BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Суседзі будучай АЭС

02.12.2009
Суседзі будучай АЭС
Будаўніцтва дарогі ідзе поўным ходам, але аб месцы размяшчэння АЭС пакуль ніхто не ведае.

Астравецкі раён - адзін з найчысцейшых і маланаселеных куткоў Беларусі. Апошняя акалічнасць “на руку” лабістам будоўлі АЭС. Зацікаўленыя людзі апелююць да стварэння новых працоўных месцаў, развіцця інфраструктуры і сцвярджаюць, што мясцовыя жыхары вітаюць будоўлю станцыі і бачаць у гэтым толькі станоўчыя бакі.

Падчас прэс-тура ў межах кампаніі ”Журналісты за экалагічны дабрабыт”, арганізаванай Беларускай асацыяцыяй журналістаў, нам давялося праехацца па рэгіёне, які быў абраны для будоўлі АЭС, і сустрэцца з людзьмі, якім давядзецца жыць па суседстве са станцыяй.

Цяжка знайсці лепшага правадніка па гэтых мясцінах, чым Ігар Пастухоў, які да нядаўна працаваў дырэктарам ландшафтнага заказніка “Сарачанскія азёры”. За некалькі месяцаў працы ён вывучыў мясцовыя сцежкі, дрэвы, азёры, бо, як сцвярджае Ігар Аляксандравіч, працоўнае месца дырэктара заказніка –  не кантора, а прырода.

Image 1350
Image 1350

Ігар Пастухоў: “Нам не патрэбныя “Нью-Васюкі”.

Бараньскае возера, якое ўваходзіць у заказнік “Сарачанскія азёры”.

Турыстаў вабіць дзікая прырода Астравеччыны.

Страчанская плаціна.

Куды прывядзе дарога?

Разметка ля хутара Рудзішкі.

Ля хутара размясцілася замежная тэхніка.

Генуэфа Субаткевіч: “Нас ніхто і не папытаецца”.

Уладзімір Бразэвіч: “Дроў нарыхтавалі, з'язджаць не збіраемся”.

Смачная антонаўна ў Рудзішках. Пакуль яшчэ экалагічна чыстая.

Далягляд закрые АЭС.

Мікалай Уласевіч: “Беларуская АЭС - эканамічна неабгрунтаваны праект”.

Яніна Грэйць: “Ой не хацелі ў Міхалішках, каб станцыю будавалі!”.

Ганна Сінкевіч: “Хто тут захоча жыць пад бокам у станцыі?”

Іван Драўніцкі: “Турыстам пра АЭС я не кажу”.

Міні-ГЭС у Камарова забяспечвае  асвятленне вясковага цэнтра.

Сонечная батарэя на даху будынка забяспечвае офіс цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва бясплатнай электрычнасцю.

Эдуард Вайцяховіч: “Беларусі патрэбна развіваць альтэрнатыўную энергетыку”.

Турыстаў вабіць дзікая прырода

Мы спыніліся ля возера Клевел.

–  Вось, напрыклад, воданапорная вежа, якая засталася ад фермы, –  распавядае Ігар Пастухоў. –  Будучы дырэктарам, я планаваў зрабіць з гэтай вежы назіральную вышку і альтанку для турыстаў і арнітолагаў: увесну і ўвосень праз азёры, што знаходзяцца побач, праходзіць калідор для міграцыі птушак. З вежы адкрываецца вельмі добры агляд.

Да нас ездзяць турысты і прыязджалі б яшчэ больш. Іх вабяць нашы дзікія лясы, азёры, але не кожны з нас гэта цэніць.

24 кіламетры Аўгустоўскага канала знаходзяцца на беларускай тэрыторыі. Іх “акультурылі”, зрабілі такімі ж, як і ў Польшчы. Які быў з гэтага сэнс? Навошта палякам плыць больш за 100 кіламетраў, праходзіць мытню, каб потым пабачыць тое самае, што і на радзіме? Тэрыторыя не патрабавала такіх прац –  хіба што расчысціць калідор ад бабровых плацін, каб можна было прайсці на байдарцы.

Калі б гэты канал пакінулі дзікім, населеным качкамі, дзікамі, ласямі, бабрамі, –  гэты быў бы самы цымус. За гэтым да нас і ездзілі –  каб з цывілізацыі з барамі, альтанкамі, арганізаванымі пляцоўкамі для адпачынку акунуцца ў дзікую прыроду.

Страча –  адна з найчысцейшых рэк Беларусі, тут водзіцца еўрапейскі харыус, стронга, сюды заходзіла сёмга і кунжа. Цяпер перашкаджае плаціна на Альхоўскім вадасховішчы –  дагэтуль ніхто не знайшоў магчымасці паставіць там звычайны праход накшталт лесвіцы. І вось з’явіліся вялікія грошы для будоўлі АЭС, а сем мільёнаў выдаткаваць, каб у Страчу праходзіў ласось –  немагчыма.

Наяўнасць лішайнікаў на дрэвах у заказніку кажа аб тым, што лес чысты. Сасна –  самая адчувальная парода да рознага віду ўздзеянняў. Пабудуем побач АЭС –  з'явяцца машыны, асфальт, новыя заводы і іншыя “васюкі” –  пачне гінуць сасна, а за ёй усё астатняе. Будоўля АЭС ператворыць заказнік у чарговы гарадскі парк, павелічэнне колькасці людзей прывядзе да вытоптвання лясоў. І я пакуль не кажу пра ненадзейнасць расійскіх тэхналогій, па якіх будавалася АЭС у Кітаі. За лета ўжо былі два аварыйныя прыпынкі, і прэтэнзіі Кітай прад'яўляе Расіі.

Хто панясе адказнасць?

–  Падчас слуханняў па АЭС, –  кажа Пастухоў, –  я падаў пытанне: “Хто з распрацоўшчыкаў, лабістаў гатовы панесці адказнасць за непрадугледжаныя наступствы?” Пытанне не прагучала. Пасля чарнобыльскай трагедыі хто панёс адказнасць? Радавыя стрэлачнікі. Хаця людзі з кіраўніцтва ведалі пра маштабы трагедыі і гналі нас на мітынгі, тады як ўся Еўропа ўжо прымала лекі, каб абараніцца ад радыяцыі.

Не блытаць планаванне з дзеяннем

–  Нам даводзяць пра АЭС у ЗША. Але ўсе іхныя міні– станцыі пабудаваны ў пустынных раёнах ўздоўж мексіканскай мяжы. І ўжо тады, калі ЗША пачалі іх будаваць, было вядома пра тое, што ядзерная энэргетыка не можа быць бяспечная. Таму Амерыка не рабіла маштабных праектаў, каб у выпадку чаго іх можна было на працягу года дэмантаваць і зараўняць пляцоўку. А наконт планавання тых рэактараў, якія ЗША збіраюцца ўключыць, –  не трэба блытаць планаванне з дзеяннем. Яны планавалі гэта яшчэ два з паловай гады таму. Але за гэты час ніводнага новага рэактара Кангрэс не дазволіў запусціць.

З заказніка мы накіроўваемся да патэнцыйнай пляцоўкі –  трэба збочыць улева ля вёскі Газа. Каля дарогі стаіць знак, які апавяшчае аб будаўніцтве дарогі ад Газы да невядомага аб'екта. На пачатку прац на цяперашнім пустым месцы шыльды стаяла “АЭС”. Цяпер –  нічога. Мясцовыя жыхары выказваюць надзею, што ранейшы пункт прызначэння не вернецца на шыльду.

Скажуць –  з'едзем

Праехаўшы пару кіламетраў па прасёлкавай дарозе, трапляем на хутар, ля якога размясцілася замежная дарожная тэхніка. У некалькіх метрах на полі стаіць знак –  ці то геадэзічны, ці то яшчэ які –  84– гадовыя Уладзімір Бразевіч і Генуэфа Субаткевіч, якія жывуць тут, не ведаюць.

–  Нам ніхто нічога не кажа, –  распавядае гаспадар Уладзімір Ігнатавіч. –  Але дроў нарыхтавалі, з'язджаць пакуль не збіраемся. І не хочацца. Мы тут 55 год жывем. Наш засценак Рудзішкі раней вялікі быў, у сямі месцах каля 100 чалавек жыло.

–  Нас ніхто і не папытаецца, –  кажа Генуэфа Браніславаўна. –   Скажуць –  з'едзем, толькі авечак парэжам. Хто тут са старых супраць будзе? Цяпер моладзі няма, нават суседняя вёска Шульнікі –  і там адны старыя.

“Начальнікі сабе пад бок станцыю не паставяць”

На адзінай вуліцы Шульнікаў пуста, абапал дарогі –  баршчэўнік, глушыць агароды ля закінутых хат. Але і тут ёсць жыццё. Суседкі Ганна Сянкевіч і Яніна Грэйць таксама не маюць ніякай інфармацыі.

–  Адразу казалі, што дзве хаты толькі будуць знасіць, –  узгадвае Яніна Андрэеўна. –  Хутар Стасюка Рынкевіча, пэўна, –  ён памёр ужо. Хата нежылая, але спадчыннік нейкі ёсць, можа выплацяць што.

У Міхалішках –  там болей маладых. Ой, як яны не хацелі, каб станцыю будавалі! Супраціўляліся, нават у газеце пісалі. А толку?

Там будуюць вялікую дарогу, а ў нас так і стаіць балота. Яшчэ быў нейкі брук, а як зрабілі калонкі, дык зусім пшык вуліцы настаў. Як я прыйшла ў Шульнікі, тут настаяшча людзей было, а цяпер у дзвюх вёсках 28 чалавек жыве. Вёска наша запушчана –  вунь як чартапалохам заросшы каля свірану. Платы валяцца, хаты. Пэўна, пакуль выселяць, і мы ўжо там будзем, –  спадарыня Яніна махае рукой ў бок могілак.

–  Каб далі з удобствамі што, з паравым ацяпленнем –  пагадзілася б, –  кажа суседка Ганна Сінкевіч. –  Хто тут захоча жыць пад бокам у станцыі?

–  Калі не выселяць, самі з'едзеце?

–  Будзем да Лукашэнкі егджаць –  хай дапамагае.

–  Тут у нас, пэўна, лепшая зямля, –  смяюцца суседкі. –  Надумаліся ў такім задрыпаным месцы станцыю ставіць. Але гэта панятна. Калі станцыя такая врэдная –  яе толькі і ставіць каля старых, каб скарэй кончыліся. Начальнікі ж сабе пад бок не паставяць.

“Пад знос патрапіць некалькі населеных пунктаў”

У Астраўцы накіроўваемся ў бальніцу, дзе ў аддзяленні кардыялогіі ляжыць Мікалай Уласевіч, жыхар Варнянаў, географ і проста неабыякавы чалавек. Ды і адкуль узяцца абыякавасці, калі яму самому давядзецца суседнічаць з АЭС.

Мікалай Міхайлавіч з сумневам ставіцца да сцвярджэння, што ніхто з мясцовых жыхароў у сувязі з узвядзеннем АЭС не будзе выселены:

–  Калі выехаць на месца і правесці рэкагнасціроўку, то, з улікам таго, што пляцоўка АЭС займае два з паловай квадратныя кіламетры і паўтаракіламетровую санітарную зону, атрымоўваецца, што пад знос у абавязковым парадку трапляе некалькі населеных пунктаў. Якія –  пакажа час. Як мінімум, гэта вёскі Шульнікі і Валэйкуны і яшчэ некалькі хутароў. Дакладна нельга сказаць, бо дагэтуль не вызначана месца пабудовы станцыі, што дае навукоўцам права браць вынікі даследаванняў невядома адкуль.

“Няма нічога больш пастаяннага, як часовае”

–  Самае страшнае –  адсутнасць у дакуменце ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе інфармацыі аб ядзерных адходах. Напісана, што сховішча адходаў будзе праектавацца па іншых заданнях і ў дадзенай справаздачы не разглядаецца. На слуханнях высветлілася, што на працягу пяці год адходы будуць захоўвацца ў нас, далейшы ж іх лёс невядомы. Але няма нічога больш пастаяннага, як часовае. Як будуць яны пяць год тут ляжаць, так навечна і застануцца.

“Гэта эканамічна неабгрунтаваны праект”

–  Што тычыцца непасрэдна АЭС і таннай энэргіі, якую мы плануем атрымліваць, можна паразважаць наступным чынам. На поўную магутнасць станцыя запрацуе толькі к 20– му году. Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара аб'яднанага інстытута энэргетычных ядзерных даследаванняў “Сосны” НАН Беларусі Анатоля Якуша, атрымліваецца, што акупіцца АЭС толькі ў сярэдзіне 30– х гадоў, калі на зыходзе могуць быль запасы сыравіны для атамнай энэргетыкі. А ўлічваючы, што кошт рэкультывацыі АЭС роўны суме, затрачанай на будаўніцтва, у выйгрышы мы не застанемся. Гэта эканамічна неабгрунтаваны праект.

Нас чакае пазыковая яма. Ёсць наступная эканамічная аксіёма: стратэгічныя віды сыравіны краіна павінна атрымліваць не больш за траціну з адной крыніцы. Мы ж атрымліваем ўсё практычна з адной.

Калі ж АЭС будзе забяспечваць 20% электраэнэргіі Беларусі, то, я думаю, што за кошт энэргазахавання, за кошт змяншэння энэргаёмістасці нашай вытворчасці, якая ў 2– 3 разы перавышае энэргаёмістасць развітых краін, можна вырашыць нашы праблемы.

АЭС не вырашыць праблему працаўладкавання

–  У Беларусі людзі апатычныя, не вераць, што дзесьці іх пачуюць. Кажуць: “А што мы зробім?” Нас добра “прычасалі”. Але вяскоўцы ўжо зразумелі, што на атамнай станцыі працы для іх не будзе. Тым больш, што хто ж тады будзе апрацоўваць зямлю?

Ды і спецыялістам няма чаго чакаць, бо паводле слоў акадэміка Аляксандра Міхалевіча, з 22 чалавек, адпраўленых на вывучэнне ядзернай энэргетыкі, толькі два беларусы. Таксама мяркуецца браць спецыялістаў з іранскай АЭС. Беларускія спецыялісты не будуць працаваць на АЭС хаця б таму, што іх наўпрост няма.

Адзіная надзея, што людзі зразумеюць: яны адказныя за будучыню сваіх нашчадкаў. Але баюся, у нас няма часу, каб дачакацца такіх змен.

“Турыстам пра АЭС не кажу”

Іван Драўніцкі –  краязнаўца, жыхар Камарова. Часта ў рэгіён прыязджаюць турысты, якім Іван Пятровіч прапаноўвае цікавыя экскурсіі па тутэйшых дзікіх мясцінах. Побач –  Блакітныя, Сарачанскія азёры.

–  Ці расказваеце замежным гасцям, што тут рыхтуецца пляцоўка для АЭС?

–  Навошта ж іх пужаць? Яны тады ўцякуць. Немцам, напрыклад, вельмі падабаецца дзікая прырода. Жанчыны разуваюцца і ходзяць басанож па ігліцы: “О, гут, гут!” Кажуць –  масаж. Пад восень турысткі з Германіі, ужо сталыя жанчыны, прыязджалі. Захацелі купацца, але не там, дзе ўсе купаюцца, а каб якое дзікае месца я ім паказаў. Я папярэдзіў, што там слізка, бабры –  “О, гэта нам і трэба”. Даплылі аж да вострава і назад. Такія задаволеныя былі! Менавіта дзікасць нашых мясцін і цягне іх сюды.

Сам я да будаўніцтва стаўлюся адмоўна. Што ў нас для гэтага ёсць? Толькі зямля –  добрая, чыстая. Каб быў уран –  зразумела, але паліва трэба купляць. Расійскае кіраўніцтва ж таксама ўмее лічыць. Калі пачнём добра зарабляць на ядзернай энэргіі, яны падымуць кошт на ўран. Далей –  адкіды. Навошта яны нам патрэбныя? Грошай няма –  трэба пазычаць, а аддаваць з гакам. Спецыялістаў няма таксама –  пакуль навучаць, нехта прыедзе, атрымае кватэру і будзе жыць.

–  Для чаго ж тады хочуць будаваць, калі нявыгадна?

–  Я думаю, для прэстыжу. А можа, і яшчэ якія думкі ў распрацоўшчыкаў ёсць.

–  А дзе браць энэргію?

–  Малыя гарады і вёскі могуць выпрацоўваць сваю. Калісьці ў Страчы была гідраэлектрастанцыя, у Альхоўцы таксама, у Альшэва. І ім для сябе гэтага хапала. Акрамя таго –  ветракі. У Занарачы яны працуюць. Сонечныя батарэі –  дарагая рэч, але можа ж патаннее, і мы навучымся імі карыстацца. І драўніны шмат Беларусь мае. Так і назбіралі б дастатковую колькасць –  і не трэба была б АЭС. Для вялікіх гарадоў, канешне, трэба купляць энэргію –  дык і ўран трэба ж купляць.

Тым больш тут Літва побач, у мяне там брат жыве, у іншых землякоў таксама сваякі. А мы АЭС пабудуем. Гэта як прыбіральню ставіць суседу пад акно. Не па– суседску неяк.

Беларусь мае альтэрнатыву

Сярод жыхароў Камарова не дзіўна чуць такія абгрунтаваныя адказы: у вёсцы з насельніцтвам менш за 1000 чалавек ужо ёсць досвед выкарыстання альтэрнатыўнай энэргетыкі.

Эдуард Вайцяховіч, кансультант ТДА “Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва ”Камарова” запрасіў нас у офіс, які забяспечваецца электраэнэргіяй з дапамогай сонечнай батарэі.

Сонца

–  Сонечная батарэя –  дарагі праект. Магутнасць у 1 кВт каштуе каля 4000 еўра. У нас –  2 кВт. Але ў Германіі чамусьці людзі праз дом ставяць сонечныя батарэі. Чалавек паклаў грошы ў банк і атрымлівае 3% на дэпазіт, а калі ён набудзе за гэтыя грошы сонечную батарэю, ён будзе атрымліваць 0,35% прыбытку са свайго рахунку. Кошт электраэнэргіі у гэтым выпадку змяншаецца ў два разы. У масавым маштабе дзяржава атрымоўвае цэлую праграму.

Сонечная батарэя для нас –  праект не эканамічны, але паказальны, паколькі мы займаемся адукацыяй, асветніцтвам, паказваем прыклад. Многія беларускія арганізацыі пачалі прыцягваць сродкі для развіцця альтэрнатыўнай энэргетыкі на мясцовым узроўні. Да нас звяртаецца шмат арганізацый –  яны  хацелі б засвоіць наш досвед, дзякуючы якому мы можам прапанаваць пакрокавую інструкцыю. І замест дзесяці наведванняў інстанцыі чалавек наведае яе адзін раз.

На сённяшні час з намі звязалася некалькі прафесійных ліцэяў, якія маюць жаданне ўсталяваць сонечныя батарэі. Ёсць адпаведны праект ПРААН –  ён выдаткоўвае грошы на ветракі, на сонечныя ўстаноўкі, з дапамогай якіх навучэнцы будуць вывучаць альтэрнатыўную энэргетыку. Такім чынам, прафесійная ўстанова выпускае спецыяліста, які ведае канструкцыю сонечных батарэй, ветракоў. І вось ужо ў Відзах для прафесійнага ліцэя распрацоўваецца праект на ўсталяванне ветрака і сонечнай батарэі.

Вецер

Усе казалі, што ў Беларусі няма магчымасці развіцця ветраэнэргетыкі. Дзякуючы нямецкім партнёрам, у Занарачы з'явіліся два ветракі. І выпрацоўка гэтых ветракоў крыху больш, чым у Германіі. Чаму немцы паспяхова выкарыстоўваюць ветраэнэргетыку, а ў Беларусі гэта немагчыма?

Беларускія ветракі магутнасцю 250 і 600 кВт выпрацоўваюць 1 400 000 кВт у год. Намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама сказаў, што гэта пакрыла 3% гадавога спажывання энэргіі Мядзельскага раёна. Гэта значыць, адзін вятрак магутнасцю 250 кВт закрывае патрэбы вёскі ў 100– 150 хат.

Мы плануем ўсталяванне дзесяці ветракоў у Камарове. Немцы, з якімі мы супрацоўнічаем, займаюцца развіццём альтэрнатыўнай энэргетыкі. Гэта іх бізнэс. Яны будуць заключаць дамову з канцэрнам Белэнэрга, прадаваць электраэнэргію па дзейным у Беларусі тарыфам і атрымліваць за гэта грошы.

Вада

Магутнасць камароўскай гідраэлектрастанцыі –  3,5 кВт. Гэтага дастаткова, каб асвятліць цэнтр вёскі 40 ліхтарамі з энэргазберагальнымі лямпачкамі.

А колькі ў нашай мясцовасці рэк, дзе стаялі млыны! У 19 –  пачатку 20– га стагоддзяў людзі ставілі турбіны і карысталіся іх энэргіяй. Мы вывучалі патэнцыял на Свіры, дзе магчыма ўсталяваць гідрастанцыю на 1000 кВт.

Міні– ГЭС можна паставіць за 7– 8 мільёнаў беларускіх рублёў. Магутнасць камароўскай гідраэлектрастанцыі – 3,5 кВт. Гэтага дастаткова, каб асвятліць цэнтр вёскі 40 ліхтарамі з энэргазберагальнымі лямпачкамі. Трэба думаць пра эканомію энэргіі. У нашым памяшканні ўсе ляпмачкі – энэргазахавальныя. 12 Вт замест 100. Акрамя таго, мы ўцяплілі будынак.

Канешне, ніколі не трэба думаць, што такім чынам сёння мы закрыем усе нашы праблемы. Але што можна замясціць – трэба замяшчаць альтэрнатыўнай энэргетыкай.

Cпасылка

 

Видео