BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Якія кардынальныя зьмены чакаюць школу?

17.09.2008
Якія кардынальныя зьмены чакаюць школу?

Згодна з Дэкрэтам прэзыдэнта №15 ад 17 ліпеня 2008 года “Аб асобных пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі” тэрмін атрыманьня базавай адукацыі зараз складае 9 гадоў, сярэдняй – 11 гадоў. Тэрміны навучаньня на ступенях агульнай адукацыі складаюць: на І ступені – 4 гады, на П ступені – 5 гадоў, і на Ш – 2 гады.

Сёлета выпуcкнікоў будзе ўдвая больш

У новым навучальным годзе будуць два выпускі сярэдняй школы (11 кляса – якая і павінна была ў 2009 годзе скончыць сярэднюю школу па 11-гадовай праграме,  і так званая адзінадцатая «штрых» – тыя дзеці, якія павінны былі вучыцца 12 гадоў). Да таго ж, будуць і два выпускі базавай школы (дзявятая кляса і дзявятая «штрых»).

Школьнікі пераходзяць на пяцідзёнку, а ў суботу будуць праводзіцца спартова-масавыя, фізкультурна-аздараўляльныя мерапрыемствы, працоўнае навучаньне. У старэйшых клясах у шосты дзень тыдню дазваляецца праводзіць факультатыўныя заняткі. А вось дзеці, якія зараз у так званых “штрых-клясах” (дзявятай-штрых і адзінаццатай-штрых), вучацца і па суботах. Бо праграму двух гадоў яны павінны засвоіць за адзін год.

Ураўнілаўка: усе вучацца па адзіных тыпавых плянах

Вывучэньне ўсіх прадметаў ў агульнаадукацыйных установах ажыцьцяўляецца на базавым узроўні, то бок усе школьнікі зараз вучацца па агульных праграмах. Як напісана ў Дэкрэце №15, “навучэнцы з улікам меркаваньня бацькоў, сыходзячы са схільнасьцяў, жаданьня і стану здароўя могуць вывучаць асобныя прадметы на павышаным узроўні на факультатыўных занятках ў межах вызначанай тыпавым вучэбным плянам колькасьці вучэбных гадзінаў”. Факультатыўныя заняткі, як правіла, праводзяцца да пачатку альбо пасьля заканчэньня ўрокаў. Факультатыў можа праводзіцца, калі ёсьць як мінімум 5 заяваў бацькоў у гарадзкіх школах, і тры заявы – у сельскіх.

Начальнік Упраўленьня сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Юры Гладкоў тлумачыць, што па жаданьні вучняў ці бацькоў можна будзе вывучаць любыя прадметы на паглыбленым узроўні, – нават тыя, якіх ужо няма ў праграмах: «Скарацілася абавязковая частка вучэбнага пляну і адначасова павялічылася варыятыўная частка: тое, што ў народзе называюць «факультатывамі». Таму калі школьнік вывучаў фізыку, матэматыку ці замежную мову на павышаным узроўні, ён мае магчымасьць і далей вывучаць гэтыя прадметы на павышаным узроўні, але толькі за кошт факультатыву. Для гэтага патрэбна напісаць заяву – яму ці яго бацькам».

Колькі каштуе факультатыў?

Факультатывы – справа дабраахвотная, не абавязковая, праводзіцца яны будуць пасьля ўрокаў, і настаўнікам застаецца спадзявацца на сьвядомасьць вучняў. А яшчэ – на платаздольнасьць бацькоў. Напярэдадні 1 верасьня грамадзкасьць супакойвалі тым, што памяншэньне ўрокаў ніяк не адабьецца на якасьці адукацыі – усё можна кампэнсаваць бясплатнымі дадатковымі заняткамі. Але крыху пазьней высьветлілася, што факультатывы будуць арганізаваныя... на платнай аснове. Кошт чатырох заняткаў працягласьцю 45 хвілін у рамках аднаго прадмета складае адну базавую велічыню – 35 тысяч рублёў. Адпаведна, па двух прадметах – 70 тысяч... А менавіта два факультатывы як мінімум рэкамэндавана наведваць вучню. Калі памножыць гэта на 9 вучэбных месяцаў, атрымаецца 630 тысяч (больш за 300 даляраў) на кожнае дзіця. Калі ў бацькоў іх двое – трое, кошт бясплатнага навучаньня значна павялічваецца. Узьнікае пытаньне: наколькі правамоцна браць плату з бацькоў за атрыманьне школьнікам асноўных ведаў, на якія ён мае канстытуцыйнае права?

Плян – ад слова плакаць

Міністэрства адукацыі апублікавала і разаслала ўсім агульнаадукацыйным установам “Адзіны тыпавы вучэбны плян”, у якім вызначана агульная колькасьць факультатыўных заняткаў, што аплачвае дзяржава, а не бацькі. Да прыкладу, у 11 –й штрыхклясе іх восем (у  тым ліку “Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці”). Па расейскай і беларускай мовах і літаратурах, фізыцыа, хіміі, біялёгіі, гісторыі прапаноўваюцца заняткі на платнай аснове, пасьля ўрокаў. Прычым заняткі настаўнік праводзіць, калі набярэ прынамсі пяць жадаючых у гарадзкіх школах, альбо трох – у сельскіх. Інакш школам працаваць будзе нерэнтабэльна.

Факультатыўныя заняткі праводзяцца толькі па заявах бацькоў, аплата – толькі праз банк.

Гімназіям і ліцэям пашанцавала?

Толькі ў гімназіях і ліцэях асобныя вучэбныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні. Скарацілася толькі колькасьць гадзінаў. У гімназіях з гуманітарным ухілам ад 5 гадзінаў на тыдзень асноўнай замежнай мовы (павышаны ўзровень) засталося 4. Другая замежная мова (базавы ровень, 2 гадзіны на тыдзень), –скасаваная наагул.

Больш за ўсё пацярпелі школьнікі, якія вучыліся ў школах (але не гімназіях альбо ліцэях) з паглыбленым вывучэньнем асобных прадметаў. Да прыкладу, школы з эстэтычным, мастацкім, эканамічным, фізыка-матэматычным  ухілам, з паглыбленым вывучэньнем замежных моваў – у іх цяпер школьнікі вучацца па тыпавых агульных плянах, як у звычайных школах.

Настаўніца адной са сталічных школ з эканамічным ухілам абураецца: “У нашай школе дзеці з пятай клясы вывучалі  “Асновы эканомікі”, у старэйшых клясах выкладаліся спэцыялізаваныя эканамічныя дысцыпліны, міжнародная эканоміка, эканамічная геаграфія, іншыя прадметы. У нашых пэдагогаў унікальныя напрацоўкі. Дзеці лёгка паступалі ў Эканамічны ўнівэрсытэт. Цяпер мы будзем звычайнай школай”. Праўда, дазваляецца паглыблена вывучаць прадметы на факультатывах.

“Усё ў інтарэсах дзяцей, – каб зьнізіць вучэбную нагрузку”

Вывучэньне замежнай мовы ў агульнаадукацыйных школах пачынаецца з трэцяй клясы – дзьве гадзіны на тыдзень. Больш за ўсё пацярпелі цяперашнія другаклясьнікі, якія ў першай клясе ўжо вывучалі замежную мову – у іх будзе цэлы год перапынак.

Цалкам скасавалі прадмет “Сусьветная мастацкая культура”, “Музыка і сьпевы” будзе выкладацца толькі ў пачатковай школе. З'явіўся  новы прадмет –   “Чарчэньне”. Замест прадмета “Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава” ўводзіцца “Грамадазнаўства”. Інтэграваны курс “Гісторыя” – “Сусьветная гісторыя” – “Гісторыя Беларусі” аб’яднаныя ў адзін прадмет.

У старэйшых клясах беларуская і руская мовы выкладаюцца 45 хвілін  на тыдзень. Зьмяншаецца колькасьць урокаў фізкультуры. Як дэкляруюць улады, усё гэта, – у інтарэсах дзяцей. Каб зьнізіць вучэбную нагрузку.

Людміла Корсак

[email protected]

Видео