BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Крысціян Ф. Трыпэ: Еўропа мае цьмянае ўяўленне пра беларускую прамысловасць

25.06.2009
Крысціян Ф. Трыпэ: Еўропа мае цьмянае ўяўленне пра беларускую прамысловасць
Кіраўнік брусельскай рэдакцыі “Deutsche Welle” Крысціян Ф. Трыпэ быў адным з трох еўрапейскіх журналістаў, што суправаджалі Беніту Ферэра-Вальднер падчас яе візіту ў Беларусь. У бліц-інтэрв’ю Еўрарадыё ён распавёў пра тое, што еўракамісар не казала беларускай прэсе.

Ці паспелі вы з Бенітай Ферэра-Вальднер абмеркаваць вынікі яе візіту ў Беларусь?

Крысціян Ф. Трыпэ: “Так, у нас быў кароткі, але глыбокі падсумавальны брыфінг у аэрапорце ў Мінску. Сп. Ферэра-Вальднер распавяла нам пра свае сустрэчы з беларускім кіраўніцтвам. Адбылася кароткая гутарка з мэтай падсумавання вынікаў візіту. Але я не сказаў бы, што мы даведаліся з гэтай размовы нашмат больш, чым беларускія медыі падчас прэс-канферэнцыі”.

Лёгка зразумець, што Беларусі патрабуецца ад Еўропы. Але вось цікава, як Беніта Ферэра-Вальднер акрэсліла сферу эканамічных цікавасцяў Еўропы ў Беларусі?

Крысціян Ф. Трыпэ: “Беларусь — гэта краіна, якую Еўропа зараз толькі-толькі адкрывае для сябе як партнёра. Таму людзі з Заходняй Еўропы ведаюць пра Беларусь не шмат.

Яны не ведаюць, што гэта індустрыяльзаваная краіна. Яны не ведаюць, якая вытворчасць там развітая. Хіба што некаторыя чэхі ды ўсходнія немцы яшчэ памятаюць трактарны завод ды “Гарызонт” з яго тэлевізарамі.

Нават калі вы спытаецеся ў Брусэлі, у еўрапейскіх дэпутатаў: “Што можа зацікавіць еўрапейскія краіны ў Беларусі?” — яны адкажуць: “Я не ведаю! Цалкам магчыма, што там няма нічога карыснага”.


Але ў Еўракамісіі цікавасці да Беларусі ёсць, і сп. Ферэра-Вальднер ведае, што мы можам знайсці там партнёраў”.


Як вы лічыце, ці моцна паўплывала на намеры і рашучасць сп. Ферэры-Вальднер так званая “малочная вайна” Беларусі з Расіяй?

Крысціян Ф. Трыпэ: “Думаю, што не. Бо яе палітыка добрасуседства і ідэя ўключэння Беларусі ва “Ўсходняе партнёрства” прыйшлі нашмат раней, чым пачалася “малочная вайна”. Я думаю, што вы можаце азірнуцца і напэўна сказаць, што “малочная вайна”, увядзенне Расіяй жорсткіх правілаў імпарта для Беларусі выглядаюць як рэакцыя на “Ўсходняе партнёрства”.

Тут, у Бруселі, мы мелі шмат матэрыялаў у газетах і радыёрэпартажаў наконт малочнага супрацьстаяння Расіі і Беларусі. Але, калі яно распачалося, палітыка “Ўсходняга партнёрства” ўжо была ў Беларусі. І не толькі ў выглядзе ідэі, але і як канкрэтны план дзеянняў. Таму не думаю, што сп. Ферэра-Вальднер бачыла ў “малочнай вайне” нешта акрамя лакальнага гандлёвага супрацьстаяння”.


Якія ўражанні зрабіла на еўракамісара размова з беларускім прэзідэнтам?

Крысціян Ф. Трыпэ: “Калі шчыра, Беніта Ферэра-Вальднер была шакаваная тым, што сустрэча цягнулася аж 2,5 гадзіны. Бо было запланавана, што хопіць 45 хвілінаў. Прынамсі, такая лічба была ў пратаколе.

Мне падалося, што яна была здзіўленая тым, наколькі гэта была шчырая і адкрытая размова. А таксама тым, што яны абмеркавалі кожнае з афіцыйных патрабаванняў Еўрасаюза. Паводле яе словаў, Лукашэнка знайшоў час не проста закрануць кожнае пытанне і заявіць нешта накшталт: “Так, мы з гэтым разбярэмся!” Усё было абмеркаванае дэталёва, з усіх бакоў.

Таксама яна сказала нам, што прэзідэнт падаўся ёй надзвычай інфармаваным чалавекам”.

Фота: www.dw-world.de

Cпасылка

Видео