BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Наколькі МВФ падыме беларусам жыроўкі?

17.12.2008
Наколькі МВФ падыме беларусам жыроўкі?
Павышэнне квартплаты – адна з умоваў атрымання крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду.

15 снежня пачаўся другі раўнд перамоваў беларускага ўраду з МВФ. Каб атрымаць 2 мільярды долараў, беларускаму ўраду давядзецца падвысіць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Такое патрабаванне фонду.

Наколькі могуць павялічыцца тарыфы, расказвае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук:
“Я думаю, што ў наступным годзе трэба падвялічыць іх прынамсі да таго, каб плаціць 55% ад сабекошту. Але пры гэтым сабекошт трэба лічыць не так, як яго лічыць Міністэрства ЖКХ, а трэба зрабіць вельмі дакладны аўдыт – што ўключаецца ў сабекошт. І толькі зыходзячы з гэтага і плаціць”.

Еўрарадыё падлічыла, колькі давядзецца плаціць за кватэру пасля такога падвышэння. Сёння за 2-пакаёвую кватэру ў зімовыя месяцы беларус плаціць каля 100 тысяч беларускіх рублёў. Пасля падвышэння гэтая лічба павялічыцца амаль да 200 тысяч. Розніца ў 45 баксаў!

Дадатковыя 45 долараў з кожнай беларускай сям'і – такая цана крэдыту МВФ. А вось праесці яго мы зможам за адзін месяц. Пра гэта ў інтэрв'ю “Ежедневнику” казаў эканаміст Леанід Заіка.

У “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы” будучае падвышэнне тарыфаў Еўрарадыё пакуль не пацвердзілі. Але сказалі, што гэта магчыма:

МГЖГ: “Пакуль дакументаў на гэты конт ніякіх не было, таму сказаць цяжка. Гэта магчыма, але дакладна сказаць цяпер цяжка”.

Сёлета насельніцтва Беларусі пакрывае 31% выдаткаў на камунальныя паслугі.

Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа, што ў сабекошт уключаецца шмат непатрэбных рэчаў.

Яраслаў Раманчук:
“Я падазраю, што нашыя міністэрствы спецыяльна ўключаюць у выдаткі вельмі шмат рэчаў – і адміністрацыйны кошт там вялікі, і бюракратыя... Калі мы пачысцім гэтую манаполію, тады я думаю, што пераход на ўзровень аплаты 100% сабекошту будзе не такі балючы. Таму што гэта раздутыя штаты, непразрыстасць, няма ніякага аўдыту выдаткаў. Усё гэта робіць гэтую манаполію вельмі стратнай”.

Нагадаем, што адну рэкамендацыю МВФ – не падвышаць заробкі бюджэтнікам – мы ўжо выканалі. Нават перавыканалі. З 1 снежня ў Беларусі знізілі стаўку першага разраду прыкладна на 15%.

Другую рэкамендацыю – дэвальвацыю рубля на 20% – беларускі ўрад выконваць адмовіўся. Але пагадзіўся на “мяккі” варыянт дэвальвацыі.

Спасылка
Видео