BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Марына Штрахава: Студэнтаў адлічаюць нават за ўдзел у семінары нефармальнай адукацыі

17.09.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Марына Штрахава: Студэнтаў адлічаюць нават за ўдзел у семінары нефармальнай адукацыі
Чаму беларускія студэнты адмаўляюцца "качаць" правы, але пагаджаюцца прыбіраць лядовыя палацы і датэрмінова галасаваць за невядомых дэпутатаў?

Днямі мы распавядалі пра механізм, які дазваляе студэнтам палепшыць якасць сваёй адукацыі праз далучэнне да маніторынгу парушэнняў акадэмічных свабод.

А пакуль моладзь вагаецца адносна заявак на ўдзел у гэтым найцікавейшым праекце, карэспандэнт Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі" высвятляе падрабязнасці ў прадстаўніка МПГ "Студэнцкая Рада", каардынатара маніторынга Марыны Штрахавай.

Рэйтынг парушальнікаў - яшчэ наперадзе

- Марына, вы бярэце непасрэдны ўдзел у маніторынгу парушэнняў акадэмічных правоў і свабод студэнтаў. Распавядзіце, якія вну Беларусі зараз найбольш злосныя парушальнікі вышэй адзначаных каштоўнасцяў?

- Пакуль даволі цяжка адказаць, бо маніторынг пачаўся толькі на мінулым тыдні. Па выніках першага этапу маніторынга мы не мелі такого рэйтынгу таксама. Мы проста канстатавалі тыя факты парушэнняў, якія адбываюцца ў вну, і яны даволі розныя. Напрыклад, у адным вну ўсіх студэнтаў прымусова гоняць на нейкую ўборку, і гэта сістэматычна, штотыднёва. У другім - парушэнні падчас размеркавання.

Мы плануем на другім этапе ахапіць большую колькасць універсітэтаў, чым у першым, і ўжо будзем рабіць высновы. Мажліва, зробім такі рэйтынг, які пакажа, якое вну лепей ставіцца да студэнтаў, а якое - горш.

- Дарэчы, колькі вну ахапілі на першым этапе?

- Тады ўдзельнічалі назіральнікі з сямі вну - як са сталіцы, так і з рэгіёнаў: Гомеля, Берасця, Гародні. Ахапіць Менск цяжкавата, бо ў ім - большасць вну 34 з 54 вну, астатнія 20 раскіданыя па рэгіёнах, з якімі мы таксама спрабуем шчыльна працаваць.   

- Прывядзіце прыклады самых жорсткіх парушэнняў з боку адміністрацый вну датычна студэнтаў.

- Хутчэй за ўсё, гэта тыя, што былі масавымі. Яны тычацца падзеяў, звязаных з выбарамі і чэмпіянатам свету па хакеі ў Менску. Цалкам вынікі нас не здзівілі, таму што студэнтаў, як і ў мінулыя гады, прымушалі галасаваць на выбарах датэрмінова, пагражалі высяленнем з інтэрнатаў, няздачай сесіі. Як паказвае практыка, гэта больш пагрозы, а не сапраўдныя дзеянні. Але гэта насіла больш масавы характар, чымсці раней.

Датычна чэмпіянату, то студэнтаў адпраўлялі працаваць на "Чыжоўка-Арэну", прыбіраць яе да адкрыцця чэмпіянату.

Нас здзівіла ў маніторынгу тое, што быў ціск нават не на моладзевых актывістаў, а на звычайных, не палітычных, не апазіцыйных студэнтаў за іх удзел у мерапрыемствах нейкіх арганізацый. У гэтым годзе мы адзначылі тое, што адміністрацыі вну могуць выгнаць студэнтаў за ўдзел у семінары арганізацыі, якая займаецца нефармальнай адукацыяй. Нашым вну не надта падабаецца, што моладзь атрымлівае дадатковую адукацыю.

Каб не было праблемаў

- Наколькі актыўна студэнты адгукаюцца на заклік удзельнічаць у маніторынгу?

- У мінулым маніторынгу бралі ўдзел 17 чалавек. У гэтым - мы толькі пачынаем прымаць заяўкі, але плануем ахапіць больш вну і спадзяемся, што назіральнікаў будзе значна больш.

- Увогуле, страх студэнтаў быць адлічанымі з універсітэта ці інстытута перамагае пошукі справядлівасці?

- На жаль, перамагае. Нягледзячы на тое, што маніторынг робіцца ананімна, але студэнты адмаўляюцца адказваць на многія пытанні датычна ціску з боку вну. Кажуць, "у нас потым будуць праблемы", хоць мы гарантуем канфідэнцыяльнасць кожнаму ўдзельніку. Усё застаецца паміж каардынатарам і назіральнікам, але людзі баяцца нават такой формы… У гэтым сэнсе студэнты сапраўды вельмі запалоханыя, невядома чаму.

Кошт крамзоляў

- Узгадаем сітуацыю ў ЕГУ, дзе пракацілася чарговая хваля скарачэнняў выкладчыкаў. Ці паўплывае адчынены ліст, пад якім падпісалася 136 студэнтаў і 45 выпускнікоў універсітэта, на кіраўніцтва?

- У ЕГУ цалкам цяжкая сітуацыя. Мы таксама робім адчынены ліст да кіраўніцтва ЕГУ з тым, каб яно спыніла ціск. ЕГУ зараз паводзіць сябе не як сапраўдны еўрапейскі ўніверсітэт, а як звычайны беларускі.

У БДУ адміністрацыя больш-менш улічвае подпісы студэнтаў, бо разумее, што 100-200 подпісаў - даволі значная частка. Зразумела, што ёсць і шмат тых, хто не паставіць подпісу, але таксама падтрымлівае пазіцыю змагароў. Я спадзяюся, што ЕГУ ўлічыць подпісы, бо калі вну пойдзе і супраць студэнтаў, яны могуць сыйсці ў іншыя ўстановы, якія сапраўды адпавядаюць каштоўнасцям Балонскай сістэмы.

- Якую форму барацьбы вы параіце студэнтам ЕГУ?

- Я - за негвалтоўны супраціў, таму раю тыя ж подпісы, як першы крок. Увогуле, вельмі шырокі спектр барацьбы, адзін з метадаў - проста не прыйсці на пары да таго выкладчыка, які падтрымлівае адміністрацыю. Альбо зрабіць агульны дзень страйкавання - не выйсці на вучобу. Калі гэта зробіць увесь універсітэт, то зразумела, што людзі выказваюць сваю грамадскую пазіцыю, хочуць змен.

Пасля сутак на Акрэсціна - на дыван да дэкана

- Калі вы памятаеце, пасля Плошчы-2006 і Плошчы-2010 актыўных студэнтаў-мітынгоўцаў адлічалі з вну. Але гэта ім адчыняла дзверы для вучобы ў Еўропе - напрыклад, па праграме Каліноўскага. Ці добрая гэта падушка бяспекі для іншадумцаў?

- Гэтае пытанне асабіста для мяне даволі цяжкае. З аднаго боку, такія праграмы - сапраўды даволі добрая магчымасць для працягу адукацыі, бо праз адлічэнне па палітычных матывах ці наўрад цябе ўжо прымуць давучвацца беларускія вну.

Хаця атрымаць адукацыю ў іншай краіне даволі добра, з іншага боку, выпускнікі гэтых праграмаў застаюцца за мяжой. Гэты інструмант быў зроблены для таго, каб людзі атрымалі адукацыю ў Еўропе і вярнуліся на радзіму, каб зрабіць яе лепш, але частка з іх, нажаль, не вяртаюцца. Цалкам гэта няблагі інструмант, але ж апошнім часам ён працуе не зусім так, як хацелася б.

Апрача таго, некаторыя студэнты безпадстаўна карыстаюцца гэтым: робяць выгляд, што іх выгналі з вну менавіта па палітычных матывах, нават знаходзяць нейкія доказы, і з’язджаюць у Польшчу.      

- Ці змянілася з часоў "плошчаў" сітуацыя стаўлення адміністрацый вну да палітызаваных студэнтаў - калі ты ідзеш на мітынгі, аўтаматам нясеш пагрозу для ідэялагічнай "матрыцы" і робішся маргіналам для айчыннай сферы адукацыі?

- Па выніках маніторынга бачна, што сітуацыя не змянілася. Зараз можна заўважыць палітызаваныя працэсы, калі студэнта за ўдзел ў нейкай акцыі садзяць на суткі ці караюць штрафам. І нават пасля гэтага вну можа адлічыць студэнта, не заўжды, але ж такія выпадкі ёсць.

Так што стаўленне засталося тое ж самае, толькі хіба не адразу адлічаюць. У часы "плошчаў" было зразумела: калі трапіў на суткі, то стоадсоткава будзеш адлічаны. Але зараз нават, як я і казала, за ўдзел у семінары выклікаюць да дэкана і могуць адлічыць.

Забаўляльныя саветы

- У якім стане сёння знаходзіцца сістэма студэнцкага самакіравання?

- Фарамальна яна існуе ў кожным вну. Існуюць студэнцкія саветы. Але ў рэальнасці студэнты альбо самі не карыстаюцца паўнамоцтвамі, альбо ім не дазваляе гэтага адміністрацыя. Апошняя часцей за ўсё прызначае асобаў у студсаветы, таму пра абарону правоў студэнтаў гаворкі няма.

Зараз самакіраванне - гэта больш нейкія цікавыя мерапрыемствы, вандроўкі. Я не адмаўляю важнасці гэтай функцыі, але яна не павінна займаць 98% дзейнасці органа самакіравання. Гэта ўжо забаўляльныя саветы, а ніяк не студсаветы, якія кіруюць універсітэцкім жыццём.

- Які прыкладна адсотак масы студэнтаў не баіцца, што называецца, падняць галаву і спрачацца з рэктарам ці дэканам?

- На жаль, вельмі мала. Можа, 5%. Большасць баіцца: такі вялікі ўніверсітэт, вялікая машына, а я ж - маленькі, што я магу зрабіць супраць яе? Некаторыя проста не ведаюць, што рабіць з правамі і свабодамі. Акрамя маніторынга "Студэнцкая Рада" займаецца юрыдычнай кансультацыяй, і даволі часта прыходзяць пытанні не пара парушэнне правоў, а пра іхнюю рэалізацыю. Студэнты не ведаюць, ці магчыма нейкае дзеянне.    

Без прышчэпак і з хібамі

- У якім айчынным вну выкладчыкі найбольш прышчапляюць студэнтам прагу акадэмічных правоў і свабод?

- Шчыра кажучы, не ведаю такога. У большасці вну пра правы і акадэмічныя свабоды наогул не кажуць.  

- Ці не застанецца ваш маніторынг толькі на паперы, гэткай высокай ідэяй, якую праглыне сістэма? Наколькі паспяховы гэты способ барацьбы з парушэннямі правоў і свабод?

- Я шчыра веру ў тое, што не застанецца на паперы. Асабліва, калі маніторынг працягваць. На мой погляд, гэта патрэбна не столькі для вну, колькі для саміх студэнтаў. Калі ты вучышся, ты можаш не заўважаць некаторых недарэчнасцяў у сваёй адукацыі, хібаў у сістэме. А калі ты ўдзельнічаш у маніторынгу і спрабуеш адказаць на тыя пытанні, што змяшчае пытальнік, пачынаеш задумвацца над праблемамі. Мне казалі пра гэта людзі, якія бралі ўдзел у першым этапе. Пасля маніторынгу разумееш: гэта няправільна, і гэта было б варта змяніць.  

І я спадзяюся, што маніторынг паўплывае адразу ж не столькі на адміністрацыю вну, колькі на саміх студэнтаў. Сістэму трэба мяняць. Нельга выключаць чалавека за тое, што ён выказаў сваё меркаванне. Павінна быць па-іншаму.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео