BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларуская энергетыка: ад дроваў да АЭС

13.02.2008
Беларуская энергетыка: ад дроваў да АЭС

Да 2020 года Беларусь плануе інвеставаць у энергетыку больш за 31 мільярд долараў. Паводле прадстаўнікоў ураду, гэта дазволіць значна знізіць энэргаёмістасць унутранага валавога прадукта, а таксама зменшыць залежнасць краіны ад паставак энэрганосьбітаў з Расіі. Але гэта магчыма толькі пры ўмове рэфармавання эканомікі.

“Вельмі сур’ёзная задача”

Не так даўно Беларусь прыняла канцэпцыю энэргетычнай бяспекі. У адпаведнасці з гэтым дакументам, краіна да 2010 года мусіць знізіць энэргаёмістасць УВП на 31% у параўнанні з 2005 годам, а да 2020 года – на 60%. Але і пры гэтым аўтары канцэпцыі прызнаюць, што Беларусь дагоніць па гэтым паказчыку развітыя еўрапейскія краіны не хутка. Як адзначыў першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Уладзімір Сямашка, адкрываючы XII Беларускі энергетычны і экалагічны форум у кастрычніку 2007 года, энэргаёмістасць беларускага ўнутранага валавога прадукту за апошнія сем-восем гадоў скарацілася ўдвая. Але і пры гэтым яна ў 2-2,5 разы перавышае аналагічныя паказчыкі Бельгіі, Нідэрландаў ці Францыі.
 
Так што гіганцкія інвестыцыі – да 2020 года ў беларускую энергетыку мяркуюць прыцягнуць 31,4 мільярды долараў – нават у планах здолеюць вывесці краіну толькі “на ўзровень Ізраіля і Партугаліі”, адзначыў намеснік міністра энэргетыкі краіны Леанід Шэнец.

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук скептычна ставіцца да планаў зніжэння энэргаёмістасці УВП краіны.

“Гэта немагчыма без сапраўднай тэхналагічнай рэвалюцыі, а яна ў сваю чаргу каштуе вялікіх грошай. Некаторыя беларускія прадпрыемствы атрымаюць магчымасць набыць новае абсталяванне, але для большасці гэтая мэта застанецца мрояй. 50% прамысловых прадпрыемстваў не маюць абаротных сродкаў, ім проста няма на што праводзіць рэканструкцыю. Я не веру ў тое, што энэргаёмістасць у нас будзе зніжацца проста па ўзмаху чароўнай палачкі”.

“Зніжэнне энергаёмістасці – гэта вельмі сур’ёзная задача, – мяркуе Ірына Тачыцкая, намеснік дырэктара Даследчыцкага цэнтра Інстытута прыватызацыі і мэнэджмента. – Для яе дасягнення трэба ўводзіць прынцыпова новыя тэхналогіі, зрабіць эканоміку навукаёмістай, адным словам – кардынальна змяніць саму структуру эканомікі”.

Дзяля гэтага, на думку эксперта, патрабуюцца “сур’ёзныя комплексныя мерапрыемствы”, у тым ліку – рэформа ў самой энэргетыцы. Шмат якія з краінаў былога Савецкага Саюза ўжо пачалі яе ажыццяўляць. Галоўныя пункты магчымай рэформы: падзяленне генэруючых і перадаючых магутнасцяў, стварэнне аптовага рынку энэргіі ў краіне, скасаванне дзяржаўнай энэргетычнай манаполіі з яе “вертыкальна-інтэграванымі структурамі”.

“Вельмі важна, што ў Міністэрстве энэргетыкі аб гэтым пачынаюць размаўляць. Гэта сведчыць пра усведамленне новых умоваў”, – кажа Ірына Тачыцкая.

“Перапеўка даўніх лозунгаў”

Аднак пакуль кіраўнікі энэргетычнай галіны Беларусі больш кажуць не пра рэформы эканомікі, а пра іншыя шляхі дасягнення пастаўленых мэтаў. Два асноўных з іх вызначыў падчас выступу на XII Беларускім энергетычным і экалагічным форуме намеснік міністра энэргетыкі Беларусі Леанід Шэнец. Гэтыя шляхі – “эканоміць у выкарыстанні арганічнага паліва і павялічыць долю ўласных рэсурсаў”.

