BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Хто насамрэч з’яўляецца грантасосам? (Заканчэнне)

10.01.2015 Ганна Соўсь, Радыё «Свабода»
Хто насамрэч з’яўляецца грантасосам? (Заканчэнне)
О нас в медиа
алюнак: svaboda.org
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года Радыё «Свабода» вырашыла прааналізаваць, што адбываецца з заходняй дапамогай Беларусі і каму яна насамрэч дапамагае?

Адказы на гэтыя пытанні журналістка «Свабоды»  Ганна Соўсь шукала ў Мінску, Берліне і Бруселі.

У аснову журналісцкага расследавання былі пакладзеныя вынікі даследавання «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў сістэме донарскай дапамогі для Беларусі (2006-2011)», якое ў мінулым годзе было выканана Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі.

Пачатак глядзіце тут.

 

 

Нямецкая дапамога. Жыццё ці развіццё?

Германія з’яўляецца адным з найвялікшых донараў Беларусі сярод краін ЕС. Як мянялася структура нямецкай дапамогі Беларусі, у якой сферы яна была найбольш і найменш эфектыўнай, а хто з’яўляецца манапалістам у сферы нямецкай дапамогі — тэма наступнай часткі расследавання Радыё «Свабода».

За нямецкія грошы ля возера Нарач пабудавалі вёску з 50 дамоў для чарнобыльскіх перасяленцаў. Каб дапамагчы працаўладкаваць гэтых людзей, у Германіі закупілі абсталяванне рабіць з чароту маты для цеплаізаляцыі. Узімку перасяленцы нарыхтоўваюць і складуюць чарот, а з вясны да восені вырабляюць экалагічна чыстую цеплаізаляцыю, якую прадаюць у Беларусі і за мяжой. Побач з вёскай — некалькі ветракоў. Дзякуючы нямецкай ініцыятыве ў Беларусі заканадаўча замацавана фінансаванне крыніц аднаўляльнай энергіі, у выніку электраэнергію з ветракоў дзяржава закупляе па вышэйшых тарыфах, і гэта робіць праект прыбытковым.

Калі я шукала найбольш выразны прыклад нямецкай дапамогі для Беларусі, то з сотняў самых розных кірункаў выбрала менавіта гэты, бо ў ім спалучаныя адразу некалькі ключавых мэт. З аднаго боку — гэта гуманітарная дапамога чарнобыльцам, з другога — дзякуючы ёй, у людзей з’явілася магчымасць зарабляць грошы і атрымліваць прыбытак, з трэцяга боку — з’яўляюцца энергазберагальныя тэхналогіі і экалагічна чыстая прадукцыя.

Германія — адзін з найвялікшых донараў Беларусі сярод краін Еўрасаюза. З 2006 па 2012 гады яна выдзеліла нашай краіне $129,17 млн. Гэта амаль чвэрць агульнай сумы донарскай дапамогі ад краін ЕС за гэты перыяд.

Рай у кожнай вёсцы

Былы старшыня Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ ў Мінску Ганс-Георг Вік перакананы, што ў кожнай беларускай вёсцы могуць узнікнуць малыя самаакупныя прадпрыемствы і што з кожнай беларускай вёскі можна зрабіць рай. Прычым без дапамогі дзяржавы. І галоўная ідэя нямецкай дапамогі Беларусі, лічыць сп. Вік, палягае ў тым, каб чалавек стаў самастойны ў тых умовах, калі абавязкі дзяржавы існуюць толькі на паперы.

«Ніхто з нас не можа прадказаць, калі рухне аўтарытарная сістэма. І толькі тая сістэма жыццяздольная, у цэнтры якой стаіць чалавек з яго правамі. І калі і ў якіх умовах таталітарная сістэма рухне, немагчыма спрагназаваць. Наша задача заключаецца ў тым, каб даць прыклад іншай мадэлі грамадства, дзе ёсць канкурэнтаздольнасць і жыццяздольнасць самога чалавека. Для нас гэта важна не дзеля таго, каб паказаць нашы нібыта імперскія намеры. Мы перакананыя, што толькі такое грамадства можа быць жыццяздольным. Мы дапамагаем развіццю грамадзянскай супольнасці, калі чалавек сам становіцца гаспадаром свайго лёсу, у той час, як дзяржава ў Беларусі ўсё менш і менш можа паклапаціцца пра людзей».

Спецыфіка нямецкай мадэлі дапамогі

Калі адкінуць патэтыку і высокія словы і паглядзець на структуру нямецкай дапамогі ў розныя гады, то з яе вынікае, што каля 90% усёй дапамогі Германіі нязменна накіроўвае на, кажучы бюракратычнай мовай, «сектар сацыяльнай інфраструктуры і паслуг» (Швецыя, напрыклад, — толькі 50-60%). І вось у гэтым сектары вылучаюцца 2 кірункі дапамогі: «Адукацыя» і «Дзяржаўнае кіраванне і грамадзянская супольнасць». І тут становіцца бачная спецыфічная рыса нямецкай мадэлі дапамогі.

Графік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі

2/3 нямецкай дапамогі накіроўваюцца на адукацыю. Гэта ўключае расходы на навучанне беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах Германіі і плату нямецкаму персаналу. Гэта стыпендыі Фонда Аляксандра фон Гумбальта, Нямецкай службы акадэмічных абменаў, AGRICOLA, а таксама плата нямецкім выкладчыкам у розных навучальных установах за межамі Германіі (школах, Інстытуце Гётэ).

Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, які двойчы праводзіў даследаванне ролі і месца грамадзянскай супольнасці Беларусі ў сістэме донарскай дапамогі ЕС для Беларусі, адзначае наступнае.

«Фінансаванне Германіяй адукацыйных праектаў — гэта не развіццё сферы адукацыі ў Беларусі, што практычна немагчыма з палітычных прычын, але наданне магчымасці беларускім студэнтам атрымліваць вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэтах Германіі. Між іншым, гэта азначае, што сродкі, выдзеленыя на развіццё гэтага напрамку, фактычна застаюцца ў Германіі».

Пра сродкі, якія фактычна застаюцца ў краіны-донара, мы больш падрабязна пагаворым пазней, але цяпер вернемся да таго, як беларускія студэнты могуць атрымліваць адукацыю ў Германіі за нямецкія грошы.

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстага Марылуізы Бэк, сябры Камітэта Бундэстага па знешняй палітыцы, сябры Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, звяртае ўвагу на іншыя акалічнасці адукацыйных праектаў.

«Служба акадэмічнага абмену дае вельмі шмат стыпендый беларускім студэнтам, якія выязджаюць у Германію. Ёсць розныя пазіцыі наконт гэтага. З аднаго боку, гэта добра, а з другога боку — у адборы студэнтаў удзельнічаюць дзяржаўныя структуры. Беларускія ўніверсітэты — структуры, якія выкарыстоўваюць рэпрэсіўныя метады для падтрымкі рэжыму. І ёсць яшчэ адзін момант, што гэтыя студэнты могуць быць дзецьмі чыноўнікаў. Мы ніякім чынам не супраць дзяцей чыноўнікаў, бо мы лічым, што яны ніякага дачынення да сваіх бацькоў не маюць, але, з іншага боку, мы хочам таксама паказаць ім і пераканаць іх у каштоўнасцях нашага грамадства. І тут ёсць небяспека, што мы такім чынам можам падтрымліваць універсітэты, напрыклад, БДУ, якія ёсць інструментам рэпрэсіўных метадаў, і, тым самым, мы заахвочваем рэпрэсіўную сістэму. І тут з’яўляецца пытанне, ці працягваць такую палітыку? Наш адказ палягае не ў тым, каб зменшыць фінансаванне акадэмічнай службы абменаў, а ў першую чаргу, каб паралельна з падтрымкай такой структуры падтрымліваць недзяржаўныя грамадскія структуры, якія займаюцца студэнцкім абменам, і знайсці механізмы і правілы, каб выбар студэнтаў быў незалежны».

Дзе вучацца беларускія студэнты ў Германіі

У Міністэрстве адукацыі Беларусі «Свабодзе» паведамілі, што для навучання ў арганізацыях замежных дзяржаў кандыдаты накіроўваюцца найперш з улікам прыярытэтных кірункаў развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. Вось якія нямецкія ўніверсітэты і па якіх спецыяльнасцях запрашаюць беларускіх студэнтаў:

  • «Аўтаматызацыя і кіраванне ў тэхнічных сістэмах» — Тэхнічны ўніверсітэт (Дрэздэн, Германія);
  • «Машынабудаванне і машыназнаўства» — Брэменскі ўніверсітэт (Брэмен, Германія);
  • «Цвёрдацельная электроніка, радыёэлектронныя кампаненты, мікра- і нанаэлектроніка, прыборы на квантавых эфектах» — Універсітэт Пфорцхайма (Пфорцхайм, Германія);
  • «Радыёэлектронныя кампаненты, мікра- і нанаэлектроніка» — Інстытут фатонных тэхналогій (Ена, Германія);
  • «Германскія мовы» — Білефельдскі ўніверсітэт (Білефельд, Германія).

Для нямецкай дапамогі характэрнае супрацоўніцтва з уладамі

Як адзначае Андрэй Ягораў, для нямецкай дапамогі характэрнае супрацоўніцтва з уладамі Беларусі. І ў выпадку, калі дапамога выдзяляецца праз канал «НДА і грамадзянская супольнасць», то гэта зусім не значыць, што сродкі накіраваныя на развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі. Напрыклад, шэраг праектаў, прафінансаваных па гэтым канале (напрыклад, дапамога раённаму шпіталю ў Валожыне ці мадэрнізацыя кухняў у дзіцячым лагеры «Надежда»), у рэальнасці маюць невялікае дачыненне да развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, кажа эксперт. Гэта звязана з асаблівасцямі аўтарытарнай сістэмы Беларусі, у якой элементы сацыяльнай інфраструктуры (бальніцы, сацыяльныя цэнтры, дзіцячыя лагеры) існуюць пад кантролем дзяржавы, і, па сутнасці, гэта дзяржаўная інфраструктура. Такі падыход, вядома, служыць паляпшэнню якасці паслуг, якія атрымлівае насельніцтва, але, як правіла, ніяк не звязаны з развіццём незалежнай грамадзянскай супольнасці, перакананы Андрэй Ягораў.

Графік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі

Для параўнання. Агульны памер дапамогі ад Даніі ў 5 разоў меншы за сукупную дапамогу ад Германіі, але памер дапамогі грамадзянскай супольнасці з боку двух гэтых донараў прыкладна аднолькавы. Пры гэтым дапамога грамадзянскай супольнасці складае амаль 100% усёй дапамогі ад Даніі для Беларусі. Тым часам, Германія накіроўвае грамадзянскай супольнасці каля 1/5 усіх сродкаў.

Два метады супрацы

Былы старшыня Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ ў Мінску Ганс-Георг Вік тлумачыць, што ў Германіі ёсць дзве тэндэнцыі, два метады супрацы з Беларуссю.

«Адзін — супрацоўніцтва з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, над якімі ёсць кантроль дзяржавы. Прыклад — Міжнародны адукацыйны цэнтар імя Ёганэса Раў (ІВВ). Гэтае супрацоўніцтва грунтуецца на тым, што чалавеку трэба дапамагчы атрымаць сваю долю свабоды, каб праз гэта ў яго развівалася пачуццё адказнасці за сябе. Другі метад — супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю, якая пазіцыянуе сябе як апазіцыя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Гэта супрацоўніцтва для развіцця асновы, якая б у выніку прывяла да таго, што Беларусь стала б свабоднай. Мы не можам вырашыць, і я не магу вырашыць, што больш важна: першае ці другое, жыццё ці развіццё. Час пакажа».

Высокааплатныя замежныя кансультанты, вынікаў дзейнасці якіх у Беларусі не відаць

Інвестыцыйны кансультант, бізнес-аналітык Дэніэл Крутцына, які нарадзіўся ў Германіі, скончыў Гарвард і ўжо шэсць гадоў жыве і працуе ў Беларусі, вядомы ў Мінску сваімі крытычным поглядамі на прынцыпы размеркавання нямецкай дапамогі для Беларусі. На яго думку, тут няма прынцыпу канкурэнцыі і з’яўляюцца свае манапалісты.

Дэніэла Крутцыну дзівіць, што ў Беларусі няма непасрэднага прадстаўніцтва Нямецкай арганізацыі міжнароднай дапамогі, і практычна ўся дапамога ідзе праз адну мясцовую структуру — Міжнародны адукацыйны цэнтар імя Ёганэса Раў:

«ІВВ, на мой погляд, не падлягае справаздачнасці што да эфектыўнасці ягонай працы, якая каштуе досыць дорага. З-за адміністратыўных затрат мала грошай даходзіць непасрэдна да праектаў. У той час я прапанаваў іншы варыянт. Замест таго, каб працаваць з адной структурай-пасярэднікам, трэба адкрыць непасрэднае прадстаўніцтва Нямецкай службы тэхнічнай дапамогі і кожны год выбіраць 30-35 беларускіх ініцыятыў, якім даюцца, напрыклад, 100 тысяч еўра на год, каб папрацаваць і атрымаць вынікі. І кожны год аўтаматычна нічога не працягваць, зрабіць карацейшы донарскі цыкл, чым цяпер, і абыходзіцца без мясцовых пасярэднікаў».

Што тычыцца нямецкай дапамогі Беларусі ўвогуле, то, паводле Крутцыны, значная частка фінансавання ідзе якраз не беларускаму, а нямецкаму боку:

«Гэта дарагія замежныя кансультанты, вынікаў дзейнасці якіх у Беларусі не відаць. Напрыклад, эксперты ў сферы эканамічных рэформ, якія такіх рэформ не праводзілі ў сваіх краінах. Яны проста праз пэўныя кантакты трапілі на гэтыя вакансіі, на якія адкрыты конкурс не абвяшчаўся. Гэта сродкі, якія трацяцца надзвычай неэфектыўна, іх можна было б значна больш эфектыўна патраціць, падтрымліваючы мясцовых спецыялістаў. Што да нямецкага вопыту, то гэтыя эксперты могуць прыязджаць на кароткі тэрмін. Ёсць пазітыўныя элементы ў нямецкай праграме падтрымкі Беларусі, калі асноўная дапамога ідзе мясцовым арганізацыям, але ў іх абавязкова павінен быць замежны партнёр. Такая мадэль больш эфектыўная, чым аплачваць дарагіх спецыялістаў, якія стала знаходзяцца ў Беларусі, каб раз на месяц арганізаваць сустрэчы беларускіх і нямецкіх бізнесоўцаў і за гэта атрымаць заробак, параўнальны з заробкам намесніка амбасадара».

ІВВ як найвялікшы нямецкі праект у Беларусі

Згаданы суразмоўцамі Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёганэса Раў (IBB) летась адсвяткаваў 20-годдзе. На пачатку ягонай дзейнасці на пляцоўках цэнтра часта сустракаліся людзі з рознымі поглядамі, тут маглі праходзіць розныя мерапрыемствы апазіцыйных палітыкаў. З цягам часу такіх магчымасцей стала меней і меней, і на сёння дарога апазіцыі ў ІВВ фактычна закрытая. Назіральнікі тлумачаць гэта тым, што ІВВ напалову належыць нямецкаму боку, а напалову — беларускаму, а гэта значыць — беларускім уладам альбо структурам, якія шчыльна з імі звязаныя. І пры жаданні беларускія ўлады могуць проста «папрасіць» нямецкі цэнтр з Беларусі, як калісьці «папрасілі» Фонд Сораса. І таму нямецкія кіраўнікі IBB мусяць прытрымлівацца пэўных правіл, каб мець магчымасць працягваць працу ў Беларусі.

Як тлумачыць «Свабодзе» беларускі дырэктар ІВВ Віктар Балакіраў, з нямецкага боку заснавальнік — Дортмундскі адукацыйны цэнтар (50%), а з беларускага — тры структуры: Мінгарвыканкам (15%), які ў 1994 годзе выдзеліў бясплатна зямельны ўчастак і інжынерныя сеткі; таварыства «Спадарожнік» (20%), якое абавязалася пабудаваць каркас будынку і арганізавала першыя паездкі дортмундцаў у Беларусь; а на заключнай стадыі будоўлі цэнтра, калі не хапала грошай, падключыўся «Беларусбанк» (15%), які ўнёс каля $250 тыс. у будаўніцтва.

«Чаму апазіцыя адсутнічае? Вызначаюць гэта нямецкі і беларускі бок, і гэта адбываецца няпроста, бываюць розныя калізіі. Нам кажуць, што вы не пляцоўка для палітычнай працы, вы адукацыйны цэнтр, займайцеся адукацыйнай працай, вы не павінны быць палітычным дыскусійным клубам. Гэта вырашаюць удзельнікі: быць ці не быць».

Беларускі дырэктар ІВВ Віктар Балакіраў больш падрабязна расказвае пра кірункі дзейнасці Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, у якім ён пачынаў працаваць рэферэнтам і вось ужо 15 гадоў — дырэктар з беларускага боку:

«ІВВ 20 гадоў рэалізоўвае праграмы, якія павінны збліжаць беларусаў і немцаў. Мы маем 5 накірункаў працы.

Першы — гэта ўзаемаразуменне і прымірэнне. Гэта праекты, арыентаваныя на ветэранаў вайны, вязняў канцлагераў, гета, рабочых з усходніх краін.

Другі — міжканфесійны дыялог прадстаўнікоў розных канфесій.

Трэці накірунак — арганізацыя дыялогу беларускіх журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ і дыялогу іх з замежнымі журналістамі. На нашай базе праходзяць штогадовыя цыклы семінараў для падвышэння кваліфікацыі журналістаў, адукацыйныя паездкі за мяжу: у Бельгію і Германію. У тым ліку і семінары для беларускіх экспертаў у сферы міжнародных адносін з МЗС, факультэта міжнародных дачыненняў БДУ, на якіх разглядаецца праблема ўзаемаадносін Беларусі з блізкім і далёкім замежжам.

Чацьвёрты накірунак — рэалізацыя сацыяльных праектаў, у тым ліку і стварэнне цэнтраў для людзей з пэўнымі абмежаваннямі.

І пяты накірунак — навакольнае асяроддзе, энергазберажэнне і выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі ў рамках адукацыйных мерапрыемстваў».

Віктар Балакіраў не хоча вылучаць найбольш ці найменш паспяховыя праекты, але прызнаецца, што ўсё ж найбольш ганарыцца праектам «Гістарычная майстэрня», фактычна грамадскім музеем, аналагу якому няма нідзе ў СНД і які, сярод іншага, выдаў каля 47 публікацый ваеннай тэматыкі.

«Для нас нашмат важнейшае такое прызнанне, чым прэстыж»

«Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёганэса Раў вельмі важны, — падкрэслівае Ганс-Георг Вік. — У працэсе супрацоўніцтва заходніх структур і ІВВ рэалізоўваюцца праекты, накіраваныя на падтрымку мясцовага самакіравання. У выніку такіх праектаў падтрымліваюцца людзі, якія могуць разам з дзяржавай працаваць у сацыяльнай сферы, як, напрыклад, у сферы падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І бяз гэтай падтрымкі звонку не было б магчымасці рэалізоўваць такія праекты».

«Калі мы дапамагаем 100 людзям з абмежаванымі магчымасцямі, то мы разумеем, што дзяржава кантралюе гэты працэс. Але адначасова дзяржава тым самым прызнае, што ў Беларусі ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Для нас нашмат важнейшае такое прызнанне, чым прэстыж ці ўхвала. Зусім няважна, калі беларуская дзяржава будзе гэтым ганарыцца, таму што гэта будзе прыклад для ўсіх. Я не буду крытыкаваць ІВВ, калі іхнія праекты дапамагаюць людзям. Важна, што мяняецца ўспрыманне грамадствам людзей з абмежаванымі магчымасцямі».

У Германіі дзейнічае Закон аб сацыяльнай замове, згодна з якім не толькі дзяржаўныя арганізацыі, але і недзяржаўныя аб’яднанні могуць атрымліваць фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту на рэалізацыю сацыяльных праектаў. Як адзначае беларускі дырэктар ІВВ Віктар Балакіраў, дзякуючы нямецкаму партнёру ІВВ — Дортмундскаму адукацыйнаму цэнтру і пры спрыянні беларускага Міністэрства сацыяльнай абароны ўдалося цягам трох гадоў прыняць і ў Беларусі Закон аб сацыяльнай замове, дзякуючы якому цяпер беларускія недзяржаўныя арганізацыі могуць падаваць заяўкі на рэалізацыю сацыяльных праектаў і атрымліваць фінансаванне.

ІВВ — мясцовы партнёр нямецкай Праграмы падтрымкі недзяржаўных ініцыятыў, якую фінансуе Федэральнае міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ). У рамках гэтай праграмы выдзяляюцца гранты рознага памеру (ад €15 тыс. да €40 тысяч і ад €40 тыс. да €75 тыс.) для рэалізацыі сумесных беларуска-нямецкіх праектаў, ініцыяваных беларускімі ці нямецкімі НДА. У 2012 годзе рэалізоўвалася чацвёртая фаза гэтай праграмы з двух кампанентаў:

  • $560.000 — на «Выбудоўванне мадэлей сацыяльнага партнёрства для ўстойлівага развіцця мясцовых супольнасцей»;
  • $690.000 — на «Развіццё патэнцыялу грамадзянскай супольнасці».

Калі сталы партнёр ІВВ — Мінгарвыканкам, то натуральна, што складана рэалізоўваць праекты, звязаныя з грамадзянскай супольнасцю. Ёсць аргументы «за» і «супраць», але рэальнасць такая, што без такога партнёра гэтая структура ўвогуле не змагла б існаваць у Беларусі, канстатуюць назіральнікі.

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстага Марылуізы Бэк, сябры Камітэта Бундэстага па знешняй палітыцы, сябры Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, лічыць, што праекты, якія рэалізоўваюцца праз ІВВ, павінны і далей працягвацца. Яны дапамагаюць кааперацыі, супрацоўніцтву паміж ЕС і Беларуссю, бо грошы ідуць на канкрэтныя патрэбы людзей. 

«Зразумела, што ІВВ застаецца ў непалітычнай сферы. Мы ўсё ж лічым, што паралельна з гэтым мы павінны падтрымліваць незалежныя праекты грамадзянскай супольнасці. Дапусцім, амбасадар Германіі мог бы запрасіць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і з імі весці дыялог пра іхнія патрэбы і клопаты. Мы маем на ўвазе і развіццё працы палітычных фондаў у Беларусі, якія застаюцца і працуюць у палітычнай сферы. Нават пры тых умовах, што іхнія праекты вымушана праводзяцца за мяжой».

Палітыка «перамен шляхам збліжэння»

Цяперашнюю палітыку Германіі ў пытанні дапамогі Беларусі можна патлумачыць у больш шырокім гістарычным кантэксце, лічыць аглядальнік «Свабоды» Юры Дракахруст.

«Гэтая палітыка палягае ў рэчышчы «перамен шляхам збліжэння» — прынцыпу «ўсходняй палітыкі», які пасляваенная Заходняя Германія пачала праводзіць пры канцлеры Вілі Брандце напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады Бон пайшоў на прызнанне пасляваенных межаў, на дыпламатычнае прызнанне Усходняй Германіі, на шчыльнае гандлёвае, культурнае, палітычнае ўзаемадзеянне з СССР, Польшчай, Усходняй Германіяй. Чаму? Чаму як бы аддавалі ўсе козыры, хіба не бачылі, што ўзаемадзеянне легітымізуюць савецкі і ўсходне-нямецкі рэжымы, у пэўным сэнсе, мацуюць іх? Бачылі і разумелі. Але быў стратэгічны разлік, што самі па сабе стасункі, зяўленне адносін з Заходняй Германіяй, як фактару і ставак ва ўнутрыпалітычным працэсе ў камуністычных краінах, моц прыкладу будуць пакрысе расцярушваць ідэалагічны і палітычны «бетон», спакваля рыхтаваць перамены ў гэтых краінах.

Гэтая палітыка моцна крытыкавалася адразу пасля яе зяўлення, крытыкавалася і пазней. Але і пераемнікі Брандта працягвалі «ўсходнюю палітыку». Можна спрачацца, ці паспрыяла гэтая палітыка краху камунізму і вяртанню Усходняй Германіі ў нацыянальнае ўлонне, але гэтыя працэсы адбыліся не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што савецкая і ўсходне-нямецкая камуністычная эліта напрыканцы 1990-х была ўжо не тая, якой была ў сталінскія часы, была больш «разбэшчаная», калі заўгодна, шматгадовым узаемадзеяннем з Захадам, з Заходняй Германіяй, у прыватнасці.

Зразумела, часы іншыя, цяперашняя Беларусь — не Савецкі Саюз. Але можна ўбачыць нейкае падабенства ў палітыцы, якая праводзілася тады, і ў той, якая праводзіцца цяпер. Берлін не разлічвае на хуткія перамены, на зрынанне існага ў Беларусі рэжыму. Разлік на эфект у доўгатэрміновай перспектыве — заходняя, ў прыватнасці, нямецкая, дапамога беларускай аўтарытарнай дзяржаве, робіць гэтую дзяржаву да пэўнай ступені залежнай ад гэтай дапамогі. З нагоды гэтай дапамогі ўзнікаюць узаемадзеянні, стасункі, знаёмствы беларускай уладнай эліты з іх заходнімі партнёрамі, якія фармуюць структуру ўплыву. А тое, што грошы (ці іх частка) служаць, у пэўным сэнсе, умацаванню рэжыму ці наагул банальна трапляюць у кішэні беларускіх чыноўнікаў — ну, што ж, гэта плата за «расцярушванне маналіту».

Плён падобнай палітыкі можна аспрэчваць. Аднак відавочных станоўчых вынікаў не дае і адваротны, жорсткі курс, ізаляцыя афіцыйнага Мінска. Што лепш — гэта прадмет спрэчак, у якіх нават гісторыя не з’яўляецца канчатковым крытэрам. Аднак варта падкрэсліць, што цяперашняя палітыка нямецкай дапамогі грунтуецца на даўняй і моцнай нямецкай палітычнай традыцыі».

Грошы на дэмакратыю

Якія праекты замежнай дапамогі дзеля развіцця дэмакратыі ў Беларусі аказаліся найбольш эфектыўнымі? Гэтае пытанне журналистка Радыё «Свабода» Ганна Соўсь задавала сваім суразмоўцам у Берліне, Бруселі і Мінску.

Агульны адказ на гэтае пытанне найчасцей быў такі: калі казаць пра эфектыўнасць праектаў у сферы дэмакратыі, то яе нельга вылічыць калькулятарам, укладанні ў дэмакратычнае развіццё маюць доўгатэрміновую перспектыву.

А больш канкрэтныя адказы на гэтае пытанне найчасцей былі такія: укладанні ў незалежныя сродкі масавай інфармацыі і праекты, звязаныя з падвышэннем нацыянальнай свядомасці, такія, напрыклад, як кампанія «Будзьма» і Фестываль беларускамоўнай рэкламы «Аднак», чарнобыльскія праекты, дапамога ў сферы медыцыны і адукацыі (калі гэта не грант для новай паліклінікі прэзідэнта, а для шпіталя ў Брагіне), экалагічныя праекты, а таксама незалежныя СМІ і найперш тэлеканал «Белсат», які вяшчае з Польшчы.

«Польшча фінансуе «Белсат» са сваіх сродкаў, але такі праект павінен фінансавацца ўсім Еўрасаюзам», — мяркуе Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстага Марылуізы Бэк.

Калі ж паглядзець на структуру замежнай дапамогі Беларусі з 2006 па 2012 гады, то вылучаюцца пяць асноўных донараў.

Інстытуты Еўрасаюза ($101,66 млн.), тры краіны ЕС — Германія ($129,17 млн.), Польшча ($107,72 млн.) і Швецыя ($105,26 млн.), а таксама Злучаныя Штаты Амерыкі ($90 млн.). Усе астатнія краіны ці арганізацыі выдзяляюць непараўнальна менш, чым гэтая пяцёрка.

Графік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі

Яшчэ два значныя для Беларусі донары — Глабальны фонд дзеля барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй, а таксама Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, якая дзейнічае ў Беларусі праз розныя фонды і праграмы. Доля Глабальнага фонда ў знешняй дапамозе для Беларусі ў 2006-2012 гадах склала 7%, або больш за $51 млн., у 2012 годзе — 10%. З бюджэту ААН за шэсць гадоў паступіла прыблізна 4% усёй донарскай дапамогі (больш за $​30 млн.).​

Графік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі

І тут варта прааналізаваць, на якія мэты і праз якія каналы выдзяляе дапамогу кожны з асноўных донараў і якая дынаміка гэтай дапамогі.

Швецыя — найвялікшы еўрапейскі донар для грамадзянскай супольнасці Беларусі

Адметна, што і ў 2011-м, і ў 2012-м гадах найвялікшым донарам Беларусі была Швецыя, прычым, паводле Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, памер дапамогі вырас з 2006 года ўтрая. Менавіта Швецыя была лідэрам у падтрымцы ў сферы «Дэмакратычны ўдзел і грамадзянская супольнасць» у 2011 годзе. На гэта Швецыя выдзеліла амаль $10 млн. — у 2011 годзе і каля $3 млн. — у 2010 годзе. Паводле Андрэя Ягорава, кіраўніка Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, менавіта Швецыя найбольш паслядоўна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць у Беларусі.

Паводле назіральнікаў, менавіта гэтая паслядоўная пазіцыя прывяла і да высылкі з Беларусі шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана, а не толькі скандал з «плюшавым дэсантам».

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька тлумачыць гэта тым, што Швецыя заўсёды была краінай з актыўнай знешняй палітыкай.

«Гэта адлюстроўваецца нават у постацях, у асобах, якія ачольваюць МЗС Швецыі. Напрыклад, Карл Більт — еўрапейскі палітык з вялікай вядомасцю. І тое, што ў Швецыі актыўная знешняя палітыка, натуральна, выяўляецца і ў дапамозе, якую аказвае гэтая краіна. Сама краіна невялікая, але тое, што ў Швецыі вельмі моцная дыпламатыя і ёсць традыцыі, — гэта адбіваецца на знешняй дапамозе. Але трэба ўсведамляць, што ў ЕС існуе падзел. Паўднёвыя краіны ЕС больш хіляцца да рэгіёну Магрыба, Афрыкі, і доўгі час дапамога, якія ішла на Поўдзень, моцна дамінавала над усходняй палітыкай. Швецыя, Германія і Польшча — гэта краіны, якія скіраваныя на ўсходнюю палітыку, і, у цэлым, яны лабіруюць большую дапамогу на Усход».

Інстытуты ЕС выдзялялі на развіццё дэмакратыі 13% ад усёй дапамогі, ЗША — 71% (да 2012 года) 

Нямецкую дапамогу Беларусі мы ўжо прааналізавалі вышэй. Што тычыцца дапамогі інстытутаў Еўрасаюза, то можна гаварыць пра стабільную тэндэнцыю росту дапамогі ЕС на накірунак «Дэмакратычны ўдзел і грамадзянская супольнасць» з 2006 па 2012 гады.

У 2012 годзе было выдзелена $1,8 млн., гэта на $600 тыс. болей, чым у 2011 годзе. Найбуйнейшыя донары Беларусі ўсё менш працуюць з дзяржаўнымі інстытутамі і ўсё больш — з грамадзянскай супольнасцю, паведаміў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў на прэзентацыі даследавання «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў сістэме донарскай дапамогі для Беларусі ў 2006–2012 гадах»:

«Грамадзянская супольнасць у Беларусі набывае ўсё большае значэнне і як канал атрымання донарскай дапамогі, і як сектар размеркавання гэтай дапамогі», — сказаў Андрэй Ягораў.

Калі з 2006 па 2011 гады 54% усяго аб’ёму донарскай дапамогі ад краін-сябраў і інстытутаў ЕС для Беларусі было размеркавана праз дзяржаўныя інстытуты і толькі 13% — праз грамадзянскую супольнасць, то ў 2012 годзе — адпаведна 40% і 22%. «Зніжэнне долі дзяржаўных інстытутаў — вынік палітыкі пераарыентацыі сродкаў пасля падзей канца 2010 года», — кажа Андрэй Ягораў.

Аднак абсалютны лідэр тут — ЗША. У 2012 годзе гэтая краіна выдзеліла на накірунак «Дэмакратычны ўдзел і грамадзянская супольнасць» утрая болей дапамогі, чым інстытуты ЕС — $6 млн.

Паводле Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, у накірунку «Правы чалавека» абсалютны лідэр — інстытуты Еўрасаюза. Іх дапамога ў 2012 годзе склала $4,6 млн. Гэта ў чатыры разы болей, чым дапамога з боку краін-сябраў ЕС.

І яшчэ адзін важны накірунак дапамогі — «СМІ і свабодны абмен інфармацыяй». І тут лідэрам за перыяд 2006-2012 гадоў выступаюць ЗША ($17,4 млн.). Адметна, што ў 2012 годзе інстытуты ЕС упершыню выдзелілі дапамогу незалежным медыям ($500 тыс.).

І калі падсумаваць памеры дапамогі па трох згаданых накірунках, то лідэрамі ў абсалютных велічынях будуць Еўрасаюз разам з краінамі-сябрамі ($65,88 млн., альбо 13% ад сукупнай донарскай дапамогі) і ЗША ($64,4 млн., альбо 71% сукупнай донарскай дапамогі ад ЗША).

Графік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі

Праграмы падтрымкі дэмакратыі

Што да механізму атрымання дапамогі на дэмакратычнае развіццё, то ў гэтай сферы Еўрасаюз мае асобныя праграмы падтрымкі:

У 2012 годзе на падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі праз гэтую праграму прайшло $1,8 млн., гэта 20 праектаў з бюджэтам $50-150 тыс.;

$1,4 млн. — у 2012 годзе;

10 праектаў з бюджэтам $100-150 тыс., $400 тыс. на падтрымку СМІ; разам — $2 млн. ў 2012 годзе.

Завялікая бюракратыя для Беларусі

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстага Марылуізы Бэк, ускладае вялікія надзеі менавіта на развіццё фонда «European Endowment for Democracy».

«Ёсць вялікая надзея, што некаторыя праекты могуць праводзіцца без вялікіх бюракратычных рамак, у тым ліку для тых людзей, якія ў няволі, альбо для палітычных сіл, якія незарэгістраваныя ў Беларусі, альбо для многіх праектаў, для рэалізацыі якіх не трэба ствараць структуры ў Беларусі».

Заўвага Крыстафа Бэкера звязаная з асаблівасцю беларускай сітуацыі, калі ўся замежная дапамога, якая ідзе праз афіцыйныя каналы, кантралюецца беларускай дзяржавай. Відавочна, што праекты, накіраваныя на развіццё дэмакратыі ў Беларусі, не маюць шанцаў быць зарэгістраванымі. Напрыклад, лічбы дапамогі ЕС на дэмакратычнае развіццё праз вышэй згаданыя праграмы знаходзяцца ў адкрытым доступе. Лічбы ж праектаў, якая рэалізоўваюцца праз прыватныя фонды, напрыклад, Фонд Маршала ці Фонд Форда, збольшага закрытыя. Але, напрыклад, адкрытая інфармацыя па Фонду Конрада Адэнаўэра: як партыйны фонд ён атрымлівае грошы з бюджэту Германіі, у залежнасці ад таго, які працэнт месц партыя мае ў парламенце.

Крыстаф Бэкер мяркуе, што пры рэалізацыі праектаў, накіраваных на дэмакратычнае развіццё, трэба ўлічваць спецыфіку беларускай аўтарытарнай дзяржавы.

«Я лічу, што і праекты, якія фінансуюцца з палітычных фондаў, і праекты ЕС — вельмі бюракратычныя. І пралічыць іх эфектыўнасць, і правесці аўдыт вельмі складана, бо ў Беларусі шмат якія арганізацыі не зарэгістраваныя. Тыя ўмовы, у якіх мы працуем у Беларусі, не адпавядаюць тым механізмам кантролю, якія дзейнічаюць у ЕС, у прыватнасці, у Германіі. Напрыклад, Разліковая палата Германіі патрабуе дэталёвага разліку праектаў. А гэта зрабіць практычна немагчыма, калі мы маем справу з дыктатурай. Калі сем’і палітычна актыўных людзей страчваюць працу, то мы павінны знайсці механізм, як мы можам падтрымаць гэтыя сем’і фінансава, нават калі гэта адбываецца без квітанцыі».

Як праверыць, ці эфектыўныя праекты, накіраваныя на грамадзянскую супольнасць Беларусі?

Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, перакананы, што эфектыўнасць выкарыстання грошай у грамадзянскай супольнасці вышэйшая, чым у дзяржавы.

«Ёсць канкрэтныя вынікі, дасягненні, менш карупцыі. Але ўсё роўна прысутнічаюць і неэфектыўнасць, і нейкая карупцыя, і марнаванне сродкаў, і рэалізацыя бессэнсоўных праектаў, якія не ідуць на карысць развіцця Беларусі. Асноўная праблема палягае ў тым, што грошы выдзяляюцца на вельмі розныя мэты, і розныя донары выдаюць гэтыя грошы па розных тэхнічных схемах і пад розныя задачы. Гэта стварае ў беларускай грамадзянскай супольнасці не нейкі скіраваны рух змен у больш-менш адзіным напрамку, але стварае татальны хаос, канкурэнцыю паміж арганізацыямі. І мы маем такую максімальна дыверсіфікаваную, максімальна разнастайную беларускую супольнасць, якая не можа вырашыць ніводнай нацыянальнай праблемы, якая б патрабавала кансалідацыі і ўзаемадзеяння паміж арганізацыямі. І гэта тое, у чым вінаватыя не толькі беларускія недзяржаўныя арганізацыі, але і сама структура замежнай дапамогі».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць важным вызначыць прыярытэты замежнай дапамогі, бо ўсім дапамагчы немагчыма. На думку Лябедзькі, гэта павінны быць найперш незалежныя СМІ (распаўсюд свабоднай інфармацыі); па-другое, усё, што звязана з бяспекай і падтрымкай людзей (дапамога падчас судовых працэсаў, аплата штрафаў, падтрымка палітвязняў); і, па-трэцяе, інвестыцыі непасрэдна ў дэмакратыю, звязаныя з тым, каб абуджаць людзей, каб яны станавіліся непасрэднымі ўдзельнікамі палітычнага працэсу ў Беларусі.

Што да неэфектыўных праектаў замежнай дапамогі ў накірунку дэмакратычнага развіцця, Анатоль Лябедзька лічыць памылковым шлях падтрымкі апазіцыйных арганізацый, якія дзейнічаюць па-за межамі Беларусі.

«Так, ёсць на рынку манапалісты, якія канцэнтруюць дапамогу ў сваіх руках, тым больш, што ёсць вялікая спакуса не працаваць з тымі, хто жыве і працуе ў Беларусі. Так ствараюцца пасярэднікі ў розных краінах, і многія на гэтым робяць бізнес трэба называць рэчы сваімі імёнамі».

Манапалісты замежнай дапамогі

Пазіцыю Анатоля Лябедзькі падтрымлівае і нямецкі бізнес-аналітык Дэніэл Крутцына, які лічыць, што вялікая частка еўрапейскіх грошай неэфектыўна траціцца па-за межамі Беларусі.

«Мяне заўсёды здзіўляла, як мала даходзіць да самой Беларусі. Арганізуюцца канферэнцыі ў Варшаве, у Вільні, Берліне, дзе заўсёды сустракаеш адных і тых жа людзей, прафесійных апазіцыянераў, часта яны нават не ведаюць, як мае быць, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, бо зрэдку там бываюць. У 2011 годзе я браў удзел у праекце пра эканамічныя рэформы ў Беларусі, і ён быў накіраваны на дыялог з выканаўчай уладай, з усімі людзьмі, хто ў гэтай сферы, але толькі з тымі, хто рэальна знаходзіцца ў Беларусі. Самая жорсткая крытыка, якую мы атрымалі за праект, ішла не ад дзяржаўных структур, якія аказаліся, на дзіва, адкрытыя для дыялогу. Яна ішла ад апазіцыйных структур з-за мяжы, які казалі, што мы супрацоўнічаем з дыктатурай. Людзей, якія спрабуюць працаваць у Беларусі ў гэтых умовах, засмучае, калі нейкія людзі, знаходзячыся ў Польшчы ці Літве, спрабуюць абмяркоўваць прыватызацыю ў Беларусі, бо яны рэальна слаба ўяўляюць сітуацыю ў Беларусі».

Дэніэл Крутцына кажа, што працаваў у розных краінах свету і можа параўноўваць, і таму, паводле яго, адметнасць беларускай сітуацыі — найперш у манапалізме:

«Часта ёсць вельмі вузкае кола арганізацый, якія асвойваюць гэтыя бюджэты для пэўных накірункаў. Вельмі слабы механізм канкурэнцыі, вельмі часта праекты фінансуюцца не праз адкрыты конкурс, а проста донарская структура працуе з арганізацыямі, якія існуюць даўно, і новым вельмі складана прабіцца».

Паводле Крутцыны, найвялікшыя манапалісты ў Беларусі — гэта Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтар (IBB), які каардынуе нямецкую дапамогу, і «фабрыкі думкі», структуры, створаныя Паўлам Данейкам (Інстытут прыватызацыі і менеджменту, Бізнес-школа ІПМ ды інш.), якія дамінуюць у атрыманні дапамогі ў сферы эканамічных рэформ:

«Яны робяць карысныя рэчы, але ім удалося манапалізаваць тэму эканамічных рэформ у Беларусі. Апошнім часам ім крыху з’явілася канкурэнцыя праз Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў. Але гэтага ўсё роўна недастаткова».

«Што гэтыя людзі будуць рабіць, калі не будзе Лукашэнкі?»

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што праблема палягае хутчэй у іншым: трэба праводзіць аўдыт не толькі тых, хто атрымлівае дапамогу, але і перагледзець падыходы наконт таго, на каго накіраваныя праекты замежнай дапамогі ў сферы дэмакратычнага развіцця:

«Калі ў Беларусі, умоўна кажучы, 15-20% людзей супраць Лукашэнкі і 30% людзей, якія за Лукашэнку, то наша задача, каб 40-50% людзей, якія пасярэдзіне, рухаліся ў накірунку дэмакратызацыі і эканамічных рэформ. А цяпер ільвіная частка дапамогі, 95%, ідзе на тое, каб пераконваць альбо інфармаваць 15% насельніцтва, якое супраць Лукашэнкі. Гэта не можа быць эфектыўна, калі сайты, газеты, незалежнае тэлебачанне б’юцца за адну аўдыторыю. А трэба біцца за гэтыя 40-50%, за людзей, якія не любяць апазіцыю і не любяць Лукашэнку, але не бачаць альтэрнатывы. Іншая праблема, што калі адзін чалавек на адной пасадзе 10-15-20 гадоў, у яго ёсць партнёр і ёсць рыторыка кшталту «Луку на муку». Што гэтыя людзі будуць рабіць, калі не будзе Лукашэнкі?»

Яраслаў Раманчук таксама мае сваё азначэнне манапалістаў у атрыманні замежнай дапамогі:

«Гэта адна група людзей, якая ўвогуле ў Беларусі не бывае і на Захадзе мае добрыя кантакты з донарамі, і яны для іх — барацьбіты за Беларусь. Дрэнна, што яны часта робяць аналітыку пра Беларусь як пра зусім іншую краіну, зусім не пра тую, у якой мы жывем. Беларусы замежжа, якія выехалі барацьбітамі, атрымліваюць дапамогу, якая павінна была б ісці на працу з гэтымі 40-50% людзей, пра якіх я казаў. Але яны ніколі не будуць працаваць з імі, бо ім цяпер камфортна, шмат бюджэту, пра эфектыўнасць ніхто не пытаецца. Прапагандысцкія структуры кшталту «Хартыі» будуць існаваць столькі, колькі іх будуць донары падтрымліваць».

Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, кажа пра пэўныя спекуляцыі на тэму замежнай дапамогі з усіх бакоў. З аднаго боку, не першы год у Беларусі ад розных прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі гучаць абвінавачанні ў нямэтавым расходаванні сродкаў замежнай дапамогі і заклікі да аўдыту. З другога боку, палітычна актыўная частка інтэрнэт-карыстальнікаў і каментатараў у сацыяльных сетках крытыкуе грамадскія і палітычныя рухі за бессэнсоўнае «праяданне» грантаў. І з трэцяга боку, дзяржаўныя чыноўнікі і праўладныя палітыкі спрабуюць давесці, што вонкавая дапамога ад дзяржаў і міжнародных інстытутаў накіроўваецца выключна на т.зв. «пятую калону» і «скіданне палітычнага рэжыму». Як правіла, усе гэтыя спекуляцыі не грунтуюцца на рэальных фактах, лічыць Андрэй Ягораў.

Ці магчымы аўдыт заходняй дапамогі для Беларусі?

Што трэба рабіць, каб замежная дапамога Беларусі дзейнічала найбольш эфектыўна і была накіраваная не толькі на эканамічную, сацыяльную і экалагічную падтрымку беларускай дзяржавы, але і на падтрымку дэмакратыі? Што трэба мяняць? Вось што прапаноўваюць суразмоўцы ў Бруселі, Берліне і Мінску.

Пернікі будуць малымі

Бельгійскі палітолаг Майкл Эмерсан лічыць, што магчыма правесці аўдыт усяго, што робіць ЕС, але галоўнае пытанне, паводле яго, палагае не ў гэтым.

«Еўрасаюз усё робіць у адпаведнасці з пэўнымі кантрактамі. Пытанне ў тым, якія ёсць рэальныя палітычныя магчымасці, каб дасягнуць мэты? Рэалізацыя любых праектаў у Беларусі звязаная з кантролем з боку дзяржаўных структур улады, кантролем з боку палітычнага рэжыму. Вядома, ідэя глабальнай супрацы вельмі прыцягальная для ЕС, бо Беларусь непасрэдны сусед ЕС і ў Беларусі высокі ўзровень інтэлектуальнай працоўнай сілы. Таму Беларусь можа заняць годнае месца на эканамічным і палітычным ландшафце Еўропы».

Майкл Эмерсан адзначае пазітыўную ролю Мінска ў расійска-ўкраінскіх перамовах. «Але гэта добра найперш для рэпутацыі Беларусі, і ўсё, больш нічога», — адзначае палітолаг.

Якую тактыку найперш будзе выкарыстоўваць Еўрасаюз адносна Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў: бізун ці пернік?

На думку Эмерсана, не так ужо і часта ЕС выкарыстоўваў бізун у дачыненні да Беларусі, а вось наконт пернікаў ідзе дыскусія:

«Пернікі будуць малыя. ЕС не дасць шмат. І грамадзянская супольнасць Беларусі павінна змірыцца з тым, што яна павінна развівацца сама і не чакаць вялікай дапамогі».

Як кантраляваць беларускага чыноўніка?

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што з таго часу, як ён узняў пытанне эфектыўнасці замежнай дапамогі, актуальнасць яго толькі павялічылася.

«Нам трэба вяртацца зноў да той размовы, якая была ў Еўрапарламенце, калі еўрапейскія парламентарыі праявілі цікавасць да пытання эфектыўнасці дапамогі Беларусі. Прайшлі выбары ў Еўрапарламент, сфармаваная новая рабочая група па Беларусі, і мы мусім вярнуць гэтае пытанне ў парадак дня. Адна з функцый Еўрапарламента — кантроль эфектыўнасці выкарыстання еўрапейскіх сродкаў. Я думаю, што мы можам, як мінімум, паспрабаваць разабрацца ў пытанні і знайсці нейкія інструменты ўплыву на гэтую сітуацыю, на тое, каб не павялічваўся сегмент некантраляваных рэсурсаў, якімі распараджаецца выключна беларускі чыноўнік».

Анатоль Лябедзька лічыць неэфектыўнай замежную дапамогу, звязаную з сілавым блокам і скіраваную на ўціск апанентаў улады. Паводле палітыка, неэфектыўныя і крэдыты Міжнароднага валютнага фонда, скіраваныя нібыта на рэфармаванне эканомікі, тым часам як эфект ад іх — нулявы. Анатоль Лябедзька перакананы, што прыярытэтам замежных донараў павінны быць незалежныя СМІ, абарона людзей і прававая ды фінансавая дапамога, а таксама тое, што непасрэдна падштурхоўвае людзей да актыўнай дзейнасці.

«Мы на Захадзе не заўсёды добра разумеем, што адбываецца ў Беларусі»

Новы сябра Еўрапарламента ад Фінляндыі, сябра групы па працы з Беларуссю Нілс Торвалдс мяркуе, што калі казаць пра даўжэйшую перспектыву — 10, 20, 30 гадоў, — то, вядома, больш эфектыўна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць.

«Але грамадзянская супольнасць не можа кіравацца звонку, яна павінна развівацца сама, мы можам толькі заахвочваць грамадзянскую супольнасць да развіцця. Некалькі стагоддзяў могуць змены адбывацца. Пытанне цяжкае і патрабуе часу. Мы на Захадзе не заўсёды добра разумеем, што адбываецца ў Беларусі, у гэтым рэгіёне, мы павінны таксама больш вывучаць сітуацыю. І мы павінны выкарыстоўваць не толькі бізун, але і пернік. Пытанне ў тым, як шмат перніка і як шмат бізуна трэба даваць. Гэта складаны баланс».

Якая замежная дапамога Беларусі будзе найбольш эфектыўнай? Паводле Нілса Торвалдса, гэта будаўніцтва новых заводаў, мадэрнізацыя старых прадпрыемств, эканамічная кааперацыя, дапамога дзеля развіцця сферы самакіравання, адбудова моцных прафсаюзаў.

Ці паўторыцца 19 снежня 2010 года?

Новаабраны дэпутат Еўрапейскага парламента ад Чэхіі Павел Тэлічка, сябра групы па працы з Беларуссю, абяцае, што будзе падтрымліваць рэгулярны аўдыт, праверку, як расходуюцца сродкі дапамогі ЕС для Беларусі.

«Я хацеў бы бачыць гэтую дапамогу накіраванай на развіццё і набліжэнне да стандартаў, якія цяпер існуюць у ЕС. І я буду выступаць за тое, каб сродкі выкарыстоўвалі на карысць тых арганізацый, якім яны найперш патрэбныя, якія стаяць на тых каштоўнасцях, якія могуць набліжаць Беларусь да ЕС. Гэта могуць быць незалежныя НДА, грамадзянская супольнасць, маладыя людзі, незалежныя ад ураду, арганізацыі, накіраваныя на тое, каб зрабіць жыццё беларусаў лепшым. Але і дзяржаўныя структуры ці структуры, якія працуюць пры дзяржаве, не будуць абсалютна выключаныя з дапамогі. На пэўным узроўні і на пэўных умовах гэтая дапамога павінна ісці. Тут павінна быць збалансаваная палітыка. Найперш павінны атрымліваць дапамогу тыя, хто мае ў гэтым патрэбу. Але калі паўторыцца сітуацыя, як падчас выбараў 2010 года, то тады варта змяніць баланс і структуру дапамогі Беларусі».

Болей падтрымкі незалежным СМІ

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстага Марылуізы Бэк, адзначае, што пасля выбараў 2010 года сродкі на развіццё грамадзянскай супольнасці з ЕС і краін ЕС нашмат павялічыліся.

«Але для нас крытэр эфектыўнасці дапамогі — не цэнтральны, бо мы глядзім на памкненні ў самім беларускім грамадстве і лічым, што людзі павінны самі вырашаць, самі даваць сігналы пра падтрымку і самі павінны даваць ацэнку, ці было гэта эфектыўна для іх саміх. Я лічу, што нават праекты супрацоўніцтва ў такіх галінах, як спорт, культура, падтрымка рэгіянальнага развіцця, самакіраванне на камунальным узроўні, — гэта, можа, тыя сферы, якія не так добра можна ацаніць з пункту гледжання эфектыўнасці, але гэта ў той жа час вельмі карысныя праекты кааперацыі. Мы лічым, што, напрыклад, незалежныя радыё і тэлебачанне ў Беларусі дагэтуль не настолькі моцна развітыя. Але мы цудоўна разумеем, што на гэта вялікія грошы патрэбныя, і такія праекты, як «Радыё Рацыя», Радыё «Свабода», «Белсат» — гэта папулярныя СМІ, якія робяць нейкі ўплыў насуперак прапагандзе».

Аўдыт не дасць якаснай ацэнкі дапамогі

Дзяніс Фрыдрых, які сам родам з Беларусі, працуе ў Нямецкім саюзе адвакатаў і ўдзельнічае ў адборы стыпендыятаў праграмы «Аб’яднанне студэнцкага абмену ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе» (GFPS), лічыць, што аўдыт замежнай дапамогі цяпер немагчыма правесці, хіба што паводле нейкіх чыста фармальных параметраў.

«Такі аўдыт можа толькі даць колькасную ацэнку. Можна паглядзець, колькі сродкаў ідзе, напрыклад, на ахову здароўя, адукацыю ці палітычныя праекты. Але гэты аўдыт нам не дасць якаснай ацэнкі дапамогі».

Ці ўсведамляе ЕС неэфектыўнасць пэўных праектаў?

Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, які двойчы праводзіў даследаванне ролі і месца грамадзянскай супольнасці Беларусі ў сістэме донарскай дапамогі ЕС для Беларусі з 2006 па 2012 гады, лічыць, што ў неэфектыўнасці шэрагу праектаў пераканаў бы шырэйшы маніторынг таго, што адбываецца на месцы, таму патрэбныя спецыяльныя даследаванні.

«ЕС не ведае, што рабіць з Беларуссю, і ён дзейнічае фармальна і бюракратычна. І дапамога, якая выдзяляецца, таксама ідзе фармальна і бюракратычна. Яна не звязаная з доўгатэрміновымі палітычнымі мэтамі ЕС, не накіраваная і не працуе на еўрапеізацыю Беларусі. Калі б змянілі падыход, то пераглядаліся б і фінансавыя інструменты працы. Цяпер ЕС не мае выразных інструментаў працы з Беларуссю, ён дзейнічае так, як дзейнічаў раней. Сярод донараў Беларусі няма адзінай стратэгіі дапамогі краіне. Неабходна лабіраваць змену цяперашняга парадку размеркавання дапамогі, — мяркуе Андрэй Ягораў. — Трэба дабівацца каардынацыі донарскай дапамогі, змены механізмаў яе аказання і схем размеркавання сродкаў».

Андрэй Ягораў лічыць няправільнай і непрадуктыўнай схему, калі ЕС аддае, напрыклад, Савету Еўропы сродкі на рэалізацыю антыкарупцыйнай праграмы ў краінах Усходняга партнёрства: «ЕС думае, што калі аддасць сродкі Савету Еўропы, то тады яны даб’юцца большага, чым дабіліся б самі беларусы, калі б грошы выдзяляліся ім наўпрост. Але арганізацыя выдзялення сродкаў праз Савет Еўропы ці ААН — жудасная. Горшую прыдумаць схему размеркавання проста нельга. Але гэта працягваюць чамусьці рабіць».

«Няважна, хто будзе далей пры ўладзе»

Інвестыцыйны кансультант, бізнес-аналітык Дэніэл Крутцына, які нарадзіўся ў Германіі, скончыў Гарвард, а жыве і працуе ў Мінску, лічыць, што пытанне палягае і ў тым, наколькі радыкальна цяперашнія ўлады зменяць погляды на тое, як трэба рэфармаваць сітуацыю ў Беларусі. Што да кантактаў з выканаўчымі органамі ўлады...

«Няважна, хто будзе далей пры ўладзе, але гэтыя людзі будуць патрэбныя пры правядзенні рэформ, якія рана ці позна непазбежныя. І з гэтымі людзьмі, якія цяпер працуюць у дзяржаўных структурах, з імі трэба эфектыўна працаваць, таму што яны павінны праводзіць рэформы пры любой уладзе».

Паводле Крутцыны, найбольш эфектыўная замежная дапамога звязаная з экалогіяй, аховай навакольнага асяроддзя. Таксама важныя, на яго думку, праекты, якія тычацца грамадзянскай супольнасці, сацыяльнай сферы, здароўя і адукацыі.

Даць прыклад іншай мадэлі грамадства

Былы старшыня Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ ў Мінску Ганс-Георг Вік лічыць, што эфектыўнасць замежнай і нямецкай дапамогі пакажа будучыня.

«Мы не людзі бюракратычнага апарату. Кожны праект трэба пралічыць, пераправерыць, прадухіліць карупцыйныя тэндэнцыі. Калі рамкі, умовы мяняюцца, трэба мяняць і нашы праекты. Важна цяпер час ад часу ставіць пытанні, якія маюць дачыненне да падтрымкі посттаталітарных сістэм: наколькі, у якой ступені дзяржаўныя структуры перашкаджаюць трансфармацыі і развіццю свабоднага грамадзтва? Важна правяраць праграмы падтрымкі, ці слушна былі выкарыстаныя сродкі, таму што тут прыцягнутыя грошы ў тым ліку і падаткаплатнікаў. Наша задача ў тым, каб даць прыклад іншай мадэлі грамадзтва, дзе ёсць канкурэнтаздольнасць і жыццяздольнасць чалавечага фактару. Мы дапамагаем развіццю грамадзянскай супольнасці, дзе чалавек сам становіцца гаспадаром свайго лёсу».

Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25.05.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: "Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть".

Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
22.05.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: "Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть".

Андрей Егоров. Системный кризис: Беларусь-2020 (Видео)
Андрей Егоров. Системный кризис: Беларусь-2020 (Видео)
25.04.2020 Андрей Егоров, Центр европейской трансформации

Представляем вашему вниманию видеолекцию политолога Андрея Егорова, посвященную процессам, которые разворачиваются в Беларуси в 2020 году.

Владимир Мацкевич: Беларусь должна стать уважаемой, процветающей и современной страной (Видео)
Владимир Мацкевич: Беларусь должна стать уважаемой, процветающей и современной страной (Видео)
31.12.2019 Канстытуцыя.бел

Новогоднее поздравление от беларусского философа и методолога Владимира Мацкевича.

Калькулятор национального суверенитета. Сколько его осталось у Беларуси?
Калькулятор национального суверенитета. Сколько его осталось у Беларуси?
04.10.2019 Андрей Егоров, Центр европейской трансформации — специально для "Беларусского Журнала"

Механика полной интеграции Республики Беларусь в состав Российской Федерации набирает обороты.

Видео