BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Міхаіл Баярын: Мысленне — гэта разрыў у быцці, які паступова запаўняецца мовай

01.12.2015 Павел Баркоўскі, Лятучы ўніверсітэт
Міхаіл Баярын: Мысленне — гэта разрыў у быцці, які паступова запаўняецца мовай
Свой взгляд
2 снежня, у сераду, у межах серыі "Галоўнае пытанне" Лятучы ўніверсітэт ладзіць лекцыю філосафа, паэта, эсэіста Міхаіла Баярына "Крытыка эмацыйнага розуму".

Напярэдадні з лектарам пагутарыў філосаф Павел Баркоўскі.

Павел Баркоўскі: Калісьці напрыканцы XIX стагоддзя выбітны нямецкі мысляр Фрыдрых Ніцшэ паставіў дыягназ еўрапейскай культуры, сказаўшы, што яна пайшла хібным шляхам, бо цалкам страціла эмоцыі і пачуцці. Тое, пра што ты будзеш казаць у лекцыі, — гэта працяг cказанага Ніцшэ ці нешта адваротнае?

Міхаіл Баярын: Ёсць даўняя барацьба, супрацьстаянне паміж розумам і пачуццямі. Пачуцці авалодваюць розумам, а розум імкнецца ўзяць пачуцці пад сваю ўладу. Філасофія так ці інакш заўжды іграла на баку розуму. І хаця мэтай заўжды быў пераўзыход пачуццяў, стратэгіі яго дасягенння былі рознымі.

Я буду казаць пра два запаветы пераўзыходу пачуццяў у філасофскай традыцыі свету: аскетычны і містэрыяльны. Першы з іх — гэта запавет пераўзыходжання пачуццяў праз іх зраўнанне. Розум мае стаць вышэй за пачуцці, зраўнаўшы іх. Такім чынам ён падначаліць іх, дасягнуўшы бясстрасця і спакою. Найбольш яскрава гэты запавет выражаны ў старажытна-індыйскай філасофіі йогі.

Другі запавет мае наўвеце трансфармацыю пачуццяў у існасць іншага, вышэйшага парадку алхімічным шляхам эмацыйнай містэрыі. Гэты запавет бярэ пачатак у дыянісійскіх і элеўсінскіх містэрыях. У індыскай традыцыі ён мае пэўны адпаведнік у тантрычных практыках.

Ніцшэ ў гісторыі еўрапейскай філасофіі быў якраз тым, хто ўзнавіў гэты дыянісійскі, містэрыяльны запавет. Ягонае мысленне — гэта свядомы тэатр эмоцый. З аднаго боку, яго філасофія ўпершыню грае на баку пачуццяў. З другога боку, яна ў той жа час грае і супраць пачуццяў — бо мараль, дабро і зло — гэта эмацыйныя катэгорыі.

— Добра, а якая эмоцыя зараз штурхае цябе разбірацца з эмоцыямі?

— Мая эмоцыя ў філасофііі — гэта геданізм, эмоцыя асалоды і шчасця. Філасофскае мысленне прыносіць асалоду, недасяжную іншым чынам. Калі ў музыцы мяне захапляе эмоцыя адвагі, то мысленне і паэзія зыходзіць толькі з перапаўнення, пачуцця збытку, быцця на версе быцця.

— Хацелася б пачуць ад цябе кароткую рэмарку ці вызначэнне таго, што для цябе зараз мысленне — гэта больш Эмоцыя? Рацыо, Логас?

— Шчыра кажучы, я бы не сказаў, што займаюся менавіта мысленнем. Сам гэты механічны працэс розумазаключэнняў для мяне не з’яўляецца ні мэтай, ні каштоўнасцю. Тое, што стаіць перад мысленнем і пасля яго, з чаго яно паўстае і ўва што вынікае, — гэта для мяне сапраўды каштоўна.

Мысленне — гэта разрыў у быцці, які паступова запаўняецца мовай. Я гляджу на ўсім вядомую відавочнасць — напрыклад, на эмоцыі — пакуль у ёй не ўтвараецца разрыў. Ён запаўняецца пытаннямі і адказамі, і ў выніку ўзнікае новае, тое, чаго тут раней не было, ніяк не абумоўленае наваколлем. Эмоцыі безумоўна стаяць перад мысленнем і пасля яго, гэта намер, з якім думаецца кожная думка, робіцца кожны ўчынак, гэта тое, чым яны пасля тлумачацца і разумеюцца.

— Ці можна так казаць, што цябе больш хвалюе прагматыка дзеянняў? Ці нешта іншае?

— Мяне, безумоўна, хвалюе праграматыка, але ў асаблівым мэтафізічным сэнсе. Тэорыя сэнсу, якую я распрацоўваю — актыка — гэта тэорыя дзеяння. Аднак, тут яно паўстае не ў звыклым сэнсе, як нешта, на што можна "паказаць пальцам". Гэта якраз тое, на што "паказаць пальцам" нельга. Мы звычайна блытаем дзеянне і яго малюнак, рух і ягоную выяву. Эмоцыя, дарэчы, па-лацінску якраз і азначае "вырух" — тое, з чаго ўзнікае рух.

— У еўрапейскай традыцыі так склалася, што, калі мы кажам пра дзеянне, мы звычайна маем на ўвазе нейкі інтэлектуальны план, які яму папярэднічае. То бок за кожным дзеяннем стаіць думка, мысленне, а дзеянне — гэта вынік, плён гэтай думкі: чалавек нешта задумаў — чалавек нешта зрабіў. Ты аспрэчваеш гэтую паслядоўнасць?

— Ёсць два асноўныя гледзішчы на дзеянне. Паводле першага — дзеянне ўтвараецца яго ўдзельнікамі, гэта тое, што ўзнікае паміж, напрыклад, суб'ектам і аб'ектам. Розныя дзеянні такім чынам — гэта проста розная камбінацыя ўдзельнікаў. Паводле другога — якраз дзеянне ўтварае сваіх удзельнікаў, і суб'ект і аб'ект, і ўсе іншыя катэгорыі.

З майго гледзішча, дзеянне — гэта падставовая катэгорыя, за якой нічога не стаіць, толькі разрыў у першаснай паўнаце, які яго спараджае. Дзеянне першаснае і чыстае. Гэта з яго паходзіць усё астатняе. Яно адпачатку не мае ні мэты, ні прычыны, бо прычына і мэта — гэта толькі тое, што яно ўтварае. Гэта рух утварае супрацьлегласці, адкуль і куды. Гэты чысты рух пераўтвараецца далей ува ўсё.

— Але, магчыма, у тваім разуменні дзеянне ўтрымлівае і момант мыслення ці не?

— Мысленне — гэта пэўная лінгвістычная механіка. Перад тым як з’явіцца мысленне, павінна яшчэ з’явіцца мова. Ад з‘яўлення дзеяння да з’яўлення мовы трэба яшчэ прайсці вельмі вялікую адлегласць. І гэтая адлегласць не лінейная — яна шматузроўневая і іерархічная, вельмі складана арганізаваная. Мысленне не перад мовай, а пасля яе. Мова, у прынцыпе, можа ўзнікнуць і без мыслення, а мысленне без мовы ўзнікнуць не можа.

— А калі ўсё ж такі не мысленне, не нейкі інтэлектуальны план, што тады наогул можа спараджаць дзеянне? Ці яно паўстае зусім спантанна і выпадкова?

— У чалавечым свеце — адно дзеянне спараджае другое дзеянне. А вось што спараджае першае дзеянне — гэта вялікая загадка мэтафізікі, прычына ўсіх прычын, першы рухавік, пачатак усіх пачаткаў. Нашае мысленне ўлады над ім не мае. Гэта зваротная праекцыя розуму, у яго межах існуюць прычына і наступства — і лінгвістычна нішто не замінае запытацца пра прычыну і наступства розуму.

Мы спрабуем нечым абмежаваным пакрыць бязмежнае. І тут не знаходзім іншай мэтафары за эмоцыю. Мы пытаем: як узнікла ўсё, калі нічога не было? — І адказваем: захацела і ўзнікла. І гэта зусім не выпадкова, што мы размяшчаем пачуцці ў пачатак мэтафізікі і тэалогіі. Што ўнізе, тое і ўверсе. Калі тут усё пачынаецца з эмоцыі, то і там адбываецца тое самае.

Эмацыйны розум мысліць эмацыйна. Старагрэцкія багі — гэта ўвасобленыя пачуцці. На пачатку мэтафізікі Платона ёсць ідэя Дабра. А еўрапейскі хрысціянскі Бог, як вядома, — гэта Любоў, галоўнае пачуццё. Нам жа немагчыма ўявіць сабе неэмацыйнае Дабро, неэмацыйную Любоў.

— Наколькі я разумеў цябе раней, у чалавечым вымярэнні дзеянне так ці інакш павінна суправаджацца, калі не мысленнем, то нейкай базавай эмоцыяй, якая гэтае дзеянне вызначае пэўным чынам…

— Мы практычна не можам знайсці нічога чалавечага, што б не было агорнута эмоцыяй. А калі мы знаходзім такое, то не лічым гэта вышэйшым за эмоцыі. Бо ўласна лічыць вышэйшым — гэта само па сабе эмоцыя.

Мы па-сутнасці стварылі штучнае мысленне, якое падставова не з'яўляецца эмацыйным — гэта працэсар. Але якраз таму, што ён не здольны на эмоцыі, мы лічым яго не вышэйшым, а ніжэйшым за эмацыйны розум. Гэта цяпер фундаментальная задача — як навучыць штучны розум адчуваць эмоцыі і прыгэтым не проста сімуляваць іх. Як стварыць эмацыйны працэсар. То бок, калі мы нарэшце атрымалі цалкам неэмацыйны розум, нібыта пераўзыйшлі пачуцці — ён падаўся нам не вышэйшым, а ніжэйшым за чалавека.

Чалавечы розум — гэта ў прынцыпе эмацыйны розум. Праблема ў тым, што разам з запаветамі пераўзыходу пачуццяў мы ўспадкавалі і знявагу да пачуццяў. Сама па сабе пастаноўка розуму вышэй за пачуцці, пагарда да пачуццяў — гэта эмоцыя. Лічыць адны пачуцці, напрыклад, цвердыя і мужныя лепшымі за іншыя, напрыклад, мяккія і пяшчотныя, абражаць іх розным чынам — гэта ўсяго толькі эмоцыі. Кожная прыстаўка "усяго толькі", "проста" да любога іншага слова — ні што іншае як эмоцыя. Мы лічым, што адны эмоцыі лепшыя за іншыя, але ўсё гэта адбывааецца на адным узроўні.

— А хіба псіхааналітыкі не навучылі нас наадварот — прыслухоўвацца да кожнай сваёй эмоцыі, пеставаць у сабе нейкія свае комплексы, розныя памкненні? Хіба гэта не ёсць зваротам да эмоцыі ў ХХ стагоддзі?

— Я бы не сказаў, што псіхааналіз насамрэч звяртаецца да эмоцый. Шчыра кажучы, я нават не магу зараз прыгадаць нейкую плынь псіхалогіі, якая б насмрэч займалася менавіта эмоцыямі. Не як вынікам пэўных цялесных зменаў, а як падставовай мовай псіхікі. Калі ўявіць псіхіку як тэатр пачуццяў, у выніку можа з'явіцца зусім іншая тэрапія.

У аснове кітайскай мэдыцыны, напрыклад, знаходзіцца канцэпцыя пяці першаэлементаў, якія бясконца спараджаюць і знішчаюць адно аднаго. Кітайскі медык выбудоўвае стратэгію лекавання, маючы на ўвазе правілы гэтай мовы. Гэтаксама можна працаваць і з эмоцыямі, яны гэтаксама спараджаюць іншыя эмоцыі і знішчаюць іх.

— Твой праект апошняга часу, пра які ты ўзгадваў, — актыка, тэорыя дзеянняў — мае сваім развіццём новую тэорыю маўлення — Свамову. Яны маюць на ўвазе таксама выхад на новую спробу сімвалічна-семантычнага апісання свету дзеля выражэння ў тым ліку эмоцыяй, а не толькі нейкіх інтэлектуальных, мысленчых здабыткаў? Ці гэта цалкам не звязаныя для цябе праекты?

— Свамова — гэта не тэорыя маўлення, гэта новы ідэал беларускай мовы, які мы прапануем беларускай культуры замест мадэрнага ідэалу мовы літаратурнай. Ёсць пэўнае застыванне энергіі ў нашай культуры, мове, мастацтве, палітыцы. У яго аснове — пэўны крызіс нацыяналізму. Перш за ўсё, гэта звязана з тым, што мы пераблыталі нацыяналізм і еўрапеізм, паставіўшы паміж імі знак роўнасці.

Аснову нацыяналізму складае падставовая эмоцыя самастойнасці, суб'ектнасці народу. А ідэалогія еўрапеізму — гэта прыняцце зверхнасці еўрапейскіх стандартаў. Паставіўшы паміж імі знак роўнасці мы губляем суб'ектнасць. Нас пакідае энергія самастойнасці і чакае заўчасная старасць.

Нам зараз перадусім неабходна вялікая ін'екцыя эмоцыі самасці. Свамова — гэта і ёсць эмоцыя самастойнасці ў мове, гэта ідэя чыстай беларускай мовы, якая зыходзіць сама з сябе, будуецца на аснове ўласнай граматыкі, а не на лацінскім стандарце. Гэта, з аднаго боку, кульмінацыя традыцыі беларускага моўнага пурызму, а з другога — яго пераўзыходжанне.

Такім чынам, адкрытая лекцыя Міхаіла Баярына "Крытыка эмацыйнага розуму" адбудзецца ў сераду, 2 снежня, пачатак у 18.30.

Слухачоў просім папярэдне зарэгістравацца. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.

UPD.: Відэазапіс адкрытай лекцыі:

Гл. таксама справаздачу аб адкрытай лекцыі

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео