BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

А. Вяжбоўска-Мязга, К. Клысіньскі, А. Яросевіч: "Новы план інтэграцыі на постсавецкай прасторы"

28.11.2011
А. Вяжбоўска-Мязга, К. Клысіньскі, А. Яросевіч: "Новы план інтэграцыі на постсавецкай прасторы"

Новы план інтэграцыі на постсавецкай прасторы

Агата Вяжбоўска-Мязга, Каміль Клысіньскі, Аляксандра Яросевіч,
Ośrodek Studiów Wschodnich

 

 

 

18 лістапада прэзідэнты Расіі, Беларусі і Казахстана Дзмітрый Мядзведзеў, Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў падпісалі ў Маскве дакументы, распрацаваныя для стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕЭС).

Аб'ява аб намеры трох краін прызначаная стварыць ўражанне, што ў працэсах інтэграцыі на постсавецкай прасторы ёсць значны прагрэс. Праект ЕЭС Расія збіраецца выкарыстаць у сваёй перадвыбарнай кампаніі, а таксама для фарміравання іміджу магутнай дзяржавы перад яе міжнароднымі партнёрамі.

Новы саюз ёсць часткай стратэгіі Расіі па аднаўленні яе ўплыву ў рэгіёне. Аднак, Беларусь і Казахстан таксама хочуць выкарыстаць заяву аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза для сваіх палітычных мэт: новы інтэграцыйны праект скіраваны на ўмацаванне эканамічных сувязяў краін у рамках СНД. Казахстан разглядае ЕЭС як магчымасць павысіць сваю прывабнасць для інвестараў і адначасова як абарону свайго рынку ад экспансіі кітайскіх тавараў. Для Беларусі ж гэты крок, у першую чаргу, накіраваны на пошук падтрымкі ва ўмовах эканамічнага крызісу ў краіне. Тым не менш, выкананне ўсіх умоў плана ЕЭС - глыбокі ўзровень інтэграцыі паміж гэтымі краінамі, якія маюць розныя прававыя і эканамічныя сістэмы, розны ўзровень эканамічнага развіцця, розныя сувязі з міжнароднымі партнёрамі, а таксама іх часта супярэчлівыя эканамічныя інтарэсы - вельмі малаверагодна.

Сутнасць пагадненняў

У Маскве прэзідэнты падпісалі тры дакумента: Дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, якая абвесціла аб будучым стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2015 годзе; Пагадненне аб Еўразійскай эканамічнай камісіі, якая ўсталёўвае каардынацыйны орган для інтэграцыі трох краін, а таксама Рашэнне аб Рэгламенце Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Абвяшчэнне аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза - гэта яшчэ адзін крок на шляху да інтэграцыі Расіі, Беларусі і Казахстана, якія з ліпеня 2010 года супрацоўнічаюць для стварэння Мытнага саюза, і якія, як плануецца, 1 студзеня 2012 года створаць Адзіную эканамічную прастору (АЭП). Дэкларацыя для яе стварэння, а таксама шэраг пагадненняў аб прынцыпах яе дзеяння быў падпісаны 9 снежня 2010 года прэзідэнтамі трох краін. Такім чынам, гэтая апошняя заява азначае: Адзіная эканамічная прастора стане толькі падрыхтоўчым крокам на шляху да стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2015 годзе, а з 1 студзеня 2012 года працэс інтэграцыі ў зоне АЭП будзе каардынавацца Еўразійскай эканамічнай камісіяй - пастаянным наднацыянальным органам, які будзе складацца з Савета (у складзе віцэ-прэм'ераў трох краін) і выканаўчага камітэта (у складзе міністраў ці намеснікаў міністраў з эканамічных ведамстваў краін-удзельніц).

Па плане, працэсы інтэграцыі, будуць распаўсюджвацца на ўсе сферы эканомікі (па ўзоры Еўрапейскага Саюза): пачынаючы з энергетычнай сферы і транспарту і закончваючы сельскай гаспадаркай і змяненнем клімату. Аднак гэтыя амбіцыйныя планы інтэграцыі дагэтуль не суправаджаюцца ніякім графікам па прыняццю канкрэтных мер. Таму дасягненне жаданага ўзроўню інтэграцыі, што павінна адкрыць магчымасць для стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза цягам трох гадоў, здаецца малаверагодным. Тым не менш, варта адзначыць, што, па планах, ЕЭС будзе базіравацца на краінах, якія звязаныя рэальнымі інтарэсамі і эканамічнымі сувязямі і якія здолелі стварыць насамрэч дзейсны Мытны саюз. А гэта павялічвае верагоднасць таго, што праект будзе хоць бы часткова рэалізаваны.

