BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Дэтанатар Першай сусветнай у нацыянальных рухах Беларусі, Польшчы і Літвы

03.06.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Дэтанатар Першай сусветнай у нацыянальных рухах Беларусі, Польшчы і Літвы
Акции / Фото
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
100 гадоў таму пачалася Першая сусветная вайна. Што ведаюць пра яе беларусы? Якія працэсы яна абудзіла? Ці можна лічыць паўставанне беларускай дзяржаўнасці вынікам Першай сусветнай?

 Публічная дыскусія "Першая сусветная вайна, фармаванне нацый і паўставанне дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы" адбылася на пляцоўцы Крэатыўнай прасторы "ЦЭХ" у Мінску 31 траўня. Арганізатарамі выступілі Інстытут палітычных даследаванняў "Палітычная сфера" і Лятучы ўніверсітэт, а ладзілася мерапрыемства ў рамках Трэцяй Міжнароднай канферэнцыі "Войны ў палітычнай і культурнай традыцыі Беларусі і краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы".

Апрача беларускіх даследчыкаў у дыскусіі ўзялі ўдзел замежныя навукоўцы - доктар гісторыі Рымантас Мікніс з Інстытута гісторыі Літвы і доктар гісторыі Яанна Героўска-Калаўр з Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук.

Мадэратар дыскусіі, кандыдат гістарычных навук, шэф-рэдактар часопіса "Arche" Алесь Пашкевіч:

- Тут аб’ядноўвае ўсіх тое, што, хоць і будзем размаўляць пра вайну, ніхто з прысутных даследчыкаў не малюе ваенныя падзеі - не падлічвае ахвяры, страты, не праводзіць рэканструкцыі ваенных бітваў. Усе прысутныя гісторыкі даследуюць у той ці іншай ступені грамадска-палітычныя працэсы на тэрыторыі нашага краю ў шырокім яго разуменні, якім ён быў на пачатку XX стагоддзя.

Будзем абмяркоўваць беларускі, літоўскі і польскі нацыянальныя рухі, і тое, як Першая сусветная вайна адбілася на лёсах мясцовых народаў, паўплывала на іх далейшае гістарычнае развіццё.

Тым больш, што гэтая вайна не з’яўляецца падзеяй, характэрнай толькі для нашага рэгіёну, у ёй фактычна ўдзельнічаў увесь свет. Перад вайной не было такой разнастайнасці дзяржаў, такіх дзяржаўных межаў, якія мы маем сёння. Былі тры імперыі - Расійская імперыя, Аўстра-Венгерская дуалістычная манархія і Германская імперыя, якія ўключалі ў сябе землі розных народаў, дзе ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў узмацняліся нацыянальныя рухі.

І вось Першая сусветная вайна зламала ўсю тую сістэму раўнавагі, якая склалася пасля Напаляонаўскіх войнаў, і расчыніла народам пэўныя перспектывы. І пра тое, што несла гэтая вайна беларусам, літоўцам, палякам, распавядуць прысутныя тут гісторыкі. Пытанне да Алеся Смалянчука, які займаецца менавіта гісторыяй Краёвага руху: якое значэнне для нашых земляў мела Першая сусветная вайна, якія працэсы абудзіла?

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук (Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук):

- Пытанне вельмі цікавае. Рэальная перспектыва паражэння Расіі і магчымы распад імперыі, канешне, уплывалі на нацыянальныя рухі. Напрыклад, рух нашага рэгіёну - тэрыторыі гістарычнай Літвы - значна ўзмацніла. Усё больш з’яўляецца палітычных інспірацыяў і амбіцыяў у нацыянальных рухах. З’явілася перспектыва выйсці з-пад улады Расіі і нейкім чынам ставарыць сваю нацыянальную дзяржаву. Але беларусы значна пазней адчулі і зразумелі гэта. Відавочна, што да 1914 года беларускі рух ня меў масавай падтрымкі ў параўнанні з літоўскім, не кажучы пра польскі. Краёвая ідэя была ў той сітуацыі спробай захаваць нацыянальнае адзінства.

У 1915 годзе, калі немцы ўжо займаюць Вільню, з’яўляецца цікавы дакумент - Канфедэрацыя Рады Вялікага княства Літоўскага. Дакумент выйшаў на некалькіх мовах - беларускай, польскай, літоўскай, ідзіш. Гэта было пэўнай спробай адстаяць пазіцыю, каб стварыць дзяржаўнасць Вялікага княства Літоўскага і захаваць гістарычную Літву. За ім стаялі краёўцы і масоны. Такая ідэя была жывая, але больш рэальнай зрабілася іншая, калі казаць пра  лавіраванне беларусаў паміж краёвасцю і беларускай ідэяй, - шлях, па якім пайшоў Раман Скірмунт.

Што мяне вельмі здзівіла, калі я працаваў у Маскве ў архівах і дабраўся да дакументаў Часовага Ўрада, - гэта назва дакумента, які напісаў Скірмунт князю Львову пра тое, як праходзіў сакавіцкі з’езд беларускіх арганізацый, пра ягоныя патрабаванні (галоўнае з іх - беларуская школа) і гэтак далей. Здзівіла менавіта назва гэтага дакумента - "Дакладная запіска", а ня нейкі афіцыйны зварот. Мажліва, быў нейкі праект Часовага Ўрада па арганізацыі нацыянальных з’ездаў, і праз абраных людзей кантраляваліся нацыянальныя працэсы. Можа, я памыляюся, але я задумаўся: ну, хто піша ў рэшце рэшт дакладныя запіскі? Той, хто з’яўляецца падначаленым, калі разважаць па логіцы.

Гаворка пра тое, што сапраўды Першая сусветная вайна, асабліва рэальная перспектыва паражэння Расіі, шмат чаго змяніла ў разуменні сітуацыі і беларускага руху, і краёвага руху. Пачынаецца пошук новых варыянтаў развіцця гісторыі гэтых зямель у перспектыве. Розныя народы выкарысталі варыянты па-рознаму.

Кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі (БДУ):

- Адносна ступені вывучанасці гэтай праблемы ў беларускай гісторыяграфіі - дагэтуль у нас так і не сфарамавалася гістарычная школа па Першай сусветнай вайне ў Беларусі. Як калісьці казаў вядомы ўкраінскі гісторык Грыцак, напачатку стагоддзя ўсіх свядомых беларусаў можна было пасадзіць на адну канапу. У прынцыпе, усіх даследчыкаў гэтай праблемы ў нас у краіне таксама зараз можна пасадзіць на адну канапу. Настолькі слабая ў нас школа па гісторыі Першай сусветнай вайны.

Чаму яна настолькі слаба вывучаная ўвогуле на пост-савецкай прасторы? Па-першае, на хвале паразы Расіі ў гэтай вайне развалілася імперыя, і да ўлады прыйшлі бальшавікі. Зразумела, што менавіта вайна прывяла бальшавікоў да ўлады, а не нейкія там сацыяльныя ўзрушанні. Параза краіны ў вайне стала падставай для прыходу такой радыкальнай сілы як бальшавізм. Канешне, у савецкай гісторыяграфіі пра гэтае нельга было адкрыта казаць. Па-другое, падзеі Першай сусветнай засланіла Другая сусветная вайна, якая стала ідэалагічным аб’ектам для ўмацавання савецкага рэжыму.

Два дакладчыкі рабілі акцэнт на ідэе краёвасці. Пытанне да іх: Луцкевіч - гэта хто? Краёвец ці прыхільнік нацыянальнай незалежнасці? Знойдзены дакумент, напісаны ім у 1913 годзе - Луцкевіч думаў пра далейшы лёс краіны і разумеў, што крышталізацыя нацыі яшчэ не адбылася, і беларускі рух настолькі слабы, што трэба мець саюзніка дзеля таго, каб завяршыць нацыятворчыя працэсы ў спрыяльных палітычных умовах. Таму адзіны, найбольш зручны саюзнік - канешне, Літва, якая далёка не адышла ад Беларусі. І, як пісаў Луцкевіч, пасля стварэння беларуска-літоўскай палітычнай уніі можна думаць і пра магчымасць стварэння самастойнай беларускай дзяржавы. І Першая сусветная вайна значна паскорыла этнапалітычныя працэсы на ўсходзе Еўропы.

Калі да вайны быў перыяд збірання сілы, так званы "нашаніўскі" перыяд, то напрыканцы вайны надышоў час выбару. Перад нешматлікай беларускай палітычнай элітай паўстала пытанне: што рабіць далей?

Беларусь была падзеленая на дзве часткі, і свабоднае палітычнае волявыяўленне мела толькі тая групоўка, якая знаходзілася ў Вільні, на чале з Луцкевічам, Ластоўскім, якія не былі ў 15-16 гадах абцяжараны цэнзурай, і немцы дазвалялі антырасійскую рыторыку.

Пасля краху манархіі з’явіліся палітычныя магчымасці інстытутыялізаваць беларускі нацыянальны рух. Інстытутам стаў Усебеларускі з’езд. У адрозненне ад літоўцаў і палякаў, у нас не сфармавалася палітычная эліта ў паўнавартасным выглядзе, каб былі "правыя", "левыя", "цэнтр". Беларускі рух у той час быў леварадыкальным, не было дастатковай колькасці арганізатараў справы. Была толькі спроба стварэння нейкіх палітычных інстытутаў. Праграма Усебеларускага з’езду была праграмай не палітычнай незалежнасці, а рэспублікі ў складзе Расійскай Федэрацыі. Не было ў той час гаворкі пра ідэю палітычнай незалежнасці.

Ідэя гэта ўзнікла толькі ў Вільні. Ініцыятарамі незалежнасці Беларусі былі браты Луцкевічы, якія мелі дастатковы аўтарытэт, каб уплываць на палітычныя структуры пасля ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Менавіта іхняя ініцыятыва прывяла да абвяшчэння БНР 25 сакавіка. Але казаць, што БНР была паўнавартаснай дзяржавай, няма падставы. Гэта была ідэя, якую выношвалі палітычныя структуры, звязаныя з Радай БНР. Усе прарасейскія групоўкі, якія дамінавалі ў мясцовых органах самакіравання, выступілі супраць новага ўраду. І ў кастрычніку 1918 года Антон Луцкевіч узняў пытанне: што рабіць далей? Пры такіх умовах - без войска, судовай сістэмы - фактычна не было дзяржавы, і гэтай ідэі БНР трэба было міжнароднае прызнанне. І зроблена была стаўка на знешнепалітычныя стасункі. Нажаль, БНР прызналі ў 1921 годзе толькі ў Літве.

Пытанне, ці магла ажыццявіцца ідэя Луцкевіча балтыйска-чарнаморскага саюзу - краінаў Балтыі, Беларусі і Украіны - у тых палітычных умовах? Я мяркую, што гэты было нерэальна з-за сур’ёзных спрэчак па тэрыторыі - украінскі ўрад хацеў свае паўночныя межы бачыць у 4 км ад Жлобіна, плюс Літва адбылася ў сітуацыі, калі там панавала Польшча, таму ёй хацелася авалодаць Віленскім краем з дапамогай беларускага фактара

Такім чынам, пасля распаду імперый у выніку першай сусветнай стварыліся нацынальныя дзяржавы. І у той час быў перыядам стварэння новых поліэтнічных дзяржаў. І гэта былі няўстойлівыя дзяржаўных утварэнні. Яшчэ адзін вынік гэтай вайны - спакуса вырашаць усе праблемы з дапамогай сілы. І вось гэтая няўстойлівая Версальская сістэма прадказальна прывяла да Другой сусветнай вайны.

UPD.: Відэазапіс публічнай дыскусіі:

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео