BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Горад сонца і галубоў

02.04.2014  |  Стихотворение дня   |  Павел Свердлов
Горад сонца і галубоў

шостая,
горад сонца і галубоў,
тралікі і трамваі
не могуць без сваіх ланцужкоў,

гопнікі трушчаць семкі
з хэлаўінаўскіх гарбузоў,
цягнік. канцавы прыпынак - 
вуліца Сяргея Лазо.

і раптам сабака
радасна кідаецца да цябе,
і ты ня ведаеш, што рабіць.

сабака 
гуляе сам па сабе,
пакуль гуляецца,
і не ў ягоных вачах,
а ў сэрцы сваім
адчуеш няёмкі дакор,

сабака не ведае, 
што жыццё яго - смерць,
а сам ён - пыл,
і што новы дзень 
ужо змятае яго ў крывавы савок,
паспрабуй патлумач яму,
што ўсе мы разам ляцім да зор...

але нават каб і ведаў,
яму, напэўна, было б усё роўна.

сабака не ведае, што не засталося надзей,
але не ў ягоных вачах,
а ў сэрцы сваім
адчуеш адчай,
і гаркоту адчуеш на вуснах

сабака ня можа дадумацца
скочыць жыццё самагубствам,
проста скокнуць з маста ў Дзвіну,
і не ў ягоных вачах -
у сэрцы сваім
адчуеш за гэта віну...

сабаку вядзе па жыцці пітное і ядомае.
паспрабуй патлумач яму пра калектыўнае безсвядомае...

сабакі ўсё ж нашмат разумнейшыя за людзей.

Об авторе:

Павел Свердлов

Павел Свердлов

Нарадзіўся ў Мінску ў 1984 годзе. Журналіст. Пераможца літаратурных конкурсаў імя Петраркі (2004) і імя Караткевіча (2005), якія ладзіў беларускі ПЭН-Цэнтр. Зараз працуе рэдактарам часопіса “Таймер”.

Принять участие в проекте можно, выслав свои работы на адрес: [email protected]

Приглашаем к сотрудничеству всех, кто любит и умеет писать стихи!

Видео