Эканоміць атрымліваецца пакуль не вельмі эфэктыўна. У гэтым прызнаюцца самі афіцыйныя асобы. На ўзроўні ўрада выказваецца незадаволенасць выкананнем праграмы па ўсталяванні індывідуальніх лічыльнікаў у кватэрах. Жыльцы мусяць усталёўваць іх за ўласныя грошы, а далёка не ўсе хочуць ахвяраваць сродкамі сямейных бюджэтаў.

У інтэрвію БелаПАН Леанід Шэнец прызнаў, што ўвогуле заданне ўрада па эканоміі паліва на 2008 год выканаць “вельмі цяжка”. Загадалі зэканоміць 1,15 млн. тонаў умоўнага паліва. Паводле Шэнеца, “нават калі мы выканаем усе буйныя праекты, то выходзім на лічбу 850-900 тысяч тонаў [эканоміі]”.

Яраслаў Раманчук увогуле лічыць, што з дапамогай эканоміі вырашыць праблему зніжэння энэргаёмістасці - нельга.

“Гэта проста перапеўка даўніх лозунгаў пра тое, што эканоміка павінна быць эканомнай, – адзначае эканаміст. – І зноў усё робіцца ў адміністратыўна-загадным парадку без рэальных зменаў у тэхналогіях”.

“Крыху паменшыць нагрузку”

Не ўсё гладка ідзе і з выкарыстаннем уласных энэргарэсурсаў. Паводле планаў урада, да 2012 года іх доля ў паліўна-энергетычным балансе Беларусі мусіць дасягнуць 25%. Пакуль жа гэты паказчык знаходзіцца на адзнаке 16,8%.

У сродках масавай інфармацыі ўсё часцей з’яўляецца інфарамцыя аб удалых прыкладах выкарыстання мясцовых энэрганосьбітаў. Прыкладам, газета “Рэспубліка” не так даўно распавядала пра досвед Мазырскага раёну, дзе ў якасці дадатку да дроваў выкарыстоўваюць кукурузныя качарыжкі. Поўныя энтузіязма і прадстаўнікі Міністэрства энэргетыкі.

“Вопыт іншых краінаў, - такіх, як Данія, напрыклад, - гаворыць аб тым, што дзяржава, якая не мае ўласных рэсурсаў, але развівае перадавыя тэхналогіі і эфектыўна выкарыстоўвае паліўную сыравіну, можа актыўна развіваць эканоміку”, – цытуе Леаніда Шэнеца БелаПАН.

Але прэм’ер-міністр краіны Сяргей Сідорскі падчас выязнога паседжання прэзідыума Савета Міністраў 29 студзеня ў Магілёве адзначыў, што “ў адносінах перахода на мясцовыя віды паліва мінулы год быў не самым паспяховым”.

Прычына ў тым, што ўжыванне мясцовых відаў паліва ў Беларусі адбываецца без сапраўднага пераходу на новыя тэхналогіі.

“Сапраўды, еўрапейскі вопыт гаворыць аб тым, што мясцовыя віды паліва можна выкарыстоўваць эфектыўна. Але для гэтага трэба ўжыванне сучасных тэхналогій. Нельга проста сказаць: так, замест мазута будзем тапіць дровамі, і ўсё, – адзначае Ірына Тачыцкая. – Увогуле, я настроена аптымістычна, што тычыцца перспектываў ужывання мясцовых відаў паліва ў Беларусі. Вядома, яны не стануць сур’ёзнай альтэрнатывай газу, але дзе-нідзе, асабліва ў сельскай мясцовасці, здолеюць крыху паменшыць энэргетычную нагрузку”.

“Альтэрнатыўная энэргетыка – вельмі дарагая”

Планы па ўжыванні ў Беларусі альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі выклікаюць у эксперта скепсіс. Пра іх перспектыўнасць заяўляў беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі, які адзначаў магчымасць выкарыстання “у асобных раёнах краіны” энэргіі ветру, а таксама агучваў планы па развіццю біятэрмальных установак.

“Я не бачыла добрых разлікаў, якія б пацвердзілі, што выкарыстанне альтэрнатыўных відаў энэргіі было б у Беларусі эканамічна выгадным, – сказала ў інтэрвію Eurobelarus.info Ірына Тачыцкая. – Увогуле, у свеце да гэткіх відаў энэргетыкі звяртаюцца з розных прычынаў. Напрыклад, на Захадзе да яе выкарыстання прыходзяць у сувязі з Кіёцкім пратаколам, бо яна найменей звязаная са шкоднымі выкідамі ў атмасферу. Але альтэрнатыўная энэргетыка – вельмі дарагая, таму дазволіць яе сабе могуць толькі краіны з вельмі развітай эканомікай. Для нас гэтая альтэрнатыўная энэргія можа апынуцца значна даражэйшай за газ. Шмат у якіх краінах так звычайна і ёсць”.

“Дзе ўзяць гэткія вялікія грошы?”

 У канцэпцыі энэргетычнай бяспекі Беларусі ёсць і іншыя пункты. У прыватнасці, гэта будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Тое, што яе будуць будаваць, ужо няма сумніву. Хаця рашэнне па гэтым “казытлівым” пытанні (беларусы вельмі добра памятаюць Чарнобыль) прымалася без грамадскага абмеркавання – яно пачалося ўжо пасля таго, як усё было вырашана на самым высокім узроўні.

Плануе беларускі ўрад выкарыстоўваць і вугаль. Да 2012 года мяркуецца пабудаваць дзве электрастанцыі, якія будуць працаваць на вуглі – у Зэльве (Гроднеская вобласць) і ў Брэсце. Паліва для іх будзе пастаўляцца з Украіны.

Кожны з гэтых крокаў – спрэчны, у кожнага ёсць прыхільнікі і крытыкі. Але галоўнае пытанне – адкуль будуць узятыя 31,4 мільярды долараў, якія мяркуецца інвеставаць у беларускую энергетыку цягам 13 год.

Яшчэ ў верасні 2007 года начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцыйнага развіцця Міністэрства эканомікі Уладзімір Баброў на прэсавай канферэнцыі задаваўся пытаннем: “Дзе ўзяць гэткія вялікія грошы, бо ў дзяржавы іх не становіцца болей”?

Грошы: эканомія, крэдыты, інвестыцыі

Мяркуецца, што “гэткія вялікія грошы” возьмуцца ва ўласных сродках беларускіх прадпрыемстваў, а таксама ў банкаўскіх крэдытах. Не выключана, што давядзецца адмовіца і ад ільготнага субсідавання некаторых прадпрыемстваў (якія аплочваюць энэргію па зніжаных тарыфах), і ад перакрыжаванага субсідавання (тарыфы на энэргію для насельніцтва трымаюцца нізкімі дзякуючы завышаным тарыфам для прадпрыемстваў).

Абмяркоўваюцца таксама і планы дазволіць будаваць міні-ТЭЦ прыватнаму бізнэсу. Гэта дазволіць не толькі падвысіць энэргаэфектыўнасць прадпрыемстваў, але і прыцягнуць вялікія крэдытныя сродкі з боку Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

У часе сустрэч з афіцыйнымі асобамі беларускага Міністэрства энэргеткі летась у лістападзе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця зазначыў гатоўнасць укласці 1 мільярд еўра у энэргетыку Беларусі. Але! ЕБРР выдзяляе крэдыты толькі для прыватных праектаў.

“Праграма па будаўніцтву прыватных міні-ТЭЦ у нас ужо дзейнічае, – кажа Яраслаў Раманчук. – Але пры гэтым захоўваецца паноўнае становішча дзяржавы ў энэргетыцы. Сама ідэя канкурэнцыі ў генерацыі энэргіі вельмі станоўчая. Але на справе дзяржава захоўвае свой кантроль”.

Андрэй Аляксандраў 

[email protected] 

 

 

Видео