BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Карта паляка”: прагматычны патрыятызм

18.02.2008
 “Карта паляка”: прагматычны патрыятызм

Нашаму скутаму грамадству, дзе СМІ і гуманістычная сфэра манапалізаваліся дзяржавай, а недзяржаўныя, так і не дасягнуўшы якасна высокага ўзроўню, маргіналізаваліся, пагражае непазьбежная прымітывізацыя. Наш розум палітызуецца, зьявы і факты штодзённага быцьця мы ўсё часьцей трактуем на ўзроўні гатовых стэрэатыпаў, што склаліся пад уплывам часам ужо неактуальных ведаў і некрытычна ўспрынятага чужога досьведу.

Водгукі ў сеціве ды інтэрвію зь беларусамі на вуліцах з нагоды ўвядзеньня ўрадам Польшчы польскай карты для этнічных палякаў за мяжой, заява нашага МЗС, якое спадзяецца на “сатысфакцыю” аж праз Вэнэцыянскі суд, сьведчаць, што гэта падзея разглядаецца выключна ў палітычнай плоскасьці. Дапускаю, што я нешта не пачуў і нешта не прачытаў. Аднак, калі мне пазваніў журналіст зь Беларускай рэдакцыі Польскага радыё і запытаўся пра маю ацэнку гэтай падзеі як колішняга дыплямата, я адчуў, што для некаторых празаічных простых рэчаў у гэтай гісторыі людзі “ня маюць вушэй”, а шукаюць вялікую геапалітыку. Выступ Лукашэнкі перад студэнтамі журфаку БДУ, а таксама ягоны камэнтар падчас наведаньня віцебскага “Віцязя” сьведчаць пра тое самае.

Нават калі шукаць вялікую палітыку ў тым, што гэтая “польская карта” скіраваная перш за ўсё на польскую дыяспару на Ўсходзе, усё роўна, як кажуць, у “сухой рэшце” застанецца жыцьцёвая проза, у якой няма нічога новага.

Незалежна ад таго, дзе і якія разумныя галовы ў Польшчы плянавалі гэты праект, нічога надзвычайнага з пункту гледжаньня фэномэну нацыянальных дзяржаваў і міжнароднага права ў ім няма. Кожны народ, дафармоўваючы сваю нацыю – асабліва ў найноўшай гісторыі – абапіраецца на свае гістарычныя (гераічныя і пакутніцкія) міты, актуалізуе нацыянальныя інтарэсы (якія могуць трактавацца суседзямі або хаўрусьнікамі як эгаізмы) час ад часу апэлюе да этнічнага і рэлігійнага патрыятызму, вырашаючы бягучыя жыцьцёвыя праблемы.

У маім уяўленьні Польшча і сёньня – больш чым нацыя ў традыцыйным эўрапейскім разуменьні. Яна чымсьці нагадвае габрэйскую супольнасьць. Хто знаёмы з патрыятычна-рэлігійнымі захапленьнямі Адама Міцкевіча ў апошнія гады ягонага жыцьця і спробы стварыць габрэйскі легіён на грошы Ротшыльда на расейска-турэцкім фронце, зразумее, пра што я гавару. Польшча, краіна з глыбокімі каталіцкімі традыцыямі, хаця і зьяўляецца чальцом ЭЗ, але не падзяляе пакуль афіцыйных мультыкультуральных “постнацыянальных” настрояў тыпу галяндзкіх ці нямецкіх, не сьпісала ў архіў гістарычны патрыятызм. Яшчэ адзін імпульс да мацаваньня патрыятызму і абароны нацыянальных інтарэсаў, хаця і не зьяўляецца цалкам паліткарэктным з гледзішча эўраінтэграцыі, аднак для Польшчы будзе карысны. Тысячы палякаў зьехалі на заробкі ў Скандынавію, Вялікую Брытанію, Нямеччыну. Навошта палякам прымаць у вызваленыя нішы імігрантаў з Бангладэш, калі можна атрымаць працавітых, дастаткова кваліфікаваных, блізкіх па мове і культуры грамадзян суседняй краіны, дзе іх, мякка кажучы, ня вельмі песьцяць? Ці не пра тое ж марыць і Расея, заклікаючы сваіх суродзічаў вяртацца на Радзіму з абшараў былога СССР, аднак ня можа па-жыцьцёваму іх прывабіць?

Ня трэба забывацца і на дэмаграфію. Узгадайце спрэчкі Польшчы і Брусэлю пра квоты, працэнты і лічэбнасьць насельніцтва краінаў-чальцоў ЭЗ. Гожыя для Польшчы беларусы хутка інтэгруюцца і з “картачных” палякаў стануць грамадзянамі. Нікога ў Беларусі указам прэзыдэнта не прывяжаш. Гэта ж трэба быць абсалютным ненавісьнікам свайго народу і ня вельмі разумным чалавекам , каб выцясьняць нацыянальных патрыётаў за мяжу і публічна ганарыцца тым, што да нас прыяжджаюць на жыхарства людзі з далёкіх краёў, часта выпадковыя асобы, не заўсёды з самай лепшай біяграфіяй, адукацыяй і намерамі!

У свой час немцы, пасьля аб’яднаньня краіны, на выключна льготных умовах дазволілі перасяленьне “савецкіх немцаў” на этнічную радзіму, што, дарэчы, адпавядала спэцыяльнаму дадатку да артыкулу аб грамадзянстве ў Канстытуцыі ФРГ, дзе генэтычныя немцы мелі прыярытэтнае права на атрыманьне грамадзянства. Праўда, скалечаная працоўная мэнтальнасьць “савецкіх” немцаў перашкаджала ім інтэгравацца і рабіць кар’еру. І ня ўсе немцы ўхвалялі палітыку дзяржавы ў падтрымцы “родных” этнічных рэпатрыянтаў. І ня ўсе палякі падтрымліваюць сёньня ідэю “карты паляка”: бясплатных месцаў ва ўнівэрсітэтах ды сацыяльных ільготаў у сёньняшняй Польшчы і “карэнным” грамадзянам не хапае. А Эўразьвяз на такую “нацыяналістычную” праграму грошай можа і ня даць. Прыйдзецца польскаму ўраду хітрыць ды закрытыя балянсы гарбузаваць. Аднак, думаю, што касьцельныя беларусы-палякі будуць удзячнымі і пасьпяховымі “картачнымі” студэнтамі і гастарбайтэрамі, а потым, можа, і грамадзянамі Польшчы.

Ці ўзгадайце тых жа прыбалтаў, што заклікалі сваіх суайчыньнікаў вярнуцца на радзіму пасьля здабытай незалежнасьці. Падобныя крокі рабілі ў свой час і вугорцы. А што амэрыканская грын-карта – ня тое самае? Краіна імігрантаў адбірае лепшых. Тут яшчэ не-постнацыянальная Польшча “зьбірае” на свае тэрэны рухавых, па-добраму авантурных, па-нэафіцку патрыятычных асобаў, якія былі часта пасынкамі на сваёй беларускай Радзіме.

Лепш бы наш МЗС заахвочваў амбасадараў за мяжой зь беларускай дыяспарай хаця б у тэлеінтэрвію па-беларуску гаварыць, чым ноты пратэсту на палякаў пасылаць. І горка, і сьмешна, і зайздросна. Палякі – разумная нацыя. Калі ж ужо ў нас хопіць розуму аб’явіць пра сваю “карту беларуса”? Пакуль што наш кіраўнік дзяржавы абяцае суседзям, што, прыехаўшы да нас, яны будуць “чувствовать себя лучше, чем дома”.

Пятро Садоўскі

 http://www.svaboda.org/content/Article/992149.html

Видео