BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусы атрымалі ўзнагароды МЗС Чэcкай Рэспублікі

16.11.2007
Беларусы атрымалі ўзнагароды МЗС Чэcкай Рэспублікі

Групу беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі ўзнагародзілі мэдалямі імя Яна Масарыка Міністэрства замежных справаў Чэхіі і ганаровымі дыплёмамі. Узнагароды ўручыў кіраўнік чэскай дыпляматычнай місіі ў Менску Ўладзімер Румл.

 

 2005 годзе ў Беларусі адзначаліся 155‑я ўгодкі з дня нараджэньня першага прэзыдэнта Чэхаславаччыны Томаша Масарыка. Сябры грамадзкага‑гістарычнага клюбу «Спадчына» зладзілі тады ў сталічным Доме літаратара вечарыну, прысьвечаную Масарыку. Сябры клюбу вывучалі гісторыю чэска‑беларускіх культурных стасункаў і, так бы мовіць, адлюстроўвалі яе ў сваіх жанрах: дасьледавалі архіўныя матэрыялы, пісалі артыкулы, малявалі.

«Мы рабілі некалькі вечарынаў, сумесных паседжаньняў, прысьвечаных Масарыку, — расказвае старшыня клюбу «Спадчына» Анатоль Белы. — Малявалі партрэты. Да прыкладу, Алесь Цыркуноў намаляваў партрэт, прысьвечаны праскім студэнтам‑беларусам, Анатоль Крывенка намаляваў партрэты чэскіх прэзыдэнтаў Томаша Масарыка і Вацлава Гаўла. Журналіст Анатоль Мяльгуй пісаў пра чэскую музыку».

 

І вось сёлета Міністэрства замежных справаў Чэскай Рэспублікі адзначыла семярых беларусаў.

«Былі ўзнагароджаныя сябры аб’яднаньня «Спадчына», — гаворыць аташэ па культуры пасольства Чэхіі ў Беларусі Томаш Ядлоўскі. — Яны былі адзначаныя за паглыбленьне чэска‑беларускіх дачыненьняў у галіне культуры. Я тут працую з 2005 году, за час майго знаходжаньня тут гэта ўпершыню».

 

Бронзавыя мэдалі імя Яна Масарыка (міністра замежных справаў пасьляваеннай Чэхаславаччыны, сына першага прэзыдэнта Томаша Масарыка) атрымалі краязнаўца, стваральнік музэю ў Старых Дарогах Анатоль Белы, мастакі Алесь Цыркуноў, Анатоль Крывенка, Міхась Карпук, Надзея Сармант, архівіст Анатоль Валахановіч, журналіст Анатоль Мяльгуй.

Мастак Алесь Цыркуноў расказвае пра сваю працу, за якую атрымаў ўзнагароду МЗС Чэхіі:

«Я, у прыватнасьці, напісаў карціну «Сьвятазарны мур», прысьвечаную беларускім студэнтам, якія на запрашэньне Томаша Масарыка вучыліся ў Карлавым унівэрсытэце (гэта хваля часу Забэйды‑Суміцкага, Ларысы Геніюш ды іншых, там было з паўтысячы чалавек). Я зьмясьціў найбольш выбітных людзей».

svaboda.org

 

Видео