BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Алег Дзярновіч: Я за творчую інтэрпрэтацыю гісторыі

17.11.2015 Аляксей Чубат, Лятучы ўніверсітэт
Алег Дзярновіч: Я за творчую інтэрпрэтацыю гісторыі
Свой взгляд
18 лістапада 2015 года ў межах серыі "Галоўнае пытанне" Лятучага ўніверсітэта пройдзе адкрытая лекцыя гісторыка Алега Дзярновіча.

Мінулае заўсёды авеяна міфамі, і чым глыбей мы зазіраем у гісторыю, тым больш іх знаходзім. Міфалагізуюцца не толькі старажытныя асобы — такія, як Міндоўг, — але і героі гісторыі, якой трошкі болей за сто пяцьдзесят гадоў.

Назва адкрытай лекцыі Алега Дзярновіча "Каліноўскі ў Менску: старажытны горад, "сялянскі правадыр" і пачаткі беларускага кінематографа. Як нам прымірыцца з ўласнай гісторыяй?" адсылае найперш да кінематаграфічных інтэрпрэтацый. Але якім чынам кіно дае адказы прафесійнаму гісторыку? І ці патрэбныя навуцы міфілагізаваныя героі? Гэтыя і іншыя пытанні Аляксей Чубат задае лектару.

— Алег Іванавіч, адкуль у вас узнікла жаданне даследаваць мастацкі твор, хоць бы і створаны на гістарычнай глебе? Мастацкае кіно — гэта ж скрозь бачанне рэжысёра, і навукі ў ім не так і шмат.

— Першы штрых заяўленай лекцыі ўзнік у 2013 годзе пасля фестывалю "Лістапад", на якім я паглядзеў арыгінальную стужку "Кастусь Каліноўскі". Яе ў 1927 годзе зняў рэжысёр Уладзімір Гардзін. Я пабачыў у фільме кадры Менска, якога больш няма. Здымкі пакарання Каліноўскага адбываліся на Траецкай гары, дакладна на гэтым месцы цяпер стаіць Оперны тэатр. Дзякуючы гэтаму чорга-беламу кіно, перад намі адкрываецца ўся панарама Верхняга горада. Мяне, карэннага менчука, які цікавіцца гісторыяй свайго роднага месца, гэтыя ўнікальныя кадры вельмі кранулі. І таксама гэты фільм адкрыў для мяне разуменне механізмаў таго, як адбывалася міфалагізацыя Каліноўскага.

У фільме галоўнага героя вязуць на пакаранне па даўняй баракальнай вулцы, забудавай камяніцамі. І раптам становіцца зразумела, што гэта — Казьмадзем’янаўская. Яна была адной з прыгажэйшых муравананых вуліц у Менску. Канчаткова будынкі на ёй былі разбураны падчас будаўніцства станцыі метро Няміга. Мне падалося вельмі сімвалічным, што мы глядзім фільм пра Каліноўскага і адначасова адкрываем фантастычныя кадры, звязаныя з гісторыяй сталіцы.

Уся мазаіка старажытнага Менска, які гістарычна моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе, фігура Каліноўскага, беларусізацыя 1920-х гадоў — розныя сюжэты сышліся для мяне ў адну панараму. Я зразумеў, што таксама і з дапамогай гэтага фільма быў створаны беларускі культ Каліноўскага. Бо раней, у XIX стагоддзі, наш герой не быў такой вядомай фігурай. І ні палякі, ні літоўцы не зрабілі яе знакавай. Пра гэта я і буду казаць на лекцыі.

— Кастусь Каліноўскі ў жыцці быў такім, як у фільме?

— Фільм нельга ўспрымаць як гістарычна вывераны. Хаця вобраз сялянскага паўстанца, які паходзіць са шляхты, але змагаецца і са шляхецкімі прывілеямі, і з царскай уладай — не цалкам далёкі ад гістарычнай праўды. Каліноўскі меў шырокую, як бы зараз сказалі, сацыяльную праграму. Ён імкнуўся прыцягнуць да паўстання не толькі шляхту, але і сялян.

Мастацкі твор Уладзіміра Гардзіна спрабуе стварыць рэаліі 60-х гадоў пазамінулага стагоддзя. Адначасова ён працуе на міфалагізацыю Кастуся Каліноўскага. На прыкладзе таго, як гэты фільм падае гістарычную асобу, я хацеў бы сказаць, што нам трэба знайсці паразуменне са сваёй гісторыяй, перастаць ёй помсціць. Дзіўна, але мы пастаянна агучваем незадаволенасць мінулым, маем прэтэнзіі да сваіх папярэднікаў. Спрабуем звесці рахункі і з Каліноўскім.

— Хіба мастацкі фільм, зняты ў БССР, дапаможа нам дамагчыся гістарычнай праўды?

— Не паглядзеўшы гэты фільм, мы не зразумеем, адкуль пачаў фармавацца вобраз, які мы маем сёння. Але глядзець яго трэба ў кантэксце часу, калі стваралі стужку.

— А хто ён насамрэч, гэты спадар Каліноўскі? Ёсць канкрэтна выверанае навуковае меркаванне, што ён быў за чалавек?

— У савецкай гісторыяграфіі сфармуляваўся такі тэрмін, які, бадай, не варта адкідаць — рэвалюцыйны дэмакрат. Рэвалюцыйнасць — схільнасць Каліноўскага да радыкальных форм барацьбы, а дэмакрат ён у тым, што адкідаў саслоўныя прывілеі. Канешне, Кастусь Каліноўскі быў чалавекам сваёй зямлі, нашага краю. Ён, сапраўды, даў канкрэтны імпульс з’яўленню беларускай нацыі.

— Нават так! А наколькі, у такім выпадку, яго асоба даследавана айчыннай гістарыяграфіяй?

— У Беларусі пра Каліноўскага шмат пісалі на ўзроўні публіцыстыкі, масавых жанраў. Ёсць навуковыя публікацыі пра яго асобу. Канешне, польскія навукоўцы ў свой час таксама падрабязна спыняліся на паўстанні 1863-64 гадоў і асобе Каліноўскага. Але ў Польшчы яго імя не выносілася на ўзровень нацыянальнага сімвала, як гэта адбылося ў Беларусі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя.

— Дык усё ж такі, мастацкае кіно на гістарычную тэматыку дапамагае гістарыяграфіі ці перашкаджае?

— Кіно і гістарыяграфія — розныя сферы функцыянавання культуры ў грамадстве. Прывяду такі прыклад. Напрыканцы XX стагоддзя на прасторы СНД пачаў раскручвацца накірунак "фолк-хістары". У асноўным, гэта працы на гістарычныя тэмы, якія створаны, у лепшым выпадку, аматарамі навукі. То бок, фактычна, навуковымі яны не з’яляюцца, але карыстаюцца добрым попытам у масавага чытыча. Ілжэ-гістарычны пісьменнік звычайна абкладаецца дзясяткам кніг на вызначаную тэму, выдзірае з іх цытаты і на аснове гэтага піша сваё чытво. У такой псеўдагістарычнай дзейнасці цалкам адсутнічае праца з крыніцамі. Па выніку чытач мае своеасаблівы гістарычны прадукт. Часам такія опусы ствараюць самі навукоўцы, але з іншых галін навукі, якія не ўяўляюць сабе методыку гістарычнага даследавання. Узяць хаця б "Новую храналогію" акадэміка Анатолія Фаменкі.

Падобная літаратура вядзе да моцнай трансфармацыі свядомасці. А потым на падставе такога вольнага абыходжання з гісторыяй здымаюцца нібыта навуковыя фільмы. Робяць іх без адпаведных кансультацый. Матыў самадзейных пісьменнікаў і рэжысёраў зразумелы — яны працуюць на масавую аўдыторыю, што ўрэшце прыносіць добрыя прыбыткі. Калі чытач, прачытаўшы адпаведныя кнігі, набярэцца міфаў, а праз некаторы час перад ім з’явяцца моцныя контраргументы, уся яго мадэль свету можа разбурыцца.

Але і навуковая гістарыяграфія фармуе пэўныя вобразы гістарычнай мінуўшчыны і надзяляе адметнымі рысамі асоб гісторыі. Маўляў, гэты чалавек быў такі і паводзіў сябе гэтак. Але гістарыяграфія робіць гэта на фактах, у кантэксце перыяду, які даследуе.

Стварэнне міфічных асоб — рэч небяспечная. Канешне, на сённяшні дзень і ў бліжэйшы час міф здольны выканаць свае задачы — аб’яднаць людзей або пасварыць іх. Але далей, у будучыні, міф (гісторыя, высмактаная з пальца) пра нацыянальнага героя вам адпомсціць. Знойдзецца апанент, які глыбока вывучыць аналагічную тэму, і ў спрэчцы вы будзе выглядаць блякла. Гістарычны міф не можа быць пласцінкай, якая грае доўга.

— Значыць, трэба ўмець разбірацца, дзе міфалагізаваная гісторыя, а дзе міф.

— Слушна. Папулярызацыя гісторыі і фолк-хістары — гэта не адное і тое ж. У заходняй пісьмовай практыцы ёсць традыцыя папулярызаваць гісторыю. Да таго ж, на папулярныя кнігі выходзіць шэраг рэцэнзій. Таму ў Еўропе разабрацца, дзе вартае чытанне, а дзе так сабе, можна. І кніга, напісаная для масавага чытання ў стылістыцы фольк-гістары, ніколі не ўстане ў шэраг з літаратурай, якая папулярызуе гісторыю. Увогуле, рэцэнзаванне ў Еўропе — неад’емная частка кніжнага рынку. А ў Беларусі адчуваецца праблема нават з рэцэнзаваннем навуковай літаратуры. Сітуацыю ў нас можа справіць падвышэнне культуры айчыннага рэцэнзавання.

— Давайце параўнаем гісторыю пра Каліноўскага з гісторыяй іншай асобы — з Міндоўгам. У канцы XIII стагоддзя памяць пра яго падцёрлася, але ў наступным стагоддзі пра Міндоўга зноў загаварылі. Успомнілі, як я мяркую, бо з’явілася палітычная патрэба. Калі так, яго асоба ўжо тады была міфалагізавана. Ці можам мы сёння стварыць гістарычна праўдзівае ўяўленне пра Міндоўга, карыстаючыся крыніцамі XIV стагоддзя?

— Часы Міндоўга былі так даўно, што сёння ён паўстае перад намі ў трох асобах. Першая — Міндоўг, стваральнік літоўскай дзяржавы. Ад яго сучасная Літоўская Рэспубліка вядзе свой палітычны радавод, а Дзень каранацыі Міндоўга з’яўляецца афіцыным святам Літоўскай дзяржавы. Другая — беларускі Міндоўг, стваральнік ліцьвінскай дзяржавы. Трэцяя — Міндоўг ёсць адным з літоўскіх князёў, які ўсталяваў кантроль над Наваградкам.

Нямецкія канцылярысты XV стагоддзя ведалі больш пра Міндоўна, чым канцылярысты Вітаўта. Гэта звязана з тым, што нямецкі Тэўтонскі ордэн меў традыцыю весці архіў, таму іх памяць пра мінулае была глыбейшая. Каб зразумець, міфілагізаваная асоба ці пра яе штосьці прыдумалі, усе дакументы трэба вывучаць у гістарычным кантэксце. Што, дарэчы, абсалютна бракуе фолк-хістары. Педантычную працу з крыніцамі нават не ўсе навукоўцы вядуць, а ў адэптаў ілжэ-гісторыі такое пытанне і не паўстае.

— Дзе ж мяжа паміж папулярызацыяй гісторыі і яе прадукаваннем для масавага спажыўца? Уладзімір Гардзін міфалагізаваў гістарычную асобу ці прыдумаў новы міф?

— Канешне, не толькі масавая свядомасць, але нават і школьная адукацыя патрабуюць колькі дзесяткаў ключавых герояў гісторыі. Калі такі спіс складзены, непазбежна міфалагізацыя тых ці іншых персанажаў, перабольшванне іх якасцей. Асноўным крытэрам, які можа ўтрымаць нас у нішы навуковай папулярызацыі, бадай, з’яўляецца тое, што нам трэба адхрэшчвацца ад ідэалізацыі гістарычных персанажаў. Калі ў герояў былі адмоўныя рысы ці яны рабілі дрэнныя ўчынкі — пра гэта варта казаць. Бо боль і параза ад разбурэння нацыянальнага міфа будзе неўтаймаванай, пераўзыходзячай радасць гістарычнага самалюбавання.

З гэтага пункту погляду рэжысёр фільма "Кастусь Каліноўскі", па меншай меры, далучыўся да міфалагізавання гістарычнай асобы. Але ідэалагічная замова задала свае рамкі.

— Сп. Дзярновіч, вы запрашаеце на сваю 2,5-гадовую Школу ВКЛ не толькі гісторыкаў. Калі ў вашыя навучэнцы патрапіць рэжысёр (мастак, а не праўдашукальнік), вы будзе перайначваць яго на гістарычны лад?

— Адкажу так: творчая інтэрпрэтацыя гісторыі — запатрабаваная дзейнасць. Калі на курс патрапіць рэжысёр і потым здыме па-мастацку арыгінальны фільм пра Каліноўскага ці Міндоўга, мне будзе вельмі прыемна. І смутак накрые ў тым выпадку, калі я ўбачу ў фільме наўмысную фальсіфікацыю. Прынамсі, у Школе ВКЛ будзе панаваць думка, што паміж міфалагізаванай і міфічнай гісторыяй (або гістарычным міфам) нельга ставіць знак роўнасці. І што мастацкая інтэрпрэтацыя павінна мець пад сабой навуковую глебу.

Такім чынам, адкрытая лекцыя Алега Дзярновіча "Каліноўскі ў Менску: старажытны горад, "сялянскі правадыр" і пачаткі беларускага кінематографа. Як нам прымірыцца з ўласнай гісторыяй?" адбудзецца ў сераду, 18 лістапада, пачатак у 18.30.

Слухачоў просім папярэдне зарэгістравацца. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.

Расклад і тэмы далейшых лекцый глядзіце на сайце Лятучага ўніверсітэта: www.fly-uni.org.

UPD.: Відэазапіс адкрытай лекцыі:

Гл. таксама справаздачу аб адкрытай лекцыі

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео