BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

М.Мэкель: “Беларуская палітыка” ЭЗ пацярпела паразу”

12.09.2008
 М.Мэкель: “Беларуская палітыка” ЭЗ пацярпела паразу”
Дэпутат нямецкага Бундэстагу ад сацыял-дэмакратычнай фракцым Маркус Мэкель перакананы, што палітыка ізаляцыі, якую праводзіў ЭЗ у дачыненьні да Беларусі, пацярпела паразу.

Гэтую заяву вядомы нямецкі палітык зрабіў у польскім горадзе Крыніца, дзе 10—12 верасьня праходзіць XVIII Міжнародны эканамічны форум.

Падчас адмысловай дыскусіі, прысьвечанай пытаньню падтрымкі дэмакратызацыі ў Беларусі, Мэкель падкрэсьліў, што “ЭЗ трэба ствараць уласную стратэгію ў дачыненьні да Беларусі, а не рабіць тое, што было дагэтуль. Тое, што мы дагэтуль рабілі, — гэта палітыка ізаляцыі, якая пацярпела паразу”. Дэпутат Бундэстагу адзначыў, што цяпер ЭЗ ня мае ні “інструмэнтаў уплыву на сытуацыю ў Беларусі”, ні “інструмэнтаў для падтрымкі апазыцыі”. Аднак, зазначыў ён, “мы павінны распрацаваць іх”.

У абмеркаваньні беларускага пытаньня ўзялі таксама ўдзел дэпутаты Эўрапарлямэнту ды прадстаўнікі іншых эўрапейскіх арганізацый. Большасьць зь іх падтрымалі нямецкага калегу ў тым, што папярэднія дзеяньні ЭЗ адносна Беларусі былі “контрапрадуктыўнымі”. Гэта тычыцца, у прыватнасьці, і візавай палітыкі ў дачыненьні да беларусаў, якія плацяць за ўезд у ЭЗ 60 эўра — амаль удвая больш, чым грамадзяне суседніх Расеі ды Ўкраіны.

У працы Міжнароднага эканамічнага форуму ў Польшчы ўдзельнічаюць прыкладна 2 тысячы дэлегатаў з розных эўрапейскіх краінаў. Афіцыйную беларускую дэлегацыю ўзначальвае віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў. Ён ужо меў сустрэчу са сваім польскім калегам Вальдэмарам Паўлякам. Віцэ-прэм’еры абмеркавалі пытаньні двухбаковых гандлёва-эканамічных адносінаў.

Cпасылка 

Видео