BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Першая сустрэча Каардынацыйнага камітэту Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства

28.01.2010
Першая сустрэча Каардынацыйнага камітэту Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства

21-22 студзеня 2010 г. у Брусэлі нарэшце адбылася першая сустрэча сябраў абранага на Форуме у лістападзе мінулага года Steering Committee. У ёй узялі ўдзел амаль што ўсе сябры гэтай структуры  (у тым ліку прадстаўнікі ад Беларусі - Старшыня Міжнароднага кансорцыюма ЕЎРАБЕЛАРУСЬ Улад Вялічка і Кіраўнік Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч) за выключэннем фасілітатара по Украіне, якому была на днях зроблена аперацыя на апендыцыт.

На працягу апошніх двух месяцаў сябры КК вялі вельмі інтэнсіўную электронную перапіску паміж сабой і з прадстаўнікамі Еўракамісіі па пытаннях магчымасцей удзелу арганізацый грамадзянскай супольнасці вы Усходнім партнёрстве ў тым ці іншым выглядзе. На нацыянальным узроўні таксама адбываліся мерапрыемствы, прысвечаные выпрацоўцы канкрэтных крокаў і формаў дзеяння незалежных актораў на ніве гэтай шырокай еўрапейскай праграмы. Як стала зразумела з каментароў удзельнікаў брусэльскай сустрэчы, у Беларусі дынаміка гэтага працэсу па-ранейшаму з’яўляецца самай высокай сярод усіх краін Усходняга партнёрства. Нагадаем, што за час, які прайшоў пасля Форума ў Брусэлі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый правялі круглы стол з прадстаўленнем асноўных вынікаў Форума (лістапад 2009), прынялі ўдзел у сустрэчы з прадстаўнікамі Дэлегацыі ЕС і амбасад еўрапейскіх краін у Беларусі па пытаннях удзелу грамадзянскай супольнасці ва УП (снежань 2009), распрацавалі і прапанавалі для абмеркавання стратэгічныя прапановы па дзейнасці у межах Форума на нацыянальным, рэгіянальным і агульнапраграмным узроўні на 2010 год (студзень 2010). Наступным мерапрыемствам па самаарганізацыі актораў грамадзянскай супольнасці па ўдзеле ва УП стане круглы стол “Форум грамадзянскай супольнасці: актуальныя працэсы, бліжэйшыя задачы, механізмы грамадзянскага контролю”, які адбудзецца 29 студзеня 2010 г. у Менску.

Але вернемся да брусэльскай сустрэчы Каардынацыйнага камітэту. Праца праходзіла пры актыўнай дапамозе і частковым удзеле прадстаўнікоў Еўрапейскай камісіі. Як адзначыў кіраўнік адмысловай групы па Усходнім партнерстве сп. Бруна Дэтомас, Еўракамісія актыўна сочыць за працэсам і выключна зацікаўлена ў эфектыўнасці працы Каардынацыйнага камітэта і Форума наогул. Ён назваў 2010 г. годам кансалідацыі і выканання дамоўленасцяў.

У ўдзельнікаў сустрэчы было вельмі мала часу каб абмеркаваць шэраг пытанняў датычных развіцця ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў праграме Усходняга партнёрства. Да таго ж пэўныя складанасці выклікала і тое, што большасць абраных у гэты орган людзей не мелі да гэтага досведу кааперацыі і нават камунікацыі паміж сабой. Тым не менш, за паўтары дні працы удалося абмеркаваць і прыняць шэраг важных рашэнняў.

У прыватнасці была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні адмысловага сайту Форума грамадзянскай супольнасці, замову на які ў бліжэйшы час абвесціць Еўракамісія. Сайт павінны стаць візітнай карткай Форума, але змяшчаць толькі асноўную інфармацыю пра сам  Форум і Усходняе партнёрства. Асноўны змястоўны акцэнт будзе зроблены на стварэнне шырокай сістэмы “лінкаў” на іншыя сайты, прысвечаныя УП. Гэта дазволіць уключыць у інфармацыйны абмен і камунікацыю шырокую супольнасць арганізацый з краін Усходу і Захаду Еўропы, а таксама пазбегнуць шматлікіх узгадненняў зместу па публікацыях на афіцыйным сайце Форума. Для беларускіх арганізацый гэта таксама добрая магчымасць падрыхтаваць і прапанаваць свае вэб-рэсурсы па тэме УП для такога “лінкавання”. У прыватнасці, eurobelarus.info абавязкова плануе гэта зрабіць найбліжэйшым часам.

Асаблівую ўвагу ў размове з прадстаўнікамі Еўракамісіі сябры КК звярнулі на выключную неабходнасць удзелу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў сустрэчах тэматычных платформ (новая серыя такіх сустрэч запланавана на красавік-травень 2010). Еўракамісія абяцала прааналізаваць такую магчымасць і правесці кансультацыі з нацыянальнымі ўрадамі на гэты конт, пасля чаго прыняць канчатковае рашэнне па фармаце удзелу прадстаўнікоў грамадскіх ініцыятываў у працы платформ. КК бачыць такі ўдзел як абсалютна неабходны, без якога сэнс далучэння да УП грамадзянскай супольнасці часткова губляецца.

Нават хуткі аналіз аб’ёмаў дзейнасці, неабходных для паспяховага далучэння грамадзянскай супольнасці да працэсаў Усходняга партнёрства сведчыць пра тое, што на гэтым шляху бясконцы вакуум патрэбнага, але пакуль не зробленага! У гэтай сувязі сябры Каардынацыйнага камітэту вырашылі структураваць сваю дзейнасць (і дзейнасць Форума таксама) па шэрагу накірункаў. Разам з ужо агучанымі групамі, арганізаванымі ў межах Форума па тэматычным (working groups) і нацыянальным (geographic groups) прынцыпе, у бліжэйшы час пачнуць сваю працу так званыя задачныя альбо сервісныя групы (task groups). Патрэба ў іх абгрунтавана перш за ўсё неабходнасцю эфектыўнай каардынацыі і  падрыхтоўкі выніковых “прадуктаў” Форума да наступнага лістапада. У прыватнасці, грамадзянскай супольнасці прапануецца далучыцца да актыўнасці у межах груп па інфармацыйнай палітыцы Форума, канцэптуальным развіцці Форума, падрыхтоўцы Форума 2010, лабісцка-дыпламатычнай працы на карысць грамадзянскай супольнасці ва УП, маніторынгу прагрэсу праграмы УП з боку грамадства і рэалізацыі “пілотнай ініцыятывы” (кшталту флагманскіх ініцыятываў на міждзяржаўным узроўні) у межах Форума. На працягу месяцу каардынатары па групах абяцалі распрацаваць удакладненую павестку працы па кожнай з іх на 2010 год.

Па пытанні наступнага Форума грамадзянскай супольнасці пакуль што няма канчатковай карціны. Ужо вядома, што Форум ІІ адбудзецца ў лістападзе (верагодна 15-16 лістапада), але пакуль не вызначана месца правядзення. Еўракамісія выступае за Брусэль, але шэраг прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці прапануе ў якасці альтэрнатывы Берлін. Прадстаўнікі МЗС Нямеччыны, шэраг буйных фондаў і аналітычных цэнтраў, а таксама некаторыя дэпутаты Бундэстагу вельмі зацікаўленыя ў такой перспектыве, як стала зразумела з папярэдніх кансультацый з імі. Але канчаткова рашэнне па месцы правядзення Форума (таксама як і па механізме адбора ўдзельнікаў) ў 2010 годзе будзе прынята пазней, хутчэй за ўсё праз перамоўны працэс паміж Еўракамісіяй і Каардынацыйным камітэце Форуме.

Па выніках перамоваў з прадстаўнікамі Еўракамісіі стала вядома, што на працягу 2010 года адбудзецца яшчэ тры сустрэчы Каардынацыйнага камітэту Форума. Наступная з іх запланавана на 24-25 сакавіка ў Кіеве.

Улад Вялічка
[email protected]

Видео