BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Андрэй Хадановіч: Ніколі так напружана не чытаў беларускую прозу, як за гэтыя тры гады

24.05.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Андрэй Хадановіч: Ніколі так напружана не чытаў беларускую прозу, як за гэтыя тры гады
Чаму бібліятэкаркі ведаюць Рублеўскую, але не чулі пра Бабкова? Ці можа герметычная інтэлектуальная літаратура прынесці аўтару 10 тысяч еўра?

 2 чэрвеня будуць абвешчаны пераможцы Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Адзін з трох фіналістаў на ўрачыстай цырымоніі атрымае чэк на суму 10 тысяч еўра ад партнера прэміі "Ідэя Банка" за найлепшую кнігу на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі. Уладальнік  II месца паедзе ў творчы адпачынак на выспу Готланд у Швецыю, а ўзнагарода за III месца чакае ў польскім Уроцлаве.

 
Прэмія існуе трэці год, пераможцы 2012 і 2013 гадоў - "Зборная РБ па негалоўных відах спорту" Паўла Касцюкевіча і "Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без" Уладзіміра Някляева. Хто з беларускіх пісьменнікаў працягне гэты творчы ланцуг? У шорт-ліст  трапілі Ігар Бабкоў, Алена Брава, Сяргей Вераціла, Артур Клінаў, Вінцэсь Мудроў і Людміла Рублеўская.
 
Напярэдадні абвяшчэння імёнаў пераможцаў карэспандэнт Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі" пагутарыла з сябрам журы, кіраўніком Беларускага ПЭН-Цэнтра, паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам.
 
Новая кроў без помсты рэжыма
 
- Андрэй, чым адметная сёлетняя прэмія Ежы Гедройца?
 
- Зараз скажу досыць правакатыўную рэч. Яна адметная тым, што ўвогуле адбылася, негледзячы на імя леташняга пераможцы. Уладзімір Някляеў сапраўды напісаў найлепшы летась раман, які чэсна, па ўсіх параметрах выйграў прэмію, бо гэта, што б ні казалі яго палітычныя й літаратурныя ворагі, добра зробленая кніжка.
Але мне чамусьці здавалася, што ў той ці іншай форме рэжым будзе арганізоўваць розныя падляны й помсціць людзям ды інстытуцыям, якія маюць дачыненне да прэміі. Аднак прэмія па-ранейшаму існуе, усё цудоўна, і гэта галоўная добрая навіна.
 
Апроч таго, пашыраецца кола аўтараў. Трэці год прэміяльнай гонкі - і твораў пададзена значна больш, чым летась. А гэта значыць, што і для пісьменнікаў, і для выдаўцоў прэмія робіцца падзеяй, і яны шчыра зацікаўленыя ў тым, каб у ёй паўдзельнічаць.
 
Злыя языкі ў сеціве пляткараць, што ў журы няма ратацыі, адныя і тыя ж людзі прымаюць рашэнні па лёсах нашай прозы. Але сёлета ратацыя адбылася: у склад журы прыйшлі два наймаладзейшыя і вельмі кампетэнтныя сябры - пісьменнік Альгерд Бахарэвіч і адзін з самых перспектыўных беларускіх крытыкаў  Ціхан Чарнякевіч. Яны - тая маладая кроў, якая ўлілася ў наш арганізм, крыху састарэлы за два гады.
 
Дарэчы, Бахарэвічу шчыра жадаю найхутчэй выйсці з складу журы. Яму лепш прэтэндаваць на наступную прэмію з новай кнігай, бо кожная ягоная кніжка заўжды стварае інтрыгу і ўсур’ёз прэтэндую на перамогу.
 
Бестсэлер каля боцікаў
 
- У шорт-ліст трапілі шэсць аўтараў.  Якія творы найбольш цікавыя для шырокага кола чытачоў, а якія - для філолагаў і літаратурных крытыкаў?
 
- Бестсэлераў у сэнсе "вагоннага чытва" хутчэй няма, ёсць досыць элітарны мастацкі прадукт. Элітарны хаця б таму, што пішацца на мове, на якой не ўсе размаўляюць і не ўсе чытаюць. Апроч таго, у нас па-ранейшаму няма цывілізаванага кніжнага рынку, а таму не працуе нармальная логіка кніжнага распаўсюду.
 
Можна, скажам, выдаць паэтычную кніжку (а такая штука па азначэнні - не для ўсіх) накладам паўтары тысячы асобнікаў. І яна раптам разыходзіцца. А закручаны экшн у галівудаўскім духу ў нас чамусь не разыходзіцца нават накладам у 500. Найбольшы поспех кніжкам робіць іх забароненасць, паўзабароненасць і псеўдазабароненасць, калі презентацыі з дзіўных прычынаў не дазваляюцца. Скажам, з прычынаў пажарнай небяспекі. Мабыць, такое яно палымянае - беларускае слова.  
 
Сярод шасцёркі шорт-ліста супербестсэлерам можна лічыць кніжку Людмілы Рублеўскай, бо яна выдадзена ў "Мастацкай літаратуры", і яе можна ўбачыць не толькі ў кнігарні Логвінава, але - ура, таварышы! - і за кальцавой дарогай Мінска.
 
