BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі

18.12.2008
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі

У Беларусі працуе каля дзесятка праваабарончых арганізацыяў і цэнтраў. Зарэгістраваных Міністэрствам юстыцыі Беларусі зь іх – тры. Некаторыя зарэгістраваныя ў Вільні.

 

Беларускі Хэльсынскі камітэт

Рэспубліканскае праваабарончае грамадзкае аб’яднаньне “Беларускі Хэльсынскі камітэт” (БХК) актыўна працуе і абараняе правы чалавека з 1995 года. Галоўная мэта Камітэта – абарона правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй, а таксама дэкляраваных Хэльсынскімі пагадненьнямі, іншымі міжнароднымі актамі аб правах чалавека, інфармаваньне міжнароднай грамадзкасьці пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і сьвеце.

БХК сыстэматычна праводзіць аналіз заканадаўства і выступае з прапановамі па яго ўдасканаленьні ў парлямэнт, іншыя дзяржаўныя органы. Менавіта па зваротах БХК Канстытуцыйным Судом было прызнана права на альтэрнатыўную службу, пашырыліся магчымасьці судовай абароны парушаных правоў.

Важнай задачай Камітэта зьяўляецца дапамога канкрэтным людзям. Штогод у БХК прыходзіць больш за 2 тысячы скаргаў аб парушэньні правоў чалавека. У грамадзкую прыёмную, створаную пры БХК, зьвяртаюцца грамадзяне, якія часьцяком ужо прайшлі ўсе інстанцыю, уключна з Вярхоўным Судом і Адміністрацыяй прэзыдэнта. Яны атрымліваюць бясплатныя кансультацыі, БХК накіроўвае сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў судовых працэсах.

 Важным накірункам праваабарончай дзейнасьці зьяўляецца прапаганда міжнародных дакумэнтаў аб правах чалавека, досьведу іншых краінаў, распаўсюд інфармацыі аб правах чалавека. БХК выпускае шмат літаратуры. У 2006 годзе заснаваная сэрыя кніг “Ведай свае правы”, якія рыхтуюць прафэсійныя юрысты.

Беларускі Хэльсынскі камітэт – дзейсны сябра Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі (МХФ) – супольнасьці праваабарончых арганізацыяў 41 дзяржавы АБСЭ. Міжнародная Хэльсынская Фэдэрацыя мае кансультацыйны статус ў ААН, Радзе Эўропы і АБСЭ.

 Доўгі час кіраўніком арганізацыі была Тацяна Процька, якая сёлета склала свае паўнамоцтвы. Зараз кіраўнікі арганізацыі – юрыст Алег Гулак і адвакат Гары Паганяйла.

 Праваабарончы цэнтар "Вясна"

Праваабарончы цэнтар «Вясна» – няўрадавая праваабарончая арганізацыя, створаная ў красавіку 1996 году падчас масавых акцыяў пратэсту дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі. Пасьля арыштаў удзельнікаў дэманстрацыяў займалася дапамогай арыштаваным і іх сем’ям. Таму першапачаткова арганізацыя мела назву “Вясна-96”. 15 чэрвеня 1999 году арганізацыя была зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі як грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтар “Вясна”.

Рашэньнем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 28 кастрычніка 2003 году за ўдзел у назіраньні пад час прэзыдэнцкіх выбараў 2001 “Вясна” была беспадстаўна пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі.  6 сакавіка 2004 году ПЦ “Вясна” быў прыняты ў Міжнародную Фэдэрацыю Правоў Чалавека (FIDH).

 Задачы Праваабарончага цэнтру “Вясна”:

практычная дапамога ў рэалізацыі грамадзкіх ініцыятываў, зьвязаных з прававой абаронай грамадзянаў; папулярызацыя грамадазнаўчых і прававых ведаў; дэмакратычна-прававая адукацыя грамадзянаў; падтрымка грамадзкіх ініцыятываў у праваабарончай дзейнасьці ды іншыя.

Штогод “Вясна” рыхтуе аналітычны агляд “Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі”. Найбольш важкім па аб’ёму быў такі агляд за 2006 год – больш чым 500 старонак. Таксама выдаецца бюлетэнь “права на волю”.

“Вясна” зьяўляецца сябрам FIDH (Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека),

ENEMO (Міжнароднага аб’яданьня па арганізацыі назіраньня за выбарамі),

Працоўнай групы няўрадавых арганізацый СНД па папярэджаньні і ўрэгуляваньні канфліктаў.

У “Вясны” больш за дзесятак міжнародных і замежных партнэрскіх арганізацыяў: Міратворчая арганізацыя “Svenska Freds” – “За мір і арбітраж” (Швецыя, Стакгольм); Адукацыйны цэнтр «Польшча-Беларусь» (Польшча, Беласток); Швэдзкі фонд Emnesty Internationalё; Інстытут правоў чалавека (Расія, Масква); «Чалавек у нядолі” (Чэхія, Прага); Польскі, Швэдзкі, Нарвэскі Хэльсынскія камітэты; FIDH (Міжнародная Федэрацыя правоў чалавека); IDEE (Вашынгтон); Міжнародная Амністыя ды іншыя.

 Кіраўнік “Вясны” – Алесь Бяляцкі.

“Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”

Створаны 5 красавіка 2006 года, адразу ж пасьля вясновых падзеяў 2006 года, намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Рэжым зрэагаваў на мірны пратэст людзей супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў хваляй рэпрэсіяў. Столькі рэпрэсаваных за адзін тыдзень – больш за 1000 чалавек –Беларусь у сучаснай гісторыі яшчэ ня бачыла. У Менску былі перапоўненыя турмы, моладзь выключалі з унівэрсытэтаў, актывістаў пазбаўлялі працы. Таму вядомыя праваабаронцы, грамадзкія дзеячы і проста неабыякавыя людзі вырашылі працаваць разам, каб абараніць ад наступу рэжыму сяброў дэмакратычнага руху.

Таму ўсе праграмы, якія рэалізуе Камітэт “Салідарнасьць”, накіраваныя на падтрымку тых, хто падняў галаву, не пабаяўся сказаць праўду, на падтрымку самых мужных, моцных духам і таму найбольш пацярпелых ад рэпрэсіяў рэжыму. “Салідарнасьць” дапамагае выключаным з беларускіх ВНУ маладым людзям альбо дзецям рэпрэсаваных бацькоў трапіць на вучобу за мяжу. Польшча, Чэхія, Літва, Украіна, Расея, Славакія, Латвія, Эстонія, Нямеччына, Аўстрыя, Нарвэгія, Нямеччына прымаюць маладых беларусаў на вучобу. Толькі па “Праграмах Каліноўскага” за мяжой вучыцца больш за 300 беларускіх студэнтаў.

Узначальвае Камітэт рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іна Кулей.

“Праваабарончы альянс” – арганізацыя, зарэгістраваная ў Вільні 5 студзеня 2005 года. Асноўныя сфэры дзейнасьці – дапамога ня толькі пацярпелым і пакрыўджаным, але таксама і простым грамадзянам, і распаўсюд інфармацыі. Сёлета арганізацыя выпусьціла кнігу “Другое неба” – збор артыкулаў журналістаў, праваабаронцаў. Кіраўнік арганізацыі – Людміла Гразнова.

“Цэнтар па правах чалавека”  у верасьні 1998 стварыла адвакатка Вера Страмкоўская. Арганізацыя праводзіць розныя сэмінары, канфэрэнцыі, выдае бюлетэнь “Права на абарону”, аказвае прававую дапамогу грамадзянам, праводзіць юрыдычныя кансультацыі. Адзін з накірункаў – дапамога жанчынам і дзецям, якія пацярпелі ад хатняга гвалту.

Зараз арганізацыю ачольвае Раіса Міхайлоўская.

Таксама дзейнічаюць у Беларусі яшчэ некалькі праваабарончых арганізацыяў: “Прававая дапамога насельніцтву”, якой кіруе былы сьледчы Алег Волчак;  “Прававая ініцыятыва”, якую ачольвае Барыс Звоскаў; Дом правоў чалавека ў Вільні.

Людміла Корсак

[email protected]

[email protected] 

 

 

 

 

 

 

 

Видео