BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ці пацякуць у Беларусь замежныя інвэстыцыі?

01.07.2009
Ці пацякуць у Беларусь замежныя інвэстыцыі?

Зараз Беларусь разьвіваецца ў асноўным за кошт унутраных інвэстыцыйных рэсурсаў. Але заплянавана шырокамаштабная мадэрнізацыя вытворчага патэнцыялу краіны, інавацыйнае аднаўленьне, якія патрабуюць значнага павелічэньня інвэстыцыйнага капіталу.

 

Кіраўнік дзяржавы і ўрад паставілі задачу паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату і ўваходжаньне ў лік 30 краінаў сьвету з найбольш спрыяльнымі ўмовамі вядзеньня бізнэсу. У 2008 годзе прынята каля 40 нарматыўных актаў, якія палепшылі дзелавы клімат. Так, важным аспэктам паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату зьявілася адмена інстытута «залатой акцыі», якая выклікала пастаянныя нараканьні міжнародных арганізацый і замежных кампаніяў. Яе наяўнасьць, паводле іх меркаваньняў, стрымлівала прыток замежнага капіталу.

Краіна прасунулася наперад на 30 пазыцый паводле індэксу эфэктыўнасьці выкарыстаньня прамых замежных інвэстыцый: са 125 месца ў 2006 годзе – на 95-е ў 2007-м. Паляпшэньне дзелавога клімату знайшло адлюстраваньне ў дакладзе Ўсясьветнага банку «Вядзеньне бізнэсу – 2009». Беларусь паднялася на 85 месца ў рэйтынгу 181 краіны па ўмовах вядзеньня бізнэсу, заняўшы 4 месца ў рэйтынгу краінаў па правядзеньні рэформаў. У краіне створана Кансультацыйная рада па замежных інвэстыцыях, якую ачольвае прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі.

 

У Беларусі вызначаны тэрыторыі з прэфэрэнцыйнымі рэжымамі інвэстыцыйнай дзейнасьці – так званыя «Свабодныя эканамічныя зоны» і Парк высокіх тэхналёгіяў. Шэраг ільготаў і прэфэрэнцыяў прадастаўлены вытворчасьцям у малых і сярэдніх гарадах. Так, бізнэс-супольнасьць мае намер прывабіць замежных інвэстараў «піярам» беларускіх гарадоў, дзе найбольш спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця бізнэсу. Па выніках конкурсу, права актыўнага піяру заслужылі нядаўна Ліда і Крычаў.

 

Чым вабіць Беларусь замежных інвэстараў?

 

Паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства замежных спраў, “штогадовы прырост інвэстыцыяў перавышае прырост ВУП у 2 разы. За мінулыя 10 гадоў агульны аб’ём інвэстыцыяў у асноўным капітале вырас у 3 разы”.

 

Пра тое, што інвэстыцыйны клімат у Беларусі становіцца больш лібэральным, сьведчыць і той факт, што ў краіну пайшлі інвэстары. Так, у 2006 годзе ў Беларусь прыйшоў Austria Telekom. Іншыя аўстрыйскія, нямецкія кампаніі выказалі жаданьне ўдзельнічаць у тэндэрах на пакупку беларускіх прадпрыемстваў. Назвы пакуль не афішуюцца.

 

Патэнцыйных інвэстараў можа прыцягнуць даволі танная рабочая сіла, што ў Эўропе ўжо рэдкасьць. Да таго ж, у Беларусі вельмі моцны інтэлектуальны патэнцыял – высокаадукаваныя спэцыялісты. У сьпісе плюсаў – параўнальна нізкія кошты на сыравіну, разьвітая інфраструктура, выгоднае геаграфічнае становішча, вялікі патэнцыял росту.

 

Часьцяком паўстае пытаньне: чаму краіна, якую называюць «апошняй дыктатурай Эўропы», перастала быць «ізгоем», чаму прадстаўнікі заходніх кампаніяў часьцяком гатовыя заплюшчыць вочы на адсутнасьць рэальных дэмакратычных зьменаў у краіне? Прадстаўнік кансалтынгавай кампаніі Attorneys-at-law Sorainen Пекка Пуолакка перакананы: «Я б не казаў, што для буйных інвэстараў дэмакратычнасьць краіны – вжны паказьнік». І прывёў у прыклад Кітай, дзе працуюць усе ўсясьветныя вытворцы.

 

Толькі лічбы...

 

У 2008 годзе паступленьні замежных інвэстыцыяў ў рэальны сэктар эканомікі Рэспублікі Беларусь склалі 6, 5млрд. даляраў (у параўнаньні з 2007 годам павялічыўся ў 1,2 разы). Сярод найбольш буйных краін-інвэстараў – Расея (2 167 млн. даляраў, 33,2%); Швэйцарыя (1225,4 млн. даляраў, 18,8%); Аўстрыя (739,8 млн. даляраў, 14,5%); Вялікая Брытанія (713,9 млн. даляраў, 10,9%); Кіпр (555,7 млн. даляраў, 8,5%).

 

Паводле намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Еўдачэнкі, з прыцягнутых у 2008 годзе замежных інвэстыцыяў доля Эўразьвязу – 2,8 мільярды даляраў, гэта 46% ад агульнага аб’ёму замежных рэсурсаў.

