BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Швецыя можа спыніць супрацоўніцтва з журфакам БДУ

20.02.2008
Швецыя можа спыніць супрацоўніцтва з журфакам БДУ

Міністэрства замежных спраў Швецыі і Шведскае ўпраўленне міжнароднага развіцця і супрацоўніцтва Sida разглядаюць пытанне аб спыненні кантактаў з некаторымі ВНУ — найперш з факультэтам журналістыкі БДУ. Супрацу з журфакам можа таксама спыніць Інстытут павышэння кваліфікацыі журналістаў FOJO, які фінансуе семінары і адукацыйныя праграмы для выкладчыкаў журфака.

Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА «БАЖ» першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, які ў складзе партыйнай дэлегацыі 13–17 лютага знаходзіўся ў Швецыі з афіцыйным візітам і меў шэраг сустрэч ва ўрадзе, Міністэрстве замежных справаў і парламенце гэтай краіны.

 
На фота: Вінцук Вячорка (фота Bymedia.net) 

«Мы ўздымалі пытанне наконт таго, што журфак БДУ, а таксама Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт цешацца з вельмі шырокіх праграм падтрымкі, — адзначае Вінцук Вячорка. — Прагучала лічба — шведы выдаткавалі на супрацу з журфакам 48 мільёнаў шведскіх крон (больш за 7 мільёнаў долараў — заўв. БАЖ)».

Паводле словаў В. Вячоркі, на гэтыя грошы выкладчыкі журфаку — ў тым ліку і тыя, хто спрычыніўся да рэпрэсій супраць студэнтаў, — ездзлілі ў Кальмар і Стакгольм. «Мы заявілі Sida, міністру міжнароднага супрацоўніцтва спадарыні Гуніле Карлсан, дэпутатам шведскага парламента, што такое становішча — непрымальнае. Нас запэўнілі, што гэтае пытанне будзе сур’ёзна разглядацца», — падкрэсліў першы намеснік старшыні Партыі БНФ.

Тым часам, выключаны 15 лютага з факультэту журналістыкі студэнт трэцяга курса, моладзевы актывіст Франак Вячорка ўсё яшчэ чакае даведку аб адлічэнні яго з БДУ. Пасля гэтага ён мае намер звярнуцца ў суд, каб абскардзіць рашэнне кіраўніцтва Белдзяржуніверсітэта аб сваім адлічэнні.

12:42, 19/02/08
Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

http://baj.by/m-p-viewpub-tid-1-pid-4271.html 

 

Видео