BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

20 гадоў прэміі А. Сахарава

16.12.2008
20 гадоў прэміі А. Сахарава
17 сьнежня ў сядзібе Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбурзе адбудзецца ўручэньне прэміі імя Андрэя Сахарава. Ляўрэатамі ўзнагароды штогод становяцца асобы, якія, на думку эўрапейскіх палітыкаў, зрабілі найбольшы ўклад у абарону свабоды думкі. Сёлета прэмія будзе ўручацца 20-ты раз.      

За дзень да ўручэньня прэміі ў Варшаўскім унівэрсытэце адчынілася фотавыстава, прысьвечаная ўзнагародзе імя Сахарава – “Ад вольнай думкі да свабоды”.

Нэльсан Мандэла, Аляксандар Дубчэк, Ібрагім Ругова, Асвальда Пая, Аляксандар Мілінкевіч – гэта толькі некаторыя з 20 ляўрэатаў прэміі Сахарава, з фотыздымкамі й біяграфіямі якіх можна да 22 сьнежня пазнаёміцца ў фае Варшаўскага ўнівэрсітэту. Аўтарамі выставы зьяўляюцца выбітныя сусьветнавядомыя фатографы й рэпартэры.

Сёлетнім ляўрэатам прэміі Сахарава стаў 34-гадовы кітайскі дысыдэнт Ху Джыа, абаронца правоў чалавека, атывіст аховы навакольнага асяродзьдзя й барацьбы са СНІДам.

Гаворыць дырэктар Інфармацыйнага бюро ЭП у Польшчы Яцак Сафута, арганізатара выставы.

Я. Сафута: Эўрапейскі парлямэнт на працягу 20 гадоў уручае прэмію Сахарава за свабоду думкі людзям з розных краінаў сьвету, якія змагаюцца за правы чалавека. Два гады таму прэмію атрымаў прысутны тут Аляксандар Мілінкевіч, а сёлета – кітайскі дысыдэнт Ху Джыа. Ён ня можа быць тут разам з намі, паколькі знаходзіцца за кратамі ў Кітаі. Ня зможа ён быць і заўтра ў Страсбурзе, дзе сустракаюцца іншыя ляўрэаты ўзнагароды Сахарава. 
 
Ху Джыа быў асуджаны на 3.5 гады турмы за, быццам бы, “падбухторваньне да дзяржаўнага перавароту”

На адкрыцьці выставы быў прысутны віцэ-старшыня Камісіі па замежных справах ЭП Януш Анышкевіч. Гэты ворган Эўрапарлямэнту мае вялікую вагу пры вызначэньні ляўрэата прэміі Сахарава. У інтэрвію нашай радыёстанцыі сп. Анышкевіч патлумачыў, чаму ЭП абраў менавіта кітайскага дысыдэнта.

Я. Анышкевіч: На гэта, бясспрэчна, паўплывала Алімпіяда ў Кітаі. Мы хацелі паказаць, што, насуперак уяўленьням аб кітайскім посьпеху й згодзе, насамрэч сытуацыя ў гэтай краіне далёкая ад нармальнай. У Кітаі не выконваюцца правы чалавека. Гэта было бачна ў Тыбэце, але ня толькі. Таму сярод шматлікіх кандыдатур мы абралі менавіта прадстаўніка Кітаю.

У адкрыцьці выставы прымаў удзел Аляксандар Мілінкевіч, ляўрэат прэміі Сахарава за 2006 год. Лідэр беларускай апазыцыі з гонарам узгадвае той факт, што асабіста быў знаёмы з Андрэем Сахаравым.

А. Мілінкевіч: Я меў шчасьце ведаць яго тады, калі ён яшчэ ня быў вядомы як грамадзкі дзеяч. Я – фізык і ён – фізык, мы сустракаліся. Ён быў вельмі сьціплым чалавекам, вельмі мужным і праўдзівым. Многім палітыкам не стае праўдзівасьці, а ў яго яна была бясконцая. Гэта чалавек-легенда змаганьня ў СССР, у часы нашмат цяжэйшыя, чым цяпер на Беларусі.  Іх было зусім мала, гэта былі дысыдэнты духа.

Сярод імёнаў сёлетніх кандыдатаў на прэмію імя Сахарава быў і экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, былы палітвязень Аляксандар Казулін. Аднак прэмія гэтым разам дасталася не беларусам, якія, дарэчы, двойчы за апошнія 5 гадоў былі ўганараваныя гэтай узнагародай. У  2004 годзе яе атрымала старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, а ў  2006 годзе – Аляксандар Мілінкевіч. 

Акрамя дыплёму ляўрэат атрымлівае грашовую ўзнагароду памерам 50 тысячаў эўра.

Дзьмітры Гурневіч

Стэнд БАЖу

Стэнд Аляксандра Мілінкевіча

Аляксандар  Мілінкевіч і прафэсар Владзімеж Энгуэрт з Варшаўскага ўнівэрсытэту
Яцак Сафута, Януш Анышкевіч, Владзімеж Энгуэрт, Аляксандар Мілінкевіч
 
Спасылка

Видео