BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Лібэралізацыі ў стасунках дзяржавы і вернікаў не заўважана

29.12.2008
Лібэралізацыі ў стасунках дзяржавы і вернікаў не заўважана

Дзярждэпартамэнт ЗША ў штогадовай справаздачы пра становішча рэлігійнай свабоды ў сьвеце заявіў, што ў Беларусі парушаюцца правы вернікаў і рэлігійных канфэсіяў. Ці зьмяняюцца адносіны паміж дзяржавай і царквой у Беларусі?

У Беларусі з 2002 году дзейнічае ЗаконАб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных арганізацыях”. Гэты Закон з самага пачатку ўхваліла толькі кіраўніцтва праваслаўнай царквы, прадстаўнікі іншых канфэсіяў яго рэзка крытыкуюць дагэтуль. 

Закон трактуе праваслаўе як асноўную рэлігію ў краіне 

У прэамбуле Закона ўтрымліваецца прызнаньне вызначальнай ролі “праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленьні і разьвіцьці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа”. Паводле словаў кіраўніка праваслаўнай царквы мітрапаліта Філярэта, у такой прэамбуле няма “нічога недэмакратычнага”. Яна “не супярэчыць асноўным нормам права краінаў Эўрапейскай супольнасьці”. 

Шэсьць разоў Беларусь наведваў Патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Алексій II, апошні раз літаральна за паўтара месяц
а да сьмерці. Падчас усіх візытаў Алексія II на вышэйшым узроўні абавязкова прымаў прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы рэгулярна сустракаецца толькі з мітрапалітам Філярэтам, наведвае на рэлігійныя сьвяты толькі праваслаўныя храмы. 

Адзін з праваслаўных сьвятароў, які не захацеў называць сваё імя, такімі чынам ацэньвае ўзаемаадносіны царквы і дзяржавы: “Так у нас прынята, у праваслаўнай царкве, што сама царква шукае цесных стасункаў зь дзяржавай. І не таму, што яна такая ўжо прыхільніца рэжыму Лукашэнкі, што ён царкве гэтак падабаецца. Будзе іншая ўлада - яна будзе шукаць стасункаў зь іншай уладай. Проста такая традыцыя ў царкве”. 

Каталіцкі касьцёл: дэфіцыт сьвятароў, дэпартацыя ксяндзоў 

А вось дачыненьні каталіцкага касьцёлу і беларускіх уладаў заўсёды былі даволі складанымі. Папа Рымскі ніколі не наведваў Беларусь, - краіну, у якой больш за мільён каталікоў. Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч такім чынам ацэньвае сёньняшнія праблемы: “Касьцёл знаходзіцца ў вельмі цяжкай сытуацыі. 30% парафій ня маюць месца, дзе яны могуць цэлебраваць сьвятую імшу. Не заўсёды лёгка таксама атрымаць рэгістрацыю і яшчэ цяжэй - атрымаць дазвол на пабудову касьцёла, атрымаць нейкі пляц. Вельмі цяжкая сытуацыя пэрсанальная. Сёньня ў нас працуе дзьве траціны сьвятароў -- грамадзяне Беларусі і каля 100 сьвятароў -- адна траціна -- з-за мяжы. Мне цяжка зразумець, чаму сёньня не дазваляюць, каб прыехалі сьвятары з-за мяжы». 

Літаральна напярэдадні Калядаў некалькі каталіцкіх сьвятароў, грамадзянаў Польшчы, не атрымалі дазволу працягнуць рэлігійную дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі на наступны год. Афіцыйная прычына скасаваньня кантракту з ксяндзамі Янам Сканечным з Поразава, Анджэем Краўчыкам са Слоніма і Янам Браноўскім зь вёскі Галынка Гарадзенскай вобласьці, Зьбігнева Грыгарцэвіча з Барысава -- “ксяндзы не валодаюць дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь”, паведаміла начальніца аддзелу апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Марына Цьвілік. Гэта ўжо ня першы выпадак, калі сьвятары, якія маюць не беларускае грамадзянства, не атрымліваюць дазволу на працяг рэлігійнай дзейнасьці ў Беларусі. 

Чатыры гады вернікі змагаюцца за вяртаньне будынку Касьцёлу сьвятога Язэпа і кляштара бэрнардынцаў у Менску. Пасьля таго, як стала вядома, што Менгарвыканкам плянуе перадаць будынкі сьвятыняў інвэстарам для пераўладкаваньня ў гатэльна-забаўляльны комплекс, вернікі сабралі больш за 30 тысяч подпісаў да кіраўніка краіны, гарадзкіх уладаў, аднак станоўчага адказу так і не атрымалі. Вайсковая камэндатура і пракуратура вызвалілі будынак кляштару, але ў касьцёле па-ранейшаму месьціцца Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва і навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі. Больш за тры месяцы вернікі розных каталіцкіх парафіяў трымаюць пост, які стаўся працягам штодзённых вулічных малітваў на прыступках касьцёлу, якія вернікі праводзяць амаль чатыры гады. 

Пратэстанты па-ранейшаму зьбіраюць подпісы за зьмены заканадаўства 

Працягваецца ціск і на прадстаўнікоў іншых канфэсіяў. Восем гадоў доўжыцца канфлікт вернікаў пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” і ўладаў. Гарадзкая адміністрацыя дазволіла пратэстантам набыць будынак былога кароўніка, а калі вернікі яго прывялі ў належны стан, забараніла яго выкарыстоўваць у рэлігійных мэтах. Вернікі безвынікова прайшлі ўсе юрыдычныя шляхі вырашэньня праблемы, у тым ліку суды. Больш за 200 чалавек 23 дні трымалі ў храме пост-галадоўку. Праз два гады перапынку, зараз судовы працэс адноўлены. Але галоўная праблема дачыненьняў улады і царквы палягае больш глыбока, кажа юрыст «Новага жыцьця» Сяргей Луканін: «Галоўнае, што не зьмяняецца - гэта не зьмяняецца заканадаўства, якое робіць немагчымым вызнаваць сваю веру. Гэта тое, супраць чаго мы сабралі 50 тысяч подпісаў. Што тычыцца нашай царквы, то адносна будынку нашай царквы судзьдзёй Вышэйшага гаспадарчага суда дагэтуль рашэньне не прынятае. І справа ня толькі ў царкве «Новае жыцьцё», хоць многія бачаць нашую справу, як лякмусавую паперу адносінаў улады і царквы. Калі нешта пачне зьмяняцца, то павінна распачацца са зьменаў заканадаўства ў рэлігійнай сфэры. Мы думаем ня толькі пра сябе, свае правы і сваю маёмасьць. Мы думаем таксама, каб свабода прыйшла ў рэлігійную сфэру, каб яна належыла ўсім хрысьціянскім цэрквам у нашай краіне». 

Крышнаітаў у падручніках ацэньваюць як «дэструктыўную сэкту» 

Толькі сёлета ўлады зарэгістравалі 6 з 7 абшчын Міжнароднага Таварыства сьвядомасьці Крышны. Суполку крышнаітаў у Менску адмаўляліся рэгістраваць цягам 6 гадоў -- пасьля прыняцьця новага закону аб свабодзе сумленьня. Сябра рады Сяргей Малахоўскі перакананы: “Калі меркаваць, што адбылася перарэгістрацыя менскай абшчыны, то можна было б сказаць, што нейкія крокі ў бок лібэралізацыі ў гэтай галіне зробленыя. Але ў беларускіх падручніках рэлігіязнаўства рух веравызнаньня Крышны ацэньваецца як «рэлігійная, таталітарная, дэструктыўная сэкта». Словам, я бачу, што рыхтуецца глеба да таго, каб тут не было шматканфэсійнасьці, а была адзіная дзяржаўная лінія”. 

«Дзяржава не выказвае памкненьняў да зьменаў палітыкі»

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч, вернік-пратэстант, так ацэньвае рэлігійную сытуацыю, што склалася ў Беларусі: “Апошні выпадак з дэпартацыяй польскіх ксяндзоў сьведчыць пра тое, што практыка ціску на іншыя канфэсіі, неправаслаўныя, працягваецца. Ніякіх істотных зрухаў і зьменаў не адбылося. Ніяк ня вырашанае пытаньне пра адводы зямлі для будаўніцтва цэркваў, перавод цэркваў у культавыя будынкі. Ня вырашанае пытаньне з роўнасьцю канфэсій перад законам і перад дзяржавай. У гэтым сэнсе ніякіх ні заканадаўчых, ні арганізацыйных зрухаў у гэтым годзе мы ня можам адзначыць”.  

Рэдактар парталу “Царква” Натальля Базылевіч “Цяпер мы бачым, што размовы пра канкардат (дамова паміж Папам Рымскім як кіраўніком Рымска-каталіцкае Царквы і якой-небудзь дзяржавай) так і засталіся размовамі. Апошні выпадак, калі тром каталіцкім сьвятарам ня быў працягнуты дазвол на рэлігійную дзейнасьць, сьведчыць пра ілюзорнасьць надзеяў на зьмены ў стасунках паміж каталіцкім касьцёлам і дзяржавай. Ціск на пратэстанцкія цэрквы працягваецца, усё яшчэ ня вырашанае пытаньне з царквой „Новае жыцьцё“, сьвятароў выклікалі ў КДБ. І затрыманьне вядомага біскупа Веніяміна Бруха -- усё гэта паказвае на тое, што дзяржава, прынамсі цяпер, не выказвае ніякіх памкненьняў да зьменаў палітыкі”.

Людміла Корсак
info@eurobelarus.info

 

 

 

Видео