BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Фантазiя соль-мiнор

07.04.2014  |  Стихотворение дня   |  Вiктар Шалкевіч
Фантазiя соль-мiнор

<b>10 красавіка спаўняецца 40 дзён,
як пайшоў з жыцця Рыгор Барадулін,
народны паэт Беларусі. </b>


Не спыніўся аніводзін плуг
хоць варта было -
неблагі чалавек памёр...
І не апошні...
Але з Неба
ні падала,
     не біла,
          не ліло…
і людзей 
   мо з тысячу прыйшло
       і маўчала
на прыкасцельнай плошчы

«Вечная Памяць»
…соты аўтобус…
сьвечкі і кветкі…
«…дзядзька…бывай…»
ранак… аўторак …
    труна як човен
прамая трансляцыя
    на сайце tut.by

Сьмерці ўсё роўна: скуль ты, хто ты
ці нармальны ці прыгвіздануты
мо ты бізнэсмэн, а мо гаротнік
у боты ў турботныя абуты
Але сёння як ніколі і нідзе
смерць імае найўдальшы дзень!
Сухарэбрыца цьвіце дый трыюмфуе
раз на сто трапляе шчасце гэта-
з масы невукаў і абалдуяў
выхапіць Народнага Паэта!
што вымольваў жменьку дзён у Бога
і не вымаліў занадта многа

Плошча…прыпынак…
крама…аптэка
трохі паводдаль  - турма…
быў чалавек - і было з чалавека
няма чалавека
І з чалавека
     нічога няма...

Сумна, доўга
     звон званіў
Занадта
    доўга
Звон
    аблокі 
прабіў
І далецеў
да вокнаў
Пана Бога... 

Потым ўсе сыйшлі - 
    на працу хто,
         хто ў краму
трэба жыць далей
ўмацоўваць
     нацыянальны дух…
Занялі чаргу пенсіянеры -
падарожалі і масла і сьмятана…
Не спыніўся аніводзін плуг…
Зьмёрзлую, халодную зямлю
плугам 
гараць яшчэ зарана

Об авторе:

Вiктар Шалкевіч

Вiктар Шалкевіч

Беларускі бард, акцёр, паэт і шоўмэн. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у Гродненскiм абласным драматычным тэатры (1980—1987), выкладчыкам у Гродненскай культасветвучэльні (1987—1990). З 1990 году працуе ў тэатры лялек у Гродна.

Принять участие в проекте можно, выслав свои работы на адрес: [email protected]

Приглашаем к сотрудничеству всех, кто любит и умеет писать стихи!

Видео