BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Універсітэт у Беларусі: ад ідэі да рэалізацыі

22.12.2009
Універсітэт у Беларусі: ад ідэі да рэалізацыі
18 снежня 2009 г. у Мінску адбыўся навукова- практычны  семінар “Універсітэт ХХІ  стагоддзя:  ідэі і рэалізацыя”, арганізаваны шэрагам арганізацый грамадзянскай супольнасці: ГА “Цэнтр сацыяльных інавацый”, ГА “Адукацыйны цэнтар “ПОСТ”, Цэнтр прававой трансфармацыі, АГА “Фонд імя Льва Сапегі”. Нягледзячы на тое, што арганізатары атрымалі некалькі неабгрунтаваных адказаў у атрыманні дазволу на арэнду памяшкання, семінар усе ж адбыўся. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі інтэлектуальных супольнасцей, выкладчыкі універсітэтаў, актывісты и лідары грамадзянскай супольнасці, бізнес-кансультанты, студэнты ВНУ, журналісты беларускіх СМІ.

Адкрываючы  паседжанне семінара, прадстаўнік міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь” Таццяна Пашэвалава адзначыла, што ідэя універсітэта распрацоўваецца Агенцтвам гуманітарных тэхналогій ужо больш за 15 гадоў, але менавіта зараз прыйшоў час для запуску працэсаў па яе рэалізацыі. Гістарычна ўніверсітэты ствараліся як месцы, дзе збіраюцца людзі дзеля таго, каб знаходзіць адказы на выклікі свайго часу, і менавіта такі універсітэт патрэбны зараз Беларусі.

“Інсуючыя сёння ў Беларусі універсітэты не выконваюць сваіх функцый і, па вялікім рахунку, не могуць называцца універсітэтамі, аднак сапараўдны ўніверсітэт Беларусі неабходны”, - адзначыў у дыскусіі Уладзімер Мацкевіч, кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій і ідэёлаг групы ініцыятараў стварэння нацыянальнага універсітэта. З пункту гледжання філосафа, “ідэальны універсітэт разгортваецца адначасова ў некалькіх планах – як мегамашына мыслення, як фактар узнікнення і стварэння нацыі, як месца вырошчвання праектных эліт; як адукацыйная ўстанова і як суб’ект культурнай палітыкі”. На дадзены момант універсітэты ў Беларусі часткова рэалізуюць толькі адну, не самую асноўную сваю функцыю – атрыманне вышэйшай адукацыі – і ў лепшым выпадку могуць быць аднесены да ПТВ. Пры гэтым без фарміравання ў Беларусі універсітэта, які б выконваў увесь комплекс сваіх функцый, беларуская нацыя ніколі не стане поўнавартаснай, сцвярджае Уладзімер Мацкевіч.

Кандыдат  педагагічных навук Святлана Мацкевіч акцэнтавала ўвагу на рэалізацыйных  аспектах стварэння сучаснага беларускага універсітэта. На яе думку, у краіне існуе дастаткова канцэптуальных распрацовак для будаўніцтва сучаснага універсітэта. Сёння стаіць задача абагульнення і канфігуравання гэтых ведаў, запуску камунікацыі паміж зацікаўленымі бакамі: “Універсітэт не можа быць пабудаваны нейкай асобнай групай людзей, мы павінны сфарміраваць вялікі калектыў, які будзе рэалізоўваць гэту ідэю. Мы гатовы да партнёрскіх адносін і запрашаем усіх да ўдзелу ў нашых семінарах і абмеркаваннях”.

Пытанне аб ўнівесітэцкіх свабодах як неабходнай ўмове існавання свабоды ва ўсіх сферах грамадства падымалася ў дакладзе Уладзімера Дунаева. У нашай краіне няма універсітэцкіх свабод, але практычна ніхто не звятрае на гэта ўвагі. Напрыклад, у праграмах нашых палітычных партый адсутнічае ўсялякае ўзгадванне пра гэта актуальнае пытанне.

У дыскусіі, што адбылася, падымаліся патынні  пра рэалізаванасць ідэі універсітэта ў сучасных умовах Беларусі і пра перашкоды, што існуюць на гэтым шляху. Многія з удзельнікаў дыскусіі адзначалі, што неабходным крокам на шляху пераадолення гэтых перашкодаў павінна стаць арганізацыя шырокай дыскусіі па праблемах універсітэта і універсітэцкай адукацыі ў Беларусі – як сярод інтэлектуальных і кіруючых эліт, так і на ўзроўні грамадства ў цэлым.

“Будаўніцтва універсітэта – гэта, безумоўна, вельмі складаная задача, і мы разумеем усе звязаныя з гэтым праблемы, але мы заяўляем пра тое, што распачалі будаваць універсітэт. І мы яго пабудуем!”, – рэзюміравала ў дыскусіі адна з арганізатараў мерапрыемства Алена Танкачова.

Cпасылка

Видео