BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Зоны камфорту, зоны… дыскамфорту, зоны ўплыву: як дзеячы культуры адчуваюць уласную сферу дзейнасці?

20.08.2015 Кацярына Раманчык
Зоны камфорту, зоны… дыскамфорту, зоны ўплыву: як дзеячы культуры адчуваюць уласную сферу дзейнасці?
Акции / Фото
Фота: Кацярына Раманчык
Чаму культурніцкі пасыл не даходзіць да беларускай публікі? Як пераадольваць дазвольны прынцып існавання, а таксама ўласныя страхі і перадузятасць у кантактах з бізнесам і ўладамі?..

Мноства пытанняў і мноства ж адказаў прагучала на адмысловым семінары-майстэрні для культурніцкіх дзеячаў “Культура як сродак сацыяльнай трансфармацыі: інавацыі і невыкарыстаныя магчымасці”, які зладзіў міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” на мінулых выходных.

Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” паступова ўваходзіць у лік гульцоў на полі даследавання палітыкі ў сферы культуры ў Беларусі. Новым крокам стаў адмысловы семінар-майстэрня “Культура як сродак сацыяльнай трансфармацыі: інавацыі і невыкарыстаныя магчымасці”, арганізаваны 14-16 жніўня для грамадска-культурніцкіх дзеячаў краіны. Васямнаццаць удзельнікаў з самых розных рэгіёнаў Беларусі, якія прадстаўлялі і дзяржаўныя, і недзяржаўныя ініцыятывы ў сферы культуры, а таксама СМІ сустрэліся дзеля грунтоўнай супольнай працы. Трохдзённая праграма ўключала абмеркаванне асаблівасцяў аналізу сваёй прафесійнай сферы, знаёмства з паспяховымі практыкамі культурніцкага менеджменту ад беларускіх калег, а ў заключнай частцы - і спробы супольнага праектавання.

Усё немагчымае магчыма?

У першы дзень семінару Тацяна Вадалажская прадставіла вынікі Маніторынгу рэалізацыі Рэспублікай Беларусь Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыражэння. Афіцыйная прэзентацыя даследвання адбылася напрыканцы чэрвеня гэтага года (відэа). Яго аўтары, каманда Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі, прапанавалі 5 вымярэнняў для ацэнкі культурнага полісі краіны:

Умовы для развіцця і праявы культурнай разнастайнасці.

Уплыў сектара культуры на развіццё грамадства.

Унутраныя рэсурсы і патэнцыял развіцця сферы культуры

Развіццё міжкультурнага ўзаемадзеяння і кантактаў.

Узаемадзеянне розных суб'ектаў культурнай палітыкі

Эксперты Маніторынгу ў свой час ахарактарызавалі ўзровень палітыкі ў сферы культуры як нізкі (ад 8,9 да 12,5 балаў з 30 магчымых). Удзельнікі семінару-майстэрні атрымалі магчымасць даць паводле гэтых крытэраў сваю ацэнку сітуацыі і тым самым параўнаць свае высновы з вынікамі працы экспертаў Маніторынгу. Карціна атрымалася крыху больш аптымістычная (на адзінкі балаў), аднак агулам сітуацыя – на тым жа адносна нізкім ўзроўні па кожным з пяці вымярэнняў. Выклікі, або перашкоды, якія патрабуюць пільнай увагі ў паслядоўнай, сістэмнай працы кожнага творчага і культурніцкага дзеяча, закраналі ўсе вылучаныя вымярэнні:

- Палітычныя і ідэалагічныя абмежаванні, якія накладае дзяржава; дазвольны прынцып існавання.

- Ізаляванасць сектару культуры агулам, маргіналізацыя многіх недзяржаўных творчых, грамадска-культурніцкіх плыняў (“Культурніцкі пасыл не даходзіць да людзей. Трэба змяняць мову, фармат.”)

- Фармаванне ўстойлівай сучаснай беларускай ідэнтычнасці: захаванне і пашырэнне выкарыстання беларускай мовы.

