BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Хто насамрэч з’яўляецца грантасосам? (Пачатак)

07.01.2015 Ганна Соўсь, Радыё «Свабода»
Хто насамрэч з’яўляецца грантасосам? (Пачатак)
О нас в медиа
Малюнак: svaboda.org
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года Радыё «Свабода» вырашыла прааналізаваць, што адбываецца з заходняй дапамогай Беларусі і каму яна насамрэч дапамагае?

Адказы на гэтыя пытанні журналістка «Свабоды»  Ганна Соўсь шукала ў Мінску, Берліне і Бруселі.

У аснову журналісцкага расследавання былі пакладзеныя вынікі даследавання «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў сістэме донарскай дапамогі для Беларусі (2006-2011)», якое ў мінулым годзе зрабіў Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.

 

 

 

 

10 фактаў пра заходнюю дапамогу Беларусі

Кіраўнік Беларусі, чыноўнікі і праўладныя палітыкі часта заяўляюць, што заходняя дапамога Беларусі накіроўваецца выключна на т.зв. «пятую калону» і «скіданне палітычнага рэжыму». Палітычна актыўная частка інтэрнэт-карыстальнікаў і каментатараў у сацыяльных сетках крытыкуе грамадскія і палітычныя рухі за бессэнсоўнае «праяданне» грантаў. Прадстаўнікі палітычнай апазіцыі часта абвінавачваюць адзін аднаго ў нямэтавым расходаванні сродкаў замежнай дапамогі і заклікаюць да аўдыту. Усе гэтыя абвінавачванні не заснаваныя на рэальных фактах, — сцвярджаецца ў даследаванні Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі.

Факты пра замежную дапамогу Беларусі:

1. Асноўны атрымальнік заходняй дапамогі — беларуская дзяржава

За шэсць гадоў — з 2006 па 2012 гады — Беларусь атрымала донарскай дапамогі амаль на $755 мільёнаў. Ад 12% да 20% з яе накіроўваецца на развіццё грамадзянскай супольнасці. Астатняе атрымлівае дзяржаўны сектар Беларусі.

2. Еўрасаюз з’яўляецца найвялікшым донарам Беларусі

У структуры замежнай дапамогі Беларусі з 2006 па 2012 гады вылучаюцца пяць асноўных донараў: інстытуты Еўрасаюза ($101,66 млн.), тры краіны ЕС: Германія ($129,17 млн.), Польшча ($107,72 млн.) і Швецыя ($105,26 млн.), а таксама Злучаныя Штаты Амерыкі ($90 млн.).

3. Інстытуты ЕС выдаткоўваюць на развіццё дэмакратыі ў Беларусі 13% ад агульнай дапамогі, ЗША — 71%

У 2012 годзе ЕС разам з краінамі-сябрамі вылучылі на гэтыя мэты $65,88 млн., альбо 13% ад сукупнай донарскай дапамогі, ЗША — $64,4 млн., альбо 71% ад сукупнай донарскай дапамогі ЗША.

4. Лідэрам у сферы дапамогі дзеля дэмакратычнага развіцця Беларусі з’яўляецца Швецыя

На сферу «Дэмакратычны ўдзел і грамадзянская супольнасць» Швецыя вылучыла амаль $10 млн. — у 2011 годзе і каля $3 млн. — у 2010 годзе.

5. Агульны памер дапамогі Даніі ў 5 разоў меншы за сукупную дапамогу Германіі, але памер дапамогі грамадзянскай супольнасці Беларусі з боку двух донараў прыкладна аднолькавы

Пры гэтым дапамога грамадзянскай супольнасці складае амаль 100% усё дапамогі Даніі для Беларусі, а Германія накіроўвае грамадзянскай супольнасці каля 1/5 усіх сродкаў.

6. Падчас судоў за Плошчу ў 2011 годзе нямецкія паліцэйскія праводзілі трэнінг для беларускіх міліцыянераў на былым нямецка-польскім памежным пераходзе

З 2008 па 2011 гады на навучанне беларускіх міліцыянтаў Германія выдаткавала €248.902.

7. Германія з’яўляецца адным з найвялікшых донараў Беларусі сярод краін Еўрасаюза

З 2006 па 2012 гады яна выдаткавала $129,17 млн., гэта амаль чвэрць ад агульнай сумы донарскай дапамогі краін ЕС. 2/3 нямецкай дапамогі накіроўваецца на адукацыю. Пераважна гэта расходы на навучанне беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах Германіі. Сродкі, выдаткаваныя на развіццё гэтага напрамку, фактычна застаюцца ў Германіі.

8. У Беларусі сярод усіх краін Усходняга партнёрства самая нізкая эфектыўнасць засваення дапамогі Еўрасаюза

Прычыны: зашмат узгадняючых органаў, антызаходнія настроі чыноўнікаў, адсутнасць пераемнасці і вялікая бюракратыя.

9. Пры рэалізацыі буйных праектаў на грошы Еўрасаюза ў Беларусі ствараюцца праўладныя НДА

Гэта звязана з патрабаваннем ЕС пра абавязковы ўдзел недзяржаўных арганізацый у праектах замежнай дапамогі.

10. Кіраўніцай еўрасаюзаўскага праекта коштам больш за адзін мільён еўра «Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў галіне прымянення механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Беларусі» з’яўляецца Алена Дадзеркіна

Яна вядомая тым, што, з’яўляючыся выкладчыцай эканомікі ў Акадэміі кіравання, набыла кватэру ў самым дарагім доме Беларусі — «доме Чыжа» ля Траецкага.

Хто насамрэч грантасос?

Падчас апошняй прэс-канферэнцыі расійскім рэгіянальным СМІ Аляксандр Лукашэнка чарговым разам зняважліва згадаў апазіцыю, як атрымальніцу заходняй дапамогі:

«Зараз амерыканцы і заходнікі кажуць: «Не, не дамо. Усё роўна, кажуць, бескарысна, улады вы не разбурыце, Лукашэнку не скінеце, таму грошай асабліва не дамо». І не даюць. Ну і апазіцыя такая... Ну, хіба гэта апазіцыя, якая корміцца на чыесці грошы і прапаведуе чыесці погляды насуперак інтарэсам нашага народу?!»

Аляксандр Лукашэнка, напэўна, ніколі публічна не прызнаваўся, што, нягледзячы на антызаходнюю рыторыку, дзяржаўныя органы Беларусі штогод атрымліваюць мільёны долараў заходняй дапамогі. Паводле даследавання Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, за шэсць гадоў — з 2006 па 2012 гады — Беларусь атрымала амаль $755 млн. ад найбуйнейшых донараў (ЗША, інстытуты Еўрапейскага Саюза, асобныя краіны ЕС і міжнародныя інстытуцыі). З іх толькі ад 12% да 20% ідуць на развіццё грамадзянскай супольнасці. Астатняе атрымлівае дзяржаўны сектар Беларусі. Фінансавая дапамога Захаду ажыццяўляецца адначасна з рэжымам санкцый супраць афіцыйных уладаў Беларусі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года «Свабода» вырашыла прааналізаваць, што адбываецца з заходняй дапамогай Беларусі і каму яна насамрэч дапамагае і хто ў рэальнасці з’яўляецца грантасосам?

Еўрасаюз як найвялікшы донар беларускай дзяржавы

Паводле Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі з 2006 па 2012 гады Еўрасаюзам і яго краінамі-сябрамі было выдзелена $520 млн. (прыблізна 69% агульнага аб’ёму дапамогі). За шэсць гадоў штогадовы памер дапамогі ад краін ЕС вырас больш як у паўтара разы і ў 2012 годзе склаў амаль $65 млн. Памер дапамогі ад інстытутаў ЕС за аналагічны перыяд павялічыўся на траціну і склаў у 2012 годзе каля $20 млн.

Прадстаўнікі Еўракамісіі ў Бруселі падзяліліся са «Свабодай» інфармацыяй, колькі грошай і на якія мэты плануе выдаткаваць Беларусі Еўрасаюз ад 2014 да 2020 годоў: ад €129 млн. да €158 млн. Гэта значна большая сума, чым за перыяд ад 2007 па 2011 гады, калі на дапамогу Беларусі Еўрасаюзам было вылучана ўтрая меней: каля €46 млн.

Каму і на якія мэты расходавалася і будзе накіраваная дапамога ЕС?

Калі ў 2007-2011 гадах 70% дапамогі Еўрасаюза ішло на сацыяльнае і эканамічнае развіццё Беларусі, а 30% — на дэмакратычнае развіццё і дзяржаўнае кіраванне ў Беларусі, то ў праектных дакументах на 2014-2020 гады тэрмін «дэмакратычнае развіццё» ўжо не выкарыстоўваецца (хаця чыноўнікі Еўракамісіі і пераконваюць «Свабоду», што гэтая мэта насамрэч ставіцца).

Як вынікае з дакументаў, у 2014-2020 гадах 30% дапамогі ЕС мяркуецца накіраваць на сацыяльную сферу, 25% — на праекты, звязаныя з экалогіяй і навакольным асяроддзем, 25% — на рэгіянальнае і лакальнае эканамічнае развіццё, 10% — на развіццё кампетэнцый. Гэты тэрмін таксама трапляе ў сацыяльную сферу. Адзін з прыкладаў — сацыяльныя работнікі ў малых гарадах і вёсках, якія за пэўную плату дапамагаюць пенсіянерам. Праўда, ані пенсіянеры, ані сацыяльныя работнікі, якія атрымліваюць грошы за тое, што купляюць пенсіянерам харчы і лекі, напэўна, не ведаюць, што гэтыя сацыяльныя праекты ажыццяўляюцца праз падтрымку Еўрасаюза, і дзякаваць за гэта трэба не мясцовым уладам і не Лукашэнку.

І толькі 10% дапамогі ЕС на перыяд з 2014-2020 гадоў выдаткоўваюцца на грамадзянскую супольнасць Беларусі.

«З аўтарытарнымі грамадствамі цяжка, — прызнаецца «Свабодзе» дэпутат Еўрапарламента ад Фінляндыі, сябра групы па працы з Беларуссю Нілс Торвалдс. — Мы маем вельмі складаную сітуацыю ў краінах былога СССР: вельмі слабая грамадзянская супольнасць у гэтых краінах і пры гэтым вельмі моцны адміністратыўны апарат дзяржавы. Ёсць яшчэ праблема, што ЕС падпісаў пэўныя дамоўленасці з ўрадам Беларусі, павінен прытрымлівацца іх і не можа навязваць нейкія пазіцыі, у тым ліку па грамадзянскай супольнасці».

Бельгійскі палітолаг Майкл Эмерсан тлумачыць, што ў Еўрасаюза ёсць жаданне дапамагчы Беларусі і таму даводзіцца ісці на супрацоўніцтва з уладамі:

«Еўрасаюз — гэта не ЦРУ, у яго няма задачы развіваць дэмакратыю і фінансаваць праекты для развіцця дэмакратыі».

Найменшая эфектыўнасць засваення дапамогі ЕС сярод краін Усходняга партнёрства

Некалькі гадоў таму эстонскі Цэнтр Усходняга партнёрства праводзіў даследаванне эфектыўнасці тэхнічнай дапамогі ЕС. Лакальным партнёрам выступіў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў. Вынікі гэтага даследавання былі не для шырокага карыстання, а для аналізу ўнутры Усходняга партнёрства. Даследчыца Алена Арцёменка расказала «Свабодзе», як праводзілася даследаванне і якія былі яго асноўныя высновы.

Апытанне праводзілася з удзелам прадстаўнікоў міністэрств і ведамств, якія ўдзельнічаюць у праектах ЕС па тэхнічнай дапамозе. Пытанні былі пра тое, наколькі эфектыўная камунікацыя пры ажыццяўленні праектаў, наколькі выслухоўваліся меркаванні выканаўцаў пры фармаванні заявак. Апытанне праводзілі паводле анкеты Цэнтра Усходняга партнёрства, пасля чаго даследчыкі БІСС зрабілі другасны аналіз. І вось якія былі зробленыя асноўныя высновы.

Расказвае Алена Арцёменка:

  • Зашмат узгадняючых органаў:

«Тэхнічная дапамога, як і любая дапамога з-за мяжы, павінна рэгістравацца і ўзгадняцца Міністэрствам эканомікі і іншымі структурамі. Было вельмі лёгка высветліць, што колькасць узгадняючых органаў наўпрост уплывае на задаволенасць праектам тымі, хто іх рэалізуе. Задаволенасць нашых удзельнікаў з міністэрств і ведамств была значна ніжэйшая, чым у іншых краінах Усходняга партнёрства. Іх менш слухаюць, калі падаюцца заяўкі, для іх больш складана сфармуляваць актуальную праблематыку, таксама працэдуру ўскладняе пасярэднік паміж донарам і атрымальнікам».

  • Антызаходнія настроі чыноўнікаў:

«З усіх краін Усходняга партнёрства ў нас найменш эфектыўная дапамога, таму што ва ўсіх іншых краінах Усходняга партнёрства дзяржаўныя органы павернутыя тварам да дапамогі ЕС, а ў нас заклапочаныя, каб гэта не стала soft power (мяккай сілай). Пры гэтым, беларускія дзяржаўныя органы вельмі асцярожныя, яны не так рады засвойваць гэтыя фінансавыя сродкі з-за некаторых ідэалагічных супярэчнасцей».

  • Чыноўнікі-выканаўцы загружаныя іншымі справамі, няма пераемнасці:

«Чыноўнікі, якія павінны займацца рэалізацыяй праектаў, не маюць на гэта дастаткова часу, яны зашмат загружаныя іншымі абавязкамі. Для выканання не вылучаецца адзін чалавек, які вёў бы праект ад пачатку да канца. Усё робіцца паводле рэшткавага прынцыпу. Ініцыяваць, распрацоўваць і падаваць на фінансаванне праграму павінны яны самі, а паколькі ў іх няма магчымасці гэтым займацца, яны не хочуць лішняй нагрузкі, і гэта другая прычына, чаму яны «не гараць». Няма пераемнасці, над праектам не працуе адна каманда, і гэта перашкаджае даводзіць праекты да лагічнага завяршэння».

  • Бюракратычныя праблемы:

«Паміж дзяржаўнымі органамі існуюць праблемы ў кантактах на гарызантальным узроўні з-за бюракратыі. Калі пэўнаму міністэрству патрэбная нейкая інфармацыя са Статыстычнага камітэта, то гэта будзе вельмі доўгі шлях з запытамі і ўзгадненнямі ў многіх інстанцыях. Складана аператыўна атрымаць інфармацыю нават з суседняга міністэрства ці камітэта».

Алена Арцёменка параўноўвае эфектыўнасць дапамогі ЕС у розных краінах Усходняга партнёрства. Як выявілі даследаванні, найбольш эфектыўна выкарыстоўваецца замежная дапамога ў Грузіі і Арменіі (больш рэалізаваных праектаў, больш сродкаў), Украіна і Малдова былі на сярэднім узроўні, а ў Беларусі аказалася найгоршая сітуацыя. Паводле Алены Арцёменкі, у гэтых краінах прасцей было засвойваць замежную дапамогу і з пункту гледжання ідэалогіі, і таму, што не было столькі кантралюючых органаў. Да таго ж, напрыклад, Грузія мае міністэрства па адносінах з ЕС.

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследавання Алена Арцёменка лічыць, што карупцыйны складнік у рэалізацыі дапамогі ЕС у Беларусі дастаткова нізкі, паколькі існуюць вельмі жорсткія механізмы кантролю. Магчыма, гэтым і тлумачыцца нізкая зацікаўленасць чыноўнікаў.

Дапамога Еўрасаюза не звязана з узроўнем дэмакратыі

Беларусь атрымлівае фінансавую дапамогу ад Еўрасаюза, ад еўрапейскіх краін з моманту здабыцця незалежнасці, і гэтая дапамога не звязана з узроўнем дэмакратыі, тлумачыць Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, які двойчы праводзіў даследаванне пра ролю і месца грамадзянскай супольнасці Беларусі ў сістэме донарскай дапамогі ЕС для Беларусі з 2006 па 2012 гады, вынікамі якога ён падзяліўся са «Свабодай».

«Гэтая дапамога часцей за ўсё была скіравана на развіццё, на падвышэнне дабрабыту краіны і эканамічнага росту, і не была звязана наўпрост з палітычнымі мэтамі. Недзе ў 2005 годзе на глабальным узроўні пачынаецца разуменне таго, што такія спосабы выдаткоўвання дапамогі не надта эфектыўныя. Тады з Парыжкай дэкларацыі пра эфектыўнасць замежнай дапамогі пачынаецца пераасэнсаванне спосабаў дапамогі, і грамадзянская супольнасць, і іншыя актары, акрамя дзяржавы, атрымоўваюць большае значэнне ў структурах гэтай дапамогі. Раней міжнародныя донары проста аддавалі дапамогу краіне, не надта ўзгадняючы з лакальнымі актарамі, на што яе даюць. І потым дзяржавы сталі тымі суб’ектамі, якія, распрацоўваючы нацыянальную стратэгію развіцця, маглі атрымаць на гэта дапамогу. Наша дзяржава распрацоўвае нацыянальную стратэгію развіцця і выстаўляе дакумент, з якім усе міжнародныя донары павінны ўзгадняць мэты, сродкі і спосабы, накіравання гэтай дапамогі».

З патрабаваннямі Беларусі звязана і розная структура дапамогі ЕС розным краінам.

Арменія, напрыклад, у 2014-2020 гадах атрымае дапамогу на развіццё прыватнага сектара, на адміністрацыйную рэформу і на рэформу сектара правасуддзя, а Азербайджан — на рэгіянальнае і сельскае развіццё, на рэформу сектара правасуддзя і на адукацыйныя праграмы. Гэта значыць, што менавіта на гэтыя мэты гэтыя краіны і папрасілі дапамогі ЕС. А ў Беларусі — гэта праекты, якія дазваляюць пры дапамозе грошай Еўрасаюза падтрымліваць пэўны ўзровень стабільнасці. Менавіта пра стабільнасць заўсёды гаворыць Аляксандр Лукашэнка, не ўдакладняючы, праўда, тое, адкуль ідуць грошы на яе падтрыманне.

«Ніякая «пятая калона» не атрымоўвае, а атрымоўвае беларускі чыноўнік»

Больш за год таму старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька высунуў ініцыятыву правесці аўдыт замежнай дапамогі Беларусі і прааналізаваць, наколькі яна эфектыўная. Ягоны заклік не атрымаў тады падтрымкі. З большага каментатары сішліся на тым, што не варта рабіць разборкі ў апазіцыйных колах, хто колькі і на што атрымлівае.

«Лічыцца, што дапамога з-за мяжы — гэта дапамога для палітычнай апазіцыі, і кропка. А гэта не так. Большасць дапамогі ідзе дзяржаве, і мы нават не ведаем, наколькі эфектыўна яна выкарыстоўваецца, ці не адбываецца той традыцыйны «распіл», які мае месца, калі чыноўнік дзеліць 31 мільярд долараў беларускага бюджэту. Чаму тыя самыя чыноўнікі, якія «распілваюць» беларускі бюджэт, чаму яны павінны адмаўляцца да «распілу» рэсурсаў, якія ідуць з-за мяжы? А там яшчэ меншы фінансавы кантроль. Напрыклад, тры з паловай мільярды долараў Міжнародны валютны фонд выдаткаваў як крэдыт Беларусі перад апошняй прэзідэнцкай кампаніяй, і сёння ўсё разводзяць рукамі, бо ніхто, насамрэч, не ведае, на што яны былі расходаваныя. Мэты дэклараваліся адны, а, насамрэч, яны пайшлі на подкуп беларускага выбаршчыка. Трэба змагацца са стэрэатыпамі і казаць, што ў нас сёння ніякая «пятая калона» не атрымоўвае, а атрымоўвае беларускі чыноўнік, бо большасць грошай ЕС скіраваныя на праграмы з удзелам беларускай дзяржавы».

Лічбы ад Міністэрства эканомікі

Міністэрства эканомікі Беларусі акумулюе ўсе звесткі пра фінансавую дапамогу звонку. Радыё «Свабода» звярнулася па каментар, і пры спрыянні прадстаўніка ведамства Віктара Еўтухова запыт быў разгледжаны, і нам паведамілі наступнае.

У якасці прыярытэтаў міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва на 2012-2016 гады былі вызначаныя наступныя напрамкі:

  • Развіццё чалавечага патэнцыялу, ініцыятывы і прадпрымальніцтва:

Сума патрэбы ў фінансаванні — $51,6 млн.;

  • Эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне і павышэнне якасці дзяржаўных паслуг:

Неабходнае фінансаванне — $320,7 млн.;

  • Экалагічная ўстойлівасць:

Памер фінансавання — $35,2 млн.;

  • Рэгіянальнае развіццё:

Патрэба ў фінансаванні — $4,0 млн.

Такім чынам, дэклараваны аб’ём фінансавай дапамогі на пяць гадоў перавышае $400 млн., прычым ільвіная доля запрошваецца на патрэбы дзяржаўнага кіравання. Больш падрабязна пра некаторыя з гэтых праектаў і іх эфектыўнасць размова пойдзе крыху пазней. А зараз ізноў афіцыйныя лічбы ад Міністэрства эканомікі Беларусі, якія адлюстроўваюць ужо засвоеныя грошы ЕС.

У рамках штогадовых праграм дапамогі Еўрасаюза для Беларусі цягам 2013-2014 гадоў былі падпісаныя наступныя пагадненні аб фінансаванні праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі:

  • Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця ў Беларусі:

Аб’ём прыцягнутага фінансавання — €13,47 млн.;

  • Пашырэнне праекта «Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця ў Беларусі»:

Аб’ём прыцягнутага фінансавання — €3,5 млн.;

  • Праграма MOST (кантакты паміж людзьмі):

Аб’ём прыцягнутага фінансавання — €5 млн.;

  • Праграма «Зялёная эканоміка»:

Аб’ём прыцягнутага фінансавання — €12 млн.;

  • Міжнародная акрэдытацыя і тэставанне лабараторый для медыцынскай прадукцыі і падтрымка аховы здароўя ў Беларусі:

Аб’ём прыцягнутага фінансавання — €8,3 млн.

Адпаведна, за два апошнія гады памер тэхнічнай дапамогі беларускай дзяржаве ад структур Еўрасаюза перавысіў €40 млн.

Калі казаць больш канкрэтна, то ў 2012 годзе разам з дзяржаўнымі інстытутамі ЕС рэалізаваў у Беларусі праекты па ўстаноўцы біяпаліўнага абсталявання на аграферме ў Маладзечне, навучанні спецыялістаў заходнееўрапейскай нарматыўнай прававой метадалогіі ў сферы ядзернай бяспекі, ацэнцы сектара аховы здароўя, абсталяванні памежных пераходаў ды інш.

«Вельмі лёгка «нахіліць» еўрапейскі парадак дня»

Экс-кандыдат у прэзідэнты, кіраўнік Цэнтра Мезіса, эканаміст Яраслаў Раманчук крытычна ставіцца да таго, што кірункі дапамогі для донараў вызначае кола чыноўнікаў. Паводле Раманчука гэта адбываецца не заўсёды эфектыўна:

«Такая фармулёўка праграм сыходзіць з таго, што беларускія ўлады быццам арыентаваныя ў еўрапейскай супрацы. Тут няма следу таго, што Беларусь — гэта асобы выпадак, і тут трэба інакш падыходзіць да фармавання парадку дня. Гэта тычыцца і ААН, і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, і Сусветнага банка. Напрыклад, Сусветны банк фінансуе праекты, звязаныя з энергетыкай. Але адна справа — генератар ці трансфарматар паставіць, але Сусветны банк мог бы прафінансаваць канцэпцыю рэформы самой энергетыкі і стварэння энергетычнага рынку і дыверсіфікацыі энергетычных крыніц. Колькі разоў мы пра ўсё гэта гаварылі еўрапейцам, а потым яны кажуць, што ў нас ёсць працэдура, і мы для Беларусі нічога не можам зрабіць. Такім чынам, яны робяць дрэнную справу — і для беларускай грамадзянскай супольнасці, і для еўрапеізацыі Беларусі. Калі чыноўнікі бачаць, што вельмі лёгка «нахіліць» еўрапейскі парадак дня, то яны карыстаюцца гэтым. Яны з’яўляюцца часткай ідэалагічнага апарату ўлады, але пры гэтым яны атрымліваюць грошы ЕС».

«Прыбраць амбіцыі і стабілізаваць адносіны паміж ЕС і Беларуссю»

Журналіст незалежнага тэлеканала «Белсат» Алесь Сіліч, які шмат гадоў жыве ў Бельгіі і чый працоўны дзень пачынаецца ў прэс-цэнтры Еўрапейскага парламента, лічыць, што еўрапейскія чыноўнікі маюць добрыя намеры, але, насамрэч, дагэтуль не вызначыліся, якая стратэгія ўзаемадзеяння з Беларуссю можа быць найбольш эфектыўнай.

«Часам складваецца ўражанне, што чыноўнікі Еўракамісіі, якія размяркоўваюць грошы, проста не ведаюць, што рабіць. Я шмат размаўляў у кулуарах пра палітыку санкцыі і палітыку дапамогі з прадстаўнікамі прэс-служб еўракамісараў. І яны казалі мне: «А як мы яшчэ можам рэагаваць законнымі метадамі? Ёсць палітыка бізуна і перніка, і мы выкарыстоўваем і бізун, і пернік. ЕС не мае вялікіх рычагоў уздзеяння. ЕС не можа ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Мы не можам навязаць рашэнне, мы можам выдаць рэзалюцыю, даць ацэнку, асудзіць ці накласці санкцыі». Іншых рычагоў у дэмакратычных дзяржаў проста не існуе. Дэмакратыя мае не толькі сілу, але і слабасць. І я думаю, што гэта слабасць дэмакратыі».

Не чакаюць цудаў ці драматычных змен у Беларусі

Новаабраны дэпутат Еўрапейскага парламента ад Чэхіі Павел Тэлічка, сябра групы па працы з Беларуссю, лічыць, што трэба спрабаваць супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі. Паводле Тэлічкі, дэпутацкая група па працы з Беларуссю ў ранейшым складзе Еўрапарламента няслушна пазбягала кантактаў з дзяржаўнымі структурамі Беларусі.

«Я хацеў бы бачыць дапамогу ЕС, накіраваную на развіццё і набліжэнне да стандартаў, якія цяпер існуюць у ЕС. І я буду выступаць за тое, каб сродкі выкарыстоўвалі на карысць тых арганізацый, якім яны найперш патрэбныя, якія заснаваныя на тых каштоўнасцях, якія могуць набліжаць Беларусь да ЕС. Гэта могуць быць незалежныя НДА, грамадзянская супольнасць, маладыя людзі, незалежныя ад ўраду, арганізацыі, накіраваныя на тое, каб зрабіць жыццё беларусаў больш лёгкім. Але і дзяржаўныя структуры, ці структуры, якія працуюць пры дзяржаве, будуць атрымліваць дапамогу. На пэўным узроўні і на пэўных умовах гэтая дапамога павінна ісці. Напрыклад, цяпер прэзідэнт Лукашэнка і беларускі ўрад адыгралі пазітыўную ролю падчас канфлікту Расіі і Украіны. І мы павінны прыняць гэта да ўвагі. Мы можам падзякаваць, але таксама і спытаць пра пераслед НДА, незалежнай прэсы, пра палітвязняў і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Тут мусіць быць збалансаваная палітыка. Я не чакаю цудаў у Беларусі бліжэйшым часам альбо драматычных змен. Але мы павінны прыбраць амбіцыі і падтрымліваць намаганні, каб стабілізаваць адносіны паміж ЕС і Беларуссю».

Еўрадэпутат Павел Тэлічка падзяліўся са «Свабодай» сваімі планамі паехаць прыватным чынам у Беларусь і сустрэцца з сябрамі Нацыянальнага сходу і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і патлумачыць усім, што, калі не сустракацца, не абмяркоўваць розныя пазіцыі, не будзе вынікаў.

«Мы маем інтарэс да Беларусі і спадзяемся пабачыць у будучыні яе крокі ў кірунку асацыяцыі з ЕС. І мы будзем выкарыстоўваць розныя спосабы кантактаў».

Як зарабляе на еўрапейскай дапамозе беларускі чыноўнік

Якія найбольш буйныя праекты замежнай дапамогі рэалізоўвае беларуская дзяржава? І хто атрымлівае найбольш карысці ад гэтай дапамогі? Чаму гэтая сфера застаецца максімальна закрытай? І як працуе механізм стварэння праўладных недзяржаўных арганізацый? Пра гэта ў наступным раздзеле расследавання Радыё «Свабода».

Каля месяца таму ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прайшлі слуханні па дзяржаўна-прыватным партнёрстве (ДПП) і быў падрыхтаваны праект закона на гэтую тэму. Праўдападобна, што на слуханнях у Палаце прадстаўнікоў дэпутаты не згадвалі, што гэты праект рэалізуецца ў Беларусі за грошы Еўрасаюза пры пасярэдніцтве ААН.

Поўная назва праекта — «Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў галіне прымянення механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Рэспубліцы Беларусь». Кошт праекта — €1.080.528.

Дэклараваная мэта — развіццё прыватнага сектара ў Беларусі. Нацыянальны каардынатар — тагачасны міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, кіраўніца праекта — Алена Дадзеркіна, вядомая тым, што, будучы выкладчыцай эканомікі ў Акадэміі кіравання, набыла кватэру ў самым дарагім доме Беларусі — «доме Чыжа» ля Траецкага. У рамках двухгадовага праекта прадугледжаныя міжнародныя канферэнцыі, падрыхтоўка за мяжой і ў Беларусі беларускіх кансультантаў па ДПП і стварэнне нацыянальнага цэнтра ДПП.

Дзяржаўна-прыватнае партнёрства (ДПП) — гэта шырока распаўсюджаная на Захадзе форма партнёрства бізнесу і дзяржавы. Гэтую форму Еўрасаюз хацеў бы ўкараніць і ў Беларусі. Цэнтры дзяржаўна-прыватнага партнёрства паспяхова дзейнічаюць у Германіі, ЗША і Сінгапуры.

На што ідуць мільёны еўра дапамогі ад Еўрасаюза?

Эканаміст Яраслаў Раманчук у сваім блогу на сайце «Белорусские новости» задаецца пытаннем: «З чаго б гэта раптам Палата прадстаўнікоў, якая пакорліва падтрымлівала ўсе падатковыя і рэгулятарныя інструменты катавання нацыянальнага бізнесу, раптам загаварыла пра партнёрства з бізнесам?»

І тут жа адказвае на яго:

«Тэма ДПП стала такой жа прававой і рэгулятарнай жвачкай, як такія збляклыя клішэ ад ААН і іншых міжнародных арганізацый, як «устойлівае развіццё», «інклюзіўны рост» або «ўсеагульны дабрабыт». Абмяркоўваць ДПП у краіне з усёахопнай дзяржавай гэтак жа бяспечна для саміх чыноўнікаў, як партнёрства КПСС з кааператарамі ў Савецкім Саюзе. Ані ў кога няма ілюзій адносна таго, хто ў дадзеным партнёрстве Вялікі брат. Таму прадстаўнікі ўлады спакойна могуць гаварыць пра роўнасць умоў для дзяржаўнага і прыватнага капіталаў, пра роўныя магчымасці працы ў інфраструктурных сектарах... Перад намі прыклад чарговага заканадаўчага выхлапу. Дэпутаты ПП НС паставілі галачку. Урад ударыў кулаком у грудзі, дэкларуючы любоў да нацыянальнага бізнесу. ААН даў справаздачу пра поспехі ў супрацоўніцтве з уладамі...»

Не будзем цяпер аналізаваць мэтазгоднасць і эфектыўнасць праекта дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гэты прыклад я прывяла дзеля таго, каб сканцэнтраваць увагу на бюджэце і выканаўцах праектаў, якія рэалізуюцца ў Беларусі за грошы Еўрасаюза.

Паводле дзейных правіл ЕС наўпрост не выдзяляе грошы профільнаму міністэрству — выканаўцу праекта. Каб быў празрысты кантроль, звычайна наймаюць трэці бок, у Беларусі звычайна гэта ПРААН (Праграма развіцця ААН), арганізацыя з добрай рэпутацыяй, якую крытычна згадаў Яраслаў Раманчук. На сайце ПРААН можна знайсці інфармацыю пра большасць дзейных праектаў замежнай дапамогі, пра іх бюджэт, імёны выканаўцаў, можна пабачыць, колькі грошай дае ЕС, а колькі — сама ААН.

Напрыклад, праект коштам $595.000 «Садзейнічанне ўраду Рэспублікі Беларусь пры ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю праз узмацненне экспертнага і інстытуцыянальнага патэнцыялу» рэалізуецца праз Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Праект коштам $1.946.000 «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё» рэалізуе Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Праект коштам $355.400 «Садзейнічанне ўдасканаленню судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь пры дапамозе развіцця спецыялізацыі судоў» рэалізуе ў Беларусі Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі судздзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ.

Мала хто ведае, што інфармацыя пра праекты замежнай дапамогі знаходзіцца ў адкрытым доступе на сайце ПРААН і што прэтэндаваць на ўдзел у праекце тэарэтычна можа любы спецыяліст. Зрэшты, на практыцы ўдзельнікі праекта збольшага перадвызначаныя.

«Калі хочуць узяць чыюсьці жонку ў праект, то возьмуць»

Адзін з удзельнікаў праекта, які рэалізавалі ў Беларусі за грошы Еўрасаюза пры пасярэдніцтве ААН, на ўмовах ананімнасці распавёў «Свабодзе» пра некаторыя асаблівасці асваення замежнай дапамогі:

«Заўсёды абвяшчаецца конкурс, і, па ідэі, кожны ахвотны можа ўзяць у ім удзел. Але звычайна загадзя вядома, хто ўзначаліць праект і хто будзе працаваць у рамках праекта. Што найбольш прыцягальнае ва ўсіх праектах — гэта адукацыйныя візіты дзеля дасягнення пэўнай мэты. А гэта добрыя камандзіровачныя, шматлікія паездкі за мяжу. Пяць дзён сутачных роўныя месячнаму заробку чыноўніка. Чаму не паехаць у адукацыйную паездку? Профільнае міністэрства можа ўмяшацца ў выбар супрацоўніка для праекта, узгадненне кіраўніка праекта вядзецца пры ўдзеле міністэрства, і, канечне, калі яны не ўхваляць чалавека з вуліцы, то ён і не пройдзе. Загадзя можна скласці пералік патрабаванняў да кандыдата і пад іх узяць патрэбнага чалавека. Калі хочаш доктара навук узяць, запішы ў патрабаваннях доктарскую ступень. Але калі хочуць узяць чыюсьці жонку, то возьмуць. Напрыклад, быў у нас адзін праект, звязаны з судовай сістэмай. Адзін праваабаронца з «Еўрапейскай Беларусі» падаваў заяўку на ўдзел у гэтым праекце. Падчас гутаркі прадстаўнік Мін’юста запытаўся ў яго, што трэба мяняць, і той сказаў пра тое, што ў нас няма раздзялення ўладаў. У адказ яму сказалі, што ў нас усё дзейнічае. У выніку, гэтага прэтэндэнта не ўзялі ў праект».

Што да магчымага карупцыйнага складніка, то суразмоўца «Свабоды» адзначае наступныя нюансы:

«Міністэрства-куратар заўсёды можа ўмяшацца і скарэктаваць план закупак у рамках праекта: напрыклад, купіць не адзін прынтэр, а тры, бо па завяршэнні праекта ўсе сродкі пераходзяць да таго дзяржаўнага органа, які з’яўляецца нацыянальным выканаўцам. Вы купляеце мэблю, планшэты і айпады, і ўсё гэта застаецца міністэрству, якое можа захацець, каб куплялі не бюджэтныя, а даражэйшыя камп’ютары. І часцей за ўсё потым адбываецца так, што заканчваецца праект, і ўсё завяршаецца».

Вяртанне да савецкіх камітэтаў міру

Як патлумачылі «Свабодзе» ў Бруселі ў Еўракамісіі, пры рэалізацыі беларускай дзяржавай сацыяльных і эканамічных праектаў абавязкова выстаўляецца патрабаванне: удзел недзяржаўнай арганізацыі.

Кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначае, што, як правіла, беларускія дзяржаўныя органы супраціўляюцца ўдзелу незалежных НДА, і донары, каб рэалізаваць праект, мусяць пагаджацца на ўмовы, якія выстаўляе дзяржава, і ўключаюць туды прадзяржаўныя НДА.

«У буйных праектах і праграмах вы, хутчэй за ўсё, не пабачыце незалежныя НДА. Напрыклад, Савет Еўропы выдзяляў на экалагічныя праекты грошы па схеме супольнага ўдзелу дзяржавы і грамадзянскай супольнасці. І замест вядомых беларускіх экалагічных арганізацый была задзейнічаная арганізацыя, якая была створаная за 2 месяцы да пачатку праекта і зарэгістраваная на базе Мінпрыроды. Ці, напрыклад, ПРААН рэалізуе праграму падтрымкі ўдзелу НДА ў кансультацыі наконт нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. І дапамога ПРААН дзеля падтрымкі дыялогу з грамадзянскай супольнасцю выдзяляецца Геаграфічнаму таварыству, якое амаль не існуе і зарэгістраванае ў БДУ ў межах геаграфічнага факультэта. Астатнія НДА проста не ведаюць, што там за дыялог, што там адбываецца. Цяпер рэалізоўваецца праграма, звязаная з дэцэнтралізацыяй мясцовай улады на 12-13 мільёнаў еўра, і там няма ніякай грамадзянскай супольнасці. Мы шмат разоў размаўлялі з прадстаўніцтвам ЕС у Мінску, і яны казалі пра тое, што няблага было б уключыць такія арганізацыі, як, напрыклад, Фонд імя Льва Сапегі, якія шмат гадоў працуюць з тэматыкай мясцовага самакіравання. Але ніколі нам не ішлі насустрач, мы ніколі не мелі магчымасці адкрыта размаўляць пра ўдзел сапраўдных арганізацый для рэалізацыі гэтых праектаў».

Паводле Андрэя Ягорава, дапамога, якая ідзе беларускай дзяржаве, у асноўным выкарыстоўваецца на сацыяльна-эканамічныя і інфраструктурныя праекты (кшталту пракласці новую дарогу), не звязаныя з праблемамі развіцця мясцовых супольнасцей.

«Часам робіцца шмат чаго карыснага. Але гэтая дапамога ніяк не садзейнічае таму, каб тут развівалася дэмакратыя. У 2011 годзе беларуская дзяржава атрымала грошы на падтрымку дэцэнтралізацыі і развіцця мясцовага самакіравання ў Беларусі. Прадугледжваўся шэраг адукацыйных семінараў для цэнтральных і мясцовых уладаў. Але гэта татальнае глупства, бо ў Беларусі няма ніякай мясцовай улады і незалежнага самакіравання. Беларуская дзяржава атрымлівае грошы ў лепшым выпадку на шэраг бессэнсоўных мерапрыемстваў».

Сённяшні трэнд — трэба працаваць з беларускай уладай

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прагназуе, што бліжэйшым часам мы станем сведкамі з’яўлення вялікай колькасці НДА і праваабаронцаў, створаных беларускай дзяржавай:

«НДА будуць падсаджвацца на еўрапейскія праграмы. Канфармізм вельмі шырока распаўсюджаны, і да таго ж сённяшні трэнд — трэба працаваць з беларускай уладай. Улады Беларусі ставяць задачу: вярнуць адносіны з Захадам у нішу, якая існавала перад апошняй прэзідэнцкай кампаніяй. Мы бачым, што еўрапейскія грошы павялічваюцца, але іх кантралюе беларускі чыноўнік».

Думку Анатоля Лябедзькі працягвае кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Ёсць камітэты жанчын пры ўладзе, ці арганізацыі БРСМ, якія могуць атрымліваць еўрапейскія грошы як НДА. Яны — частка ідэалагічнага апарату ўлады, але яны атрымліваюць грошы ЕС, таму што адбываецца нейкая імітацыя дыялогу. Улады кантралююць дапамогу на дзяржаўныя праекты і дапамогу, якая павінна трапляць у грамадскі сектар. І з’яўляецца псеўдаграмадскі сектар — камітэты абароны міру, як за савецкім часам. Калі па фармальных крытэрыях структура падыходзіць, то яна і працуе. Калі донары пачынаюць адназначна казаць, што для атрымання дапамогі яны павінны зарэгістраваць арганізацыю, то як яе зарэгістраваць апанентам улады, нават у сферы экалогіі?» 

Брусельскі «Офіс за дэмакратычную Беларусь» размяшчае на сваіх старонках рэкамендацыі «Як зарэгістраваць праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў Беларусі».

Калі ўважліва вывучыць працэдуру рэгістрацыі, становіцца зразумелым, наколькі складаны і працяглы гэты працэс, у якім кожны крок патрабуе ўхвалы шэрагу міністэрств і ведамств. Падаць праект у Мінэканомікі, атрымаць заключэнне МЗС аб адпаведнасці праекта нацыянальным інтарэсам, атрымаць ухвалу Камісіі па пытаннях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва пры Савеце міністраў і шмат чаго іншага. І становіцца відавочным, што незалежнаму ад дзяржавы гульцу гэта зрабіць маларэальна.

35 мільёнаў долараў для Мінпрыроды

Сярод дзяржаўных структур-атрымальнікаў замежнай дапамогі найбольш адкрытым выявілася Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое падзялілася са «Свабодай» інфармацыяй пра праекты замежнай дапамогі.

Еўрасаюз і Мінпрыроды рэалізуюць экалагічных праектаў на $35 млн., яшчэ блізу $20 млн. — на стадыі ўзгаднення. Цяпер на тэрыторыі Беларусі пры пасярэдніцтве ААН рэалізуецца пяць сумесных праектаў з сукупным бюджэтам каля $13 млн. Дадзены старт яшчэ пяці праграмам на суму $7 млн., а ў перспектыве запланавана выдзеліць Беларусі дадаткова $15 млн. на экалагічныя патрэбы.

Галоўныя напрамкі супрацоўніцтва — вада, паветра, клімат, адходы, біяразнастайнасць. У прыватнасці, цяпер на тэрыторыі Беларусі вядзецца праца дзеля захавання біяразнастайнасці і сістэмы ахоўных водна-балотных угоддзяў, прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя нафтапрадуктамі, кіравання воднымі рэсурсамі і г.д.

За еўрапейскія грошы рэалізуецца праект, накіраваны на ачышчэнне ракі Нёман, запланаваныя яшчэ два праекты ў басейне Дняпра. Акрамя таго, бакі працуюць на ўзгадненне беларускага заканадаўства ў галіне прыродакарыстання з еўрапейскай прававой базай. На апошняй стадыі распрацоўкі — праект развіцця ветравой энергетыкі Беларусі.

У Мінпрыроды запэўніваюць, што ў пытаннях захавання экалогіі Беларусь не стартуе з нуля. За апошнія 20 гадоў выкіды ў атмасферу забруджвальных рэчываў скарочаныя больш чым у 2,5 раза. Аб’ёмы забірання вады з прыродных водных аб’ектаў скарочаныя прыкладна на 45%. Значныя сродкі ўкладзеныя ў сістэму біялагічнай ачысткі вады, у тым ліку ў лакальныя ачышчальныя збудаванні — рэканструкцыя існуючых і будаўніцтва новых прыстасаванняў. Палепшылася сітуацыя што да абыходжання з вытворчымі адходамі: у 2001 годзе Беларусь выкарыстала 15% прамысловых адходаў, а ў 2010-м гэты паказнік вырас да 40%.

Тым часам Праграма развіцця ААН у Беларусі сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рыхтуюць да рэалізацыі тры новыя праекты. Адзін з іх звязаны з развіццём ветраэнергетыкі ў Беларусі, каб паспрыяць краіне ў развіцці аднаўляльных крыніц энергіі. Гэтая тэма адпавядае прыярытэтам канкрэтнага донара — Глабальнага экалагічнага фонда (ГЭФ). Праектная заяўка ўхваленая, завяршаецца распрацоўка поўнамаштабнага праекта.

Асноўным партнёрам выступае дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, выканаўчым агенцтвам — Мінпрыроды. Праект плануецца рэалізаваць на працягу 5 гадоў пры фінансаванні ПРААН і ГЭФ. Яго бюджэт — крыху больш за $3 млн.

Яшчэ адзін праект, які рыхтуецца, — «Зялёныя гарады Беларусі». Мэта — падтрымка «зялёнага горадабудаўніцтва» ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі. Ён акцэнтуе ўвагу на пытаннях экалогіі пры планаванні інфраструктуры гарадоў. У рэалізацыю праекта мяркуецца ўкласці каля $13 млн., з іх $3,1 млн. дасць Праграма развіцця ААН.

Пілотнымі аб’ектамі ў праекце выступаюць Полацак, Наваполацак і Навагрудак. У Навагрудку на запыт мясцовых уладаў акцэнт робіцца на эканамічнае і экалагічнае асвятленне вуліц і грамадскіх месц. Полацку і Наваполацку як адзінаму кангламерату дапамогуць стварыць аптымальную транспартную інфраструктуру.

Міністэрствы залежаць ад міжнародных грантаў

Штогод ад структур Еўрасаюза дзяржаўныя міністэрствы і ведамствы атрымліваюць дзясяткі мільёнаў еўра ў якасці «тэхнічнай дапамогі» на ўдасканаленне сваёй дзейнасці. Але прасачыць, наколькі мэтава расходуюцца атрыманыя сродкі, амаль нерэальна — механізмы іх асваення застаюцца маленькім сакрэтам дзяржаўных «грантасосаў». З дапамогай каардынатара Таварыства экалагічных арганізацый «Зялёная сетка» Яраслава Бекіша паспрабуем разабрацца, як распараджаецца немалымі сумамі адзін з асноўных атрымальнікаў заходняй дапамогі — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Атрымаць сістэматызаваныя дадзеныя на сайце ведамства немагчыма — у лепшым выпадку, постфактум расказваецца пра ход рэалізацыі таго ці іншага праекта, у бальшыні выпадкаў — без падсумавання выдаткаў і ідэнтыфікацыі «донараў». Але, па падліках экспертаў, адны толькі экалагічныя праекты штогод даюць дзяржаве не меней за €20 млн. Яраслаў Бекіш кажа майму калегу Ігару Карнею, што насамрэч скласці ўражанне пра маштабы супрацоўніцтва надзвычай складана нават адмыслоўцам.

«Я не маю нічога супраць, каб дзяржава ці хтосьці яшчэ атрымлівалі грошы альбо тэхнічную дапамогу з-за мяжы. Пытанне ў тым, наколькі празрысты сам працэс і наколькі эфектыўна сродкі трацяцца. У выпадку з беларускай дзяржавай лічу, што эфектыўнасць надзвычай нізкая, а транспарэнтнасць амаль што роўная нулю. Калі нейкія дадзеныя яшчэ можна атрымаць на сайтах грантадаўцаў (часцей за ўсё, Еўрапейскай камісіі, некаторых міжнародных агенцтв, якія працуюць пры МЗС розных краін), то ў Беларусі гэтыя дадзеныя атрымаць, прыкладам, на сайтах міністэрств вельмі і вельмі складана. У лепшым выпадку, будзе кавалачак інфармацыі, якую немагчыма спраўдзіць. Паказальна, што ў бальшыні краін былога СССР ужо існуе сістэма грамадскага маніторынгу і кантролю сродкаў, якія выдзяляюцца іхнім урадам як у выглядзе грантавай дапамогі, так і крэдытаў. Называецца гэта «bank watching». У Беларусі такога пакуль не існуе. Хацелася б, вядома, каб урэшце з’явілася».

Гэта пры тым, удакладняе Яраслаў Бекіш, што, у адрозненні ад іншых дзяржаўных ведамств, Міністэрства прыродных рэсурсаў яшчэ адносна адкрытае — прынамсі, раз на квартал пад кіраўніцтвам міністра збіраецца Грамадска-кансультатыўны савет, на якім можна задаваць пытанні — зразумела, без гарантыі, што атрымаеш на іх адказ. А цана кожнага пытання сапраўды досыць важкая:

«Калі азірацца нават гадоў на 10 у мінулае, у цяперашні час Мінпрыроды мае некалькі беспрэцэдэнтна буйных інфраструктурных праектаў па самай рознай тэматыцы. Як гэта адбываецца? Калі зусім спрашчаць, часцей за ўсё схема такая. Еўрапейская камісія кажа: мы не можам сабе дазволіць наўпрост супрацоўнічаць з беларускім урадам (прынамсі, так было да апошняга часу), таму што вымушаныя ўлічваць такія моманты, як дэмакратыя, правы чалавека, палітзняволеныя і г.д. Але ж нейкім чынам асвойваць грошы трэба, і таму знаходзяць варыянты. Як правіла, грошы выдзяляюцца па лініі ААН, на прадстаўніцтва арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь. І ўжо ПРААН, фактычна як пасярэднік, выступае аператарам гэтых праграм сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў. Што, зразумела, не радуе Мінпрыроды, бо лішнія пасярэднікі ў такіх выпадках — гэта заўсёды фінансавыя страты».

Нягледзячы на спекуляцыі афіцыйных прапагандыстаў — маўляў, галоўныя «грантасосы» ў Беларусі — палітычныя партыі і «трэці сектар» — насамрэч, 90% замежнай дапамогі адрасна выдзяляецца пад праграмы дзяржаўных ведамств. Пра некаторыя пад эгідай Міністэрства прыродных рэсурсаў расказвае Яраслаў Бекіш:

«Сумы дастаткова буйныя, гаворка ідзе пра мільёны еўра. У геапалітычным разрэзе гэтыя сумы, вядома ж, не тое што гіганцкія, але калі паглядзець увогуле на баланс сродкаў, якія паступаюць у краіну на розных рэцыпіентаў — грамадзянская супольнасць, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, пра што любяць гаварыць па тэлевізары, і ўрадавыя структуры, — то абсалютна ільвіная доля, больш за 90%, выдзяляецца менавіта на дзяржаўныя праграмы. Пытаецеся, якія праекты? Мне, напрыклад, бліжэй за ўсё цяпер праект, які называецца «Кліма Іст». Ён накіраваны на тое, каб Беларусь і метадалагічна, і метадычна, і з пункту гледжання заканадаўства, пілотных практык была больш падрыхтаваная як да ўдзелу ў міжнародных працэсах на зніжэнне ўздзеяння на клімат і адаптацыю да працэсаў, якія ўжо мяняюцца, так і тэхнічна была гатовая ўкараняць нейкія практыкі. Да прыкладу, у жыллёва-камунальнай гаспадарцы: каб былі больш экалагічна і кліматычна прыязныя і менш энергаёмістыя».

Раз-пораз здараецца «працёк» інфармацыі наконт таго, што еўрапейскія грошы ідуць не толькі на дэклараваныя праекты, але і на тое, каб палепшыць узровень камфорту міністэрскіх работнікаў — прыкладам, на новую мэблю ці нават на службовы аўтамабіль. Ці сапраўды гэта мае месца?

«Я б не сказаў, што гэта нейкая сістэмная рэч, але паколькі ўвесь працэс не празрысты для грамадскасці, адназначна сцвярджаць, наколькі значныя факты такога нямэтавага выкарыстання, складана. Я ведаю, што такія выпадкі ёсць. Не магу сказаць, што ведаю пра гэта як пра масавую з’яву, але — бывае, здараецца. Калі гаварыць пра Мінпрыроды, то большая праблема ў тым, што ў Беларусі не існуе, практычна ліквідаваная сістэма ўнутранага міністэрскага фінансавання. То бок раней у гэтага міністэрства быў уласны фонд, які напаўняўся за кошт розных падаткаў, штрафаў, усяго астатняга. Цяпер гэты фонд ліквідаваны, міністэрства пастаўлена ў сітуацыю, калі цалкам залежыць ад цэнтральнага бюджэту, які для іх дастаткова непрадказальны. То бок кожны год ім складана планаваць на год наступны, бо невядома, што будзе з бюджэтам. Ну і таксама яны залежаць ад міжнародных грантаў. У размовах, у прыватнасці, з міністрам прыродных рэсурсаў увесь час прабіваецца, што гэта іх кроўныя грошы і інфармацыю пра тое, як яны атрымліваюцца і расходуюцца, ім было б не вельмі прыемна распаўсюджваць».

Па словах Яраслава Бекіша, фактычна ведамствы з пераліку заходніх грантаатрымальнікаў негалосна кінутыя на гасразлік: маўляў, выбівайце грошы і самастойна латайце свае дзіркі. Таму немалая частка сродкаў банальна ідзе на тое, каб плаціць заробкі супрацоўнікам:

«Калі вы гаворыце пра нейкія факты нямэтавага расходавання, то ў асноўным яны расходуюцца мэтавым чынам. Іншая справа, што нестабільная, няўстойлівая сістэма фінансавання прыводзіць да таго, што міністэрства не можа сабе дазволіць адэкватна аплачваць працу супрацоўнікаў, асабліва ў рэгіёнах. Таму там вялікая цякучка кадраў, вялікія праблемы з прафесіяналізмам, з падвышэннем кваліфікацыі. Адным словам, у выніку, калі прыходзіць замежны грант, то па дакументах ён нібыта сапраўды траціцца мэтавым чынам. А фактычна большая яго частка ідзе проста на латанне дзірак, на тое, каб заплаціць сваім людзям, на заробкі якім больш няма адкуль узяць грошы. Гэта, канечне, вельмі дрэнна. Але я не магу тут абвінаваціць канкрэтна кіраўніцтва Мінпрыроды. Уся сістэма досыць хісткая, у гэтым сэнсе. Думаю, тое ж самае можна назіраць і ў іншых, не асноўных ведамствах. У міністэрствах энергетыкі ці прамысловасці — яшчэ сюды-туды. А вось такія, як Мінпрыроды, Мінздраў — у іх з грашыма вялікія праблемы. І я магу зразумець іх сітуацыю, досыць праблематычную».

Каб ліквідаваць дыспрапорцыю на карысць дзяржаўных грантаатрымальнікаў, пад дахам шэрагу ведамств заснаваныя падстаўныя «грамадскія структуры», якія пакліканыя стварыць уражанне ўдзелу ў асваенні заходніх грошай «недзяржаўнымі арганізацыямі». Як кажа Яраслаў Бекіш, у Еўропе нешта падобнае было запачаткавана яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Пазней такі падзел паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі структурамі і іх сатэлітамі атрымаў у рускамоўным варыянце абрэвіятуру «ГоНГО» — «государственные негосударственные организации». З той толькі розніцай, што калі тады ўся дзейнасць была пад кантролем грамадскасці, то ў цяперашняй Беларусі нічога падобнага няма.

Дзе за мяжой вучацца беларускія студэнты

Яшчэ адзін атрымальнік замежнай дапамогі ЕС Міністэрства адукацыі Беларусі. У міністэрстве «Свабодзе» паведамілі, што для навучання ў арганізацыях замежных дзяржаў кандыдаты накіроўваюцца найперш з улікам прыярытэтных кірункаў развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. Пералік спецыяльнасцей навучальных устаноў, рэкамендаваных для навучання ў 2014-2015 гадах, ухвалены асабіста тагачасным міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам.

Такім чынам, якія прыярытэты вызначыла на Захадзе для беларускіх студэнтаў адукацыйнае ведамства?

Краіны-суседзі і Эстонія запрашаюць на навучанне па наступных спецыяльнасцях:

  • «Біялогія» — Медыцынскі ўніверсітэт (Гданьск, Польшча);
  • «Аўтаматызацыя і кіраванне тэхналагічнымі працэсамі (лёгкая прамысловасць)» — Тэхнічны ўніверсітэт, (Беласток, Польшча);
  • «Бухгалтарскі ўлік, статыстыка» — Віленскі ўніверсітэт (Вільня, Літва);
  • «Лесаўпарадкаванне і лясная таксацыя» — Універсітэт прыкладных навук па лясной гаспадарцы і інжынерыі навакольнага асяроддзя (Коўна, Літва);
  • «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» — Тэхнічны ўніверсітэт (Талін, Эстонія).

Іншыя краіны ЕС (кідаецца ў вочы «нямецкі ўхіл») запрашаюць беларускіх студэнтаў, каб атрымаць наступныя спецыяльнасці:

  • «Інавацыі ў навучанні замежным мовам» — Універсітэт «Рэгент» (Лондан, Вялікабрытанія):
  • «Радыётэхніка, сістэмы і прылады радыёнавігацыі, радыёлакацыі і тэлебачання» — Імперскі каледж (Лондан, Вялікабрытанія);
  • «Сістэмы, сеткі і прылады тэлекамунікацый» — Універсітэт «City University London» (Лондан, Вялікабрытанія);
  • «Тэхналогія электрахімічных працэсаў і абарона ад карозіі» — Каралеўскі тэхналагічны інстытут (Стакгольм, Швецыя);
  • «Нанатэхналогіі і нанаматэрыялы (у электроніцы)» — Універсітэт Кальяры (Кальяры, Італія);
  • «Аўтаматызацыя і кіраванне ў тэхнічных сістэмах» — Тэхнічны ўніверсітэт (Дрэздэн, Германія);
  • «Машынабудаванне і машыназнаўства» — Брэменскі ўніверсітэт (Брэмен, Германія);
  • «Цвёрдацельная электроніка, радыёэлектронныя кампаненты, мікра- і нанаэлектроніка, прыборы на квантавых эфектах» — Універсітэт Пфорцхайма (Пфорцхайм, Германія);
  • «Радыёэлектронныя кампаненты, мікра- і нанаэлектроніка» — Інстытут фатонных тэхналогій (Ена, Германія);
  • «Германскія мовы» — Білефельдскі ўніверсітэт (Білефельд, Германія);
  • «Эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай» — Універсітэт прыкладных навук «Фонціс» (Эйндговен, Германія).

Якія выдаткі нясе бок, які выпраўляе на навучанне, а таксама той, які прымае, у Міністэрстве адукацыі не ўдакладняюць — маўляў, гэта ўнутраныя справы ведамства.

Ці з’явіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянераў?

Што да нямецкага «ўхілу», то 2/3 нямецкай дапамогі Беларусі накіроўваюцца на адукацыю. Пераважна гэта выдаткі на навучанне беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах Германіі. Але беларуска-нямецкае супрацоўніцтва развівалася і ў іншых накірунках. У 2007-2011 гадах рэалізоўваўся праект супрацы паміж нямецкай паліцыяй і беларускай міліцыяй, які скончыўся скандалам. Пра гэта — у наступнай частцы расследавання Радыё «Свабода».

З 22 па 24 траўня 2011 года ў Аб’яднаным цэнтры нямецка-польскай паліцыі і мытнага супрацоўніцтва ў Свецка на былым нямецка-польскім памежным пераходзе нямецкія паліцэйскія праводзілі трэнінг для беларускіх міліцыянераў у рамках чатырохгадовага праекта (2007-2011) супрацоўніцтва паміж нямецкай паліцыяй і беларускай міліцыяй.

За 9 дзён да гэтага, 13 траўня 2011 года, на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, а праз 2 дні, 26 траўня 2011 года, на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі Міколу Статкевіча. На судах за Плошчу меліся прысутнічаць прадстаўнікі Амбасады Германіі ў Мінску, якія не маглі не ведаць пра гэты нямецка-беларускі праект. А пачынаўся ён у чэрвені 2007 года. У красавіку таго года трэці раз пасадзілі Андрэя Клімава, за кратамі заставаліся Мікалай Аўтуховіч, Зміцер Дашкевіч, Юрый Лявонаў, Аляксандр Казулін і Артур Фінкевіч. Праекты нямецкіх паліцэйскіх і беларускіх міліцыянераў працягваліся няспынна да канца 2011-га, найбольш рэпрэсіўнага года ў гісторыі незалежнай Беларусі. З 2008 па 2011 гады на навучанне беларускіх міліцыянераў было выдаткавана €248.902.

Гэтыя дакументы Міністэрства ўнутраных спраў Германіі даслала на запыт дэпутаткі Бундэстага Марылуізы Бэк

Ці магчымае паўтарэнне падобнай сітуацыі напярэдадні новых прэзідэнцкіх выбараў 2015 года? Ці можа з’явіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянераў? Ці былі зробленыя адпаведныя высновы? Адказы на гэтыя пытанні я паспрабавала знайсці ў Берліне і Мінску.

Добрыя намеры, якія скончыліся скандалам

З 2007 па 2011 гады не менш за 100 прадстаўнікоў беларускіх праваахоўных органаў бралі ўдзел у трэнінгах у Германіі. У 2009 і 2010 гадах для беларусаў былі праведзеныя пяць навучальных семінараў у Ніжняй Саксоніі, Бадэн-Вюртэмбергу і Саксоніі. Акрамя таго, на тэрыторыі Беларусі нямецкія паліцэйскія навучалі амаль 400 памежнікаў, кіраўнікоў органаў міліцыі і крыміналістаў. «Свабода» атрымала дакументы з падрабязным тлумачэннем праекта і каштарысам.

Былы кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЕ ў Мінску, колішні кіраўнік выведкі ФРГ, а цяпер кіраўнік нямецкага таварыства «Правы чалавека ў Беларусі» Ганс-Георг Вік тлумачыць, што гэтае супрацоўніцтва зусім не мела на мэце, каб Аляксандр Лукашэнка атрымаў болей магчымасцей уціскаць апазіцыю ў краіне.

«Было дзве мэты. Першая — прадухіленне міжнароднага тэрарызму, а другая — стандартызацыя працэсаў у памежнай сферы. Кожны дзень праязджаюць тысячы грузавікоў праз беларускую мяжу, і калі чарга з 200-300 грузавікоў, то можна ўявіць фінансавыя страты. З будаўніцтвам новых пунктаў афармлення, стандартызацыяй працэсу чарга змяншаецца. І трэцяя мэта — прадухіленне транспартавання наркотыкаў, гандлю людзьмі, рабства, нелегальнай міграцыі з Азіі ў Еўропу. Але гэтае супрацоўніцтва было выкарыстана беларускім рэжымам у сваіх інтарэсах, і гэта для нас — сумны ўрок. Мы шкадуем пра гэта, але гэта не значыць, што тыя мэты, які я назваў, становяцца няважнымі».

Разгон пратэстаў у Германіі і ў Беларусі

Акрамя трох кірункаў, якія пералічвае спадар Ганс-Георг Вік, быў яшчэ адзін кірунак сумеснай працы нямецкай паліцыі і мінскай міліцыі, наўпрост звязаны з пытаннем, якое я вынесла ў загаловак: «Ці з’явіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянераў?»

У лістападзе 2010 года беларускія міліцыянеры некалькі дзён запар назіралі за працай нямецкай паліцыі падчас транспартавання ядзерных адходаў у сховішча ў Горлебене. У гэтай аперацыі ўдзельнічалі больш за 20 тысяч нямецкіх паліцэйскіх. Мэтай трэнінгу было знаёмства беларускіх калег з метадамі працы нямецкай паліцыі, якія ўлічваюць інтарэсы грамадзян і грунтуюцца на прынцыпе празрыстасці. Транспартаванне радыяактыўных адходаў суправаджалася масавымі пратэстамі, і справа дайшла да сутыкненняў актывістаў з паліцыяй. У ход пайшлі дубінкі, вадамёты і газавыя балончыкі. Паводле праціўнікаў атамнай энергетыкі, раненні атрымалі больш за 500 чалавек. А ўсяго праз месяц пасля гэтага трэнінгу, услед за прэзідэнцкімі выбарамі ў снежні 2010 года, беларускія сілы бяспекі жорстка разганялі мірныя пратэсты. Пра гэта пісала тады нямецкае выданне Der Tagesspiegel.

І тады ж прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Германіі патлумачыў выданню, што мэтай навучання было азнаямленне беларускіх міліцыянераў са стандартамі ЕС на прыкладзе нямецкай паліцыі. Вывучаліся дзеянні паліцыі ва ўмовах буйных мерапрыемстваў, у тым ліку спартыўных, патлумачыў тады прадстаўнік ведамства. Разам з тым, ён адзначыў, што ў 2008 годзе ў Беларусі яшчэ можна было назіраць некаторыя прыкметы гатоўнасці да дэмакратычных рэформ. Аднак пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года кантакты з Мінскам былі рэзка звужаныя.

Але, як мы бачым з дакументаў, кантакты працягваліся і падчас судоў за Плошчу, і пасля судоў за Плошчу. Як пісала выданне Der Spiegel са спасылкай на інфармацыю агенцтва DAPD, насуперак санкцыям ЕС, уведзеным у сувязі з падзеямі 2010 года, супраца беларускага МУС з нямецкім спецназам GSG 9 («Група аховы межаў-9») працягвалася яшчэ і ў кастрычніку 2011 года, калі беларускія сілавікі прайшлі трэнінгі па ахове мяжы ў аэрапорце Франкфурта. Кошт гэтага навучання склаў прыкладна €65.000.​

«День Победы» на нямецкай зямлі

Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтар (ІВВ) арганізоўваў пры канцы 1990 гадоў паездкі беларускіх міліцыянераў у Германію. Аўтару гэтага расследавання давялося ехаць у Германію разам з групай беларускіх міліцыянераў у 1998 годзе. Палову аўтобуса займалі журналісты, якіх запрасілі ў Германію азнаёміцца з сітуацыяй напярэдадні парламенцкіх выбараў, а другую палову — беларускія міліцыянеры. Прычым не шарагоўцы. Там былі намеснікі кіраўніка мінскай міліцыі, начальнік абласнога ДАІ, намеснік старшыні Следчага камітэта. Паказальным для журналістаў падчас падарожжа быў эпізод, калі пасля перасячэння польска-нямецкай мяжы на тэрыторыі Германіі беларускія міліцыянеры заспявалі папулярную савецкую песню «День Победы». Але скончым «лірычнае адступленне» і вернемся ў цяперашні час.

На момант скандалу з супрацоўніцтвам нямецкай паліцыі і беларускай міліцыі Міжнародны адукацыйны цэнтар ужо не меў дачынення да арганізацыі такіх паездак, тлумачыць беларускі дырэктар ІВВ Віктар Балакіраў.

«Першыя гады былі вельмі інтэнсіўныя кантакты, мы вазілі ў Германію беларускіх міліцыянераў, яны сустракаліся з нямецкімі паліцэйскімі, жылі ў сем’ях паліцэйскіх, разам з імі выходзілі па начах у дзяжурства. У сваю чаргу, нямецкія паліцэйскія прыязджалі ў Беларусь, жылі ў сем’ях беларускіх міліцыянераў, абменьваліся досведам. Паступова гэта ўсё сышло, інтарэс узаемны страціўся, і гэтыя праграмы спыніліся. Увогуле ідэя ў немцаў была добрая. Як казаў прадстаўнік апякунскага савета Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Герберт Шнор, такія праграмы патрэбныя, каб навучыць беларускую паліцыю працаваць з дэманстрантамі дэмакратычнымі спосабамі. Мы ведаем, што ў Германіі адбываюцца сутыкненні паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Калі адбываецца транспартаванне адпрацаванага ядзернага паліва праз чыгунку, дэманстранты прыходзяць і прыкоўваюць сябе кайданкамі да чыгуначнага палатна. І што рабіць у гэтай сітуацыі? Мы ведаем, як акуратна нямецкая паліцыя іх бярэ і акуратна выносіць. Гэта пытанні недатыкальнасці асобы, правоў чалавека, цэлы комплекс пытанняў. І абсалютна годная ідэя была ў немцаў — навучыць беларускіх міліцыянераў, як ва ўмовах дэмакратычнай дзяржавы працаваць з людзьмі, якія выходзяць на дэманстрацыі. Натуральна, што яны не вучылі іх дубасіць... Што атрымалася?.. Гэта ж не дзякуючы немцам. Таму я лічу, што неразумна і неабгрунтавана рабіць папрок немцам».

Ці працуе механізм кантролю?

Дзяніс Фрыдрых, які сам родам з Беларусі, працуе ў Нямецкім саюзе адвакатаў і ўдзельнічае ў адборы стыпендыятаў праграмы «Аб’яднанне студэнцкага абмену ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе» (GFPS) як прадстаўнік нямецкага боку, лічыць, што папрок усё ж можна зрабіць — прадстаўнікам нямецкай амбасады ў Мінску, якія ведалі, што ў адзін і той жа час адбываюцца суды за Плошчу і трэнінг нямецкіх паліцэйскіх і беларускіх міліцыянераў.

«Што тычыцца супрацоўніцтва паміж федэральнай паліцыяй Германіі і міліцыяй Беларусі, то тут давер паміж дзяржаўнымі структурамі быў разбураны, і надоўга. Давер быў разбураны адразу пасля выбараў 2010 года, а гэты праект супрацы паліцыі і міліцыі яшчэ больш паглыбіў крызіс у адносінах паміж дэмакратычнымі дзяржавамі і Беларуссю. Вялікая памылка ў гэтым праекце была ў тым, што адсутнічаў механізм кантролю за гэтым праектам і механізм арганізацыі гэтага праекта. І тут не дапрацавалі МЗС Германіі і нямецкая амбасада».

Але цяпер такая сітуацыя не можа паўтарыцца, перакананы Дзяніс Фрыдрых, у тым ліку і таму, што апазіцыйныя партыі Германіі пільна адсочваюць сітуацыю.

Пытанне пра амаральнасць сумесных праектаў нямецкай паліцыі з беларускімі калегамі на тле рэпрэсій у Беларусі ўзнялі дэпутаты Бундэстага, адной з ініцыятараў была Марылуіза Бэк, сябра Камітэта Бундэстага па знешняй палітыцы, сябра Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, эксперт фракцыі «Саюз-90»/«Зялёныя» па Усходняй Еўропе.

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца Марылуізы Бэк, кажа, што іхняя фракцыя працягвае выконваць кантрольную функцыю. Я пытаюся ў яго, ці створаны такі механізм, каб не паўтарылася сітуацыя напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і пасля іх, каб, вобразна кажучы, нямецкая дубінка і слёзатачывы газ не трапілі ў Беларусь і не былі скарыстаныя падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі?

«Не думаю, што гэта можа зноў здарыцца, таму што для федэральнага ўраду гэта было вялікай стратай рэпутацыі. І мы, як апазіцыя, як апазіцыйная партыя маем права і ставім такія пытанні, якія вы цяпер ставіце, тым самым выкарыстоўваем сваю кантрольную функцыю і будзем запытваць, ці існуюць такія кааперацыйныя праекты».

Дарэчы, у сувязі са звальненнем у канцы ліпеня 2012 года кіраўніка федэральнай паліцыі Матыяса Зэгера ў нямецкім друку выказваліся здагадкі, што прычынай паслужылі менавіта ягоныя кантакты з беларускімі органамі ўлады.

Жыццё ад скандалу да скандалу

Новаабраны дэпутат Еўрапарламента ад Фінляндыі, сябра групы па працы з Беларуссю Нілс Торвалдс згадвае ў сувязі з гэтым скандалам ранейшыя часы, калі ён працаваў як журналіст у Расіі, і выказвае яшчэ адну версію.

«Я ўспамінаю часы працы журналістам у Маскве. Калі мы сутыкаліся з міліцыяй, то мы заўсёды мелі справу з тым ці іншым узроўнем карупцыі. Барацьба з карупцыяй — няпросты і доўгі працэс, карупцыя запускае карані глыбока, і тут патрэбныя змены на самых розных узроўнях грамадства».

Адрозна ад большасці маіх суразмоўцаў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які больш за год таму прапанаваў правесці аўдыт замежнай дапамогі Беларусі, лічыць, што насамрэч механізм кантролю, каб запабегчы такім сітуацыям, не створаны.

«Сённяшняя сітуацыя — гэта жыццё ад скандалу да скандалу, калі мы высвятляем, што насамрэч ідзе падтрымка беларускіх сілавых структур альбо беларускага чыноўніка. Скандал узнікае ў нейкай краіне, напрыклад, Германіі, пра гэта пішуць СМІ, актыўнічае апазіцыя, спрабуюць праводзіць нейкія слуханні, і гэта — тупіковы падыход. Патрэбна стварэнне сістэмы, якая зробіць гэтае пытанне больш транспарэнтным, адкрытым, якая проста не будзе прыводзіць да новых скандалаў. Трэба мяняць прынцыповы падыход...»

Але праект супрацы нямецкіх і беларускіх сілавікоў — толькі невялікая частка дапамогі з боку Германіі, найвялікшага донара Беларусі сярод краін ЕС. З 2006 па 2011 гады Германія выдзеліла $118 млн. (36% ад агульнай сумы донарскай дапамогі, якую выдалі краіны ЕС з 2006 па 2011 гады). Як мянялася структура нямецкай дапамогі Беларусі цягам апошніх 20 гадоў, у якой сферы яна была найбольш і найменш эфектыўная, хто манапаліст у сферы нямецкай дапамогі — пра гэта і іншае ў наступнай часткі расследавання.

Заканчэнне расследавання чытайце тут.

Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25.05.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: "Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть".

Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
22.05.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: "Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть".

Андрей Егоров. Системный кризис: Беларусь-2020 (Видео)
Андрей Егоров. Системный кризис: Беларусь-2020 (Видео)
25.04.2020 Андрей Егоров, Центр европейской трансформации

Представляем вашему вниманию видеолекцию политолога Андрея Егорова, посвященную процессам, которые разворачиваются в Беларуси в 2020 году.

Владимир Мацкевич: Беларусь должна стать уважаемой, процветающей и современной страной (Видео)
Владимир Мацкевич: Беларусь должна стать уважаемой, процветающей и современной страной (Видео)
31.12.2019 Канстытуцыя.бел

Новогоднее поздравление от беларусского философа и методолога Владимира Мацкевича.

Калькулятор национального суверенитета. Сколько его осталось у Беларуси?
Калькулятор национального суверенитета. Сколько его осталось у Беларуси?
04.10.2019 Андрей Егоров, Центр европейской трансформации — специально для "Беларусского Журнала"

Механика полной интеграции Республики Беларусь в состав Российской Федерации набирает обороты.

Видео