BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Стэфан Эрыксан стварыў у Беларусі нефармальны клуб беларускамоўных амбасадараў

14.12.2009
Стэфан Эрыксан стварыў у Беларусі нефармальны клуб беларускамоўных амбасадараў

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан увойдзе ў гісторыю не толькі як адзін з першых замежных дыпламатаў, які амаль без акцэнту размаўляе па-беларуску, але і як чалавек, які неацэнна многа зрабіў для развіцця шведска-беларускіх стасункаў. У інтэрв’ю TUT.BY спадар Эрыксан падвёў папярэднія вынікі шасцімесячнага старшынства Швецыі ў Еўразвязе, а таксама падзяліўся сваімі новымі назіраннямі аб Беларусі і беларусах.

Нас запомняць дзякуючы Лісабонскай дамове”

— Спадар Стэфан, што вы лічыце галоўным дасягненнем Швецыі падчас старшынства ў Еўразвязе і ці прасунуліся за гэты час стасункі з Беларуссю?


— Старшынства ў Еўразвязе — больш адміністратыўны абавязак і, насамрэч, яно не павінна кардынальным чынам уплываць на ход падзей. Канечне, з’яўляюцца пэўныя магчымасці кіраваць працэсам, але яны даволі абмежаваныя.

На сёння — бо да канца тэрміну ў нас застаецца яшчэ тры тыдні — галоўным нашым здабыткам ёсць давядзенне да лагічнага завяршэння Лісабонскай дамовы, якая ўступіла ў дзеянне 1 снежня. Думаю, гэтай гістарычнай падзеяй і запомніцца сёлетняе шведскае старшынства ў Еўразвязе.

Вельмі важным пытаннем для нас таксама ёсць кліматычныя змены на планеце. У гэтыя дні ў Капенгагене праходзіць кліматычны саміт ААН, у якім удзельнічаюць 15 тысяч дэлегатаў з усяго свету і больш за 100 прэзідэнтаў і старшыняў урадаў. Ёсць надзея, што там будзе дасягнута дамоўленасць паміж усімі краінамі знізіць выкід парніковых газаў і зрабіць значны крок наперад у выкарыстанні экалагічна чыстых тэхналогій. Пагадненні, падпісаныя ў Капенгагене, мусяць замяніць Кіёцкі пратакол, які быў заключаны ў 1997 годзе, і спыніць сваё дзеянне ў 2012-м.

Чаму ў Швецыі, Скандынавіі гэтаму надаюць такое вялікае значэнне? Бо існуе багата доказаў, што неабачлівая дзейнасць чалавека спрычынілася да глабальнага пацяплення і незваротных зменаў клімату, што пагражае вельмі сур’ёзнымі праблемамі ўжо наступнаму пакаленню зямлян. Як старшыня Еўразвяза Швецыя імкнецца прасоўваць узгодненую пазіцыю Еўропы і стараецца паўплываць на іншыя краіны, каб усе абмежавалі ўласныя апетыты і прыйшлі да агульнага знамянальніка.

Датычна стасункаў Еўразвяза з Беларуссю лічу, што мы зрабілі пэўныя крокі наперад. Пасля ўстаноўчага саміта Усходняга партнёрства ў траўні ішла праца па стварэнні структур і інструментаў для рэалізацыі новай ініцыятывы, ініцыятарам якой выступіла якраз Швецыя. У лістападзе ў Бруселі адбыўся Форум грамадзянскай супольнасці — адзін з праграмных складнікаў Усходняга партнёрства, - у якім бралі ўдзел 25 прадстаўнікоў Беларусі. Менавіта беларус Сяргей Мацкевіч (лідэр Асамблеі НДА Беларусі. TUT.BY) быў абраны спікерам Форуму.

У двухбаковых дачыненнях Швецыі і Беларусі таксама ёсць крокі наперад, няхай і не такія вялікія, як хацелася б.

— Ці быў у гэтым годзе прагрэс у эканамічных стасунках паміж Беларуссю і Швецыяй?

— Ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу цяжка чакаць вялікіх зменаў у лепшы бок. Аднак падкрэслю, што ўзаемны таваразварот сёлета, відаць, не зменшыцца. Як i летась, ён складае блізу 150 мiльёнаў еўра. Сёння ў Беларусі дзейнічаюць 12 прадпрыемстваў са шведскім капіталам: 7 сумесных і 5 замежных. Шведскія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі за дзевяць месяцаў гэтага года склалі 7,8 мільёна даляраў. Гэта не так многа і, відавочна, што ў нашага супрацоўніцтва ў розных сферах ёсць вялікі патэнцыял. Беларускі рынак цікавы для буйных шведскiх кампанiй. Тая ж IKEA плённа працуе з усiмі суседнiмі краiнамі – Польшчай, Украiнай, Расiяй, Прыбалтыкай. Спадзяюся, што і прыход у Беларусь — пытанне часу.

Пашыраюцца і дзелавыя кантакты. У лістападзе на iнвестыцыйна-эканамiчным форуме ў Мiнску пабывалі нашы бiзнэсоўцы. Старшыня Міжнароднай рады шведскай прамысловасці меў сустрэчу з прэзідэнтам Беларусі.

“Мяне па-ранейшаму здзіўляе абыякавасць беларусаў да роднай мовы”

— Наколькі змянілася ваша ўяўленне пра Беларусь у часе працы тут? У чым вашы цяперашнія меркаванні цалкам не адпавядаюць першапачатковым?

— Я столькі жыву ў Беларусі, што ўжо не памятаю свае ўяўленні чатыры з паловай гады таму (смяецца). Калі сур’ёзна, дык я прыехаў у Беларусь не зусім падрыхтаваным. Дагэтуль я працаваў у Маскве і Санкт-Пецярбургу, не ведаў так добра беларускую гісторыю, не разумеў, наколькі, з аднаго боку, яна складаная, але адначасова пераплецена з еўрапейскай. Адзін з маіх галоўных прынцыпаў: калі за нешта бярэшся, трэба цалкам аддаваць сябе гэтай справе. Паколькі час дазваляў, я стаў глыбей цікавіцца беларускай культурай і традыцыямі, мінулым і сучаснасцю вашага народа, стаў вучыць беларускую мову. Таму змены ў маім бачанні Беларусі адбываліся паступова і натуральным чынам.

Фота: Данiлa Качан
Пасол Стэфан Эрыксан адзначае Купалле.
Фота: Данiлa Качан
Сёння мне цяжка ўявіць, як бы я працаваў, не ведаючы ўсе гэтыя дэталі. Аднак ёсць і пэўныя моманты, якія дасюль не магу патлумачыць. Напрыклад, мяне па-ранейшаму здзіўляе абыякавасць і нават крывадушша беларусаў у дачыненні да роднай мовы. З аднаго боку, я ведаю гістарычныя і сацыяльныя прычыны такой сітуацыі, але розумам і сэрцам не магу зразумець і пагадзіцца з гэтым.

— На вашу думку як аднаго з першых замежных беларускамоўных амбасадараў, ці застанецца Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай, калі страціць беларускую мову?

— Тэарэтычна, канечне, гэта магчыма. Ёсць вядомы прыклад Ірландыі. Аднак моўная сітуацыя ў вас значна лепш, і гэтую перспектыву я лічу не вельмі прывабнай для Беларусі. Перадусім важна, каб людзі зразумелі, што мець родную мову гэтаксама важна, як мець уласныя карані і гісторыю. Нездарма ж прарочыў Францішак Багушэвіч: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”.

Для мяне як прадстаўніка не самага вялікага (але і не самага маленькага!) еўрапейскага народа вельмі важна, што Еўропа сёння робіць усё магчымае для захавання нацыянальных моў. Кожная мова - каштоўная і неад’емная частка нашай агульнай еўрапейскай спадчыны. Напрыклад, у Швецыі апроч дзяржаўнай шведскай мовы ёсць яшчэ некалькі тых, што маюць афіцыйны статус моваў нацменшасцяў — фінская, саамская, меанкэлі, ідыш і романі. Іх носьбітаў не так многа, але дзяржава спрыяе іх захаванню. Гэта і наша агульная задача.

Як сімвалічны акт і таксама з мэтай заахвочвання інтарэсу да беларускай мовы сярод сваіх калег, а таксама ў беларускім грамадстве я прапанаваў стварыць у Мінску суполку беларускамоўных паслоў. Гэту ідэю мне падказаў міністр культуры Павел Латушка, які падчас працы ў Варшаве ўваходзіў у суполку польскамоўных амбасадараў. На гэтым тыдні адбылося першае паседжанне нашага нефармальнага клуба, на якім прысутнічалі пасол Польшчы Генрык Літвін, пасол Украіны Ігар Ліхавы, пасол Літвы Эдмінас Багдонас, а таксама спадар Латушка. Нам бы вельмі хацелася, каб колькасць сябраў нашай суполкі павялічвалася. Буду надзвычай рады, калі наш нефармальны клуб кагосьці падштурхне да вывучэння беларускай мовы.

“Мы не ўжываем клішэ “апошняя дыктатура Еўропы”

— Спадар Стэфан, зыходзячы з вашага ўжо немалога досведу жыцця ў Беларусі, чаго ў беларусаў і шведаў усё ж больш: падобнага ці адрознага?


— Перакананы, што агульнага ўсё ж больш. Калі абагульняць (а часам даводзіцца гэта рабіць), тыповы шведскі і беларускі характар падобныя сваёй стрыманасцю, памяркоўнасцю, разважлівасцю. Верагодна, на гэта паўплывалі падобныя суровыя кліматычныя ўмовы. У цэлым беларусы са шведамі даволі лёгка знаходзяць паразуменне. Гэта і не дзіўна, ведаючы колькі агульнага ў нашай гісторыі. Яшчэ тысячу гадоў таму нашы вікінгі бывалі на тэрыторыі Беларусі. Цягам доўгага часу Шведскае каралеўства і Вялікае княства Літоўскае былі, па сутнасці, суседзямі, а ў 1655 годзе нават утварылі адзіную дзяржаву — Кейданскую унію...

— Беларусь амаль не прысутнічае ў шведскіх медыях. Шараговыя шведы пра нас таксама амаль не ведаюць. Чым жа тады вытлумачваецца адна з лідэрскіх пазіцый Швецыі ў Еўропе па колькасці ініцыятыў, праграм, накіраваных на Беларусь?

— Адзначу, што не толькі Беларусь адсутнічае ў шведскіх СМІ. Так, у большасці сваёй нашых людзей найперш хвалюе ўласная краіна і праблемы, ну, мабыць, яшчэ бліжнія суседзі. Аднак пры гэтым ёсць даволі немалое кола шведаў, якія цікавяцца навакольным светам і, адпаведна, маюць нейкае ўяўленне пра Беларусь. За 10 гадоў рэалізацыі разнастайных праграм нямала шведаў кантактавала з беларусамі. Думаю, гэта пайшло на карысць абедзвюм краінам, і ў Швецыі інтарэс да Беларусі расце.

Апроч гэтага, Швецыя мае багатыя традыцыі дапамогі іншым краінам. Разам з Нідэрландамі мы займаем лідэрскую пазіцыю ў свеце па колькасці сродкаў у разліку на ўнутраны валавы прадукт, якія накіроўваюцца на міжнародныя праекты. Пасля падзення Берлінскай сцяны мы сталі актыўна адбудоўваць разбураныя дзесяцігоддзямі раней кантакты з краінамі Балтыі і Усходняй Еўропы. Таму цалкам лагічна, што мы гатовыя падзяліцца сваім досведам і з Беларуссю.

— Ці ўжываюць яшчэ вашы калегі-дыпламаты ў Швецыі клішэ “апошняя дыктатура Еўропы” ў дачыненні да Беларусі?

— Заўважу, што гэтае клішэ, мабыць, у большай ступені выкарыстоўвалі і папулярызавалі журналісты. Шведскія дыпламаты не ўжывалі яго ні раней, ні цяпер. І ўвогуле думаю, што дыпламаты імкнуцца пазбягаць падобных клішэ.

“Быць мостам не вельмі зручна”

— Спадар амбасадар, вы падтрымалі грамадзянскую кампанію ў Швецыі па замене шведскай назвы нашай краіны Vitryssland на назву Belarus. Ці замацуецца ў шведскай мове сучасная, а не каланіяльная назва Беларусі і што для гэтага патрэбна?


— Як прыватная асоба я сапраўды выразіў падтрымку гэтай кампаніі. Насамрэч, сітуацыя даволі заблытаная. Як выяўляецца, у нас у Швецыі няма яснай сістэмы ўсталявання нормаў што да геаграфічных назваў. Не зусім зразумела, якая ўстанова ёсць ісцінай у апошняй інстанцыі. Магчыма, дзякуючы грамадзянскай кампаніі ў гэтым пытанні з’явіцца яснасць. Пакуль жа дапушчальна людзі ўжываюць дзве гэтыя назвы. Канечне, у газетах па звычцы часцей за ўсё пішуць Vitryssland...

— А як, калі не сакрэт, вы пішаце ў дыпламатычных шведскамоўных дакументах?

— Я ўжываю афіцыйную шведскую назву — Vitryssland, але мая асабістая пазіцыя – трэба ўжываць назву Belarus, і з цягам часу мы да гэтага прыйдзем. Трэба толькі, каб выкарыстанне новай назвы проста пашырылася ва ўжытку.

— З улікам цяперашняга пацяплення ў адносінах паміж Беларуссю і Еўразвязам якой вам бачыцца палітычная перспектыва нашай краіны: у аб’яднанай Еўропе, у саюзе з Расіяй ці, можа, мостам паміж імі?

— Нехта казаў, што быць мостам не вельмі зручна, бо па табе ўсе будуць таптацца. Думаю, насамрэч, тут выбару няма. Беларусь павінна напоўніцу выкарыстоўваць сваё геаграфічнае становішча ды ўсталяваць добрыя стасункі не толькі з Захадам і Усходам, але і з Поўначчу і Поўднем, бо накірункі, насамрэч, чатыры.

Як я ўжо казаў, шмат што аб’ядноўвае Беларусь з еўрапейскай гісторыяй і традыцыяй. Я веру ў тое, што адносіны павінны развівацца, бо тая сітуацыя, што панавала ў двух папярэдніх стагоддзях, была для абодвух бакоў абсалютна ненатуральнай. Пры гэтым упэўнены, што ўзнаўленне нармалёвых адносінаў з Еўропай не павінна азначаць пагаршэнне стасункаў з Расіяй, з якой у вас таксама шмат супольнага. Ніхто ж не ставіць пытанне такім чынам: ці тое, ці гэтае.


У праекце "Беларусь вачыма шведаў" таксама чытайце:

Дзмітры Плакс: Швецыя ажыццявіла мару беларускай улады>>> 
Фотафакт. Стакгольм увосень: дажджліва, туманна, але як прыгожа>>>
Куратар Беларусі ў SIDA: Мы верым у дэмакратыю, але рашэнне - за вашым народам>>> 
Журналист Sydsvenska Dagbladet: В Швеции не знают о Беларуси потому, что у вас ничего не происходит>>>
Праваабаронца Марцін Угла: Мы з Эрыксанам - адзіныя шведы, што між сабой размаўляюць па-беларуску>>>
Агнета Сёдэрберг-Якабсан: Беларускі народ стаміўся ад "партызанскай" журналістыкі>>>
Андрэй Катлярчук: Найвялікшы міф нашай гісторыі - “ВКЛ - беларуская дзяржава”>>>
Поп-гурт Dreamgale: як беларусы пракінулі шведскі шоў-біз>>>
Cпасылка
Видео