BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Трэці сусьветны

03.06.2014  |  Стихотворение дня   |  Андрэй Хадановіч
Трэці сусьветны

Трэці сусьветны кангрэс змагароў за мір
падрыхтавалі. Зьнялі закінуты цір.

Кожнаму міратворцу – бэйджык на шыю, 
каб не паблытаць, дзе свае, дзе чужыя.

Кожны другі жартуе. Кожны трэці вачыма
віртуозна страляе. Снайпэр, магчыма.

Заля рагоча. Ня сьмешна адной перакладчыцы ў будцы:
“Мозг закіпае – капец, а гэтыя курвы сьцябуцца!”

Хтосьці згадаў пра культуру. Бліжэй да Аляскі
просіць паслаць ансамбль песьни и пляски,

бо парушае банджа правы балалайкі.
Выбух апладысмэнтаў. Снайпэры ставяць лайкі.    

Хтосьці ў адказ забаніў варожую постаць,
абяцае адпомсьціць і перапомсьціць,

трохпавярховымі санкцыямі суседу
пагражае. Вельмі злуецца. Але дабрэе пасьля абеду.

Хтосьці захроп, ды зноў запляскалі ў ладкі.
Валанцёры ў сьвяточных масках зьбіраюць складкі.

Сьмерць пазяхнула і выйшла – туды, дзе кава.
Перамаглі міратворцы. Ёй тут нецікава.

Об авторе:

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

паэт, перакладчык паэзіі, эсэіст. Аўтар васьмі кніг паэзіі. Перакладае зь сямі моваў. Удзельнік шматлікіх паэтычных фэстываляў у Беларусі й па-за яе межамі. Вершы перакладаліся на пятнаццаць моваў. Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру.

Принять участие в проекте можно, выслав свои работы на адрес: [email protected]

Приглашаем к сотрудничеству всех, кто любит и умеет писать стихи!

Видео