BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

PiS хоча зьмяніць Польшчу. Пачалі з сябе

06.02.2009
PiS хоча зьмяніць Польшчу. Пачалі з сябе
У Кракаве завершыўся Кангрэс найбуйнейшай польскай апазыцыйнай партыі Права й справядлівасьць. Дэлегаты сустрэчы зацьвердзілі праграму партыі “Сучасная, салідарная й бясьпечная Польшча” з дадаткам антыкрызысных дзеяньняў. Увагу экспэртаў прыцягнула ня толькі жаданьне польскіх кансэрватараў мадэрнізаваць краіну, але й зьмяняць саміх сябе. Партыя Яраслава Качыньскага пачынае рэалізацыю новай стратэгіі: згода, а не вайна.

Згода, а не вайна – гэта галоўнае пасланьне Яраслава Качыньскага для польскага грамадзтва й кіроўнай партыі Грамадзянская плятформа. Для пільнага назіральніка за польскай палітычнай сцэнай ня будзе навіной, што ў краіне на Вісьле ўжо каторы год працягваецца “палітычны мардабой” паміж двума мацнейшымі супернікамі – правымі партыямі: Грамадзянскай плятформай ды Правам і справядлівасьцю. На кангрэсе PiS сказаў – peace.

Гаворыць Яраслаў Качыньскі. 

Я. Качыньскі: Мільёны палякаў маюць сёньня абгрунтаваны непакой, што ў польскай палітыцы ідзе вайна. Я заяўляю: згода, а не вайна. Я прашу ўсіх прыняць гэты спосаб адносін, каб адкінуць нэгатыў і злосныя абвінавачаньні. Запэўніваю ўсіх, што мы не зьбіраемся праводзіць такую палітыку. Тыя, хто падтрымлівае нашую канкурэнцыю – гэта вялікая частка нашага народу. Канкурэнцыя, а не барацьба! Згода, а не вайна!

Гэтую дэклярацыю з радасьцю ўспрыняў польскі прэм’ер Дональд Туск, да якога Яраслаў Качыньскі й накіраваў свой зварот.

Д. Туск: Мы рабілі ўсё магчымае, каб палітычная сытуацыя ў краіне была як мага менш анрэсіўнай. Калі мы перамагалі выбары – людзі ведалі, што пошук ворагаў не павінен быць фірмовым знакам польскай палітыкі. Калі сёньня лідэр PiS пагаджаецца з тым, што згода лепшая, чым вайна, калі ён кажа тое, што казаў я ад самага пачатку – я маю вялікае задавальненьне.

У праграме партыі апынулася шмат запісаў па мадэрнізацыі польскай эканомікі, між іншым, пабудова новых аэрапортаў, спартыўных аб’ектаў, портаў. На думку Яраслава Качыньскага, Польшчы не хапае інавацыйнасьці й эканамічнай свабоды. Сучасны народ, паводе Качыньскага, не павінен адракацца сваёй традыцыі й сьлепа пазычаць замежныя ўзоры разьвіцьця. “Дабрабыт асобы ў дэмакратычнай нацыянальнай дзяржаве – гэта дабрабыт усяго грамадзтва” – заявіў лідэр PiS. Дзеля таго, каб забясьпечыць дабрабыт асобе, польская дзяржава павінна сур’ёзна зьмяніць сваю структуру. Толькі пасьля гэтага, на думку Качыньскага, у краіне змогуць спраўна дзейнічаць ворганы дзяржаўнага кіраваньня. Вялікую ролю ў пераменах Качыньскі ўскладвае на малыдых палякаў.

Я. Качыньскі: Яны дапамагалі нам, калі мы кіравалі краінай. Мы хочам зь імі працаваць далей, ня толькі з тымі, хто нам дапамагаў. Маладыя могуць быць упэўненыя: наша сіла – гэта іх сіла, больш чым іншыя польскія палітычныя групоўкі.

Аднак і польская апазыцыя зь левага боку “ня сьпіць у шапку”. Лавіна крытыкі на праграму PiS звалілася ад Саюзу левых дэмакратычных сіл. Гаворыць Ежы Вэндэрліх.

Е. Вэндэрліх: Ці можна казаць, што ў Польшчы няма лепшай партыі для моладзі, чым неталерантная партыя, якая абяцала маладым 3 млн. кватэр, а ў выніку зрабіла сумны рэкорд для Польшчы – найменш кватэр за гісторыю краіны?  Калі Яраслаў Качыньскі кажа, што ў Польшчы павінны быць аэрапорты і аўтастрады, то я хачу запытаць у іх: чаму вашыя пляны не рэалізаваліся, калі Вы кіравалі Польшчай? За час кіраваньня PiS у Польшчы пабудавана каля 800 мэтраў аўтастрадаў, роўна столькі, колькі я іду да шапіку па газэту.

На думку экспэртаў і аналітыкаў апошні кангрэс Права й справядлівасьці паказаў, што партыя Яраслава Качыньскага пачала зьмяняцца, пазбаўляцца іміджу варожай партыі, якая змагаецца з ворагамі. У новым выданьні PiS – гэта сучасная, адкрытая й плюралістычная партыя. Гаворыць палітоляг Марэк Мігальскі.

М. Мігальскі: PiS мела імідж традыцыяналісцкай партыі, трошкі старамоднай, калі не сказаць “лажовай”. Цяпер сп. Качыньскі спадзяецца зьмяніць гэты вобраз, каб зрабіць PiS сучаснай партыяй, якая не баіцца выклікаў, ня толькі падчас крызысу, але й зможа кіраваць краінай у, так бы мовіць, нармальны час.

Кангрэс Права й справядлівасьці адбываўся два дні: ў суботу й нядзелю. За гэты час адбылося 13 тэматычных дыскусій і пленарных дэбатаў. У кангрэсе ўзялі ўдзел 1 500 дэлегатаў і каля 400 гасьцей. 

Cпасылка

Видео