BE RU EN
rss facebook twitter

Патрабуем спыніць пераслед нашых калег! Заява ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

20.04.2011
Патрабуем спыніць пераслед нашых калег! Заява ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" рашуча пратэстуе супраць шматлікіх фактаў пераследу журналістаў і СМІ, якія адзначаюцца апошнім часам у Беларусі.

Улады краіны спрабуюць выкарыстаць любую нагоду, каб змусіць замаўчаць нешматлікія вольныя галасы, што засталіся на беларускім інфармацыйным полі. На жаль, не сталі выключэннем і трагічныя падзеі ў Мінску 11 красавіка.


    Толькі за апошнія дзесяць дзён:

    • Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджанні недзяржаўнай газеце "Наша Ніва" (14 красавіка) і "Народнай волі" (15 красавіка);
    • Папярэджанні ад пракуратуры і КДБ атрымалі "Наша Ніва" (19 красавіка), яе галоўны рэдактар Андрэй Скурко (18 красавіка), галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты "Салідарнасць" Аляксандр Старыкевіч (12 красавіка), галоўны рэдактар рэгіянальнай газеты "Бобруйский курьер" (за публікацыю ў блогу на сайце "Белорусский партизан") Анатоль Санаценка (12 красавіка), галоўны рэдактар маланакладнай газеты "Вольны горад" (Крычаў) Сяргей Няроўны (19 красавіка);
    • Затрыманыя на сумнеўных падставах і прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці сябры ГА "БАЖ" Вольга Карач і Алег Баршчэўскі (галоўны рэдактар газеты "Витебский курьер"). Затрыманы таксама сябра арганізацыі Павел Левінаў, слуханні па справе якога яшчэ не скончыліся. На некаторых з іх пасля затрымання склалі пратаколы пра "падазрэнні ў здзяйсненні тэракту 11 красавіка ў мінскім метро".

    З вуснаў дзяржаўных чыноўнікаў працягваюць гучаць пагрозлівыя выказванні на адрас журналістаў наконт прыцягнення іх да адказнасці за "скокі на касцях". Выглядае на тое, што так улады расцэньваюць любыя каментары і версіі, якія з нейкіх прычын не задавальняюць афіцыйных асобаў.

    Існуе рэальная пагроза таго, што гэтая сітуацыя будзе выкарыстана для абмежавання абарачэння інфармацыі ў Інтэрнэце. Першымі трывожнымі сігналамі стала абмежаванне доступу да сайтаў "Хартыя’97" і "Белорусский партизан". Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі днямі заявіў, што надышоў час "заканчваць з безадказнасцю у блогах, сацыяльных сетках і на іншых інтэрнэт-пляцоўках".

    Гэтыя падзеі нельга разглядаць па-за кантэкстам той хвалі рэпрэсій супраць журналістаў, якія распачаліся ў краіне пасля 19 снежня 2010 года. Нагадаем, што шасцёра сябраў ГА "БАЖ" абвінавачваюцца ў крымінальных злачынствах — ўдзеле ў "масавых беспарадках" альбо арганізацыі "дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак": гэта Ірына Халіп, Наталля Радзіна, Аляксандр Фядута, Сяргей Вазняк, Павел Севярынец і Дзмітрый Бандарэнка. Адзін журналіст — Аляксандр Атрошчанкаў — ужо асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сябра ГА "БАЖ" Андрэй Пачобут абвінавачваецца ў паклёпе і знявазе прэзідэнта і змешчаны ў турму да суда. Дагэтуль не вернутая прафесійная тэхніка, якую прадстаўнікі сілавых структур забралі ў рэдакцыйных офісах і прыватных кватэрах журналістаў у часе ператрусаў мінулай зімой.

    Пагрозы, папярэджанні, арышты і ператрусы — гэта не тыя метады, якія могуць павысіць прафесіяналізм і адказнасць прэсы.

    ГА "БАЖ" рашуча пратэстуе супраць любых форм ціску на журналістаў і СМІ і патрабуе спыніць пераслед нашых калег!

    Прынята Праўленнем Грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

    20.04.2011

    Видео