BE RU EN
rss facebook twitter

У Мінск зноў збіраецца прыехаць Том Стопард.

24.08.2007
У Мінск зноў збіраецца прыехаць Том Стопард.

«Кожная краіна павінна ганарыцца такімі таленавітымі людзьмі, як акцёры «Свабоднага тэатра», – заявіў у інтэрв`ю БелаПАН вядомы ангельскі драматург Том Стопард, каментуючы затрыманне ў Менску акцёраў і гледачоў незалежнага беларускага тэатральнага калектыву. Драматург паведаміў, што неўзабаве мае намер наведаць Беларусь.  

Нагадаем, што ўвечары 22 жніўня ў Менску міліцыяй былі затрыманыя акцёры і гледачы «Свабоднага тэатра», якія прыйшлі на прэм`ерны паказ спектакля «11 кашуль». Гэта адбылося ў прыватным доме ў раёне плошчы Бангалор. Ва УУС Савецкага раёна былі дастаўленыя каля 50 чалавек, у тым ліку пяць замежных грамадзян – два галандцы і тры французы. Апошнія – кіраўнікі французскага тэатра-студыі «Артфотвиль». Акрамя таго, у міліцыю патрапілі трое дзяцей да сямі гадоў, якія прыйшлі на прэм`еру з бацькамі. Усе затрыманыя напісалі тлумачальныя запіскі і былі адпушчаныя позна ўначы.

«Я быў вельмі ўстрывожаны, калі позна ўначы атрымаў паведамленне ад Мікалая (кіраўніка «Свабоднага тэатра» Мікалая Халезіна – БелаПАН.) пра арышт акцёраў і гледачоў. Да шчасця, іх даволі хутка адпусцілі», – сказаў Том Стопард. Драматург не стаў каментаваць дзеянні беларускіх улад, растлумачыўшы, што «знаходзіцца далёка, і не зусім разумее» сітуацыю, якая склалася ў Беларусі.

Ён таксама паведаміў, што неўзабаве мае намер наведаць Беларусь.

Пры гэтым Том Стопард назваў трупу «Свабоднага тэатра» «дзіўнай». «Я бачыў іх выступы ў Парыжы, у Лідсе, іншых гарадах. Кожная цывілізаваная краіна рада запрасіць на гастролі такіх таленавітых людзей», – сказаў драматург.

Варта адзначыць, што ў Беларусі «Свабодны тэатр», створаны каля двух гадоў таму, не мае ні ўласнай сцэны, ні памяшкання для рэпетыцый, ні фінансавання. Яго паказы праходзяць на розных пляцоўках, прычым у пазбяганне інцыдэнтаў з міліцыяй, як правіла, шырока не афішуюцца. У творчым багажы калектыву – сем спектакляў і ўдзел у прэстыжных міжнародных фэстах. У красавіку гэтага года «Свабодны тэатр» быў прыняты ў Еўрапейскую тэатральную канвенцыю.

Хартыя`97

Видео