BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Купляйце беларускае”, пакуль ёсьць

30.01.2009
“Купляйце беларускае”, пакуль ёсьць

Выстава-кірмаш тавараў народнага ўжытку «Купляйце беларускае» працавала ў менскім павільёне «Белэкспа” з 24 па 31 студзеня. Плянуючы моцна сьціснуць паступленьне імпартнай прадукцыі ў Беларусь, спажыўца спрабуюць абнадзеіць айчыннымі альтэрнатывамі. На выставе прадстаўлены ўзоры прадукцыі лёгкай прамысловасьці, мэблі, кандытарскай і мясной вытворчасьцяў. Паводле начальніка інфармацыйна-аналітычнага аддзелу “БелЭкспа” Сяргея Шарамецьцева, “экспазыцыя мае, у тым ліку, ідэалягічны характар. Гэта яшчэ адзін крок у кірунку падтрымкі айчыннага вытворцы”. Рэпартаж з выставы – Галіны Халадок. Фота – Юліі Дарашкевіч.

Маладыя людзі выходзяць з павільёну незадаволеныя, але пры вялікім пакунку з набыткамі:

“Ці знайшлі чаго карыснага”?

“Знайшлі. Ёсьць на чым сэканоміць для сямейнага бюджэту. Мёд значна таньнейшы за рыначныя кошты, мясныя вырабы, кандытарскія вырабы… Можна сказаць, што і мэблю там некаторую можна вельмі прыстойную набыць менавіта тут – прыстойны драўляны стэлаж каштуе акурат 100 даляраў. Але нам стэлаж непатрэбны, а ўзораў для продажу вельмі і вельмі мала. Бедненькі выбар тут”.

“Ці страшыць вас, што колькасьць імпарту неўзабаве моцна паменшае”?

“Страшыць. Бо па шчырасьці апранацца ў беларускі абутак і вопратку вымушана – ня хочацца. Нават вось што тут прадставілі нашае ўвазе – гэта абняць і плакаць. Так гэта выстава – ціпа тут напэўна нешта лепшае дэманструюць. А кошты – дык кошты ж у крамах на беларускае ня будуць такія, як тут”…

Да грузавіку перад уваходам, зь якога гандлююць прыладамі для працы ў садзе ды гародзе – чарга з чалавек 15-ці. стаіць грузавік з беларускімі плястыкавымі дзіцячымі цацкамі і інвэнтаром для працы ў садзе. Зьвяртаюся да задаволенай набыткамі пакупніцы:

Для саду, для гароду набыла інвэнтар. Рыдлёўкі танныя. Адна каштавала 5 тысяч бел. рублёў, другая – восем. А ў крамах у той час толькі чаранок для яе пацягне каля 10 тысяч.. Ну, і па дробязях – печыва, цукеркі дзецям, каўбасы”…

 

“Ну, а як наагул напярэдадні часоў, калі імпарту будзе меней, а айчынных прадуктаў болей”?

 

“Добра! Беларускія – таксама вельмі добрыя тавары”…

 

Унутры павільёну – сумесь шуму натоўпу, голасу радыёкропкі, які прапануе бясплатна памераць артэрыяльны ціск ды топату і музыкі танцавальнага калектыву, які эстэтычна аздабляе даволі бедны антураж выставы. Стэнды вельмі маленькія, тавар паглядзець ня вельмі зручна. Але паўсюль таўпяцца людзі, пераважна пэнсійнага веку. Адзначаюць, што выстава менавіта для іх, пэнсіянэраў:

 

Карэспандэнтка: “Ці спадабалася выстава? Ці набылі што”?

 

Жанчына: “О! Набылі! Я і ўчора была, і сёньня прыйшла – сумку, бачыце, цэлую накупіла… Спадабалася вельмі”.

 

Карэспандэнтка: “А што пахваліце найперш”?

 

Жанчына: “Усё! І мясныя прадукты, паўфабрыкаты, курыныя: і вэнджаная, і паўфабрыкатная. Капчонасьці. У адзьдзеле гародніны было добра: капуста была танная, морква. Мы за тое, каб купляць беларускае… Галоўнае, каб яно было”…

 

Каля стэнду Аршанскага льназаводу  - чарга. Ён плянуе ехаць за дабаўкай прадукцыі – раскупілі ледзь не палову. А наперадзе – яшчэ некалькі працоўных дзён. шмат.

Сярод прадпрыемстваў, якія прадставілі сваю прадукцыю на выставе “Купляйце беларускае” -  “Віцязь", "Гарызонт", кандытарскія фабрыкі "Слодыч", "Спартак", "Дываны Берасьця", Берасьцейская мэблевая фабрыка ды іншыя.

Галіна Халадок

[email protected]

Фота - Юліі Дарашкевіч

 

 

 

 






Видео