BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Валянцін Акудовіч: Бог не даў мне таленту веры

27.10.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Валянцін Акудовіч: Бог не даў мне таленту веры
Пра мужчынскі клімакс і пакуту без фуршэта на канферэнцыі, пра манады і веравызнанне Мацкевіча і Бабкова, а таксама пра недатыкальнага сабаку, які пакусаў філосафа на будоўлі сяброўскага лецішча.

Рука лёсу ў выглядзе чыгуначнай касіршы выпадкова прадала два квіткі на суседнія месцы ў цягнік да Вільні карэспандэнту Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі" і філосафу й літаратару Валянціну Акудовічу. Так узніклі непрымусовыя гутаркі пад умоўнай назвай "Размовы ў цягніку".

Вартаўнік заплечнікаў  

- Спадар Валянцін, чаму вас не цікавяць гарады?

- Не цікавяць увогуле. Ніякія. І ніколі не цікавілі. Я чвэрць стагоддзя бадзяўся па гарах - ад Карпатаў да Камчаткі. І калі ехалі ці ляцелі праз гарады, мае хаўруснікі звычайна клікалі мяне паглядзець места. Толькі я заўсёды адмаўляўся. Зрэшты, яны з гэтага не лішне бедавалі. Бо я сядзеў і вартаваў нашую гару заплечнікаў.

Цяжка адказаць, чаму мяне не цікавяць не толькі гарады былога Савецкага Саюзу, але і Еўропы. Калі ў Клермонт-Феран мы вазілі філасофска-мастацкі праект "Партызан-арт", то было шмат магчымасцяў адлучыцца ў Парыж, але я імі і не думаў скарыстацца. Між іншым, я тады толькі надрукаваў кніжку "Разбурыць Парыж". Дык сябры жартавалі, чаго, маўляў, мне туды ехаць - на руіны глядзець. А мне сапраўды не карцела.

Горы, лес, вада, аблокі - вось што мяне насамрэч цешыць! На жаль, апошнія год пятнаццаць, а мо і болей, у горы я ўжо не хажу, бо сэрца там трохі надарваў - за палярным кругам. Але на байдарках па рэках ды азёрах Беларусі ўсё яшчэ вандрую штогод з сябрамі-інтэлектуаламі. Прыкладам, сёлета тыдзень плавалі па Шчары.

А гарады… Можа я таму абыякавы да іх, што мяне амль не вярэдзяць экзістэнцыйныя мітрэнгі чалавека. Па сутнасці, я лічы цалкам закааптаваны ў анталогію быцця. Інакш кажучы, я не экзістэнцыйны, а анталагічны персанаж. Мой дом быцця - гэта камень, зямля, дрэва, рэчка, неба, Вялікая мядзведзіца… Карацей кажучы, усё, што існуе ад веку, калі гарадоў яшчэ і ў боскім праекце не было. Таму і сёння  для анталогіі быцця зусім не істотна, ёсць гарады ці іх няма. Галоўнае, каб была зямля, неба і чалавек паміж імі. А гарады - гэта вытворнае экзістэнцыйнага чалавека, якому заманулася больш утульнасці, каб цалкам засярэдзіцца на сваіх экзістэнцыйных трывогах.

На якую халеру кудысьці перціся, калі там няма фуршэта?

- Не адзін дзесятак год вы "лётаеце" па ўсялякіх канферэнцыях. Вас абцяжарвае натоўп навукоўцаў ці ўзрушае?

- Я вельмі не люблю хоць-якіх семінараў, канферэнцыяў, сімпозіўмаў і да таго падобнага. Чаму? Бо ніяк не магу зразумець, на якую халеру кудысьці перціся, а як за мяжу дык і колькі дзён з жыцця выкінуць, каб пачуць тое, што я магу прачытаць за гадзіну, зручна ўладкаваўшыся ва ўласнай кватэры. Навошта мне слухаць трэццяшэраговага навукоўцу, скажам, у Кракаве, калі ў гэты час я мог бы чытаць  геніяльнага філосафа не пакідаючы сваёй хаты. А яшчэ, як толькі што казаў, я і гарадоў не люблю, каб знаёмствам з імі скампенсаваць страчаны час.

Аднак самае горшае, калі там яшчэ няма фуршэту. І кішэнковых (грошай. - ЕўраБеларусь). Вось калі няма кішэнковых і фуршэту, гэта зусім ужо абы што! Натуральна, я жартую, хаця, здаецца, і не зусім…

- Дык чаму тады вы не адмаўляецеся ад запрашэнняў?

- Яшчэ як адмаўляюся. Не пералічыць. Толькі не заўсёды ўпёртасці хапае…Прыкладам, на Кангрэс у Коўна мяне клікалі і раней, але толькі сёлета зацягнулі. Дарэчы, ехаць у Коўна я адмаўляўся зусім не таму, што кангрэс не падаваўся мне вартым увагі. Я ў захапленні ад арганізацыйнага талента Андрэя Казакевіча, які ўжо чацвёрты год запар рэалізоўвае гэты магутны праект. Але пад сасной ля вогішча мне ўсё роўна больш утульна і сэнсоўна. Асабліва калі зорная плынь ракі люструе полымя.

Пра мужчынскі клімакс

- Над чым зараз працуеце? Ці чакаць хуткім часам новую кнігу?

- На прэзентацыі "Кнігі пра Нішто" я сказаў, што гэта мая апошняя кніга. Маўляў, усё загалоўнае, што хацела праз мяне выказацца - ужо выказалася. Застаўся хіба факультатыў, якім не варта тлуміць галаву ні сабе, ні людзям. Аднак пазней мне на вочы пачалі трапляцца мае тэксты з розных выданняў, якія шмат што значылі ў маёй інтэлектуальнай біяграфія. І я вырашыў сабраць іх у зборнік, дапісаўшы туды сёе-тое з таго, што не атрымалася занатаваць у больш плённыя гады.

Назва зборніка - лірычная, але пры гэтым надзвычай канцэптуальная: "Прачнуцца ранкам у сваёй краіне". За гэтай лірычнай афарбоўкай крыецца прынцыповая нязгода з "адраджэнскай" схемай пабудовы нацыі - праз мову, культуру і гісторыю. Тут ужо дзяржава і краіна выступаюць галоўным чыннікам як стварэня нацыі, так і персанальнай ідэнтыфікацыі кожнага беларуса.

Ды вось, зборнік ужо, лічы, гатовы, але я ніяк не магу завершыць апошні тэкст з як бы скандальнай назвай: "Пра мужчынскі клімакс і лішак жыцця". Хаця насамрэч нічога гуллівага там няма. Наадварот - гэта вельмі трагічны тэкст…

Калі мне было ўжо добра за сорак, я нечакана здаўмеўся, чаму жанчыны ў маім узросце ўжо пачынаюць думаць пра блізкую перспектыву клімакса, а мужчыны, здараецца, і пасля васьмідзесяці яшчэ становяцца маладымі бацькамі. Гэта выглядала збыт несправядліва.

Каб узнавіць справядлівасць, я вырашыў пашукаць у канстытуцыі мужчыны нейкую ўзроставую страту, якая была б для яго такой жа істотнай, як страта жанчынай сваёй жыццядайнасці. Далёка не адразу, але я знайшоў, чаго шукаў. Спачатку мне стала зразумелым, што мужчынскі клімакс пачынаецца з страты здольнасці да кахання. Не, мужчына не перастае любіць і хацець жанчыну, але кахаць яе ўжо не здатны.

Наступная выснова была яшчэ больш сумнай: недзе пасля пяцідзесяці з мужчыны неўпрыкмет пачынае выпетрывацца яго эўрыстычная сутва. Прасцей кажучы, ён неўпрыкмет перастае быць стваральнікам навізны і ў лепшым выпадку адно дублюе свой ранейшы эўрыстычны наробак…

Сабака будзе загрызаць, а сябар не дапаможа 

- Недзе на пачатку нашай гаворкі, вы мімаходзь заўважылі, што любіце грубую мужчынскую работу. А якую фізічную працу рабілі апошнім часам?

- За дзесяцігоддзі вандраванняў маё цела настолькі звыклася з фізічнымі нагрузкамі, што патрабуе іх і цяпер, калі мне ўжо можна было б толькі адпачываць. Таму я і шукаю  цягліцам хоць якой працы, каб яны зноў атрымалі трохі ранейшай асалоды.

Сёлета дапамагаў  выдаўцу і глыбока сімпатычнаму мне чалавеку Ігару Логвінаву разбураць стары хлеў і цягаць бярвенні за падворак дома, які ён летась набыў у вёсцы. Потым тыдзень махаў вёсламі ў вандроўцы. Пазней з ранку да ночы (да апошняй стомы) цягаўся па лесе, збіраючы грыбы. А днямі вярнуўся ад сябра філосафа Алеся Анціпенкі, з якім мы ставілі печку ў яго на летнічку, ды і шмат чаго яшчэ рабілі, каб у дамку зімой было хоць трохі цяплей.

Калі знойдзецца хоць трохі лішняга часу, то яшчэ паеду да яго пазней, як дровы прывязуць, каб дапамагчы іх  пасекчы.

Дарэчы, ці не дазволіце мне  запыніцца на апошнім сюжэце?

- Калі ласка.

- Рэч у тым, што Алесь, які стварыў Беларускі калегіўм і кіраваў ім шаснаццаць год, нядаўна самахоць сыйшоў з гэтай місіі, пакінуў Мінск і прытуліўся жыць на летніку.  Калі зімой прыціснуць маразы, другі паверх дзеля захавання цяпла блакуецца, і тады на дванаццаці метрах жывуць ён, тры сабакі, кот і жонка. Бадай, нават у нашых турмах не так бітма набіта…

Між іншым, адна з сабакаў кусаецца. Аднойчы яна мяне так хапанула за азадак, што некалькі тыдняў сінякі не сыходзілі. Толькі гаспадара гэта зусім не ўстурбавала. Калі яго што і непакоіла, дык гэта каб я з помсты яе не лупцануў. Маўляў, чалавек і сам сябе можа абараніць, а сабачка бездапаможная перад людзьмі.

Заўважу, сыход Алеся ў адлюдства не быў спантаным. Ён ужо даўно быў захоплены ідэяй, што ў пэўным узросце трэба сыходзіць у адзіноту, каб рэштуа жыцця прысвяціць пошукам Бога. Дакладней, пошукам сцяжыны, якая прывядзе яго да Бога за пазуху, як я іранізую. Хаця для яго гэта вельмі сур’ёзна.

- Вы іранізуеце з хрысціяніна. Гэта не замінае сяброўству?

- Я не толькі іранізую, а часам нават добра з яго здзекуюся - зрэшты, як і ён з мяне. Бо ў нас з ім абсалютна супрацілеглыя пазіцыі. Алесь спадзяецца працягнуць сваё існаванне  ў блакітнай невараці нябёсаў, а я гатовы скончыць тутэйшы жыццёвы шлях там, дзе ён і пачаўся - у самога сябе пад нагамі. Але паколькі ён адзін з нямногіх беларускіх філосафаў, хто схільны не проста да метафізічнага мыслення, а да метафізічнага мыслення ў анталагічным дыскурсе, то нам з ім лёгка паразумецца, не пакідаючы сваіх пазіцый.

Мая крытыка палягае на тым, што Алесь, сінамізуючы Бога і ўніверсальнае Быццё, спрабуе ўбачыць там нейкае месца дла сваёй персанальнай душы/свядомасці. А я яму давожу, што ўсё персанальнае застаецца тут, а пасля смерці калі нешта і трапляе ад чалавека ва ўніверсальнае трансцэндэнтнае, дык толькі тое, што ёсць у ім універсальным, а не персанальнае. Інакш кажучы, пасля смерці ягоны вернік гэтаксама распушаецца ў нішто, як і мой нявернік. Толькі ягоны - праз нябёсныя скразнякі, а мой - праз зямны прах.

Безліч манадаў па ўсім Сусвеце

- А што наконт жыцця душы пасля смерці?

- З усіх рэлігійных, тэалагічных і філасофскіх схемаў містычнай лучвы Бога і чалавека, мне падабаецца хіба толькі манадалогія Готфрыда Лейбніца. У яго ёсць адзін  больш чым геніяльны творык пра манады…

Сутнасць канцэпцыі Лейбніца досыць простая: у падставе ўсяго існага палягае манада. У падставе вас, у падставе мяне, у падставе хоць чаго, што з’яўляецца на свеце. Кожнае дрэва мае сваю манаду, кожная жамярынка і кожная травінка таксама яе мае.

Але што такое манада? Гэта  герметычная, без вокнаў і дзвярэй лакальная часцінка быцця Бога. Да таго ж манада цэльная і нічым ніколі не парушная.

Калісьці Бог у неверагоднай безлічы панараскідаў манадаў па ўсім Сусвеце. З той пары, дзе яны не апынуцца, там і разгортваюць сакральнае быццё, адпаведна той ці іншай канкрэтнай формы. З гэтага ў дрэве манада менш разгорнутая, у жывёліне - больш. А ў чалавеку яна разгорнутая амаль цалкам.  

Але калі нейкая рэч ці істота гіне, то яе манада  адразу шукае сабе справу ў нечым іншым. Прыкладам, манада, якая была ў подзе Валянціна Акудовіча, потым можа пакласціся ў под чарвяка, пухнатай коткі ці звышновай зоркі - чаго заўгодна. 

- Лейбніц адмаўляў існаванне душы?

- Не, ён адмаўлў толькі метампсіхоз (перасяленне душаў). Бо паводле Лейбніца, нішто нікуды не перасяляецца, натуральна, акрамя саміх манадаў. Гэта значыць , што душа чалавека распушаецца разам з ягоным прахам ў прыцемках забыцця.

Відавочна, што манадалогія Лейбніца, хоць і не аспрэчвае існаванне Бога, але чалавеку не дадае аптызміму ў яго спадзевах на нябёснае існаванне. Толькі ці варта з гэтага лішне нурыцца? Вунь колькі  чалавек напрыдумляў аптымістычных выйсцяў праз смерць у вечнае жыццё. Выбірай - не хачу.

- Што зрабіла вас агностыкам? Выхаванне ў сям’і атэістаў ці дзейнасць філосафа?

- Мая маці была апантанай верніцай, самай што ні ёсць праваслаўнай фундаменталісткай. Бацька мо трохі і сумняваўся ў легітымнай спраўнасці Бога, але ніколі мне гэтага не выказваў. Дарэчы, я б можа таксама хацеў верыць, але Бог не даў мне таленту веры. Ну то хай сам на сябе і наракае. Бо проста паводле агульнай завядзёнкі ў мяне вера не атрымліваецца. А праз разумовыя рэфлексіі ды аналітыкі Ягоная наяўнасць аніяк не схопліваецца. У лепшым выпадку - Ён можа быць, а можа і не быць (згадайце Канта).

Хто ва што верыць

- Колькі прыблізна адсоткаў інтэлектуалаў з вашага атачэння, знаёмых філосафаў і сяброў, вераць у Бога і ходзяць у царкву?

- Цяжка сказаць, але, бадай, іх можна на пальцах пералічыць. Да таго ж ніколі  немагчыма здагадацца, што кожны з іх разумее пад верай? Бо калі пра Іллю Сіна (Бум-Бам-Літ) яшчэ можна з нейкай пэўнасцю казаць пра яго "воцерквленность", а Сяргей Харэўскі і Уладзімір Арлоў проста шчырыя хрысціяне, то цверджанне Ігара Бабкова, што ён дзэн-будыст, для мяне застаецца толькі рытарычным цверджаннем. Прынамсі, асабіста я ніколі не бачыў яго за нейкім рытуалам.

Максім Жбанкоў публічна недзе сказаў, што "я ў Бога з барадой не веру". Хаця апошняе зусім не выключае нейкі іншы фармат яго веры ў трансцэндэнтнае. А Тодар Кашкурэвіч заангажаваны ў традыцыйны космас беларусаў, для якога хрысціянства ўвогуле ёсць варожай субстанцыяй.

Вохці мне, а на "слана" я і забыўся: Уладзімір Мацкевіч.

- Вернік?

- Хо! Яшчэ які! Пратэстант. Нават абараняў пратэстантскі малебны дом ад улады, галадаваў там з іншымі вернікамі. Хаця нехта казаў, што апошнім часам ён як быццам пачаў хіліцца да каталіцызму. Калі гэта не так, дык прашу Уладзіміра дараваць мне за пустамелю…

- А якія погляды мае доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая?

- Як ні дзіўна, мне цяжка на гэта адказаць. Хаця мы даўно сябруем, і нават не аднойчы ў адной байдарцы вандравалі. З аднаго боку, яна верніца, але як ні з кім непараўнальны прафесіанал (прынамсі ў Беларусі) сакральнай тэалогі, яе вера, пэўна ж розніцца ад шараговага спажыўца веры… Што праўда, я ні колі не пытаўся ў Ірыны пра яе веру (як і ў іншых), бо "веру - ня веру" - залішне інтымная рэч.

Бачыце, нават у гэтым кароткім пераліку колькі супярэчных вымярэнняў веры…

А ўвогуле, у нашу эпоху рэлігійныя індэфікацыі ўсё болей размываюцца, вераванні зблытваюцца, распушаюцца ва ўніверсальным трансцэндэнтным. Дагмат пачынае існаваць сам па сабе, а вера сама па сабе. З гэтага яна становіцца ўсё болей падобнай да нейкага цьмянага прывіды, які самотна блукае ў катакомбах нябёсаў.

Чаму пужаюць белазубыя ўсмешкі бабулек Захаду, якія шпарка ганяюць на роварах і займаюцца спартовай хадой? Навошта чалавек пражывае "лішняе" жыццё? Пра гэтае - працяг "Размоваў ў цягніку" ў бліжэйшы час на eurobelarus.info

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео