BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сход рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый

28.12.2009
Сход рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый

На сходзе абмяркоўваліся вынікі Форуму грамадзянскай супольнасці ў межах “Усходняга партнёрства”. Таксама была прынята заява адносна Таццяны Шапуцькі, выключанай з універсітэта за удзел у гэтым Форуме.

Аб выніках Форуму, які адбыўся ў Бруселі 17-18 лістапада, рабочай групе распавёў Сяргей Мацкевіч, старшыня Каардынацыйнага камітэта Форуму. Нагадаем, што ў камітэт уваходзяць 17 прадстаўнікоў з краін-удзельніц “Усходняга партнёрства”. Сябры рабочай групы абмеркавалі перспектывы ўдзелу няўрадавых арганізацый у працы Форуму як пастаянна дзеючай структуры.

Сход прыняў заяву аб выключэнні з Беларускага дзяржаўнага універсітэта студэнткі 2-га курса юрыдычнага факультэта Таццяны Шапуцькі за яе ўдзел у брусельскім Форуме. У заяве, якая накіроўваецца рэктару БДУ Сяргею Абламейку, падкрэсліваецца, што “выключэнне студэнткі з універсітэта не стасуецца з мэтамі “Усходняга партнёрства”, у якое запрошана Рэспубліка Беларусь”. Заява прынята па прапанове Тэльмана Маслюкова, удзельніка рабочай групы са Светлагорска (Гомельская вобласць).

Удзельнік сходу Алесь Бяляцкі праінфармаваў прысутных аб тым, што шэрагам грамадскіх аб’яднанняў у межах працэдуры, прадугледжанай ААН, падрыхтаваны даклад па правах чалавека ў Беларусі. Даклад перададзены ў ААН, бліжэйшым часам адбудзецца яго прэзэнтацыя ў Мінску.

Інфармацыю аб ходзе кампаніі “Стоп 193.1” рабочай групе прадставіла Алёна Валынец. Кампанія накіравана на адмену ўгалоўнага пакарання за ўдзел у незарэгістраваных грамадскіх арганізацыях. Разгледжаны таксама пытанні пра абмеркаванне ў рэгіёнах Канцэпцыі спрыяння органамі ўлады развіццю грамадзянскай супольнасьці і аб уручэнні ўзнагарод за актыўную дзейнасць “Грамадскі сектар – 2009”.

Рабочая група абрана сёлета ў сакавіку на VI-ай Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі. Снежаньскі сход – трэці за перыяд пасля Асамблеі. Па заканчэнні сходу адбылося ўстаноўчае мерапрыемства Асацыяцыі каардынацыі грамадскіх арганізацый “Асамблея НДА”. Рашэнне аб паўторнай спробе рэгістрацыі Асамблеі як пастаянна дзеючай асацыяцыі было прынята на адным з папярэдніх сходаў рабочай групы. Дакументы на рэгістрацыю плануецца падаць у Міністэрства юстыцыі на пачатку наступнага года.

Спасылка

Видео