BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

ААН зачыніла дзьверы перад запрошанымі актывістамі

16.12.2009
ААН зачыніла дзьверы перад запрошанымі актывістамі

У сталіцы Даніі Капэнгагене прайшлі дэманстрацыі пратэсту з нагоды пачатку Канфэрэнцыі ААН па зьмене клімату. Паліцыя затрымала каля тысячы дэманстрантаў.

Удзельнікі акцыі пратэсту выказвалі сваю нязгоду з тым, што на канфэрэнцыю ня могуць патрапіць некалькі тысяч акрэдытаваных удзельнікаў — прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацыяў сьвету.

Гутарым са старшынёй Рады АА «Экадом» Ірынай Сухій, якая зараз знаходзіцца ў Капэнгагене.

Падчас акцыі пратэсту было затрымана каля тысячы ўздельнікаў. Сьведкі кажуць, што пры затрыманьні паліцыя прымяняла гвалт. Каля 900 чалавек ужо зьвярнуліся ў праваахоўныя арганізацыі. Шэф паліцыі Капэнгагену заявіў, што ўсіх затрыманых ужо адпусьцілі на волю, толькі шэсьць чакаюць, пакуль ім выставяць абвінавачаньні. Як паведамляе БелаПАН, сярод арыштаваных ёсьць адзін беларус. Да 3 студзеня ён будзе знаходзіцца пад сьледзтвам. Імя яго не называецца, яго могуць абвінаваціць у тым, што ўдарыў паліцэйскага.

30-тысячная дэманстрацыя ў Капэнгагене.

Паліцыя затрымлівае пратэстоўцаў.

Беларускія актывісты экалягічнага руху былі акрэдытаваныя на ўдзел у канфэрэнцыі ад Нарвэскага таварыства аховы навакольнага асяродзьдзя. І зранку 14 сьнежня прыйшлі рэгістраваць свой удзел. Але разам з тысячамі іншых прадстаўнікоў грамадзкай супольнасьці патрапіць туды, дзеля чаго ехалі ў Капэнгаген, не змаглі.

«Мы проста прастаялі на вуліцы перад дзьвярыма цэлы дзень, на пэўны момант да нас выйшлі і сказалі, — вы праявіце цярпеньне, вам прыйдзецца пачакаць ад 2 да 6 гадзін, каб патрапіць унутр. Сказалі б праўду — што вы нікуды не патрапіце, — ідзіце. А так усе спадзяваліся, што ўсё вырашыцца, стаялі і чакалі да апошняга пад дажджом і сьнегам. І дачакаліся, пакуль да нас выйшлі, падзякавалі за цярплівасьць і разьвіталіся. Там палова народу наагул папросту расплакалася. Ад крыўды, ад расчараваньня...»

Перад уваходам людзі, што гэтак і не дачакаліся запрашэньня, скандзіравалі лёзунгі кшталту «Сорам ААН». Пазьней, у часе дэманстрацыі, асноўным патрабаваньнем дэманстранты называлі «перапыніць міжнародны гандаль кліматам і пачаць рэальнае яго выратаваньне».

На канфэрэнцыю зарэгістравалі 21 тысячу удзельнікаў. Зь іх 9 тысяч — сябры дзяржаўных дэлегацый, 12 тысяч — недзяржаўных арганізацый і проста аглядальнікі.

Плошча канфэрэнц-залі Bella Center, дзе праходзіць канфэрэнцыя, складае 122 тысячы квадратных мэтраў, зьмяшчальнасьць кангрэс-заляў — 20 тысяч чалавек, дадатковыя паверхі дазваляюць зьмясьціць яшчэ 9,5 тысяч чалавек.

«Арганізатары ведалі, колькі акрэдытавалі людзей і павінны былі разумець, колькі іх прыйдзе. Гэта ж ня толькі датчане, гэта з усяго сьвету людзі. Мы ў чарзе стаялі з бразыльцамі, якія ляцелі 14 гадзін у Капэнгаген дзеля таго, каб не патрапіць на канфэрэнцыю. Натуральна, прыходзім да высновы, што гэта было палітычнае рашэньне. Ім таксама не патрэбна занадта шмат грамадзкіх арганізацый на такіх мерапрыемствах — каб не перашкаджалі. Такое ўражаньне, што ААН не зацікаўлена ў меркаваньнях НДА, якія нашмат болей радыкальныя за дзяржаўных дэлегатаў і больш зацікаўленыя ў захаваньні клімату».

Гэты канфлікт не застанецца без увагі міжнароднай супольнасьці і будзе мець нейкі працяг, лічыць Ірына Сухій:

«Ёсьць міжнародная сетка КЭН, якая прафэсійна на ўсясьветным узроўні рыхтуе стратэгічныя нататкі і аналіз таго, як паводзяць сябе тыя ці іншыя краіны. НДА вельмі сур’ёзна сёньня абгрунтоўваюць свае патрабаваньні і пазыцыі. Цяпер асноўнае пытаньне — як вырашацца перамовы. Пакуль ніякага кансэнсусу не знайшлі. Усе чакаюць удзелу сэгмэнту высокага ўзроўню. Чакаюць выступу Абамы, Мядзьведзева, кіраўнікоў вялікіх дзяржаў».

Cпасылка

Падрабязьней тут

Видео