BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“План кіравання Белавежскай пушчай - за калючым дротам»

31.12.2008
“План кіравання Белавежскай пушчай - за калючым дротам»

Такую выснову аўтар кнігі “Белавежская пушча. Рэзалюцыя SOS” і кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “TERRA-Канвенцыя” зрабіў пасля сваёй нядаўняй перадкаляднай паездкі ў нацыянальны парк. Гэты раз падставай для камандзіроўкі, па словах В.Дранчука, была няпоўная інтэрнет-версія Плана, з якой зацікаўленая грамадскасць не мае пакуль што магчымасці знаёміцца ў адкрытым і поўным фармаце. “Праз трэція рукі я атрымаў яе зусім нядаўна і, каб пачаць рабіць заўвагі ці ўносіць прапановы, паехаў у пушчу з канкрэтнай мэтай -- атрымаць праект Плана на месцы, з першых рук, і заадно паслухаць людзей, непасрэдных распрацоўнікаў запаведнай перспектывы старажытнага лесу, -- кажа Валер Дранчук. – Гэткая магчымасць гарантуецца мне як грамадзяніну краіны Орхускай канвенцыяй аб доступе грамадскасці да экалагічнай інфармацыі і маім правам журналіста, які стала піша на тэму зменаў да лепшага ў Белавежскай пушчы”.

Еўра-Дыплом пакуль не пацверджаны

Доўгатэрміновая перспектыва і мэты кіравання пушчай у выглядзе распрацаванага Плана былі запатрабаваныя летась экспертамі Рады Еўропы невыпадкова, мяркуе В.Дранчук. “Так званая запаведная тэрыторыя магла задавальняць хіба што Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, каб і далей камерцыялізаваць і прыўлашчваць нацыянальны прыродны здабытак і сусветную спадчыну”, -- кажа ён. Адсутнасць каардынатаў і была расцэнена як непадрыхтаваны ўрок беларускага боку і парушэнне дамоўленасцяў, таму каштавала пушчанскім лесагаспадарнікам адмысловага Еўра-Дыплома, якім Белавежская пушча ганаруецца з 1997 года. Дыплом не быў пацверджаны на чарговы трэці тэрмін з умовай падрыхтоўкі паўнавартаснага Плана кіравання.

Гутаркі пра з’яўленне такога Плана як прадукту беларускіх навукоўцаў і спробу перагледзець мадэль кіравання пушчай вядуцца з вясны. Аднак доступ для абмеркавання пакуль цалкам заблакаваны, адзначае незалежны эксперт і дадае, што паводзіны адміністрацыі парка яўна не паспяваюць за нібыта прагрэсіўным “бачаннем і доўгатэрміновымі мэтамі” распрацаванага дакумента. “Мяне нават не прапусцілі ў навуковы аддзел, -- канстатуе В.Дранчук. -- Патлумачылі тым, што сустрэча з журналістам магчымая толькі з санкцыі генеральнага дырэктара парка Мікалая Бамбізы, які на той момант адсутнічаў. Просьбу запісаць тэкст праекта на маю асабістую флэш-карту намеснік гендырэктара па навуцы Дзмітрый Бярнацкі адказаў, што Плана ў аддзеле наогул няма. Тым часам вядома, што Д.Бярнацкі не толькі браў удзел у падрыхтоўцы Плана, але ездзіў у Страсбур абараняць яго першы варыянт”.

Клімат пушчы: нецярпімасць да апанентаў

На думку В.Дранчука, прыняццю рашэння Рады Еўропы аб прыпыненні дзеяння адмысловага Дыплома ў Белавежскай пушчы папярэднічала і досыць выразна заяўленая грамадская пазіцыя, што неаднаразова даводзілася да Страсбуру з Беларусі. А прыканцы мінулага года, акурат перад чарговымі слуханнямі пытання ў Страсбуры, Валеры накіраваў туды асабісты пратэстны ліст. “Менавіта на сабе я зведаў рэпрэсіі і планаваны пераслед з боку пушчанскай адміністрацыі падчас камандзіровак у нацыянальны парк і мусіў пра гэта напісаць ад свайго імя. Пасля быў і наш калектыўны ліст”.

Аднак прамінуў год, кажа грамадскі эксперт, і нічога, бадай, не змянілася. Клімат пушчы застаецца той самы: нецярпімасць да апанентаў, ігнараванне Орхускіх патрабаванняў аб доступе грамадзян да экалагічнай інфармацыі, адміністрацыйны дыктат з боку генеральнага дырэктара. Адно з найбольш яскравых сведчанняў – грэблівае стаўленне да заявы грамадскіх актывістаў на ўдзел у падрыхтоўцы Плана кіравання. Такую ўмову – удзел зацікаўленай грамадскасці ў падрыхтоўцы Плана – прадугледжваў і заснавальнік Дыплома -- Камітэт Міністраў Рады Еўропы. Адміністрацыя нацыянальнага парка не адказала на калектыўны ліст В.Дранчука, І.Зенінай, В.Бахарава, Г.Казулькі, М.Козела і такім чынам, у рэшце рэшт, спыніла дыялог з апанентамі, якія не першы год настойваюць на радыкальных зменах у Белавежскім лесе і пажадалі ўзяць удзел у накідах перспектывы. А 24 чэрвеня, падчас наладжанай адміністрацыяй Пушчы нарады па пытаннях Плана кіравання адзін з аўтараў ліста, кандыдат біялагічных навук Г.Казулька, які стала жыве ў Белавежскай пушчы і завітаў на сустрэчу, быў выдвараны з памяшкання як асоба непажаданая і няўгодная для арганізатараў так званага “дыялогу”, найперш для гендырэктара М.Бамбізы.

Грамадскія назіральнікі ў Страсбур не запрашаліся

Механізм тым часам адпрацаваны, сведчыць Валер Дранчук. “Дэкларацыі для Эўропы, якія вязуць туды беларускія чыноўнікі, часам, мякка кажучы, істотна разыходзяцца з рэальным станам рэчаў на месцы. Да таго ж, паездкі не каментуюцца па вяртанні. І мы не ведаем, аб чым ішла гаворка ў Страсбуры, каб кантраляваць дзеянні ўлады, карыстаць сітуацыю на змены да лепшага ў Пушчы”. Сёння, зазначае незалежны эксперт, справа можа зрушыцца і пайсці на змену курсу ў Белавежскай пушчы. “З’явілася маленькая надзея на рэальную запаведнасць, чаго дамагаліся пакаленні заступнікаў пушчы, пачынаючы з акадэмічных навукоўцаў і канчаючы трэцім сектарам. Аднак ёсць і небяспека чарговага падману з боку беларускай улады, або тых дзялкоў, што трымаюць карт-бланш ад улады і працягваюць рабаваць лясныя нетры. Я выразна адчуў, што для іх цяпер галоўнае – як мага вярнуць Дыплом (ужо на дзесяць гадоў, а не на пяць, як было раней). Вярнуць, каб не быць пасаромленымі на ўвесь свет у год так званага 600-гадовага юбілею запаведнасці пушчы, але пры гэтым пакідаючы шанец гаспадарыць як і гаспадарылі. Рычаг Еўра-Дыплома можа спрацаваць, калі грамадскасці пачаць дамагацца публічнасці сённяшніх дэкларацый.”

Навука ў прамзоне

Сутыкнуўшыся з адміністрацыйнай забаронай прайсці ў навуковы аддзел, Валер Дранчук знайшоў не менш творчую альтэрнатыву – прашпацыраваць з фотаапаратам уздоўж бетоннай сцяны, якой абнесена прамзона ГПУ – так па-расейску гучыць абрэвіятура сённяшняй юрыдычнай назвы нацыянальнага парка, у перакладзе на беларускую мову “Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова” (на здымках). “І гэтая сцяна, і дрот на ёй толькі дапаўнялі асацыяцыі ад гідкай абрэвіятуры сталінскіх часоў, -- прызнаўся Валер Дранчук. – Мне дагэтуль цяжка ўсвядоміць, што там, за калючым дротам, не першы год месціцца навуковы аддзел “нацыянальнага парка”...

Галіна Халадок

[email protected]

 

Видео