BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ці адбудзецца прарыў у адносінах Беларусі і Эўразьвязу?

19.09.2008
 Ці адбудзецца прарыў у адносінах Беларусі і Эўразьвязу?
15 верасьня ў Брусэлі міністры замежных спраў краін Эўразьвязу прынялі рашэньне ўвязаць паляпшэньне стасункаў зь Беларусьсю і ўмовы правядзеньня выбараў у Палату прадстаўнікоў. Чаму не адбылося прарыву цяпер, да выбараў? Як можна пракамэнтаваць гэтае рашэньне міністраў замежных спраў краінаў Эўразьвязу? Якія пэрспэктывы разьвіцьця адносін пасьля выбараў?

Удзельнікі: сакратар праўленьня фонду “Свабода і справядлівасьць” Марэк Буцька з Варшавы і аналітык зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў зь Менску.

Чаму не адмянілі санкцыі да выбараў?

Валер Карбалевіч: “Апошнімі тыднямі адбылася цэлая сэрыя кантактаў эўрапейскіх палітыкаў зь беларускімі афіцыйнымі асобамі. Можна ўзгадаць сустрэчы прэм’ер-міністраў Беларусі і Літвы, перамовы міністраў замежных спраў Беларусі і Літвы, Беларусі і Польшчы, паездку беларускага віцэ-прэм’ера Кабякова на эканамічны форум у польскі горад Крыніцу і ягоныя сустрэчы там з кіраўнікамі польскага ўраду. З улікам таго, што дасюль існавала негалосная забарона на перамовы эўрапейскіх палітыкаў зь беларускімі службовымі асобамі рангу вышэйшага, чым намесьнік міністра, гэтыя падзеі можна разглядаць як дыпляматычную сэнсацыю. Зьявілася інфармацыя, што міністра замежных спраў Беларусі Мартынава запрашаюць на сустрэчу кіраўнікоў МЗС краінаў Эўразьвязу 15 сакавіка. А міністар замежных спраў Польшчы Сікорскі нават казаў, што, магчыма, днямі санкцыі адносна Беларусі будуць адмененыя.

Але вось гэтага якраз і не адбылося. Мартынава ў Брусэль не запрасілі, пытаньне пра санкцыі будзе разгледжана толькі пасьля выбараў. Чаму не адбылося прарыву цяпер, хоць прыкметы гэтага былі?”

Марэк Буцька: “Мне здаецца, што ў ЭЗ першапачатковая эўфарыя ў дачыненьні да Беларусі прайшла. Бо зьявіліся заявы, што ў Беларусі амаль ужо дэмакратыя. У якасьці доказаў прыводзіліся факты, што Лукашэнка вызваліў палітзьняволеных і дазволіў прыехаць на выбары назіральнікам АБСЭ. І таму, маўляў, трэба адмяніць санкцыі. Цяпер у ЭЗ пачала пераважаць разважлівая думка, што з прыняцьцем рашэньняў трэба ўстрымацца да выбараў. Бо нават з Захаду відаць, што выбарчая кампанія праходзіць недэмакратычным шляхам.

Дарэчы, польская грамадзкая думка ставіцца да зьмякчэньня санкцый даволі асьцярожна. І апошні візыт міністра замежных спраў Польшчы Сікорскага ў Беларусь прыняты тут неадназначна. Частка палітыкаў захоплены думкай пра пацяпленьне ў стасунках зь Беларусьсю, рады, што пачаўся нейкі рух. Існуюць надзеі, што Лукашэнку можна выцягнуць з расейскай зоны ўплыву. Але і СМІ, грамадзкая думка ў сваёй большасьці лічаць, што ня трэба сьпяшацца”.

12 пунктаў не адмянялі

Дзяніс Мельянцоў:
“Пэўны дыпляматычны прарыў ужо адбыўся. Маю на ўвазе тыя візыты, пра якія вы ўзгадвалі. Санкцыі дасюль не адмянілі таму, што, па-першае, у ЭЗ нічога ня робіцца хутка. Бо ЭЗ - вялікая арганізацыя, у якой цяжка знайсьці згоду паміж 27 сябрамі.

Па-другое, хоць і ёсьць станоўчая дынаміка ва ўнутрыпалітычным жыцьці, але рана казаць, што цяперашнія выбары будуць дэмакратычнымі. ЭЗ мае 12 пунктаў, якія Беларусь павінна выканаць, каб палепшыць дачыненьні з Эўропай. Хоць апошнім часам гэтыя 12 пунктаў былі звужаныя да двух: вызваленьне палітвязьняў і правядзеньне дэмакратычных выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Сапраўды, міністар замежных спраў Польшчы Сікорскі казаў, што санкцыі могуць быць адмененыя цягам некалькі дзён. Але да выбараў засталося менш за два тыдні. Таму сп. Сікорскі, мусіць, меў рацыю”.

Рашэньне міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу

Карбалевіч: “15 верасьня міністры замежных спраў краін Эўразьвязу ў Брусэлі прынялі рашэньне ўвязаць паляпшэньне дачыненьняў зь Беларусьсю з умовамі правядзеньня выбараў у Палату прадстаўнікоў. Як вы можаце пракамэнтаваць гэтае рашэньне?”

Буцька: “Калі эўрапейскія палітыкі казалі пра магчымасьць адмены санкцый, яны ўвогуле не вылучалі ніякіх умоваў. Таму цяпер міністры замежных спраў краін Эўразьвязу такую ўмову паставілі.

Думаю, ЭЗ зьбіраецца прызнаць гэтыя выбары, якімі б яны ні былі. Спачатку сваю выснову зробіць АБСЭ. А назіральнікі АБСЭ адзначаць, што выбары былі дэмакратычнымі, хоць і былі некаторыя недаробкі. І на гэтай падставе ЭЗ адменіць санкцыі супраць Беларусі”.

Мельянцоў: “Я б характарызаваў гэтую рэзалюцыю як стрыманую, але пазытыўную ў адносінах да афіцыйнага Менску. ЭЗ вярнуўся да ранейшых патрабаваньняў да Беларусі. Ён чакае ня словаў, а рэальных крокаў. Задаволіцца толькі вызваленьнем вязьняў эўрапейскія палітыкі ня могуць, бо добра разумеюць, што Лукашэнку нічога не перашкаджае зноў узяць палітычных закладнікаў для гандлю з Захадам.

ЭЗ імкнецца скарыстаць міжнародны кантэкст, каб уключыць Беларусь у арбіту ўплыву ЭЗ. Таксама навідавоку стомленасьць ЭЗ ад беларускага пытаньня і жаданьне вырашаць яго канчаткова”.

Якія пэрспэктывы?

Карбалевіч: “Гледзячы па ўсім, праводзіць свабодныя і дэмакратычныя выбары, сумленна лічыць галасы беларускія ўлады не зьбіраюцца. Пра гэта сьведчыць той факт, што ва ўчастковыя камісіі ўключылі мізэрную колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі. І пасьля выбараў перад ЭЗ паўстане нялёгкая задача, што выбраць - каштоўнасьці дэмакратыі ці прагматычныя геапалітычныя разьлікі. На ваш погляд, які будзе выбар?”

Буцька: “Найперш трэба адзначыць стрыманую пазыцыю Вялікай Брытаніі адносна адмены санкцый. Хоць цяпер за адмену санкцый найбольш актыўна выступаюць Польшча і Літва, але ў самой Польшчы сытуацыя неадназначная. Бо тут няма кансэнсусу паміж кіроўнай партыяй “Грамадзянская плятформа”, да якой належыць міністар замежных спраў Сікорскі, і апазыцыйнай партыяй “Права і справядлівасьць”, чыё стаўленьне да гэтага пытаньня больш стрыманае.

Трэба ўлічваць і працэдурнае пытаньне. Санкцыі, якія тычацца абмежаваньняў на ўезд беларускіх чыноўнікаў у краіны ЭЗ, адмяніць можна проста і хутка.

Але выключэньне Беларусі з сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцый адбылося з прычыны парушэньня прафсаюзных свабодаў. А ў гэтай сфэры ніякіх зьменаў не адбылося. Таму няма ніякіх падставаў адмяняць эканамічныя санкцыі”.

ЭЗ прызнае выбары

Мельянцоў: “Я не пагаджуся з сп. Буцькам у тым, якую ацэнку беларускім выбарам дасьць АБСЭ. Думаю, назіральнікі АБСЭ не прызнаюць іх цалкам дэмакратычнымі, хоць і адзначаць пэўны прагрэс.

Але рашэньне пра нармалізацыю дачыненьняў зь Беларусьсю - гэта рашэньне палітычнае. Таму ЭЗ скарыстае тыя станоўчыя рысы выбараў АБСЭ, каб прызнаць іх.

Тут важная пазыцыя ЗША, якія хутка рэагуюць на падзеі ў Беларусі. Пра гэта сьведчыць частковая адмена санкцый. Таму ЭЗ будзе ўзгадняць сваю пазыцыю адносна Беларусі з ЗША.

Вось сп. Буцька сказаў, што візавыя санкцыі дастаткова хутка можна адмяніць. Але не эканамічныя санкцыі, а якраз гэтыя візавыя санкцыі найбольш раздражняльныя для беларускага ўраду, хоць яны і здаюцца сымбалічнымі.

Зь вялікай верагоднасьцю можна сказаць, што новы склад Палаты прадстаўнікоў будзе прызнаны міжнароднай супольнасьцю. А гэта, у сваю чаргу, здымае з Лукашэнкі адказнасьць за рашэньні парлямэнту, у тым ліку за рашэньне наконт прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі”.

Буцька: “Ці прызнае ЭЗ факт зьяўленьня ў парлямэнце 3-5 апазыцыянэраў доказам частковай дэмакратызацыі выбараў? Хачу нагадаць, што ў Палаце прадстаўнікоў ужо былі праціўнікі Лукашэнкі. Я маю на ўвазе дэпутатаў Фралова, Скрабца і інш. І гэта ніяк не паўплывала на дэмакратыю і прагрэс у Беларусі”.

Спасылка 

Видео