Прамыя інтарэсы Расіі

Заява аб новым плане інтэграцыі на постсавецкай прасторы, напярэдадні дваццатай гадавіны распаду СССР, мае вялікае палітычнае значэнне для Расіі, як у плане нарошчвання яе іміджу на міжнароднай арэне, так і на ўнутранай арэне, як сведчаць дадзеныя аб эфектыўнасці дзеянняў маскоўскага ўрада.

"Прагрэс у інтэграцыі", як было абвешчана, павінен быў стаць кантрастам эканамічнаму і палітычнаму крызісу Еўрапейскага Саюза. Расія хоча прадэманстраваць: яна - аб’яднаўчы цэнтр для краін СНД, і ў стане ўзяць на сябе ініцыятыву на постсавецкай прасторы. Акрамя гэтага, Расія разлічвае паказаць, што яна самастойны гулец на міжнароднай арэне і можа пабудаваць сваю ўласную рэгіянальную групу. У тым ліку, улічваючы інтэграцыйныя працэсы ва Усходняй Азіі: заява аб стварэнні ЕЭС была зробленая за дзень да Усходне-Азіяцкага саміту - рэгіянальнага форума, да якога ЗША і Расія далучыліся ў 2011 годзе.

Афіцыйна абвесціўшы пра стварэнне новай інтэграцыйнай структуры, Масква, акрамя ўсяго, хоча скарыстацца бягучай кампаніяй выбараў у парламент і кампаніі прэзідэнцкіх выбараў, якая хутка пачнецца. Улічваючы адносную, але ўсё ж настальгію расійскага грамадства па Савецкім Саюзе, ініцыятыва новай інтэграцыі сустрэла вялікую падтрымку з боку грамадскасці.

Расійскі план інтэграцыі

Пагадненні, нядаўна падпісаныя ў Маскве, з'яўляюцца лагічным працягам папярэдняй інтэграцыйнай дзейнасці Расіі, якая датуецца распадам СССР (1991 год). У 1993 годзе маскоўскі ўрад падпісаў першае пагадненне аб эканамічным саюзе разам з сямю іншымі краінамі СНД, хоць, як і наступныя планы па інтэграцыі, гэтая ініцыятыва засталася толькі на паперы (гл. Дадатак). Шмат у чым прычынай гэтаму быў той факт, што такія інтэграцыйныя структуры на постсавецкай прасторы ствараліся Масквой, перш за ўсё, у мэтах прапаганды; тады як рэальны ўплыў Расіі на краіны СНД базаваўся на іх эканамічнай залежнасці ад Расіі. Аднак, пачынаючы з 2009 года, Расія пачынае сваю гульню. У той час расійскі прэм'ер-міністр Уладзімір Пуцін абвясціў аб стварэнні Мытнага саюза Расіі, Беларусі і Казахстана, які з'явіўся ўжо ў ліпені 2010 года.

Цяпер Расія, здаецца, шчыра зацікаўленая ў стварэнні новай, функцыянальнай структуры, і праяўляе больш ахвоты, чым раней, несці выдаткі на агульную інтэграцыю. Саюз мае асаблівае значэнне для Крамля: з аднаго боку, у кантэксце павелічэння ўплывовасці на міжнароднай арэне Кітая, а з другога - у сувязі з праеўрапейскай арыентацыяй некаторых заходніх краін СНД (Украіны, Малдовы і, у доўгатэрміновай перспектыве, Беларусі). Ініцыятыва ЕЭС, акрамя ўсяго іншага, ёсць рэакцыяй на прапанову Кітая аб стварэнні зоны свабоднага гандлю ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Таму Еўразійскі саюз закліканы быць адкрытым для ўсіх краін рэгіёну. А пакуль што, Таджыкістан і Кыргызстан заявілі аб сваім жаданні ўступіць у Мытны саюз, між тым як на Украіну Расія аказвае ціск, каб вымусіць краіну далучыцца да саюза.

Інтэграцыйныя мэты Беларусі і Казахстана

Згаджаючыся прыняць удзел у Еўразійскім эканамічным саюзе, прапанаваным Масквой, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка хоча прадэманстраваць, што ён не знаходзіцца ў абсалютнай міжнароднай ізаляцыі, нягледзячы на паўторнае замарожванне адносін з Захадам. Ён гэтак жа выкарыстоўвае ЕЭС, каб паказаць, што падчас глыбокага крызісу ў Беларусі ён змог захаваць адносіны з Расіяй - сваім асноўным палітычным і эканамічным партнёрам. У той жа час, паколькі ён больш не можа манеўраваць на міжнароднай арэне, Лукашэнка разумее: толькі прыняўшы інтэграцыйную ініцыятыву, ён атрымае ад Расіі крэдыты, неабходныя для падтрымання крызіснай беларускай эканомікі. Мінск таксама імкнецца атрымаць больш нізкі кошт на расійскі газ ў 2012 годзе і захаваць прэферэнцыйны доступ на рынак Расіі.

