BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Кангрэс даследчыкаў Беларусі адчыніўся ў Літве

03.10.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Кангрэс даследчыкаў Беларусі адчыніўся ў Літве
Акции / Фото
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
IV Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі адчыніўся 3 кастрычніка ў Коўне. Гэта найбуйнейшая падзея для акадэмічнай супольнасці сабрала больш за 450 навукоўцаў з 20 краінаў свету.

Жыццё пасля лакальнасці і Еўрамайдану

Ва ўніверсітэце Вітаўта Вялікага беларускія даследчыкі пачалі абмяркоўваць вынікі сваёй працы за год. У фокусе ўвагі Кангрэса традыцыйна - не толькі непасрэдна Беларусь, але і ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Шырокая праблематыка - ад эканомікі, палітыкі, міжнародных стасункаў да гісторыі, лінгвістыкі ды праблем культуры - будзе разглядацца цягам трох дзён ў межах шэрагу навуковых панэляў.

"Даганяючыя рэвалюцыі ва Усходняй Еўропе. Ад "Салідарнасці" да "Еўрамайдану" - першы пленарны даклад, з якім выступіў вядомы ўкраінскі палітычны і культурны аналітык, прэзідэнт Украінскага ПЭН-цэнтру, пісьменнік, перакладчык і публіцыст Мікола Рабчук (Інстытут Палітычных і этнанацынальных даследванняў НАН Украіны).

Трэба адзначыць, што ўкраінскі дакладчык выступаў на беларускай мове, а пленар сінхронна перакладаўся на ангельскую.

"Пасля лакальнасці: беларуская інтэлектуальная гісторыя найноўшага часу (1989–2014 гг)" - з дакладам на гэтую тэму выступіў беларускі філосаф і літаратар Ігар Бабкоў.

У наступныя дні Кангрэса - 4 і 5 кастрычніка - ў межах навуковых секцый вялікая ўвага будзе нададзеная наступствам украінскага крызісу для Беларусі і рэгіёну, палітыцы Кітая ў дачыненні да краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, праблемам мясцовай палітыкі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе і многім іншым праблемам.

У межах гуманітарнага блоку будуць разглядацца праблемы гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, гісторыі Беларусі ХІХ і ХХ стагоддзяў, сучаснай беларускай культуры і літаратуры, гендэрных даследаванняў і г.д.

Акрамя таго, адбудуцца прэзентацыі кніг, даследчых і адукацыйных праектаў.

Прыемнай узнагародай за плённую працу стане наданне Прэміі Кангрэса за найлепшую навуковую публікацыю ў 2012-2013 гадах па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычныя навукі, гуманітарныя навукі. У адрозненне ад мінулага года, сёлета Прэмія будзе надавацца асобна - за найлепшую манаграфію і артыкул.   

Што цікава навукоўцам?

Карэспандэнт Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі" наведала пленарнае паседжанне навукоўцаў, з якога сёння пачалася праца Кангрэса. Ягоныя ўдзельнікі распавялі, што будуць рабіць на навуковых секцыях.

Глава Рады Міжнароднага кансорцыюма "ЕўраБеларусь" Уладзімір Мацкевіч:

- На гэты раз я не заяўляў даклад на Кангрэс, каб мець магчымасць пахадзіць па тых секцыях, на якія ня мог патрапіць раней. Зараз мяне цікавяць некалькі секцыяў, на якіх не давялося пабываць на мінулым Кангрэсе, і дзе склалілся пэўныя, досыць шчыльныя адносіны паміж даследчыкамі і навукоўцамі.

У прыватнасці, гэта тычыцца біблейскай секцыі Ірыны Дубянецкай, некалькіх гістарычных секцыяў. Ну, і па-ранейшаму мяне цікавіць адукацыйная секцыя, дзе Андрэй Лаўрухін будзе разважаць пра праблемы сучаснай адукацыі.

Гісторык, прафесар Захар Шыбека:

- Я зараз працую ў Тэль-Авіўскім універсітэце. І другі год прыязджаю на Кангрэс, каб кіраваць тут секцыяй беларускай іўдаікі. На яе збіраюцца навукоўцы, якія даследуюць гісторыю яўрэяў Беларусі. У гэтым годзе я выступаю з дакладам "Культурныя ўзаемаўплывы беларусаў і яўрэяў у працэсе фарміравання сучаснай нацыі".

Я лічу гэтую тэму вельмі актуальнай, таму што вывучэнне нашых нацыянальных культурных адносінаў набывае ў сучасных умовах вельмі важнае значэнне. Таму што, напрыклад, розныя міжнародныя канфлікты могуць узнікаць у выніку культурнай несумяшчальнасці ці культурных непаразуменняў.

Каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, праваабаронца Сяргей Драздоўскі:

- Нашая тэма - гэта трансфармацыя прынцыпаў палітыкі ў адносінах да інваліднасці ў Беларусі. У нашага Офіса ёсць пасланне пра інавацыю, якой мы прытрымліваемся. І пра тое, наколькі ў нас гэта атрымліваецца, наколькі гэта актуальна і наколькі адначасова праблематычна.

Тут ужо ёсць з кім паразмаўляць сярод удзельнікаў, бо гэта пытанне перспектывы для грамадскасці. Нам якраз вельмі важныя перакрыжаванні і ў актах даследванняў. Напрыклад, ёсць вялікія перакрыжаванні і з Цэнтрам сацыяльных інавацыяў, і з Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі.     

Культуролаг Маргарыта Корзун:

- Я раблю даклад у межах панэлі па менеджменту культурных праектаў. Дарэчы, у панэлі таксама заяўлены даследчык з універсітэта Тэнэсі, ЗША, з сацыякультурным праектам "Разам мы - Беларусь". Нажаль, ён не змаг прыехаць, але ж ён будзе браць удзел у працы панэлі праз скайп.

Гэтую секцыю я раблю ўжо не першы год, бо спадзяюся, што вырасце новае пакаленне культурных менеджэраў, якія, у сваю чаргу, будуць рабіць новыя цікавыя праекты.

Таксама ў секцыі "Культура" ёсць адна панэль, прысвечаная пытанням каталогу рэпрэзентатыўных твораў мастацтва Беларусі XX стагоддзя - таго часу, калі складалася цяперашняя культура Беларусі. Па гэтай вельмі цікавай тэме таксама будзе круглы стол.

Яшчэ мы выступілі з ініцыятывай паказаць лепшыя фільмы фестываля беларускага кіно ў Польшчы "Бульбамуві".  

Сацыёлаг, эксперт Інстытута палітычных даследаванняў "Палітычная сфера" Аляксей Ластоўскі:

- Ужо другі год запар мне выпаў лёс падрыхтоўкі і каардынацыі панэлі, звязанай з гісторыяй XX стагоддзя. Таму што ў Беларусі гісторыя - напэўна, адна з найбольш актыўных дысцыплін, і чацвёрты год да нас прыязджае шмат гісторыкаў. Але, калі гісторыкі, якія займаюцца Вялікім княствам Літоўскім - досыць арганізаваная супольнасць, маюць сваіх лідараў і свае правілы гульні, то датычна гісторыі найноўшай пры вялікай колькасці даследчыкаў гэтага перыяда ў іх няма самаарганізацыі. Таму даводзіцца дапамагаць у працы гэтай секцыі, складаць праграму.

І так атрымалася, што я нават вырашыў у гэтым годзе не выступаць з дакладам, а прысвяціць час і сілы менавіта арганізацыйным пытанням, звязаным з мадэрацыяй і іншымі рэчамі.    

Гісторык Андрэй Кіштымаў:

- Мая панэль, мая секцыя - Расійская імперыя. І паралельна з намі будзе працаваць секцыя па яўрэйскаму пытанню Беларусі, якое даследуе Захар Шыбека. Мы з ім шмат гадоў працавалаі разам у інстытуце, добра сябруем і зараз удзельнічаем у супольных праектах.  

Што тычыцца майго выступу, то ён будзе з правакацыйнай назвай "Русіфікацыя: пытанні гістарыяграфіі і праблемы вывучэння гэтай з’явы". Русіфікацыя - такі тэрмін, які ведаюць усе, але ж змест гэтага тэрміна для кожнага розны. Ці ёсць навуковая каштоўнасць у яго? Якія справы ў русіфікацыі былі ў мінулым, што будзе зараз і, галоўнае, што чакаць на будучыню? Вось галоўныя пытанні маёй размовы на гэтым Чацвёртым Кангрэсе, дзе я ўжо з’яўляюся, можна казаць, ветэранам, бо на трох папярэдніх быў таксама.   

Даведка "ЕўраБеларусі"

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці. Гэта самая прадстаўнічая штогадовая акадэмічная і экспертная падзея, у якой бяруць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследванняў палітыкі, грамадства і культуры Беларусі.

Кангрэс - гэта выдатная магчымасць распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену меркаваннямі і ідэямі, усталёўвання нефармальных сувязяў з прадстаўнікамі экспертнай і акадэмічнай супольнасці Беларусі ды іншых краін. 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео