BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Эўрапейская палітыка добрасуседзтва – у абыход Беларусі?

10.06.2008
Эўрапейская палітыка добрасуседзтва – у абыход Беларусі?
На мінулым тыдні прадстаўнікі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў па запрашэньні прэзыдэнта Эўрапейскага Парлямэнта Ганса-Герта Пётэрынга ўдзельнічалі ў парлямэнцкай канфэрэнцыі па Эўрапейскай палітыцы суседзтва ва Ўсходняй Эўропе. Таксама да ўдзелу былі запрошаныя дэлегацыі парлямэнтаў Украіны, Малдовы, Армэніі.

Пасьля вяртаньня ў Беларусь удзельнікі візыту ў Брусэль сустрэліся з журналістамі, каб распавесьці аб выніках канфэрэнцыі. Сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька расказаў пра тэндэнцыі міжнароднай палітыкі Эўразьвязу.

А. Лябедзька: Зараз у Эўрапейскім зьвязе ідзе пэўная канкурэнцыя, барацьба паміж усходнім накірункам і паўднёвым. Калі прааналізаваць ня толькі дакумэнты, што прымаліся за гэты час, але й паглядзець, як гэтыя дакумэнты падмацоўваліся рэсурсамі, то лік будзе тры-адзін на карысьць поўдня. Гэта азначае, што па рэальным праграмам, дапамозе Эўразьвяз у тры разы больш дапамагаў краінам Афрыкі, а не Беларусі, Малдове, Украіне, краінам Закаўказьзя.

З 2007 па 2013 год Эўразьвяз вылучае на замежную палітыку 12 млрд эўра. Анатоль Лябедзька адзначыў, што дэлегацыя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў імкнулася давесьці да кіраўніцтва Эўразьвязу важнасьць рэалізацыі праграм, што датычныя Беларусі.

А. Лябедзька: Што ўдалося зрабіць дэмакратычным сілам? Мы актуалізавалі ўсходні накірунак. Як заявілі дэпутаты Эўрапарлямэнту, ужо прынятыя палітычныя рашэньні, якія мусяць умацоўваць палітыку добрасуседзтва ва ўсходнім накірунку. І ўзьнікае пытаньне, а як там будзе прадстаўлена Беларусь? Таму што гэта пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва, гуманітарнага, навуковых абменаў. І ў нас ёсьць шанец, каб мы са сваімі праграмамі ўвайшлі ў гэтую суму. Каб гэта пайшло на карысьць нашым людзям – тым, хто жыве ў памежнай зоне, навукоўцам, студэнтам і г.д. Калі сытуацыя палітычная будзе заставацца бязь зьменаў, то гэтыя велізарныя сумы пойдуць ва Ўкраіну, Малдову, Армэнію... І адказнасьць за гэта ўскладаецца на беларускі бок. Зараз слова будзе за беларускімі ўладамі.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы могуць саступіць сваю прадстаўнічую ролю ў Эўразьвязе беларускаму Парлямэнту пры ўмове, калі будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязьні, спынены перасьлед незалежных СМІ, а таксама калі парлямэнцкія выбары будуць праведзеныя згодна з патрабаваньнямі АБСЭ. Дарэчы, на канфэрэнцыю ня быў запрошаны амбасадар Беларусі ў Бэльгіі.

В. Вячорка: Я думаю, што гэта жорсткі сыгнал з боку Эўрапарлямэнту аб тым, што ня толькі заканадаўчая ўлада прызнаецца як паўнавартасны прадстаўнік беларускага народу, не прызнаецца як Парлямэнт, абраны праз справядлівыя й сумленныя выбары, але не прызнаецца й выканаўчая ўлада. Разьлікі на тое, што Эўропа пачне зьніжаць патрабаваньні, не спраўдзіліся. Усе ранейшыя патрабаваньні да беларускага ўраду застаюцца.

Віцэ-старшыня Эўрапарлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі падчас канфэрэнцыі зьвярнуў увагу на праблему пашырэньня межаў Эўразьвязу. Падрабязьней пра гэта расказвае старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін.

С. Калякін: Раней асноўная ўвага й рэсурсы былі сканцэнтраваныя не толькі на паўднёвым накірунку, але на ўсіх краінах-суседзях Эўропы. Гэта важна, але ў той жа час ёсьць краіны, якія зьяўляюцца часткай Эўропы. І яны маюць магчымасьць стаць паўнапраўнымі чальцамі Эўразьвязу. Таму пераарыентацыя палітыкі й сродкаў на гэтыя краіны вельмі важная. Тым самым падкрэсьліваецца й мажлівасьць таго, што Беларусь стане паўнавартасным чальцом Эўразьвязу. Але для гэтага трэба прайсьці пэўны шлях – прызнаць каштоўнасьці Эўразьвязу, дабіцца таго, каб былі прыняты эўрапейскія стандарты, і толькі тады будзе прынятае палітычнае рашэньне. Раней казалі, што Эўразьвяз – закрытая структура, што ўздымаецца пытаньне аб тым, каб спыніць пашырэньне межаў. Але насамрэч Эўразьвяз будзе імкнуцца да пашырэньня сваіх межаў на тэрыторыі Эўропы. Беларусь можа ўвайсьці ў склад Эўразьвязу толькі тады, калі будзе выкананы шэраг ўмоў. І мяч сёньня знаходзіцца на баку ўладаў, пра гэта павінны думаць людзі, бо яны насамрэч многае губляюць ад таго, што ўлады ня хочуць ісьці на ўступкі, ня хочуць вызваляць палітвязьняў, ня хочуць прытрымлівацца сваіх абавязкаў аб свабодных і справядлівых выбараў. Людзі ад гэтага вельмі многа губляюць, у тым ліку й у эканамічным пляне.

Такім чынам Эўразьвяз заклікае беларускія ўлады распачаць дэмакратычныя рэформы й станоўча рэагаваць на гатоўнасьць Эўропы ўзнавіць адносіны зь Беларусьсю ў межах Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, як толькі беларускія ўлады прадэманструюць павагу да дэмакратычных каштоўнасьцяў і асноўных правоў насельніцтва.

Марыя Кароль, зь Менску

 

Видео