- Павышэнне менеджарскіх кампетэнцый дзеячаў культуры, адэкватнае стаўленне ў сістэме адукацыі (“увесці, аднавіць культурніцкія дысцыпліны ў школе і садку”)

- Унутраныя і знешнія культурніцкія камунікацыі: “узаемадзеянне розных НДА-суб’ектаў, бізнесу і культуры, НДА і органаў улады, пошукі платформ узаемадзеяння”, “больш адкрыты міжкультурны дыялог”.

Што з гэтых перашкод у агульнай для многіх прафесійнай сферы залежыць ад палітычнай волі ўлады або мясцовых адміністрацый, а што знаходзіцца ў зоне ўласнага ўплыву і адказнасці культурніцкіх дзеячаў? Якія з іх з’яўляюцца вынікам звыклага, зручнага, але і стэрэатыпнага мыслення і нават перакладзенай адказнасцю, а якія – нагодамі для цікавых праектаў?

Шэсць гісторый пра цвярозую апантанасць і святочную штодзённасць

Адказы на гэтыя пытанні пачаліся ўжо ў першы вечар, але другі дзень быў прысвечаны ім цалкам, хоць фармальна быў падзелены на тэмы працы са “спадчынай” і “інавацыямі” у культуры. Шэсць запрошаных гасцей прынеслі шэсць гісторый пра тое, як вялікае пачынаецца з малога.

Ігар Раханскі, рэстаўратар кіраўнік праектнага бюро Беларускага камітэта ICOMOS, пазбавіў надзеі знайсці рашэнне, аптымальнае і прымальнае для ўсіх зацікаўленых бакоў, калі гаворка закранае рэвіталізацыю гісторыка-культурнай спадчыны. Трэба ўсведамляць сваю функцыянальную ролю ў працэсе надання аб’екту статусу помніка, і яшчэ лепш трэба ўсведамляць функцыянальныя ролі ўсіх астатніх груп уплыву (“культура”, “навука”, “тэхніка”, “метадалогія”). Часам толькі імі і можна патлумачыць логіку складання найважнейшага праектнага дакументу – каштарысу – і вызначэння тэрмінаў выканання.

Журналіст, грамадскі дзеяч, кіраўнік курсаў “Мова Нанова” Глеб Лабадзенка пацвердзіў вызначальнасць чалавечага фактару ў лакальных культурных сітуацыях у Беларусі. Ён таксама выказаў сваю пазіцыю наконт таго, што дазволіла нефармальным курсам беларускай мовы стаць брэндам і існаваць у 10 розных гарадах Беларусі: “Не важна, што стала прычынай грамадскай цікаўнасці да роднай мовы і культуры – важна выкарыстоўваць гэтую тэндэнцыю”. Калі разнастайнасць матываў, досведаў і падыходаў у выніку грае на масавае пашырэнне пазітыўнай культурнай з’явы, не трэба шукаць “аўтараў” гэтай сінергіі, трэба яе падпітваць сваім кропкавым або сістэмным унёскам. І не забывацца указваць яго ў афіцыйных запытах аб партнёрстве з мясцовымі ўладамі.

Надзея Ількевіч, культурніцкая менеджарка, дырэктарка “Школы супергерояў”, паказала, як суадносяцца і спалучаюцца ролі “гарадскога актывіста” і “гарадскога праекціроўшчыка”. Прыклад “Школы супергерояў” сведчыць пра тое, што грамадскі актыўнасць і грамадская адказнасць за сваю прастору пражывання – не толькі права, але і набор кампетэнцый, навыкаў, які патрабуе навучання. Аналіз сітуацыі, вызначэнне праблемы і мэты, пошук найлепшай канцэпцыі і фармату, і канешне, логіка рэалізацыі – ва ўсім гэтым ёсць асаблівасці, якім можна і варта вучыцца. Другая ўзорная асаблівасць “Школы” Надзеі – выразнае пазіцыянаванне, будаванне брэнду на выразна абазначаных каштоўнасцях – актыўнай адказнасці і клопаце за свой горад.

Уладзімір Булаўскі і Раман Воранаў, моладзевая культурніцкая супольнасць VITEBSK4.ME (Віцебск), увасобілі сабой адкрытасць, кантактнасць, гнуткасць, крэатыўнасць, паслядоўнасць і навуковую абгрунтаванасць, якую толькі могуць мець лідары падобных супольнасцяў. За 7 год супольнасць VITEBSK4.ME стала выразнай культурнай сілай, “кропкай прыцягнення” у онлайн і офлайн-прасторы Віцебска. “Сакрэты” поспеху былі геніяльна простымі: а) трэба “вырошчваць” актыўную культурную аўдыторыю праз школы журналістаў, культурніцкіх менеджараў, менеджараў аховы гісторыка-культурнай спадчыны, б) казаць пра свае вынікі не менш, чым пра планы (этап post-production), в) знаходзіць узаемныя інтарэсы з мясцовай адміністрацыяй і няспынна паказваць ёй гэта; г) выкарыстоўваць адкрытыя, вулічныя, фарматы падзей, а сам працэс культурніцкага менеджменту – публічным.

Дзве вечаровыя дыскусіі выліліся ў прызнанні, як любоў да свайго гораду і сваёй краіны трансфармуецца ў “Патрыятызм.2.0”.

Яся Каралевіч-Картэль, рэдактарка гарадскога часопіса Citydog.by, растлумачыла рэдактарскую палітыку сайта: “гарадская культура – гэта стыль жыцця, стыль апранання тых, хто жыве побач з табой, месцы і маршруты, якія мы любім”. Гарадскія фрыкі вартыя быць гарадскімі легендамі, а тыя, хто прапануе гораду нешта цікавае, - прынамсі, быць вядомымі. Калі матыў існавання інфармацыйнага рэсурса – зрабіць жыццё гараджаніна больш зручным, змястоўным, натхніць на самарэалізацыю, то, як ні прадказальна, так і атрымліваецца: СМІ робіцца каталізатарам шматлікіх пазітыўных грамадска-культурніцкіх зменаў.

Яўген Клішэвіч, Іван Вядзенін, стваральнікі і кіраўнікі crowdsourcing-плафтормы Talaka.by паказалі магчымасці згуртавання праектных каманд і пошуку рэсурсаў для рэалізацый грамадсказначных праектаў. Па-за тэхнічных дэталяў і прынцыпаў працы платформы, выявілася цікавая тэма: “магія” публічнасці”. Аказваецца, гэта выдатнае апрабаванне не толькі праектнай ідэі грамадскай крытыкай (альбо забыццём), але і ўласнай гатоўнасці зрушыць ідэю з “мёртвай кропкі” і давесці яе да канца. Зазвычай такое апрабаванне на адказнасць робіцца гарантам гэтай адказнасці: пад публічным “кантролем” ты не можаш сысці на палове шляху.

Ад правільнай тэорыі – да правільнай практыкі

Тацяна Пашэвалава, праграмны менеджар МК «ЕўраБеларусь», як заключны эксперт, з павагай да неаспрэчнага праектнага досведу сабраных культурніцкіх дзеячаў, зрабіла некалькі важных акцэнтаў на выклікі ў беларускай практыцы сацыякультурніцкага праектавання:

- Праект альбо не праект? Праект вырашае пэўную праблему, злучае ў адну сістэму функцыі і задачы, арганізуе наяўныя рэсурсы, дае інструмент падлічыць нашу дзейнасць. Аднак распрацоўваць праект варта не для усякай працы: для многіх грамадсказначных, але простых акцый гэта будзе лішнім. З іншага боку, у праектны выгляд ёсць сэнс прыводзіць некаторыя працы, якія выконваюцца ў працэсным, пастаянным рэжыме, акурат для зручнасці падліку і кантролю.

- Перадпраектная дзейнасць: аналіз і прамоцыя. Для таго, каб ідэя знайшла водгук у патэнцыйных партнёраў, трэба апісаць і здолець «прадаць» яе кантэкст, актуальнасць. Для гэтага варта забяспечыць даследчую, аналітычную працу і прасоўванне яе вынікаў, і што асабліва важна, мабілізаваўшы падтрымку іншых зацікаўленых сектараў, слаёў грамадства.

