BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Санкцыі Эўразьвязу і ЗША зьявяцца адначасова

31.01.2011
Санкцыі Эўразьвязу і ЗША зьявяцца адначасова

Як чакаецца, сёньня Рада Эўрапейскага зьвязу ухваліць рашэньне аб санкцыях супраць беларускіх уладаў за недэмакратычныя выбары прэзыдэнта і разгортваньне хвалі рэпрэсіяў пасьля іх. ЗША маюць намер увесьці свае дадатковыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску адначасова з Эўразьвязам.

 

Такім чынам ЗША і Эўразьвяз зьбіраюцца выступіць з адзіным міжнародным пасланьнем на адрас беларускіх уладаў.

Паседжаньне Рады Эўразьвязу ў міжнародных справах, на якое зьбяруцца кіраўнікі 27 зьнешнепалітычных ведамстваў краін-сябраў Эўразьвязу, заплянаванае на 16 гадзін менскага часу.

У сьпісе асобаў, якія трапляюць пад візавыя санкцыі Эўразьвязу, ажно тры Лукашэнкі: Аляксандар, Віктар і Дзьмітры, а таксама 117 асобаў, вінаватых у масавых рэпрэсіях супраць апазыцыі. Разам з тымі беларускімі чыноўнікамі, супраць каго санкцыі дзейнічалі з 2006 году, агульны сьпіс нежаданых у Эўразьвязе асобаў зь Беларусі складзе 158 прозьвішчаў.

Сярод 117 новых прозьвішчаў у сьпісе таксама Юры Жадобін (міністар абароны); Леанід Мальцаў (сакратар Савету бясьпекі); Вадзім Зайцаў (старшыня КДБ), Уладзімер Макей (кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі); Рыгор Васілевіч (генэральны пракурор) і Ўладзімер Андрэйчанка (кіраўнік ніжняй палаты парлямэнту).

Новы сьпіс таксама ўключае ў сябе 24 кіраўнікі рэгіянальных і цэнтральных выбарчых камісіяў, 30 юрыстаў і 10 журналістаў, так званых “прапагандыстаў Лукашэнкі”.

Міністры замежных спраў краін Эўразьвязу таксама вырашаць, які тып эканамічных санкцыяў увесьці супраць афіцыйнага Менску. Магчымая забарона гандлю нафтапрадуктамі канцэрну "Белнафтахім" і ўгнаеньнямі "Беларуськалію” на тэрыторыі Эўразьвязу. Разглядаецца таксама магчымасьць блякаваньня дапамогі Беларусі з боку МВФ, Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця.

ЗША адначасова з Брусэлем зьбіраюцца ўвесьці свае “дадатковыя санкцыі”. Як і Эўразьвяз, ЗША плянуюць пашырыць сьпіс афіцыйных асобаў зь Беларусі, якім будзе забаронены ўезд у Злучаныя Штаты і актывы якіх маюць быць замарожаныя, а таксама аднавіць забарону на гандаль зь “Белнафтахімам”.

Адначасова Эўразьвяз і ЗША плянуюць пашырыць дапамогу беларускай грамадзяснкай супольнасьці. У прыватнасьці ЗША зьбіраюцца павялічыць сваю дапамогу няўрадавым арганізацыям Беларусі на 30 працэнтаў. 

 

Валер Каліноўскі, Радыё Свабода

Видео