б на звычайных людзях”
.

Паўстала і пытанне аб правядзенні ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі. Цікава, што прагучала яно ад прадстаўніцы фінскай амбасады ў Польшчы: "Чаму б нам не паспрабаваць штосьці крэатыўнае, як, напрыклад, хакейная дыпламатыя? Магчыма, мы маглі б пазбавіць Беларусь чэмпіяната свету па хакеі? Можа, гэта было б адчувальна, бо кажуць, што Аляксандр Лукашэнка вялікі энтузіяст гэтага спорту".

Більт: "У мяне закрадваюцца падарэнні, што Фінляндыя хоча проста сама правесці гэты чэмпіянат. (смех). Калі сур’ёзна, я не вельмі веру ў спартовую дыпламатыю. А нават калі б гэта магло аказаць уздзеянне, то не я такое рашэнне магу прыняць, а Міжнародная федэрацыя хакею. Але калі яны вырашаць адмяніць мерапрыемствы ў Мінску, я дакладна не буду тым, хто будзе моцна супраціўляцца такому рашэнню".

Тая ж супрацоўніца амбасады Фінляндыі задала напаўрытарычнае пытанне: "Колькі яшчэ на мапе Еўропы будзе чырвоная пляма рэжыму Лукашэнкі?"

Більт: “Як доўга гэта будзе працягвацца? Дзякуй за пытанне! Некалькі рэчаў абсалютна дакладныя: да гэтага часу кожны чалавек быў смяротны. І я не думаю, што Лукашэнка стане першым, хто будзе жыць вечна. (смех) Таму, напэўна, надыйдзе момант, калі Беларусь будзе постлукашэнкаўскай. Я не гатовы адказаць, адбудзецца гэта заўтра ці праз дзесяць гадоў. Але я дакладна ведаю адно: мы мусім быць гатовыя да гэтага моманту, каб дапамагчы ў пераходны перыяд з рэформамі эканомікі, палітычнай сістэмы, пераходу да іншай сістэмы каштоўнасцяў”

 

Мара Нальшанская, Еўрарадыё

Видео