BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Арнэ Элефорс: «Людзі — гэта адзін з найвялікшых турыстычных “актываў” Беларусі»

04.10.2007
Арнэ Элефорс: «Людзі — гэта адзін з найвялікшых турыстычных “актываў” Беларусі»

Група даследчыкаў з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта накіравалася ў Швецыю. Цягам чатырох дзён беларускія навукоўцы будуць вывучаць супольную гісторыю, якую мае скандынаўская краіна і Полаччына, а таксама возьмуць удзел у археалагічных даследваннях. Гэтая вандроўка стала часткай праграмы супрацоўніцтва паміж Полацкам і шведскай выспай Готланд. Гэта супрацоўніцтва мацуецца і ў межах супольнага праекту «Панарама Дзвіна Даўгава», які рэалізуюць Беларусь, Швецыя і Латвія. Мэта праекту — развіццё турызму ў межах старажытнага «шляху з варагаў у грэкі». На мінулым тыдні Полацк наведаў каардынатар праекту «Панарама Дзвіна-Даўгава» Арнэ Элефорс, які адказаў на пытанні нашага карэспандэнта Андрэя Аляксандрава. 

— Праект у асноўным дзейнічае на Віцебшчыне. Чаму вы абралі менавіта гэты рэгіён?
— Скандынавію і ў прыватнасці Швецыю з гэтым беларускім рэгіёнам яднае агульная гісторыя. І гэта, на нашу думку, можа прывабіць замежных турыстаў. Я маю на ўвазе нашы ўзаемадачыненні яшчэ з часоў вікінгаў, з якіх паходзіў Рагвалод, першы летапісны князь Полацка, і яго дачка Рагнеда. Таму людзям са Швецыі прасцей выбраць менавіта гэты рэгіён, чым, напрыклад, турыстам з Польшчы, якія хутчэй зацікавяцца Гроднам, Мірам ці Наваградкам. Такім чынам, тут ёсць Полацк — калыска ўсёй Беларусі - і Віцебск, дзе нарадзіўся Марк Шагал.

Віцебск вачыма Марка Шагала

— Якія найбольшыя дасягненні ў межах праекту?
— Як мы кажам, у кожнай вандроўкі ёсць некалькі крокаў. Спачатку мы знаходзімся ў працэсе фармавання ўвагі і цікаўнасці да пэўнага месца. Потым мы вырашаем туды накіравацца, набываем квіток і, канчаткова, атрымліваем асалоду ад уражанняў, вяртаючыся дахаты. Дык вось зараз мы яшчэ ў працэсе фармавання ўвагі і цікаўнасці. Мы распачалі сваю дзейнасць з наведвання рэгіёну. У выніку ў шведскай прэсе з’явілася шмат артыкулаў пра Беларусь. Яны прэзентавалі Беларусь у найлепшым святле. Асабліва тыя артыкулы сфакусаваліся на беларускіх людзях, на іх дабрыні і ветлівасці. І гэта быў добры пачатак.
У межах праекту мы таксама фінансуем фільм «Віцебск вачыма Марка Шагала». Ужо вырашана, што гэты фільм пакажуць па некалькіх расійскіх тэлеканалах. Наша задача зараз - перакласці стужку на ангельскую мову, каб яе можна было выкарыстаць для замежных СМІ з мэтай далейшага рэкламавання рэгіёну. Маркетынг — дарагая рэч, таму мы спрабуем рабіць яго разумна з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі.

На 10% болей цікавасці

— Ці адчуваеце Вы, што ў выніку першых крокаў праекту людзі ў Швецыі сталі больш цікавіцца Беларуссю?
— Наша канкрэтная мэта — на 10 адсоткаў павялічыць уяздны турызм у рэгіёне. У Швецыі мы атрымалі добрую прэсу, вядома, людзі чыталі артыкулы. Зараз некалькі шведскіх тур-аператараў плануюць уключыць Беларусь у якасці адной з частак сваёй Усходняй турыстычнай праграмы. Такім чынам, шведскія турыстычныя агенцыі зараз мяркуюць аб тым, каб арганізоўваць вандроўкі па Беларусі.
Мы прапануем два галоўныя турыстычныя прадукты. Першы шлях пачынаецца ў Рызе. Турысты едуць адтуль аўтобусам у Даўгаўпілс, а далей — у Браслаў, Дзісну, Глыбокае, Полацк, Віцебск, Лепель, Хатынь і Мінск. Адтуль яны едуць у Вільнюс і вяртаюцца ў Рыгу. Увесь шлях займае 7–8 дзён.
Другая рэч, якую мы зараз актыўна прапагандуем, — гэта так званыя «доўгія кароткія выходныя». У гэтым выпадку мы выкарыстоўваем рэйсавыя самалёты да Мінска. У межах праекта мы часткова фінансуем аўтобус, які ідзе далей з Мінска ў Віцебск, Полацк і Хатынь і вяртаецца ў Мінск. На мове турызма гэта завецца «гарантаваны ад’езд». Гэта значыць, што міжнародныя тур-аператары з любой краіны могуць набыць адзін ці два квіткі на гэты аўтобус. І маюць гарантыю - рэйс будзе ў любым выпадку. Гэткі тур пачынаецца ў чацвер і сканчаецца раніцай у панядзелак. Такім чынам можна пабачыць даволі многа цікавых мясцінаў Беларусі за кароткі час і, магчыма, турысты пажадаюць сюды вярнуцца.
Для нас гэткія туры — сродак стварыць цікаўнасць да Віцебскай вобласці. І не толькі для замежных тур-аператараў. Падчас нашай першай сустрэчы ў Полацку да нас прыяжджалі прадстаўнікі турыстычных агенцыяў з Мінска. Нас здзівіла, што для некаторых з іх гэта была першая сустрэча з Віцебскай вобласцю! І гэта ў той час, калі яны адказваюць за ўяздны турызм! Але як ты можаш прадаць нешта, калі ты не бачыў гэта на ўласныя вочы, не адчуў ўсімі сваімі пачуццямі, калі ты папросту нават не размаўляў з людзьмі, якія жывуць у гэтым рэгіёне? Для мяне гэта насамрэч было нонсэнсам.

“Звычайныя Вашы людзі – незвычайныя для турыстаў”...

Ці дзейнічаюць ужо турыстычныя маршруты, якія вы ўзгадалі?
— Я асабіста праехаў па адным з іх, каб усё паспрабаваць на ўласны досвед. Па 10-бальнай шкале гэтае падарожжа я ацаніў на 9,6. Гэта надзвычай высокая адзнака. Ваша краіна не вельмі добра вядомая. А калі і вядомая, то з абсалютна адмоўнага боку. І, як ні дзіўна, гэта ёсць у дадзеным выпадку плюсам. Бо турысты пачуваюць тут сябе сапраўднымі даследчыкамі.
Напрыклад, у першы вечар падарожжа мы прыехалі ў Лепель. Там мы пайшлі ў нейкі рэстаран, дзе неяк нечакана завязаліся добрыя стасункі з мясцовымі жыхарамі. Падчас размовы адзін з месцічаў запытаўся: «А ці можна паглядзець ваш аўтобус, бо мы ніколі ў жыцці такога добрага аўтобуса не бачылі»? І мы адразу ж яскрава адчулі, што тут проста ніколі не было турыстаў! Гэта было сапраўды хвалююча і для нас, замежнікаў, і для мясцовых жыхароў.
Я не стамлюся паўтараць, што вашы людзі — гэта адзін з найвялікшых турыстычных «актываў» Беларусі. Таму падчас сустрэчаў у Полацку я прапанаваў наступны план. Калі, напрыклад, нейкія турысты прыяжджаюць у Полацк, ці нельга арганізаваць так, каб яны патрапілі ў звычайную сям’ю, паабедалі там, пагутарылі з гаспадарамі, хай і з дапамогай перакладчыка. Насамрэч людзей найбольш цікавіць, як жывуць звычайныя людзі, што яны думаюць аб розных баках жыцця, колькі грошай зарабляюць і колькі мусяць плаціць за жытло. Гэта рэчы, якія звычайна абмяркоўваюць усе людзі! І гэткія простыя кантакты — вось што насамрэч каштоўна.

Моўна-адмоўнае

— Ці сутыкнуліся вы з нейкімі праблемамі падчас рэалізацыі праекта? Ці ўсё ішло і ідзе гэтак добра, як вы сабе ўяўлялі?
— Адна з найбольш сур’ёзных перашкодаў — гэта мова. Вельмі мала людзей у Беларусі размаўляюць па-ангельску ці валодаюць нейкай іншай замежнай мовай. А замежныя турысты зазвычай не размаўляюць ні па-расейску, ні па-беларуску. У той жа час, сёння амаль паўсюды ў Еўропе ў любым гатэлі вы знойдзеце чалавека, які размаўляе па-ангельску. Нават калі яго мова не дасканалая, яна дазваляе нармальна стасавацца. У вашым рэгіёне ёсць гатэлі, у якіх уся інфармацыя пададзена па-расейску. Калі бачыш гэта, міжволі пачынаеш сумнявацца, ці патрэбны тут замежныя турысты.
Таксама бракуе знакаў на лацінцы, таму замежнікам бывае цяжка знайсці нешта ці проста не заблукаць.
Ёсць праблемы і з турыстычнай інфраструктурай. Наколькі я ведаю, у Полацку ёсць толькі адзін гатэль. Горад з насельніцтвам 80 тысяч чалавек, які да таго ж імкнецца быць турыстычным цэнтрам, павінен мець пытанне аб інвестыцыях у гатэльны бізнэс на парадку дня.

З візай на Вы... 

Яшчэ адна праблема, якая можа адцягнуць турыстаў ад Беларусі, гэта візы. У Еўропе людзі могуць свабодна вандраваць без аніякіх візаў, а каб патрапіць у Беларусь, віза патрэбна. Яе атрыманне вымагае часу і высілкаў. Прывяду некалькі цікавых лічбаў. За апошні год у Расіі ўяздны турызм са Швецыі скараціўся на 30 адсоткаў. Канкурэнцыя на рынку зараз такая моцная, што вы можаце паехаць у Тайланд, і гэта будзе вам каштаваць танней, чым, скажам, паездка ў Санкт-Пецярбург. Дадайце сюды патрэбу атрымліваць візу — і ўсё, людзі абіраюць іншы напрамак для вандроўкі. А вось Украіна паступіла наадварот, адмяніўшы візы для грамадзянаў Еўрапейскага Звязу. І іх уяздны турызм адразу вырас на 50 адсоткаў! Самі бачыце, наколькі важным пытаннем можа быць візавая палітыка.
Але ёсць рэчы, якія паляпшаюцца. Напрыклад, зараз мяжу паміж Беларуссю і Латвіяй можна прайсці нашмат прасцей, чым раней. У тым ліку і з-за таго, што беларуская мытня ўвяла «зялёны калідор». 

“Турызм падобны да вытворчасці аўтамабіляў “...

— Ці сутыкнуліся вы з нейкімі непаразуменнямі з уладамі ці іншымі вашымі партнёрамі ў Беларусі?
— Мы арганізуем тут інфармацыйныя цэнтры, якія працуюць у Віцебску, Дзісне, Полацку, а таксама ў Даўгаўпілсе. У Полацку гэткі цэнтр дзейнічае на базе універсітэта і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Я ўпэўнены, што іх супрацоўніцтва з тур-аператарамі і бізнэсам дасць вынік, які было б цяжка дасягнуць адным толькі мясцовым уладам. Турызм падобны на вытворчасць аўтамабіляў: у вас ёсць шмат розных частак, якія трэба злучыць разам. І гарвыканкам, і тур-аператар, і гатэль — усё гэта толькі асобныя часткі справы. Усе гэтыя партнёры мусяць працаваць разам, каб справа змянялася да лепшага.
Полацк варты стаць больш прывабным для турыстаў. Трэба разумець, што задача горада — працаваць з чатырма асноўнымі мэтавымі групамі. Па-першае, гэта насельніцтва. Па-другое, гэта бізнэс, які вы ўжо маеце. Па-трэцяе, гэта бізнэс патэнцыйны, які можна мець, і які можа прынесці інвестыцыі. І па-чацвертае, гэта турысты, якія будуць пакідаць тут грошы. Кожная з гэтых груп патрабуе асобнага падыходу, але ёсць шмат агульнай дзейнасці, у якой яны павінны супрацоўнічаць. Гэта шлях да паляпшэння - і гэта менавіта тое, чаго бракуе сёння. 

Андрэй АЛЯКСАНДРАЎ

[email protected]

 
Видео