- "Правільная тэорыя – лепшая практыка": эканомце свае сілы на памылкі – “вучыце матчастку!”. Менавіта добрая тэарэтычная праца забяспечвае паспяховасць і эфектыўнасць намаганняў у вашых дзеяннях. Супрацьпастаўленне тэорыі і практыкі, гуманітарных і дакладных навук – зусім неканструктыўна. У якасці прыкладу неабходнага спалучэння, Тацяна, інжынер па адукацыі, прадставіла логіка-структурны падыход да праектнай дзейнасці.

- Даведвайцеся, хто менавіта робіць праект або праграму, на якую шукае рэсурсную падтрымку. Ці здольны ён ажыццявіць гэтыя працы, якая яго рэпутацыя? Ці суадносны ён да той ступені амбіцый, якая закладзена ў праекце?

Галоўным вынікам трэцяга дня, а між тым, і самога семінару, сталі ідэі, распрацаваныя камандамі ўдзельнікаў. З чатырох прадстаўленых групавых задум праектам была прызнаная толькі адна. Тым не менш, кожная з іх мела ў сабе адказ адзін з сфармуляваных вышэй выклікаў у сацыя-культурнай сферы Беларусі, безадносна да магчымай спецыфікі канкрэтнага рэгіёну.

- “Суперрэгіёны” – нефармальная адукацыйная ініцыятыва, якая магла б вырашыць праблему няякаснай інтэрпрэтацыі традыцыйнай (аўтэнтычнай лакальнай) культуры Беларусі… культурніцкімі адмыслоўцамі падчас падрыхтоўкі планавых мерапрыемстваў, стварэння ўласнага (найперш турыстычнага) бізнесу.

- “Вандроўная” школа па культурніцкім менеджменце “КаварАРТдак” – нагадвала адукацыйна-каардынацыйны цэнтр па абмене лепшымі прафесійнымі практыкамі. Патэнцыйная “віртуальная каманда” складаецца з прадстаўнікоў Наваполацка, Слуцка і Брэста, аднак аўтаркі ідэі надалі выключна важнае значэнне пашырэнню сеткі міжрэгіянальных сувязяў.

- “Арт-Баранкі” – па сутнасці, start-up ідэя творча-камунікацыйнай прасторы, прызначанай аб’яднаць усе крэатыўныя сілы Баранавічаў пад адным дахам. Па-за фінансавых рызыкаў ідэі, была агучаная і небяспека спыніцца на ўзроўні культурніцкага “гета” – ахапіць сталую, але незначную колькасць баранаўчан.

- “Ненарытая” гісторыя” – “дэкларацыя” праграмнай дзейнасці прысутных на семінары гісторыкаў, спецыялістаў па гісторыка-культурнай спадчыне аб “вычышчэнні” найноўшай гісторыі Беларусі ад шматлікіх міфаў і стэрыатыпаў, наданні паўнаце гістарычным фактам і адэкватнай іх інтэрпрэтацыі. Па-за маштабнасцю і амбітнасцю ідэі, тут больш (і пазітыўна) уражвае адчуванне людзьмі місіі ўласнай дзейнасці.

З “канспекту” арганізатараў. Нататкі на палях

Атрымаць “двойку” ці хісткую “тройку” за стан культуры нацыі – сорамна. І так звыкла сорамна, што ўжо амаль натуральна, калі табе сорамна. І ў выніку - не тое, каб сорамна. Так “зона дыскамфорту” пераўтвараецца ў “зону камфорту”: вельмі зручна – паверыць, што ты не можаш ні на што паўплываць. І не проста не можаш – навошта гэта табе? Вельмі зручна – паверыць, што табе “ёсць чым займацца”, а культура нацыі – гэта клопат і адказнасць дзяржавы.

Праўда, усё змяняецца, калі ты раптам можаш параўнаць. Калі бачыш прыклады людзей, што вераць у свае каштоўнасці і робяць сваю справу: малы крок за малым крокам. Альбо прасцей: калі бачыш людзей, якія… таксама імкнуцца да лепшага. Альбо складаней: людзей, якія не задаюць пытанне “І калі гэта скончыцца?”, але задаюць пытанне: “Што я магу з гэтым зрабіць?” Людзей, якія мысляць паняткам “зона ўплыву”, бо чамусьці ведаюць: чалавечы фактар – вырашальны фактар.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео