BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сябра ПАРЭ патрабуе адмены дэкрэту Лукашэнкі

04.02.2009
Сябра ПАРЭ патрабуе адмены дэкрэту Лукашэнкі
Нідэрляндзкі хрысьціянскі дэмакрат і сябра ПАРЭ Пітэр Омтзіхт зьвярнуўся зь лістом да Камітэту міністраў Рады Эўропы — кіроўнага і дырэктыўнага органу РЭ, які складаюць міністры замежных спраў 47 краін-чальцоў.

Нідэрляндзкі палітык зьвяртае ўвагу на чарговыя хвалі рэпрэсіяў у Беларусі і просіць Камітэт міністраў адказаць на некаторыя ягоныя пытаньні.

Пітэр Омтзіхт нагадвае, што ад 21 студзеня ў Беларусі ізноў мае сілу падпісаны прэзыдэнтам Лукашэнкам рэпрэсіўны дэкрэт № 555, які забараняе беларускім дзецям выезд за мяжу.

Сябра ПАРЭ робіць пры гэтым агаворку, што напярэдадні Калядаў беларускі кіраўнік у выніку міжнароднага ціску прыпыніў дзейнасьць дэкрэту да сярэдзіны студзеня. У сувязі з тым, што для арганізацыі зімовага адпачынку засталося вельмі мала часу, выехаць на зімовыя вакацыі змагло вельмі няшмат беларускіх дзяцей.

Як піша галяндзкі дэпутат, “дзецям ізноў не дазваляюць ехаць у краіны, якія не падпісалі зь Менскам шырокага пагадненьня зь вялікай колькасьцю гарантый. Гэта цалкам душыць працу няўрадавых арганізацый і робіць абмены цалкам немагчымымі”.

У той жа час Беларусь надае прыярытэтную значнасьць далучэньню краіны да Рады Эўропы. Але ж для гэтага ў краіне павінна палепшыцца сытуацыя з правамі чалавека, і адзін са складнікаў гэтага пытаньня — адмена забароны на паездкі”.

Сябра ПАРЭ Пітэр Омтзіхт задае кіроўнаму органу Рады Эўропы наступныя пытаньні:

  • “Ці згодны Камітэт міністраў, што абмежаваньні, выкладзеныя ў дэкрэце № 555, — гэта парушэньне права беларускіх дзяцей на свабоду перамяшчэньня (пры наяўнасьці бацькоўскага дазволу на выезд)?
  •  
  • Ці гатовы Камітэт міністраў выставіць у якасьці папярэдняй умовы для новага дыялёгу зь беларускім урадам сталую адмену дэкрэту № 555?
  •  
  • Якім яшчэ чынам Камітэт міністраў будзе даводзіць да беларускіх уладаў, што яны маюць адмяніць дэкрэт № 555 і дазволіць дзіцячыя абмены?

Галяндзкі палітык Пітэр Омтзіхт вядомы як адзін з ініцыятараў кампаніі па аднаўленьні паездак беларускіх дзяцей у замежжа.

15 сьнежня ён патрабаваў ад свайго ўраду зрабіць захады супраць беларускіх чыноўнікаў, якія перашкаджаюць выезду беларускіх дзяцей на калядныя вакацыі за мяжу.

Тады ў інтэрвію журналістам ён заявіў: “Болей за 20 гадоў тысячы беларускі дзяцей мелі магчымасьць адпачываць у Нідэрляндах. Яны жылі ў галяндзкіх сем’ях, дзе пра іх заўсёды добра клапаціліся. Мы хочам, каб чарнобыльскія дзеці ізноў атрымалі магчымасьць праводзіць вакацыі за мяжой”.

Спасылка

Видео