BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Права на інфармацыю: дэ факта і дэ-юрэ

30.12.2008
Права на інфармацыю: дэ факта і дэ-юрэ

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (артыкул 34) гарантуе грамадзянам Беларусі “права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюджваньне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцьці, стане навакольнага асяродзьдзя”.

 

Л.Ананіч: “Кантраляваць СМІ – нармальная дзяржаўная функцыя”

 

Беларускія дзяржаўныя чыноўнікі перакананыя, што ў Беларусі – свабода СМІ. Яшчэ ў 1994 годзе, на сваёй першай пасьля абраньня прэзыдэнтам прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “з гэтага дня ўсе журналісты могуць лічыць сябе свабоднымі”. А пазьней кіраўнік дзяржавы публічна падзяліў усіх журналістаў на “чэсных і нячэсных”.

 

Першы намесьнік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, даючы ацэнку новай рэдакцыі Закона аб СМІ, выказала меркаваньне, што ў Беларусі існуе «поўная свабода СМІ… ў полі дзейнага заканадаўства аб друку». А «кантраляваць дзейнасьць СМІ, сачыць, каб усе працавалі ў прававым полі — нармальная дзяржаўная функцыя».


Фармальна ў Беларусі свабода СМІ замацаваная Законам. У Беларусі з больш як 1300 зарэгістраваных друкаваных СМІ дзьве траціны - недзяржаўныя, і гэта тэндэнцыя захоўваецца, адзначае спадарыня Л.Ананіч. Паводле словаў міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча, “колькасьць газэт, якія выдаюцца і распаўсюджваюцца ў Беларусі, у разьліку на 1 жыхара практычна самая высокая ў Эўропе”. 

 

Дзяржаўныя і незалежныя СМІ: умовы няроўныя

 

Але дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ знаходзяцца ў надзвычай няроўных умовах. Перш за ўсё, журналістам незалежных СМІ вельмі складана атрымліваць афіцыйную інфармацыю ў чыноўнікаў дзяржаўных органаў. Існуе забарона чыноўнікам усіх рангаў без дазволу вышэйшага кіраўніцтва даваць інфармацыю. У лепшым выпадку, прэсавыя службы патрабуюць накіроўваць пытаньні ў пісьмовай форме і абяцаюць даць адказ у адведзены законам тэрмін (да 30 дзён). Апэратыўна працаваць у гэткіх умовах немагчыма.

 

Дзяржаўныя СМІ атрымліваюць вельмі істотныя датацыі з дзяржбюджэту. Толькі “на друкаваныя СМІ з рэспубліканскага бюджэту выдаткоўваецца каля 5 мільярдаў у год”, паведаміў міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч.

 

Афіцыйныя СМІ знаходзяцца ў добрых дзяржаўных адміністрацыйных будынках (у Менску яны маюць цэлыя гмахі, кшталту Дома друку, Белтэлерадыёкампаніі). Недзяржаўныя ж вымушаныя арэндаваць непрыстасаваныя памяшканьні за вельмі вялікую плату. Да таго ж, яны рэгулярна сутыкаюцца з праблемамі – арандатары пад ціскам мясцовых уладаў скасоўваюць дамовы арэнды, як гэта нядаўна адбылося з “Віцебскім кур’ерам”, “Газэтай Слонімскай”.

 

Тарыфы розныя, штрафы вялізныя


Для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ існуюць розныя тарыфы на друк (натуральна, не на карысьць недзяржаўных). Да таго ж, некаторыя недзяржаўныя СМІ вымушаныя друкавацца па-за межамі краіны (газэта “Товарищ», крычаўскі «Вольны горад» дагэтуль друкуюцца ў Смаленску, толькі месяц таму “Народнай Волі” дазволілі друкавацца ў Менску. Розныя тарыфы і на распаўсюд дзяржаўных і недзяржаўных выданьняў усталявалі фактычныя манапалісты “Белпошта” і “Белсаюздрук”. Да таго ж, у 2006 годзе з многімі недзяржаўнымі СМІ “Белпошта” і “Белсаюздрук” скасавалі дамовы на распаўсюд. “Народная Воля”, “Наша Ніва”, “Товарищ», многія рэгіянальныя газэты вымушаныя былі ствараць службы ўласнага распаўсюду. А людзей, якія прадавалі недзяржаўныя выданьні ў пераходах, на рынках, улады пастаянна затрымлівалі, на іх складалі пратаколы за незаконны гандаль.

