BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Скарга Аляксандра Мікуліна ў ААН

15.12.2008
Скарга Аляксандра Мікуліна ў ААН
Са скаргаю ў Камітэт па правах чалавека зьвярнуліся былы кандыдат у дэпутаты Аляксандар Мікулін і віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік.

Скарга датычыць парушэньня заканадаўства падчас сёлетніх парлямэнцкіх выбараў. Аляксандар Мікулін быў кандыдатам ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі па Віцебскай сельскай акрузе, аднак улады перашкодзілі яму ўдзельнічаць у выбарах. Актывіст выкарыстаў усе магчымыя сродкі прававой абароны ў Беларусі, таму вырашыў зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека АНН.

Аляксандар Мікулін расказвае, што падчас кожных выбараў неабходна падмацавацца адной зь дзьвюх рэчаў: зборам подпісаў ці падтрымкаю партыйнай структуры. Кандыдатура спадара Мікуліна была выстаўленая на выбары Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Збор подпісаў ужо ня быў у такім выпадку патрэбны. У апошні момант перад рэгістрацыяй мясцовыя ўлады не прызналі Аляксандра Мікуліна партыйным кандыдатам, аргумэнтуючы, што ў выбарчай акрузе, па якой ён балятуецца, БСДП не зарэгістраваная.

Аляксандар Мікулін абскардзіў рашэньне мясцовых уладаў на ўсіх магчымых узроўнях судовай сыстэмы, але беспасьпяхова.

А. Мікуліч: Гэта я абскардзіў, дайшоў да Вярхоўнага суду, рашэньне якога я таксама абскардзіў у старшыні Вярхоўнага суду. Нягледзячы на гэта, закон ня стаў на мой бок. Усё, што можна было выкарыстаць у краіне дзеля абароны сваіх правоў, я зрабіў. У выніку мы зьвярнуліся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Так атрымалася, што падача нашай скаргі супала з гадавінай прыняцьця Дэклярацыі правоў чалавека. Хоць гэта не было заплянавана.

Апошнім часам палітычная й грамадзкая сытуацыя ў Беларусі вымушае актывістаў зьвяртацца ў ААН, паколькі беларускае заканадаўства ня ў стане даць поўную й кампэтэнтную абарону сваім грамадзянам. Аляксандар Мікулін далёка ня першы, хто вырашыўся зрабіць такі крок.

Праваабаронца Леанід Сьвецік, які дапамагаў спадару Мікуліну пісаць скаргу ў Камітэт правоў чалавека, адзначае, што складана сказаць, ці такі зварот у ААН дасьць станоўчы вынік, паколькі беларускія ўлады не прыслухоўваюцца да рашэньня Камітэту.

Л. Сьвецік: У Беларусі праваабаронцы вядуць дыскусію над мэтазгоднасьцю такіх зваротаў. Беларусь падпісала Пакт аб грамадзкіх і палітычных правах, згодна зь якім краіна павінна выконваць рашэньні ААН. Ужо было 16 справаў. Як мне вядома, ніводнае з 16 рашэньняў імі не было выкананае.

Дыскусія працягваецца, але я лічу, што трэба выкарыстоўваць усе спосабы ўзьдзеяньня на беларускія ўлады з боку міжнародных арганізацыяў.

Згодна з падпісанымі міжнароднымі дамовамі, беларускія ўлады на пачатку павінны даць тлумачэньне на запыт Камітэту правоў чалавека ААН, а пазьней выканаць рэкамэндацыю. Пакуль не было выпадку, каб улады прыслухаліся да міжнароднай структуры.

Алена Пытэль

Видео