BE RU EN
rss facebook twitter

МВФ прагназуе эканамічны крызіс у нашым рэгіёне

11.12.2007
МВФ прагназуе эканамічны крызіс у нашым рэгіёне

Міжнародны валютны фонд (МВФ) папярэджвае краіны Балтыі і Паўднёва‑Усходняй Эўропы, у тым ліку Ўкраіну, што яна могуць стаць месцам наступнага буйнамаштабнага эканамічнага крызысу, паведамляе ўкраінскае выданьне «Дзеркало тижня».

Дырэктар эўрапейскага дэпартамэнту МВФ Майкл Дэплер адзначае, што «некалькі краінаў насамрэч дэманструюць такія ж сымптомы, як і шэраг азіяцкіх краінаў напярэдадні рэгіянальнага фінансавага крызысу, што здарыўся дзесяць год таму».

Паводле эканаміста, трывогу выклікае дэфіцыт бягучых рахункаў, што фінансуецца за кошт замежных сродкаў, а таксама рост узроўню запазычанасьці прыватнага сэктару. Да ўсяго, адзначае Дэплер, асобныя краіны з найвастрэйшай праявай гэтых сымптомаў трымаюцца рэжыму фіксаванага абменнага курсу. Дырэктар дэпартамэнту ня лічыць сытуацыю цалкам аналягічнай той, што склалася ў Азіі ў 1997 г. На яго думку, давер інвэстараў да якасьці кіраваньня эканомікамі вышэйазначаных краінаў значна вышэйшы, як да краінаў Азіі ў часе крызысу. Тым больш, што паўднёва‑эўрапейскім краінам надае аптымізму фактычнае або патэнцыйнае сяброўства ў Эўрасаюзе.

Аднак экспэрт перасьцерагае: шэраг краінаў дэманструе неапраўданую залежнасьць ад замежнага фінансаваньня, што робіць іх эканомікі занадта ўразьлівымі да нечаканых збояў. У зьвязку з гэтым МВФ рэкамэндуе устрымацца ў бліжэйшы час ад стымуляваньня спажывецкага буму, рухавіком якога стаў прыватны сэктар эканомікі. Неабходны таксама кантроль у банкаўскай сфэры.

МВФ раіць краінам рэгіёну нарошчваць эфэктыўнасьць сваіх эканомік шляхам рэфармаваньня. Толькі такім чынам можна запэўніць інвэстараў у слушнасьці ўкладаньняў у эканоміку краінаў.

Як адзначае Газета.Ru, Расеі падобны крызыс не пагражае. Паводле Цэнтрабанку рахунак бягучых апэрацыяў плацёжнага балянсу Расеі станоўчы. Да таго ж, чакаецца беспрэцэдэнтны прыплыў прыватнага замежнага капіталу ў РФ. Пра давер да краіны сьведчыць таксама прыток сродкаў у замежныя фонды, што інвэстуюць ў краіны СНД і Расею.

Сямён Печанко

Видео