 

Што дазволена ў Менску, не дазволена ў Глыбокім


Калі сёлета на пачатку сьнежня “Наша Ніва” і “Народная Воля” зьявіліся ў шапіках і ў падпісным каталёгу, у рэгіёнах усё засталося па-ранейшаму. Рэдактар і выдавец незалежнага тыднёвіка «Вольнае Глыбокае» Ўладзімір Скрабатун яшчэ пры канцы верасьня напісаў заяву на імя начальніка Глыбоцкага вузла сувязі з просьбай вярнуць газэту ў дзяржаўную сыстэму распаўсюду. У тэлефоннай гутарцы начальнік глыбоцкай пошты паведаміў, што асабіста не супраць афармленьня падпіскі газэты праз «Белпошту», бо раней дамова з рэдакцыяй прыносіла мясцоваму філіялу пошты неблагі прыбытак. Але начальнік глыбоцкай «Белпошты» без дазволу абласнога кіраўніцтва ня можа прыняць рашэньне. А тое наўпрост заявіла, што не пацерпіць апазыцыйнай газэты.


Яшчэ больш складаная сытуацыя зь незалежнымі электроннымі СМІ. Радыё “Рацыя” і “Еўрапейскае радыё для Беларусі”, спадарожнікавы канал “Белсат” знаходзяцца і вяшчаюць з тэрыторыі суседняй краіны – Польшчы. Журналісты гэтых СМІ ня маюць акрэдытацыі.


“Закон аб СМІ не адпавядае стандартам АБСЭ”

 

З 9 лютага 2009 году ўступіць у сілу новы Закон аб СМІ, які быў жорстка раскрытыкаваны, прынамсі, прадстаўніком па свабодзе СМІ АБСЭ Міклашам Харашці, дакладчыкам па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні, Міжнароднай фэдэрацыяй журналістаў, «Article19», «Рэпартэрамі бязь межаў», іншымі арганізацыямі. “Новы закон Беларусі "Аб сродках масавай інфармацыі" не адпавядае стандартам АБСЭ”, -- заявіў кіраўнік офіса гэтай арганізацыі ў Менску Ханс-Ёхан Шміт.

 

Юрыст БАЖ Андрэй Бастунец назваў асобныя рэпрэсіўныя палажэньні:

 

“Першае. Патрабаваньне перарэгістрацыі СМІ нават пры зьмене юрыдычнага адрасу. Другое. Закрыцьцё СМІ магчымае нават пасьля аднаго парушэньня паводле патрабаваньня Міністэрства інфармацыі ці пракуратуры. Пры гэтым пералік парушэньняў, якія цягнуць за сабой закрыцьцё газэты, неабмежаваны, раней ён абмяжоўваўся 5-м артыкулам закону аб СМІ.

 

Трэцяе. Абмяжоўваецца магчымасьць вызваленьня рэдакцыі ад адказнасьці за перадрукоўку ці разьмяшчэньне інфармацыі агенцтваў.

 

Чацьвёртае. Спроба ўрэгуляваньня інтэрнэту. Пры гэтым такое права ў законе перадаецца ўраду, падзаконным актам. Фактычна інтэрнэт-рэсурсы разглядаюцца як СМІ”.

 

Акрэдытацыя – з дазволу чыноўнікаў МЗС

 

Істотныя зьмены ўнесеныя ў інстытут акрэдытацыі. Ужо ў артыкуле 1 праекта акрэдытацыя разглядаецца як "надаваньне журналісту СМІ права асьвятляць мерапрыемствы, якія арганізуюцца дзяржаўнымі органамі”. Парадак акрэдытацыі журналістаў вызначаецца дзяржаўнымі органамі (артыкул 35 Закону аб СМІ). У Законе зьмяшчаецца катэгарычны загад аб тым, што “ажыцьцяўленьне прафэсійнай дзейнасьці журналістамі замежных СМІ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без акрэдытацыі забараняецца”. Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец тлумачыць: “Абмежаваньні існавалі і раней. Але яны былі на ўзроўні Пастановы ўраду. Зараз зафіксавана ў Законе, што журналістам замежных сродкаў масавай інфармацыі нельга працаваць без акрэдытацыі, выдадзенай беларускім МЗС. Гэта якраз наўпрост парушае права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі, якое зафіксаванае ў артыкуле 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна зь якім кожны мае права на распаўсюд інфармацыі, незалежна ад дзяржаўных межаў. У нас гэта наўпрост ставіцца ад рашэньня чыноўнікаў Міністэрства замежных спраў даць ці не даць акрэдытацыю таму ці іншаму журналісту”.

 

Адным з адыёзных артыкулаў можна лічыць артыкул 37 "Інфармацыя абмежаванага доступу". У ёй даецца пералік такой інфармацыі, які завяршаецца спасылкай на іншую інфармацыю, якая можа прадугледжвацца "заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь". Такім чынам, закон “што дышла”, як сьведчыць народная мудрасьць, -“што хочаш – то і выйшла”...

 

 

Людміла Корсак

[email protected] 

 

Видео