Жаданне Казахстана эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і Беларуссю абумоўлена яе стратэгічнымі інтарэсамі. Па-першае, краіна бачыць дадзены план як магчымую абарону ад эканамічнай экспансіі Кітая, які, калі будуць падпісаныя ўсе саюзныя дамоўленасці, будзе абмежавананы прававымі і тэхнічнымі патрабаваннямі ЕЭС. Па-другое, супрацоўніцтва з Расіяй мае стратэгічнае значэнне для Астаны. Казахстан не можа (і ніколі не мог) дазволіць сабе станавіцца ў апазіцыю да Расіі. На цяперашні момант, Казахстан разлічвае на прыток замежных інвестыцый, якія стануць вынікам агульнага рынку саюзных краін, а таксама на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату, які зараз існуе ў Расіі. Урад Казахстана спадзяецца на інтэграцыю з Расіяй як на стымул для павышэння якасці айчыннай прадукцыі, паколькі ў яе будзе магчымасць канкурэнцыі з расійскімі таварамі.

Вынікі

Заява аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза мела вельмі агульны характар. Улічваючы зменлівасць прававых рашэнняў, адрозненні ў эканамічным развіцці трох краін-падпісантаў, частковае разыходжанне іх інтарэсаў, а таксама маштабы і дынаміку іх эканамічных сувязяў з іншымі партнёрамі (асабліва Казахстана з Кітаем), было б нерэалістычна чакаць дасягнення абвешчанага ўзроўню інтэграцыі цягам пазначанага часу.

Між тым, жаданне Масквы стварыць з краін СНД дзейсную рэгіянальную структуру з цэнтрам у Маскве з'яўляецца пастаяннай тэндэнцыяй, і гэта будзе заставацца адным з прыярытэтаў палітыкі Расіі.

 

Дадатак

  • Паходжанне Еўразійскага эканамічнага саюза

  • Снежань 1991 года: распад СССР, стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД).

  • Верасень 1993 года: восем краін СНД заключаюць Дамову аб эканамічным саюзе, якая прадугледжвае паэтапную эканамічную інтэграцыю краін (мэта, якая так і не была рэалізаваная).

  • Красавік 1994 года: падпісанне Пагаднення аб стварэнні зоны свабоднага гандлю СНД (яно не ўступіла у сілу).

  • Люты 1995 года: Расія і Беларусь, а затым Казахстан, падпісваюць Пагадненне аб стварэнні Мытнага саюза. Кыргызстан далучыўся да іх ў 1996 годзе, Таджыкістан ў 1999 годзе, і паступова была створаная зона свабоднага гандлю; аднак, са многімі выключэннямі.

  • Кастрычнік 2000 года: удзельнікі Мытнага саюза дамаўляюцца аб стварэнні Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС), да якой у 2006 годзе далучаецца Узбекістан.

  • Верасень 2003 года: Расія, Украіна, Беларусь і Казахстан падпісваюць Пагадненне аб стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Запланаваныя для падпісання дакументы так і не былі прынятыя, у сувязі з выхадам Украіны з праекта ў 2005 годзе.

  • Жнівень 2006 года: Расія, Беларусь і Казахстан заяўляюць пра падрыхтоўку прававой базы Мытнага саюза

  • Кастрычнік 2007 года: краіны падпісваюць Пагадненне аб стварэнні прававой базы; аднак, значнага прагрэсу з таго часу не было дасягнута.

  • Чэрвень 2009 года: прэм'ер-міністр Расіі Пуцін абвяшчае пра інтэнсіфікацыю падрыхтоўкі да стварэння Мытнага саюза паміж Расіяй, Беларуссю і Казахстанам у 2010 годзе.

  • 27 лістапада 2009 года: тры краіны падпісваюць некаторыя з дакументаў аб стварэнні Мытнага саюза, а ўвядзенне ў сілу Мытнага кодэкса пераносіцца з 1 студзеня 2010 года на 1 ліпеня 2010 года.

  • 5 ліпеня 2010 года: Расія, Беларусь і Казахстан падпісваюць заяву аб тым, што Мытны кодэкс ўступіў у сілу. Фарміраванне Мытнага саюза.

  • 9 снежня 2010 года: тры краіны падпісваюць 17 асноўных пагадненняў па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы, якія ўступяць у сілу 1 студзеня 2012 года.

  • 4 кастрычніка 2011 года: у артыкуле ў газеце "Известия", прэм'ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін прадстаўляе сваё бачанне Еўразійскага эканамічнага саюза. Цягам наступных некалькіх дзён, артыкулы ў падтрымку саюзнага праекта публікуюць прэзідэнты Беларусі і Казахстана, Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў.

  • 18 кастрычніка 2011 года: восем краін СНД падпісваюць Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю, якая прадугледжвае ліквідацыю гандлёвых бар'ераў паміж краінамі. Пагадненне зараз знаходзіцца ў стадыі ратыфікацыі.

 

 Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле Ośrodek Studiów Wschodnich

Видео