BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Праграмы тэхнічнай дапамогі Эўразьвязу: шырокія магчымасьці супрацоўніцтва

04.02.2009
Праграмы тэхнічнай дапамогі Эўразьвязу: шырокія магчымасьці супрацоўніцтва

Асноўным відам дапамогі, якую ажыцьцяўляе Эўразьвяз Беларусі, зьяўляецца міжнародная тэхнічная дапамога, празь якую Беларусь атрымлівае “ноў-хаў”, кансультацыйныя паслугі, экспэртныя ацэнкі, навучаньне, інвэстыцыі, бізнэс-пляны. З 1991 па 2006 гады ў межах Праграмы ТАСІS дапамога Беларусі склала каля 220 мільёнаў эўра, што складае прыкладна 40% ад усёй міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якую аказалі Беларусі за гэты час іншыя міжнародныя донары. Леанід Арлоў, выканаўчы дырэктар Каардынацыйнага бюро Праграмы ТАСІS Эўрапейскага Зьвязу ў Рэспубліцы Беларусь, вынікамі 2008 году задаволены і адзначае заўважную дынаміку разьвіцьця ў галіне міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Нацыянальныя праграмы для Беларусі 

Эўразьвяз для кожнай краіны з улікам спэцыфікі, асаблівасьцяў, актуальнасьці праблем распрацоўвае адмысловыя нацыянальныя праграмы па найбольш запатрабаваных, прыярытэтных і важных менавіта для гэтай краіны накірунках.   

З 2007 па 2013 год асноўны аб'ём міжнароднай тэхнічнай дапамогі Эўразьвязу Беларусі ажыцьцяўляецца праз Эўрапейскі інструмэнт добрасуседзтва (ENPI - European Neighborhood and Partnership Instrument).  

Распрацаваныя і зацьверджаныя дзьве нацыянальныя праграмы для Беларусі ў межах Эўрапейскага інструмэнту добрасуседзтва і партнэрства для Беларусі, трэцяя - у стадыі распрацоўкі.  

У нацыянальных праграмах ажыцьцяўляецца так званы сэктарны падыход. 

Першая нацыянальная комплексная праграма ў галіне энэргетыкі будзе фінансуецца з бюджэту Эўразьвяза 2007 года. Бюджэт гадавых праграм для Беларусі - 5 мільёнаў эўра  штогод.  

Другая - комплексная праграма падтрымкі аховы навакольнага асяродзьдзя (2008 год). Яе бюджэт cкладае 5 мільёнаў эўра.  

У 2009 годзе пачынае распрацоўвацца комплексная праграма стандартызацыі і сэртыфікацыі. Бюджэт праграмы - 10 мільёнаў эўра. Уніфікацыя стандартаў - вельмі важная ўмова для выхаду беларускай прадукцыі на міжнародныя рынкі. 

У нацыянальных праграмах актыўна задзейнічаны вышэйшыя дзяржаўныя органы - Міністэрства энэргетыкі, Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяродзьдзя, Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўны памежны камітэт, Дзяржаўны мытны камітэт, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, аблвыканкамы, навукова-дасьледчыя інстытуты, а таксама недзяржаўны сэктар, грамадзкія арганізацыі. Выканаўчы дырэктар Каардынацыйнага бюро Праграмы ТАСІS Эўразьвязу ў Беларусі Леанід Арлоў з задавальненьнем адзначае, што рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіраваньня цяпер з задавальненьнем і вялікай зацікаўленасьцю ўдзельнічаюць у праграмах ТАСІS Эўрапейскага інструмэнту добрасуседзтва і партнэрства для Беларусі.

Праграмы рэгіянальнага і транспамежнага супрацоўніцтва 

Другі накірунак - усходнія міжрэгіянальныя, міждзяржаўныя праграмы, якія рэалізуюцца разам з суседнімі краінамі. Да прыкладу, барацьба з гандлем жанчынамі, барацьба з наркатрафікам (праграмы ажыцьцяўляюцца разам з суседнімі краінамі - Украінай, Польшчай, Малдовай: да прыкладу, праграмы БУМАД).   

Праграма добрасуседзтва “Рэгіён Балтыйскага мора”. Меркавалася, што Беларусі і Расеі на гэту праграму Эўразьвяз выдаткуе 22,4 мільёны даляраў, але Расея не пасьпела падпісаць фінансавыя дакумэнты, таму ўсе заплянаваныя сродкі пойдуць на Беларусь.  

На прыкладзе гэтай праграмы пералічым партнэраў, якія задзейнічаныя зь беларускага боку: Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, Беларуская гандлёва-прамысловая палата, НДІ комплекснага выкарыстаньня водных рэсурсаў, БелНДІ горадабудаўніцтва, БНТУ, некалькі грамадзкіх аб'яднаньняў, Жодзінскі і Браслаўскі выканаўчыя камітэты, Гарадзенскі аблвыканкам.  

Замежныя партнэры: Дацкі НДІ лесу і ляндшафту, Фінскі інстытут навакольнага асяродзьдзя, Адміністрацыя горада Ростака (Нямеччына), Акадэмія навакольных дасьледаваньняў і плянаваньня (Швэцыя), МУС Фінляндыі, Адміністрацыя Стакгольму, Урад Бэрліну, Літоўскі і Санкт-Пецярбурскі офісы Рады Міністраў скандынаўскіх краінаў. 

Па выніках першага конкурсу заявак у Праграму транснацыянальнага супрацоўніцтва “Рэгіён Балтыйскага мора” ўхвалена 24 праекты на агульную суму 66,1 мільёны эўра (што складае прыкладна 30% ад агульнага бюджэту праграмы). Зь беларускім удзелам ухвалена 3 праекты: “БАЛТРАД” - удасканаленьне сеткі мэтэаралягічных радыёлякацыйных станцыяў; беларускі ўдзельнік - Рэспубліканскі гідрамэтэацэнтар). Другі праект - “Садзейнічаньне разьвіцьцю біяэнэргетычных рэсурсаў”, трэці - “Падтрымка мерапрыемстваў па энэргаэфэктыўнасьці і комплекснаму разьвіцьцю ў гарадах”.   

Да 31 сакавіка працягваецца другі конкурс заявак у праграму “Рэгіён Балтыйскага мора”.

З міждзяржаўных праграм добрасуседзтва варта адзначыць праграмы “Латвія - Літва - Беларусь” (14 праектаў з беларускімі партнэрамі) і “Польшча - Беларусь - Украіна” (7 праектаў з беларускімі партнэрамі).

Памежжа

У 2009 годзе завяршаецца будаўніцтва самага буйнога грузавога мытнага тэрміналу “Казловічы- 2” - бюджэт 14 мільёнаў эўра. Будаўнічыя працы ўжо фактычна скончаныя, зараз ідзе наладка сучаснага абсталяваньня, навучаньне пэрсаналу.  

У 2008 годзе распачаўся сумесны з Эўразьвязам праект «Узмацненьне памежнага і мытнага кантролю ў Беларусі, Украіне, Малдове (БОМБЕЛ-3) з агульным бюджэтам 30 млн. эўра, зь якіх 14 млн. эўра выдаткоўваецца для Беларусі. На гэтыя сродкі мяркуецца пракласьці валаконна-аптычныя лініі сувязі на межах з Эўразьвязам, закупіць тэхніку для ўкараненьня сыстэмы біямэтрычнага кантролю, мабільную рэнтгенаўскую ўстаноўку. Праводзяцца сэмінары, трэнінгі, вучэньні памежнікаў і мытнікаў, выратавальнікаў. 

У праграмах транспамежнага супрацоўніцтва актыўна ўдзельнічае мясцовае насельніцтва памежных рэгіёнаў. З 2008 году да гэтых праграмаў могуць далучацца жыхары ўсіх рэгіёнаў Беларусі, ня толькі памежжа.  

Праблемы 

Беларусь у параўнаньні зь іншымі краінамі атрымлівае ад Эўразьвязу пакуль менш, чым, да прыкладу, Украіна, і нават Малдова. Паўплывала пагаршэньне стасункаў з Эўразьвязам, адсутнасьць дыялёгу. Але надзея на паляпшэньне паміж Эўразьвязам і Беларусьсю ёсьць. Новы імпульс можа дадаць прыняцьце ўступленьне Беларусі ва Ўсходняе партнэрства, лічыць выканаўчы дырэктар Каардынацыйнага бюро ТАСІS у Беларусі Леанід Арлоў. Дарэчы, кіраўнік беларускай дзяржавы ў інтэрвію вядучаму эўрапейскаму інфармацыйнаму тэлеканалу «Еuronews» адзначыў, што Беларусь вітае крокі Эўразьвязу па ініцыятыве Усходняга партнэрства: «Мы вітаем гэты пазытыўны крок Эўразьвязу ў адносінах да сваіх суседзяў. Гэта прагматычны, разумны і своечасовы крок ЭЗ», -- лічыць беларускі прэзыдэнт.  

Усе беларускія партнэры павінны ўсьвядоміць, што тэхнічная дапамога - гэта ня проста дар, падарунак, але і пэўная нагрузка, адказнасьць.

Бывае, што вырашэньне пытаньняў зацягваецца па часе: пакуль прыедуць экспэрты, ацэняць сытуацыю... Праўда, зараз зьявілася праграма ТАЙЕКС (TAIEX - Technical Assistаnce Information Exchange) для Беларусі (гэта праграма фінансуе кароткатэрміновыя і апэратыўныя мерапрыемствы, экспэртыза, падрыхтоўка і правядзеньне якіх складае некалькі тыдняў, максымум - 3 месяцы).  

Часьцяком эфэктыўнасьці супрацоўніцтва замінае моўны бар'ер: на месцах ня могуць апэратыўна перакласьці дакумэнты з замежных моваў.  

Неабходна разьвіцьцё інфармацыйна-камунікацыйнай сыстэмы, распаўсюд інфармацыі пра праграмы (літаральна на ўзроўні сельскіх саветаў), тлумачэньні, адукацыйная работа, лічыць Леанід Арлоў.    

Людміла Корсак

[email protected]

Видео