BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Падарунак усходнім суседзям

16.11.2007
Падарунак усходнім суседзям

На разьвітаньне міністар замежных справаў Польшчы Анна Фатыга намерваецца зрабіць падарунак усходнім суседзям. Вось толькі падарунак можа не спадабацца. Справа тычыцца цаны на польскія візы, за якія ня кожны захоча й далёка ня кожны зможа заплаціць. Пра гэта піша „Gazeta Wyborcza” ў артыкуле „Бар`ер Фатыгі”.

Распараджэньне аб увядзеньні новых консульскіх збораў рыхтуецца вельмі хутка, каб міністар Фатыга пасьпела яго падпісаць яшчэ перад адстаўкай у бліжэйшую пятніцу.

Шэнгенскія візы тэрмінам да 3 месацаў для грамадзянаў Украіны й Расеі будуць каштаваць 35 эўра, для грамадзянаў Беларусі й іншых краінаў, якія не падпісалі дамовы з Брусэлем – 60 эўра. Для жыхароў былых савецкіх рэсапублік гэта дорага. Але цана вызначалася Эўразьвязам, і Польшча павінна прытрымлівацца рашэньня. Іншая справа – гэта польскія візы, якія будуць выдавацца для асобаў з правам на працу ў Польшчы, для студэнтаў, а таксама тым, хто мае ў Польшчы сваякоў або магілы блізкіх.

У жніўні віцэ-міністар замежных справаў Павал Коваль абяцаў, што польскія візы будуць настолькі танныя, наколькі гэта будзе магчыма, каб пасьля далучэньня да Шэнгенскае зоны Польшча не зачынялася на бліжэйшых суседзяў. Коваль зазначаў, што мяккая візавая палітыка мае быць свайго роду прамоцыяй польскай дэмакратыі ды папулярызацыяй эўрапейскіх каштоўнасьцяў у былых савецкіх краінах. Міністар Фатыга плянуе ўвесьці 75 эўра за польскую візу, якае не дае права перамяшчацца па Шэнгенскай зоне.

Як тлумачаць у польскім МЗС, іншыя краіны Эўразьвязу націскаюць, каб выдаваць як мага менш польскіх візаў, бо асобы, якія атрымаюць такія візы, могуць імкнуцца нелегальна пераехаць на Захад. Гэта нявыключана, паколькі будзе зьліквідаваны памежны кантроль унутры Эўразьвязу.

У сваю чаргу іншыя супрацоўнікі МЗС зьдзіўленыя зьместам распараджэньня. Пастанова аб далучэньні Польшчы да Шэнгенскай зоны ўжо падпісаная, ніхто нас адтуль ня выкіне, кажуць яны. Таму незразумела, навошта даказваць, што мы будзем сьцерагчы мяжу Эўразьвязу ня горш, чым гэта рабіла Нямеччына, сказалі журналісту штодзёнкі „Gazeta Wyborcza” супрацоўнікі польскага зьнешнепалітычнага ведамства.

http://www.polskieradio.pl/zagranica/news/artykul69413.html

Видео