BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сыстэма шматпартыйная, але недэмакратычная

05.01.2009
Сыстэма шматпартыйная, але недэмакратычная

Артыкул 36 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе: “Кожны мае права на свабоду аб'яднаньняў”. Ужо ў першыя гады незалежнасьці было зарэгістравана 29 палітычных партый і 7 грамадзка-палітычных рухаў. У 1994 годзе Вярхоўны Савет 12 скліканьня прыняў Закон аб палітычных партыях, які гарантаваў грамадзянам нашай краіны права свабоды палітычных поглядаў і актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці. Але прынятыя ў 2005 годзе зьмяненьні і дапаўненьні ў Закон сур'ёзна ўскладнілі ўзаемаадносіны партыяў і дзяржавы. Каб атрымаць рэгістрацыю, у партыі павінна быць ня менш за 1 тысячу сяброў, партыйныя структуры павінны быць створаныя ў бальшыні абласьцей краіны, мець юрыдычны адрас і яшчэ шмат умоваў. Сама працэдура рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі надзвычай ускладненая і бюракратычная, адзначаюць літаральна ўсе лідэры палітычных партыяў.

Спэктар шырокі, партыі нешматлікія  

 

Зараз у Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партыяў, 36 прафсаюзаў, больш за 2 тысячы грамадзкіх аб'яднаньняў. Фармальна ў краiне прадстаўлены шырокi спэктар палiтычных рухаў (камунiсты, сацыял-дэмакраты, эколягі, лiбэралы i iншыя.). Прычым, некаторыя з рухаў прадстаўлены адразу некалькiмi партыямi (камуністы, сацыял-дэмакраты).  Паводле інфармацыі начальніка ўпраўлення грамадзкіх аб'яднаньняў Міністэрства юстыцыі Алега Сьліжэўскага, палова з 15 партыяў, што дзейнiчаюць на тэрыторыi краiны, маюць колькасьць ад 1000 да 1500 сяброў. Агульная ж колькасьць грамадзян, якія з'яўляюцца членамі дзеючых пятнаццаці партый, не перавышае 75 тысяч.  

 

Найбольш шматлікія і вядомыя партыі - Партыя БНФ (старшыня Лявон Баршчэўскі), Аб'яднаная грамадзянская партыя (старшыня Анатоль Лябедзька), Партыя камуністаў Беларуская (першы сакратар ЦК Сяргей Калякін), Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ (старшыня - Зянон Пазьняк), Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі (старшыня Сяргей Гайдукевіч), Камуністычная партыя Беларусі (першы сакратар Сьвятлана Голубева), Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (лідэр Станіслаў Шушкевіч), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (лідэр Анатоль Ляўковіч). 

 

“Воўк у атачэньні чырвоных сьцяжкоў, альбо прайсьці праз міннае поле” 

 

Паводле многіх лідэраў партыяў, Закон аб палітычных партыях - недэмакратычны. На думку старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, “на сёньняшні дзень увогуле шматпартыйная сыстэма, і АГП у прыватнасьці (як апазыцыйная структура), нагадвае ваўка, які знаходзіцца ў атачэньні чырвоных сьцяжкоў: і туды нельга, і гэта забаронена... Гэта яшчэ нагадвае хадзьбу празь міннае поле”. У 2008 годзе АГП не ўдалося зарэгістраваць ніводнай новай структуры ў рэгіёнах. Партыя атрымала папярэджаньне за ўдзел яе чальцоў у масавых акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. Для правядзеньня зьездаў апазыцыйныя партыі не маглі арэндаваць прыдатныя памяшканьні (і АГП, і БНФ атрымалі больш за 20 адмоваў у арэндзе заляў). А некалькі гадоў таму многія апазыцыйныя партыі за тое, што вымушаныя былі праводзіць свае зьезды па-за межамі краіны, ва ўкраінскім горадзе Чарнігаве, атрымалі пісьмовыя папярэджаньні Міністэрства юстыцыі. За гэта ж жаночая партыя “Надзея” у кастрычніку 2007 года была фактычна ліквідаваная.

 

На партыйную дзейнасьць -- дазвол і узгадненьне

 

Сакратар Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Вазьняк назваў Закон аб палітычных партыях драконаўскім. Прыкладам, у 2005 годзе зьменамі ў заканадаўства было ўведзена патрабаваньне рэгістрацыі, юрыдычнага адрасу ўсіх філіяў, суполак палітычных партый толькі ў нежылым фондзе. На думку Сяргея Вазьняка, сытуацыя атрымліваецца цалкам абсурдная: калі ў сельскай мясцовасьці, у нейкай вёсцы ёсьць, да прыкладу, суполка з трох сябраў партыі, то раней яны маглі быць зарэгістраванымі па хатняму адрасу аднаго з камуністаў. А цяпер суполка, каб зарэгістравацца, павінна плаціць за арэнду памяшканьня шалёныя грошы - па 10 эўра за квадратны мэтар. Такіх грошай, натуральна, няма. Нават калі і знойдуцца, то трэба яшчэ атрымаць ўзгадненьне зь мясцовымі ўладамі. А тыя без усялякай матывацыі адмаўляюцца “узгадняць”.  

 

Міністэрства юстыцыі Беларусі ў жніўні 2006 года вынесла пісьмовыя папярэджаньні адразу шасьці палітычным партыям -- Беларускай сацыяльна-спартовай партыі, Беларускай партыі “Зялёных”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі БНФ, Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай Згоды і Рэспубліканскай партыі -- аб невыкананьні пунктаў закону “Аб палітычных партыях”. Партыі, зарэгістраваныя ў Беларусі,  павінны мець Менскую гарадзкую і абласныя арганізацыйныя структуры ў большасьці рэгіёнаў рэспублікі - ня менш чым у чатырох абласьцях.

 

Папярэджаньне - за чырвонага каня

 

А папярэджаньні можна атрымаць за малейшую дробязь. Справа даходзіць часьцяком да абсурду. Так, некалькі гадоў таму Аб'яднаная грамадзянская партыя атрымала афіцыйнае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі толькі за тое, што нібыта выява сымбаля партыі - чырвонага каня -- на афіцыйных партыйных блянках не адпавядала сымболіцы, зарэгістраванай у Міністэрстве юстыцыі. 

 

За некалькі папярэджаньняў дзейнасьць Партыі камуністаў Беларускай наагул была прыпыненая Вярхоўным Судом па пазову Міністэрства юстыцыі тэрмінам на паўгады - з 2 жніўня 2007 па 2 лютага 2008 года. Потым ПКБ выправіла парушэньні.  

 

Індыкатар дэмакратыі - выбары  

 

На прайшоўшых увосень 2008 года парлямэнцкіх выбарах ні адзін з сяброў апазыцыйных палітычных партыяў не трапіў у Палату прадстаўнікоў. Хаця 99 прадстаўнікоў апазыцыі падалі дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты шляхам вылучэньня ад партыяў (без збору подпісаў), а агулам па рэспубліцы ад партыяў былі вылучаныя 59 чалавек. Напярэдадні Новага году газэта “Народная Воля” прадаставіла магчымасьць лідэрам партыяў адказаць на тэзу: “Падчас прайшоўшых парлямэнцкіх выбараў ваша партыя атрымала ад уладаў чарговую аплявуху”. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адказаў так: “З крынiцаў, блiзкiх да Лукашэнкi, нам вядома, што прадстаўнiкi Рады бясьпекi Беларусi мелі зьвесткі аб тым, што ўжо ў першым туры перамогу атрымалi 19 апазыцыйных кандыдатаў. А яшчэ 14 апазыцыйных кандыдатаў прайшлi ў другi тур. Іншая справа -- што, у рэшце рэшт, абвесьцілі людзям...” 

 

Людміла Корсак

 

info@eurobelarus.info
 

 

Видео