Я нядаўна чытаў лекцыю для бібліятэкарак, якія прыехалі сюды на курсы падвышэння кваліфікацыі. Паказаў ім шэсць кніжак шорт-лістараў, дык жанчыны ведаюць толькі Рублеўскую, бо яе кнігі часам трапляюцца ў іхніх гарадах і мястэчках. Часам Людміла Рублеўская там - гэта адзіны беларускамоўны томік літаратуры побач з дзесяццю рускамоўнымі, а на суседняй паліцы ўжо абутак прадаюць.  
 
Інтэлектуал-элітарый у спісе шорт-лістараў - Ігар Бабкоў. Хаця б таму, што ён не толькі празаік і паэт, але і прафесійны філосаф. Адзін з найцікавейшых фрагментаў кнігі - разгорнуты аналіз геніяльнага верша польскага паэта Баляслава Лесьмяна. Мне цяжка ўявіць, што шырокі чытач прадзярэцца скрозь гэта. Хоць, вядома ж, шкада. Не аўтара, а гэтага самага шырокага чытача.
 
Але і з "народнасцю" Рублеўскай не ўсё так проста, яе ўяўна-просты тэкст мае падвойную, патройную й г.д. структуру. Скажам, скрозь падзеі беларускага правінцыйнага жыцця праглядаюцца міфы Старажытнай Грэцыі.
 
Астатнія аўтары шорт-ліста - так бы мовіць, паміж гэтымі палюсамі, паміж, умоўна кажучы, папулярнай Рублеўскай і, не менш умоўна кажучы, элітарным Бабковым.
 
Таемнае галасаванне
 
- Наколькі разыходзяцца меркаванні чальцоў журы адносна вызначаных літаратурных цікавостак? Напрыклад, тое, што вельмі падабаецца Бахарэвічу, зусім нецікава Акудовічу.
 
- Рэч у тым, што я не ведаю, што ім падабаецца. Мы дамовіліся, каб мінімалізаваць спрэчкі і сваркі, зрабіць галасаванне таемным не толькі для чытачоў, але і для сябраў журы. Акрамя журы, дзеля прэміі працуе яшчэ двое каардынатараў - гэта мой намеснік Павал Анціпаў і сакратар прэміі Уладзь Лянкевіч, дык яны падрыхтоўваюць нам бюлетэні для таемнага галасавання. Мы запаўняем гэтыя бюлетэні, ставячы галачкі насупраць імёнаў любімых аўтараў. Далей усё вырашае чыстая матэматыка. І я, скажам, нават не ведаю, хто той нягоднік, што прагаласаваў супраць майго фаварыта і падтрымаў не вельмі сімпатычнага мне літаратара.
Вядома ж, ёсць пісьменнікі, якія набіраюць больш галасоў. Вядома ж, я зараз не скажу, хто яны, каб не забіваць інтрыгі напярэдадні абвяшчэння пераможцы 2 ліпеня. Але з пэўнай доляй верагоднасці здагадваюся пра трох галоўных фаварытаў, бо яны прайшлі ў фінальную шасцёрку, так бы мовіць, у першым туры, абсалютнай большасцю галасоў. Тады як наступныя трое выйшлі ў фінал ужо з цяжкасцямі, падзяліўшы пароўну балы яшчэ з трыма канкурэнтамі, так што сябрам журы давялося зноў галасаваць, выбіраючы ўжо толькі паміж імі.
 
- Ганаровы старшыня журы, амабасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка таксама ўважліва чытаў творы прэтэндэнтаў на прэмію?
 
- Ён не ўдзельнічае ў галасаванні, а толькі натхняе нас і падтрымлівае сваім аўтарытэтам. Галасуюць шэсць беларускіх сябраў журы і двое нашых калегаў з Польшчы - Адам Паморскі і Малгажата Бухалік. На выпадак перагаласоўвання яны заўжды побач - у скайпе або на мабільнай сувязі.
 
Адпачыць на выспе Готланд і шпацыраваць па Ўроцлаве
 
- Узнагарода за другое месца - стыпендыя ў Доме творчасці пісьменнікаў у Вісбю на шведскай выспе Готланд і магчымасць пераклада кнігі на польскую мову. Ці мае дачыненне да першай часткі ўзнагароды былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан?
 
- Не. Стэфан Эрыксан мае да прэміі Гедройца толькі адно дачыненне: як магчымы чытач. Спадар Эрыксан - рэдкі амбасадар, які цікавіцца беларускай літаратурай. Калі ён дазнаецца праз інтэрнэт пра вынікі прэміі, то, можа, нават парупіцца набыць кніжку пераможцы. Але стыпендыя тут ні пры чым.
 
На выспе Готланд даўно існуе Дом творчасці для пісьменнікаў і перакладчыкаў, пераважна з краінаў Балтыі. Яны прыязджаюць туды на месяц ці больш. Дзякуючы супрацы Беларускага і Шведскага Саюзаў пісьменнікаў, з’явілася такая магчымасць размясціць на Готландзе нашага аўтара. Думаю, што сёлетні другі прызёр цудоўна ёй скарыстаецца.
 
- За трэцяе места даецца стыпендыя ў польскім Уроцлаве. У чым яе вабноты?
 
- Ад пачатку стварэння прэміі ў нас з’явіўся партнер ва Ўроцлаве - Калегіюм Усходняй Еўропы, кіраўнік якога - Ян Анджэй Дамброўскі - шмат робіць для папулярызацыі беларускай літаратуры ў Польшчы. Калегіюм прадастаўляе вельмі камфартабельны гасцявы пакой у будынку слыннай бібліятэкі Ossolineum.
Прызёр леташняй прэміі Адам Глобус, наколькі я ведаю,скарыстаўся гэтай магчымасцю - правёў некалькі тыдняў ва Ўроцлаве. Не ведаю, праўда, ці карыстаўся ён шматтысячнамі бібліятэчнымі кнігазборамі, ці проста шпацыраваў па фантастычна прыгожым горадзе.  
 
Крыўда эгацэнтрыка
 
- Каля 70 літаратараў замагаліся за тое, каб трапіць у шорт-ліст. Ці багата гэта ў параўнанні з літаратурнымі прэміямі Еўропы?
 
-  Гэта вельмі шмат, калі ўзяць пад увагу, што прэмія існуе толькі трэці год. Колькасць удзельнікаў за тры гады павялічылася больш чым удвая. Я ўжо казаў, што гэта сур’ёзна матывуе і выдаўцоў, і аўтараў, не распешчаных у нас літаратурнымі ганарарамі, а прэмія сур’ёзна дапамагае.
 
Гэта многа, калі ўявіць досыць шчыльную працу васьмі сябраў журы. Ніколі так напружана не чытаў беларускую прозу, як за гэтыя тры гады - дзясяткі й дзясяткі тоўстых кніжак за кароткі час, якія трэба прачытаць, прапусціць праз сябе і выдаць нейкае рашэнне.
 
Заўважыў вось такую рэч: як толькі з’яўляецца рашэнне пра дванадцатку (спачатку абвяшчаецца лонг-ліст прэміі (12 пазіцый), толькі за ім - шорт-ліст (6 пазіцый). - ЕўраБеларусь), адразу ж - шлейф крыўдаў тых, хто туды не трапіў. Тое ж самае з шасцёркай. У нашай літаратуры шмат эгацэнтрыкаў, індывідуалістаў, якія думаюць пра сябе больш, чым пра агульную для ўсіх пісьменнікаў справу. Такі аўтар разважае: калі не мне, дык лепей ужо не даставайся ты нікому! Ён забывае, што прэмія - доўгачасовы праект, і, хто яго ведае, можа і ён праз год напіша шэдэўр, за які атрымае ўзнагароду.
 
- На вашую думку, якія аўтары зараз набываюць моц у сучаснай беларускай літаратуры, маюць патэнцыял?
 
- Першыя два гады прэміі Гедройца выразна паказалі двух лідараў маладой беларускай літаратуры - Паўла Касцюкевічаі Альгерда Бахарэвіча. Мне здаецца, што сярод літаратараў, маладзейшых за 40 год, яны - па-за канкурэнцыяй. Адзін піша кароткую прозу (апавяданні) і шмат перакладае, другі - раманы і эсэ (і зноў-такі, шмат перакладае). Яны, як на мяне, найменш постсавецкія з усіх - і светапоглядна, і стылістычна. Гэта добрая літаратура, якую не сорамна паказаць чытачу любой краіны свету.
 
Думаю, што і сёлетняя прэмія прыцягне заслужаную ўвагу да творчасці некалькіх аўтараў.
 
Ці дарэмна засмактала багна Фэйсбуку?
 
- Дзе і як у Беларусі мажліва надрукавацца таленавітаму пісьменніку без грошай? І ці з’яўляецца сеціва гэткай рулеткай, шанцам сарваць джэк-пот знакамітасці?
 
- Завесці сабе блог на Facebook ці ў LiveJournal і друкаваць там свае творы, вядома ж, можна і нават карысна. Іншая рэч, што заплацяць табе не інакш як колькасцю "лайкаў" , перапостаў, добрых ці злых водгукаў.
 
З іншага боку, з’яўляецца ўсё больш магчымасцяў публікавацца для маладых аўтараў. Штогод ПЭН-Цэнтр, а зараз і незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў ладзяць конкурсы для маладых літаратараў, па выніках якіх выходзяць кніжкі.
 
Зусім нядаўна з’явілася старонка электроннага выдавецтва BYBOOKS, дзе арганізатары праводзяць конкурсы, друкуюць і выдаюць кніжкі пераможцаў у электронным фармаце, "заточаныя" пад чытанне на планшэтах, на Kindle і гэтак далей. За гэтым - будучыня.
 
Па-ранейшаму працуюць нашыя незалежныя выдаўцы - Ігар Логвінаў і "Галіяфы" Змітра Вішнёва.
 
Працяг размовы з Андрэям Хадановічам пра тое, чаму прэмія Ежы Гедройца абмінула паэтаў, чытайце ў бліжэйшы час на eurobelarus.info.
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео