BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Героі вяртаюцца ў гісторыю

27.09.2007
Героі вяртаюцца ў гісторыю

Беларускі гісторык Уладзімір Арлоў разбурае міты, якія існавалі і існуюць дагэтуль не толькі в беларускіх афіцыйных, але і ў рускіх, літоўскіх і польскіх падручніках па гісторыі.  

— Згодна з распаўсюджаным уяўленьнем, беларусы — гэта народ, які ня ведае ўласнага мінулага, і таму палітыкам лёгка ім маніпуляваць, апэлюючы да гістарычных мітаў…

—Існуе дзьве Беларусі, і кожная зь іх у розных дачыненьнях з гісторыяй. Адна Беларусь пачуваецца спадкаемніцай Савецкага Саюзу.

Шмат для каго з маіх суайчыньнікаў гісторыя іх краю пачынаецца з тых часоў, калі піва каштавала 37 капеек, а гарэлка — тры рублі. Ёсьць таксама другая Беларусь, жыхары якое ведаюць мінулае краіны, маюць сваіх герояў.

Атрымаць гэтыя веды было задачаю складанай і часта пакутлівай. Калі я ў 1970‑х вывучаў гісторыю, ні я, ні мае аднакурсьнікі з гістарычнага факультэту БДУ анічога ня чулі пра шматлікія важныя моманты нашае мінуўшчыны.. Мы былі прадуктамі савецкае адукацыі, у якой замоўчвалася існаваньне Беларускай Народнай Рэспублікі, ніхто нават шэптам ня згадваў пра масавыя рэпрэсіі 1930‑х гадоў. Нашыя прафэсары не адкрылі перад намі гэтае забароненае гісторыі. Сёньня дзень 25 Сакавіка, калі была абвешчаная незалежнасьць БНР, ведаюць ужо амаль усе. Безумоўна, большасьць пакуль не сьвяткуе гэты дзень, аднак ён вярнуўся ў народную памяць, то бок нейкі прагрэс ёсьць.

— Як навучалі гісторыі ў савецкай школе?

—Што да Беларусі, дык савецкая гістарыяграфія была пераемніцаю гістарыяграфіі царскай. Беларуская гісторыя заўсёды разглядалася праз прызму імпэрскіх мітаў. Беларусы, маўляў, — малодшыя браты расейцаў, яны ня маюць права на дзяржаўнасьць, мову. У гэтай гісторыі не было месца героям, якія змагаліся за эўрапейскія каштоўнасьці. Я вырас у Полацку, а ня ведаў пра тое, што цар Іван Жахлівы, захапіўшы наш горад, зьнішчыў каталікоў і габрэяў, а 50 тысячаў праваслаўных пагнаў углыб Расеі. На ўроках і лекцыях нам апавядалі, што цар вызваліў Полацак ад палякаў і літоўцаў. Замоўчвалася, што гісторыя стасункаў Расеі ды Беларусі — гісторыя бясконцых войнаў, якія распачалі¬ся ў 1492 годзе й доўжыліся ажно да канца XVIII стагодзьдзя, калі мара расейскіх валадароў пра заваёву Беларусі зьдзейсьнілася. У школе не вывучалі Інфлянцкай вайны, не вывучалі найстрашнейшай вайны 1654—1667 г. Беларусь страціла тады палову насельніцтва, сваю эліту, шляхту, мяшчанства. Гэта была дэмаграфічная, эканамічная, культурная катастрофа, ад якой краіна не адышла дагэтуль. Якраз тут мне бачацца карані нашых сучасных балючых праблемаў.

За тры гадзіны аўтобусам ад Полацку знаходзіцца славутае дзякуючы Пушкіну сяло Міхайлаўскае. У школе мы штогод езьдзілі туды на экскурсіі. Усё там я ведаў напамяць, сам мог быць гідам. Затое ніколі не зрабілі нам экскурсіі па Полацку, не распавялі пра Сафію.

—Згадка пра існаваньне сярэднявечнага Полацкага княства супярэчыла б тэорыі пра адзіную Русь — праайчыну ўсіх усходніх славянаў?

—За царом, як і за саветамі, папулярызавалася тэза, што мы ніколі ня мелі ўласнае дзяржаўнасьці. А між тым Полацкае княства займала большую частку сучаснае Беларусі і адпавядала ўсім крытэрам дзяржавы. У нас была ўласная дынастыя Рагвалодавічаў, дынастычныя сувязі зь Бізантыяй. Савецкая гістарыяграфія імкнулася выкрасьліць усе нашы значныя постаці тых часоў. Напрыклад, сьвятая Эўфрасіньня Полацкая ў ХІІ стагодзьдзі была адною з самых адукаваных жанчынаў у Эўропе. У школьным падручніку яна не была згаданая ніводным словам, як і ў падручніках унівэрсытэцкіх. Акадэмічная «Гісторыя Беларусі» налічвала ажно пяць тамоў, але пра Эўфрасіньню маўчала. Наш выкладчык сказаў толькі, што яна была царкоўнаю цемрашалкаю, а яе дзейнасьць — опіюмам для народу. І тое добра, што пачулі яе імя, і маглі самі даведацца, кім яна была насамрэч. Канспэктавалі ўсё, што дыктаваў прафэсар, а пасьля шукалі па розных кнігах, каб дакапацца хоць да якой праўды. Калі ў мяне дрэнны настрой, дастаю тыя канспэкты, чытаю і кладуся ад сьмеху.

—Наколькі небясьпечным для Беларусі зьяўляецца міт пра адзіную Русь?

— Ён — наша найвялікшае няшчасьце. Хоць існаваньне старажытнарускага народу не пацьвярджаюць ані археалягічныя, ані этнаграфічныя, ані антрапалягічныя дасьледаваньні, стэрэатыпы, якія моцна сядзяць у галовах беларусаў, выкарыстоўваюцца прыхільнікамі далучэньня нашага краю да Расеі. Расейскія палітыкі, як правыя, так і левыя, перакананыя, што незалежныя Ўкраіна й Беларусь—гістарычная памылка. І належыць гэтую памылку як найхутчэй выправіць.

Міт пра адзіную Русь мусіць апраўдаць прэтэнзіі Расеі на ўкраінскія ды беларускія землі. Хаця ля вытокаў гісторыі усходнеславянскіх дзяржаваў стаялі тры цэнтры: Полацак, Кіеў і Ноўгарад. Сымбалічнае значэньне ім надавалі тры Сафіі, пабудаваныя ў тых гарадох на ўзор — ня толькі архітэктурна, але й ідэалягічна — сьвятыні ў Канстанцінопалі. Трагедыяй гэтых трох асяродкаў сталася зьяўленьне чацьвертага: Масквы. У Ноўгарадзе разьвіўся асобны этнас, які Масква зваявала і фанатычна зьнішчыла. Падобны лёс рыхтаваўся і нам. Беларусы ня мелі права назвацца самастойным народам. Нам зьмянялі нават імёны. Тамаш рабіўся Фамой. Расейцы стваралі й іншыя міты пра Беларусь. Але міт пра тое, нібыта беларусы яшчэ з часоў Кіеўскае Русі былі часткаю расейскага народу, —найважнейшы і эксплюатуецца дагэтуль.

—Да такой ступені, што частка беларусаў перакананая, нібыта беларускія землі ў XIII ст. знаходзіліся пад татарскім ярмом?

—Так, нават сёньня нібыта сур’ёзныя людзі часам гавораць, што без дапамогі Расеі беларусы не вызвалі¬лі¬ся б ад татарскага прыгнёту. Хаця ніколі беларусы пад ім не былі. Тое, што нашыя землі пазьбеглі мангольскае навалы — адна з найважнейшых адметнасьцяў нашае гісторыі. Татарскае ярмо было трагедыяй для расейскіх земляў, якія страцілі праз гэта шанцы на прыналежнасьць да эўрапейскае культуры.

Да XIII ст. у рускіх княствах існавалі дэмакратычныя традыцыі, але пасьля 250 гадоў мангольскага панаваньня ў расейскай сьвядомасьці адбыліся сур’ёзныя зьмены. Паводле азіяцкага ардынскага досьведу Масква і сфармавала сыстэму ўлады. Беларусы ж фармаваліся ў абсалютна іншых умовах.

—Якія яшчэ падманкі ўжывала расейская й савецкая гістарыяграфія, каб даказаць тэорыю пра адзіны народ?

—Нас кармілі байкаю, нібыта Расея ня мела калёніяў. А гэта была каляніяльная імпэрыя, толькі калёніі знаходзіліся не за морам, як у Брытаніі, а каля мяжы. Тое, што значную частку калёніяў засялялі славянскія народы, палегчыў зьнішчэньне іх памяці. Падкрэсьлівалася, што беларусы заўсёды марылі пра тое, як бы паяднацца з старэйшым братам у адзінай дзяржаве. Маё пакаленьне расло з гэтым перакананьнем. Каб гэты міт мог функцыянаваць, неабходна было замоўчваць цэлыя стагодзьдзі гісторыі, калі Беларусь знаходзілася пад уплывам заходняе цывілізацыі. Маніпулявалі нават біяграфіяй Францішка Скарыны. Яго Біблія была надрукаваная ў 1517—1519 гг. па‑беларуску і зьяўляецца чацьвертаю друкаванай нацыянальнай Бібліяй у сьвеце. У школе мы чулі пра Скарыну, але расказвалі нам пра яго такім чынам, каб мы не разумелі сапраўдных маштабаў гэтай асобы. У адным з падручнікаў было напісана, што Скарына працягваў працу расейскага першадрукара Івана Фёдарава. Фёдараў выдаў першую расейскую кнігу ў 1564 г., але ж наш друкар ня мог быць першым, на гэта меў права толькі расеец.

—Апазыцыйна й празаходне настроеныя беларусы надаюць вялікае значэньне бітве пад Оршаю (1514 г.), не хаваючы, што напамін пра перамогу над маскоўскім войскам мусіць паслужыць нацыянальнай ідэі, паводле якой вораг заўсёды на ўсходзе.

—На захадзе таксама хапала непрыяцеляў… А сьвяткаваньне гадавіны гэтае Аршанскае бітвы дапамагае разбураць міт, нібыта на расейскіх землях жылі нашыя браты, якія несьлі нам спакой і вечна нас вызвалялі. Акрамя таго, нам неабходныя нацыяўтваральныя ідэі. Нашае грамадзтва занадта доўга засвойвала міты, якія ўтваралі комплекс непаўнавартасьці.

Дарэчы, у Польшчы бітва пад Оршаю разглядаецца як баталія з удзелам польскіх войскаў, хаця войскаў Кароны там не было, толькі аддзелы палякаў‑наймітаў. Гэта войска Вялікага Княства Літоўскага разьбіла расейцаў.

—То бок, адказныя за такі стан рэчаў ня толькі расейцы. Да гэтага спрычыніліся таксама польскія аўтары і дзеячы літоўскага адраджэньня?

—Адзін зь мітаў— месца беларусаў у ВКЛ. У школе й ва ўнівэрсытэтах нам убівалі ў галовы, што ВКЛ узьнікла шляхам заваёвы славянскіх земляў літоўцамі. Але ж Княства паўстала на нашых землях. Першаю сталіцаю дзяржавы быў Наваградак, які знаходзіцца ў самым цэнтры сучаснае Беларусі. Там каранаваўся князь Міндоўг. Безумоўна, ува ўтварэньні ВКЛ удзельнічалі й балты, але ня шляхам заваёвы. Гэта быў пераважна мірны працэс.

—Гісторык Генадзь Сагановіч пісаў, што ў 1991—1994 гг. беларускія гісторыкі дапусьцілі шмат спрашчэньняў адносна гісторыі ВКЛ, пераацэньваючы яго значэньне.

—Цалкам верагодна, алепасьля дзесяцігодзьдзяў маўчаньня й забароны тых тэмаў, гэта падаецца зразумелым. Я не прыхільнік тэзы, што толькі беларусы маюць права на спадчыну ВКЛ, але падкрэсьлю, што нашыя продкі былі найбольшай паводле колькасьці народнасьцю, якая насяляла гэтую зямлю. Яны ад X ст. мелі свае гарады, пісьменства й хрысьціянскую рэлігію. Балты — продкі сучасных літоўцаў — за часамі Вітаўта ледзь складалі 5%. Ня мелі сваіх гарадоў, не былі хрысьціянамі, ня мелі пісьменства. У сучаснай эўрапейскай гістарыяграфіі назіраецца такая тэндэнцыя: пішуць, што Літва існавала ўжо ў X ст., а беларусы зьявіліся ў XVI ст. Гэта «заслуга» літоўскіх гістарыёграфаў.

Але літоўскі прыклад даказвае, што на аснове моцнага нацыянальнага міту можна сфармаваць нацыю. Калі пасьля 1918 г. зьявілася незалежная дзяржава, міты, створаныя ідэолягамі літоўскага адраджэньня, трапілі ў падручнікі. Некалькі пакаленьняў выхоў¬ваюцца на іх і сёньня імі прасякнутыя. Друкуецца, напрыклад, кніга «Літоўскія замкі», а там Кіеў, Полацак…

—Вас можна папракнуць у тым, што Вы агістарычна расьцягваеце паняткі «Беларусь» і «беларусы» ў часе й прасторы.

—Лічу гэта правамерным, бо ліцьвінамі называліся тады ўсе жыхары нашых земляў. Назва Беларусь замацавалася толькі на пачатку XX ст.

Якая мова была ў ВКЛ дзяржаўнаю, на якой мове былі напісаныя яго статуты? Калі пытаем у літоўскіх гісторыкаў, кажуць, што гэта нейкая «славянская мова». Аднак бясспрэчным зьяўляецца тое, што моваю вялікакняскай канцылярыі была старабеларуская, а не літоўская. Законы пісаліся па‑беларуску, і паседжаньні соймаў таксама праходзілі на гэтай мове. Калі савецкая Расея падпісала ў 1920 г. дамову зь незалежнаю Літвою, літоўцы запатрабавалі, каб ім вярнулі Мэтрыку (архівы канцылярыі) ВКЛ. Беларускі гісторык Мітрафан Доўнар‑Запольскі, які быў запрошаны ў групу экспэртаў, прапанаваў вярнуць літоўцам усе дакумэнты, напісаныя па‑літоўску. Іх не знайшлося. Былі акты пераважна па‑беларуску, а таксама па‑польску, на лаціне й па‑нямецку.

— Беларуская культура ў часы Рэчы Паспалітай, а таксама пасьля яе падзелаў фармавалася ў ценю поль¬скае. Гэта, мабыць, таксама ўплывала на бачаньне мінулага гэтае зямлі — усё, што было зьвязанае з вышэйшаю культураю, лічылася польскім.

— Гэта чарговы міт, паводле якога беларусы былі выключна мужыцкім народам, пазбаўленым арыстакратыі. Кім, у такім выпадку, была Магдалена Радзівіл, якая падтрымлівала беларускае нацыянальнае адраджэньне? А Раман Скірмунт ці Эдвард Вайніловіч, фундатар Чырвонага касьцёлу ў Менску? Сюды ж далучаецца міт пра нейкую дзіўную санлівасьць нашага народу, які нібыта ніколі ня мог наважыцца на актыўны супраціў, а ўсе антырасейскія паўстаньні былі дзеямі польскай нацыі. Аднак жа беларусы разам з палякамі й літоўцамі тройчы ўздымалі паўстаньні. У 1794 г. і ў 1830 — 1831 гг змаганьне ішло яшчэ за адра¬джэньне Рэчы Паспалітае ў старых межах, але ў 1863 г. у паўстанцкіх аддзелах змагаліся людзі, якія думалі пра самастойнасьць Беларусі. Кастусь Каліноўскі выдаваў газэту «Мужыцкая праўда» па-беларуску. Пэрыяд паўстаньня быў вельмі важным для беларускага нацыянальнага адраджэньня.

— Сёньня Каліноўскі трактуецца як галоўны герой, змагар за незалежнасьць. У якой ступені быў сьвядомы ягоны нацыяналізм?

— Ва ўнівэрсытэце мяне вучылі, што Каліноўскі быў палякам, які гуляў у беларушчыну дзеля сваіх мэтаў. Цяпер некаторыя цьвер¬дзяць, што постаць Каліноўскага міталягізаваная й беларускага нацыяналіста зь яго робяць сілком. Але Каліноўскі выдаваў газэту па‑беларуску, а перад стратаю напісаў свой запавет — «Ліст з‑пад шыбеніцы» таксама па‑беларуску.

— Міхаіл Мураўёў, аднак, загадаў яго павесіць як паляка й каталіка.

— Бо ў інтарэсах расейцаў было абвясьціць, што Каліноўскі паляк. Сталін цынічна казаў: «Ёсьць чалавек — ёсьць праблема, няма чалавека — няма праблемы». Тое самае можна сказаць і пра народ. Я не прыхільнік марксізму, аднак ягоныя клясыкі трапна назвалі Расейскую імпэрыю турмою народаў.

— Каліноўскі стаў ўзорам для моладзі, апазыцыйнай Лукашэнку, але няўжо няма шанцаў, каб ён стаўся агульнанацыянальным героем?

— Магчыма, ёсьць. Ня ведаю, калі мы дачакаемся помніка ў Менску, але за савецкімі часамі імем Каліноўскага хаця б назвалі вуліцу. На пачатку незалежнасьці ў сыстэме дзяржаўных узнагародаў зьявіўся ордэн Кастуся Каліноўскага — адзін з найвышэйшых. Сёньня гэтай узнагароды ўжо няма. У канцы 1990‑х, уключыўшы радыё, я даведаўся, што Каліноўскі быў тэрарыстам, а яго рукі заплямленыя мужыцкаю крывёю.

— Сымбалем, да якога апэлюе дэмакратычная частка беларусаў, зьяўляецца Беларуская Народная Рэспубліка. Канец Першае сусьветнае вайны—шчасьлівы момант атрыманьня незалежнасьці народамі Цэнтральнае і Ўсходняе Эўропы. У беларусаў гэта не атрымалася. Спроба ўтварэньня дзяржавы, якая праіснавала ўсяго некалькі месяцаў, шануецца беларусамі. Ці ня маем тут справы зь міталягізацыяй БНР?

—25 сакавіка — найважнейшая дата ў гісторыі Беларусі XX ст. Безь яе немагчыма было б мець тое, што мы маем сёньня. Калі б не была абвешчаная БНР, бальшавікі ніколі б не далі дазволу на стварэньне БССР. Безумоўна, незалежнасьць БССР была фікцыяй, але, урэшце, мы ўваходзілі ў ААН, у нашай назьве было слова «Беларусь». У 1991 г. гэта вельмі дапамагло атрымаць незалежнасьць. Каб не БНР, нас не было б сёньня на палітычнай мапе сьвету.

— Палякі сёньня ня вельмі хочуць згадваць становішча, у якім знаходзілася беларуская меншасьць у Рэчы Паспалітай.

— Палякі лічылі нашую гісторыю часткаю сваёй і таксама спрычыніліся да пазбаўленьня беларусаў гістарычнае памяці. У XX ст. Польшча, атрымаўшы незалежнасьць, пачала змагацца зь беларускім нацыянальным адраджэньнем. Зачыняліся беларускія школы. Засталася толькі адна гімназія ў Вільні. За нацыянальныя погляды кідалі ў вязьніцу. Палякі ішлі на такія брутальныя меры, як стварэньне канцлягеру ў Бярозе‑Картускай. Празь яго прайшлі тысячы беларусаў. Аднак у Польшчы, адрозна ад БССР, не расстрэльвалі.

— Савецкі пэрыяд, пасьля непрацяглай беларусізацыі 1920‑х, прынёс чарговы заняпад беларускае культуры. Была ліквідаваная амаль уся беларуская інтэлігенцыя. Гэта ўкладалася ў агульнае рэчышча сталінскага тэрору, ці за гэтым хавалася нешта большае?

—Гэта быў генацыд. Была сытуацыя, калі ў 1939‑м з 700 літаратараў на волі засталося ўсяго 7. У нас адабралі гісторыю і яе герояў, нацыянальныя сымбалі, зьнішчылі амаль усю эліту. Вынішчалі людзей, якія змагаліся за беларускі правапіс…

— Маштаб тых злачынстваў дасёньня фальсыфікуецца.

—У 1995 г. у энцыкляпэдычным даведніку «Беларусь» у артыкуле пра Курапаты адзначалася, што там НКВД у 1930‑я расстрэльвала бязьвінных жыхароў Беларусі. Падавалася і лічба ахвяраў, якая, паводле дадзеных яшчэ савецкай урадавай камісіі, складала ад 30 да 100 тысячаў. Праз дзесяць гадоў выйшаў адпаведны том «Беларускай энцыкляпэдыі». Разгарнуў яго і чытаю, што ў Курапатах расстрэльвалі ці то фашысты, ці то НКВД. І ні слова пра колькасьць ахвяраў. У той самай энцыкляпэдыі 1995 г. ёсьць інфармацыя пра Слуцкае паўстаньне й цытата з рэзалюцыі зьезду Случчыны, які абвяшчалася часткаю БНР. Тамсама быў засьведчаны намер арганізаваць збройны чын у абарону незалежнасьці. У пазьнейшай энцыкляпэдыі артыкул пра Слуцкае паўстаньне старанна адрэдагаваны.

— Сучасная Беларусь таксама мае праблемы з нацыянальнымі героямі. На банкнотах няма постацяў. На пачатку 1990-х там былі зайцы, рысі ды іншыя зьвяры, цяпер — будынкі. Немагчыма знайсьці колькі постацяў, зь якімі б сябе ідэнтыфікавалі і грамадзтва, і ўлады?

— Былы кіраўнік Нацыянальнага Банку Станіслаў Багданкевіч сьцьвярджае, што валюта з выявамі Эўфрасіньні Полацкай і іншых нашых нацыянальных герояў была надрукаваная. Гэтыя грошы недзе на складох чакаюць лепшых часоў…

Гутарылі Анджэй Бжазецкі і Малгажата Ноцунь, журналісты польскай газэты «Тыгоднік паўшэхны»

Хартыя`97
Видео