 

У 2008 годзе ў Беларусі працавала 4218 арганізацый з замежнымі інвэстыцыямі. Найбольш пасьпяховыя – «КК Беврыджыз Холдынгз IIБ.В.» (Нідерлянды); «Хенкель  Гмбх»; «АТЕК Холдінг Гмбх»; Мабілком Аўстрыя Груп»; «Эссэндын Холдынг Лімітед»,  «Інтэрнацыянале інвестыцыонс унд Сервальтунг» -- усе Аўстрыя; «Джывіэссэ» АО «Ілона Груп С.п.А.» – Італія.

 

Лёнданскі інвэстыцыйны форум: многа шуму, а на справе – пшык...

 

Каб прыцягнуць увагу замежных інвэстараў да Беларусі, у лістападзе 2008 году вялікая ўрадавая дэлегацыя на чале з прэм'ер-міністрам Сяргеем Сідорскім (усяго каля 180 чалавек) правяла ў Лёндане І Беларускі інвэстыцыйны форум, на мэце якога было знаёмства прадстаўнікоў усясьветнага бізнэсу зь інвэстыцыйнымі магчымасьцямі Беларусі. На форуме прайшлі прэзэнтацыі 70 беларускіх інвэстыцыйных праектаў, зацікаўленых ў прыцягненьні замежных інвэстыцыяў. Тады, на думку прэм’ера Сяргея Сідорскага, «форум перасягнуў усе нашы чаканьні».

 

Былі падпісаныя тры пратаколы аб намерах з эўрапейскімі інвэстарамі і буйнымі вытворцамі энэргетычнага абсталяваньня. Адзін – з кампаніяй "АЛСТОМ" (Швайцарыя) аб удзеле ў стварэньні высокатэхналягічных сучасных цеплаэлектрастанцый (у Зэльве, Белазёрску), а таксама ў будаўніцтве гідраэлектрастанцый на Заходняй Дзьвіне, Дняпры і паркаў ветраных установак. Другі – з кампаніяй CTY GROUP (Чехия). Трэці – з польскай кампаніяй «Кульчык Холдынг» наконт пабудовы вугальнай электрастанцыі ў Беларусі. Праект ацэньваецца прыблізна ў $1 млрд даляраў. Гаворкі пра яго вядуцца каля чатырох гадоў, але пакуль бяз пэўнага выніку. Меркавалася, што гэта будзе станцыя на польскім вуглі. Толькі ж вытворчасьць яго ў Польшчы скарачалася, цяпер краіна мае ператварыцца ў імпарцёра гэтага паліва. На сёньняшні дзень усе тры дакумэнты ў галіне энэргетыкі пакуль застаюцца «благімі намерамі».

 

Сяргей Сідорскі меў перамовы зь кіраўніцтвам амэрыканскай карпарацыі Caterpillar. Гаворка вялася пра магчымасьці супольнай вытворчасьці рухавікоў для аўтатрактарнай тэхнікі і вялікагрузных аўтамабіляў. Працягваліся перамовы з кампаніяй «Філіпс» (Нідэрлянды) аб арганізацыі ў Беларусі сумеснай вытворчасьці сьветадыёднай тэхнікі. Але пакуль да справы таксама не дайшло.

 

Сёлета ў плянах – 5 мільярдаў даляраў прамых інвэстыцыяў

 

Згодна дадзеных ЮНКТАД (Канфэрэнцыя ААН па гандлі і разьвіцьці) аб'ём замежных інвэстыцыяў у Беларусі на душу насельніцтва складае каля 460 даляраў. Для параўнаньня: у суседняй Літве гэта паказчык роўны 4300 далярам.

 

Але ў часе крызісу Беларусь актывізавалася. У першым квартале 2009 года для фінансаваньня інвэстыцыйных праектаў прыцягнута замежных інвэстыцыяў на 400,3 мільёна даляраў (на 27,2% больш у параўнаньні з І кварталам мінулага году). Паводле дадзеных дзяржаўных органаў Беларусі, на 1 траўня 2009 года за кошт замежных інвэстыцыяў фінансавалася 55 інвэстыцыйных праектаў (у тым ліку, арганізацыя вытворчасьці ліставога шкла на ААТ “Гомельшкло”, аднаўленьне парку самалётаў НАК “Белавія”, рэканструкцыя Менскай ЦЭЦ-5).

 

Сёлета краіна плянуе прыцягнуць больш за 5 мільярдаў даляраў прамых інвэстыцыяў. Але экспэрты лічаць, што зрабіць гэта будзе праблематычна. Паводле меркаваньня кіраўніка Цэнтру Мізэса эканаміста Яраслава Раманчука, інвэстараў ня можа не насьцярожваць «наяўнасьць вылучаных уладамі 25 інвэстыцыйных умоваў, якія нідзе пэўна не прапісаныя. Іх не задавальняе пытаньне абароны правоў уласнасьці і архаічны закон аб прыватызацыі. Правілы гульні мутныя і часта мяняюцца».

 

Людміла Корсак

[email protected]

Видео